Мацьвея 1 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Кніга радаводу Езуса Хрыста, сына Давіда, сына Абрагама.
 
Сувой радаводу Ісуса Хрыста, Сына Давідавага, сына Абрагамовага.

Абрагам нарадзіў Ісаака; Ісаак нарадзіў Якуба; Якуб нарадзіў Юду і ягоных братоў;
 
Абрагам нарадзіў Ісака; а Ісак нарадзіў Якава; а Якаў нарадзіў Юду а братоў ягоных;

Юда нарадзіў Фарэса і Зару ад Тамар. Фарэс нарадзіў Эзрома; Эзром нарадзіў Арама,
 
А Юда нарадзіў Фарэса а Зару ад Тамары; а Фарэс нарадзіў Есрома; а Есром нарадзіў Арама;

Арам нарадзіў Амінадаба; Амінадаб нарадзіў Наасона; Наасон нарадзіў Сальмона;
 
А Арам нарадзіў Амінадава; а Амінадаў нарадзіў Наассона; а Наассон нарадзіў Салмона;

Сальмон нарадзіў Бааза ад Рахаб; Бааз нарадзіў Абэда ад Рут; Абэд нарадзіў Есэя,
 
А Салмон нарадзіў Вооза ад Рахавы; а Вооз нарадзіў Овіда ад Руты; Овід жа нарадзіў Еса;

а Есэй нарадзіў караля Давіда. Давід нарадзіў Саламона ад жонкі Урыі;
 
А Есэ нарадзіў караля Давіда; Давід жа нарадзіў Салямона ад Урыхі;

Саламон нарадзіў Рабаама; Рабаам нарадзіў Абія; Абій нарадзіў Асу;
 
Салямон жа нарадзіў Ровоама; а Ровоам нарадзіў Аву; а Ава нарадзіў Асу;

Аса нарадзіў Язафата; Язафат нарадзіў Ярама; Ярам нарадзіў Осію;
 
А Аса нарадзіў Ясапата; а Ясапат нарадзіў Ёрама; а Ёрам нарадзіў Узю;

Осія нарадзіў Яатама; Яатам нарадзіў Ахаза; Ахаз нарадзіў Эзэхію;
 
А Узя нарадзіў Ёфама; а Ёфам нарадзіў Агаза; а Агаз нарадзіў Гэзэку;

Эзэхія нарадзіў Манасэса; Манасэс нарадзіў Амона; Амон нарадзіў Ёсію;
 
А Гэзэка нарадзіў Манаса; а Манас нарадзіў Амона; а Амон нарадзіў Ёсю;

Ёсія нарадзіў Ехонію і ягоных братоў падчас бабілёнскага перасялення.
 
А Ёся нарадзіў Ехоню а братоў ягоных, у часе калі былі выселены да Бабілёну.

А пасля бабілёнскага перасялення Ехонія нарадзіў Салятыэля; Салятыэль нарадзіў Зарабабэля;
 
А па бабілёнскім высяленьню Ехоня нарадзіў Шэалфіеля; Шэалфіель нарадзіў Зэрувавеля;

Зарабабэль нарадзіў Абіюда; Абіюд нарадзіў Эліяхіма; Эліяхім нарадзіў Азора;
 
Зэрувавель нарадзіў Авуда; а Авуд нарадзіў Елякіма; а Елякім нарадзіў Азора;

Азор нарадзіў Садока; Садок нарадзіў Ахіма; Ахім нарадзіў Эліюда;
 
А Азор нарадзіў Садока; а Садок нарадзіў Ахіма; а Ахім нарадзіў Елюда;

Эліюд нарадзіў Элеазара; Элеазар нарадзіў Матана; Матан нарадзіў Якуба;
 
А Елюд нарадзіў Елеазара; а Елеазар нарадзіў Матфана; а Матфан нарадзіў Якава;

Якуб нарадзіў Юзафа, мужа Марыі, ад якой нарадзіўся Езус, званы Хрыстом.
 
А Якаў нарадзіў Язэпа, мужа Марыі, з каторае нарадзіўся Ісус, званы Хрыстос.

А ўсіх пакаленняў ад Абрагама да Давіда — чатырнаццаць, ад Давіда да бабілёнскага перасялення — чатырнаццаць, і ад бабілёнскага перасялення да Хрыста — чатырнаццаць пакаленняў.
 
А ўсіх пакаленьняў ад Абрагама аж да Давіда — чатырнанцаць пакаленьняў; і ад Давіда аж да бабілёнскага высяленьня — чатырнанцаць пакаленьняў; і ад бабілёнскага высяленьня да Хрыста — чатырнанцаць пакаленьняў.

Нараджэнне Езуса Хрыста было такім. Пасля заручын Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым яны пачалі жыць разам, Яна зачала ад Духа Святога.
 
Нараджэньне ж Ісуса Хрыста сталася гэтак: па заручынах Маці Ягонае Марыі зь Язэпам, перад тым чымся злучыліся, выявілася, што Яна мае ў жываце з Духа Сьвятога.

Юзаф жа, муж Яе, будучы справядлівым і не жадаючы зняславіць Яе, хацеў патаемна адпусціць Яе.
 
А Язэп, муж ейны, будучы справядлівым, і ня хочучы Яе зьняславіць, хацеў патай адпусьціць Яе.

Калі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: «Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў Ёй ёсць ад Духа Святога.
 
Але як ён гэта падумаў, — вось, ангіл Спадароў зьявіўся яму ў сьненьню, кажучы: «Язэпе, сыну Давідаў, ня бойся прыняць Марыю, жонку сваю, бо зачатае ў ёй — з Духа Сьвятога ёсьць.

Яна ж народзіць Сына, а ты дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад грахоў ягоных».
 
І народзе яна Сына, і назавеш імя Ягонае: Ісус, бо Ён спасець люд Свой ад грахоў іхных».

А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Панам праз прарока, які кажа:
 
А ўсе гэта сталася, каб спаўнілася сказанае Спадаром прарокам;

«Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эммануэль, што азначае “з намі Бог”».
 
«Вось, Дзявушчая зацяжарыць а народзе Сына, і назавуць імя Яго Емануель», што знача: з намі Бог.

Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана, і прыняў жонку сваю,
 
Прачхнуўшыся зо сну, Язэп зрабіў, як расказаў яму ангіл Спадароў, і прыняў жонку сваю.

і не спазнаваў Яе, пакуль Яна не нарадзіла Сына, якому ён даў імя Езус.
 
І ня знаў Яе, пакуль не нарадзіла Яна Сына, і ён назваў імя Ягонае: Ісус.