Да Эфэсянаў 1 разьдзел
Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Яна Станкевіча
Павел, з волі Божай апостал Езуса Хрыста, святым, што ў Эфесе, і верным у Хрысце Езусе:
Паўла, з волі Божае апостал Ісуса Хрыста, сьвятым а верным у Хрысту Ісусу, каторыя ў Ефесе:
ласка вам і спакой ад Бога, Айца нашага, і Пана Езуса Хрыста.
Ласка вам а супакой ад Бога, Айца нашага, і Спадара Ісуса Хрыста.
Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, які благаславіў нас у Хрысце ўсялякім духоўным благаслаўленнем на нябёсах
Дабраславёны Бог і Айцец Спадара нашага Ісуса Хрыста, Каторы падабраславіў нас кажным духоўным дабраславенствам у нябёсах у Хрысту;
і выбраў нас у Ім перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові.
Як Ён абраў нас у Ім перад закладзінамі сьвету, каб мы былі сьвятыя а бязгрэшныя перад Ім у міласьці,
Ён прадвызначыў нас для ўсынаўлення праз Езуса Хрыста, паводле ўпадабання сваёй волі,
Наканаваўшы ўсынавіць нас Сабе перазь Ісуса Хрыста, подле зычлівае волі Свае,
дзеля хвалы сваёй праслаўленай ласкі, якою Ён адарыў нас ва Умілаваным.
На хвалу славы ласкі Свае, каторай Ён ласку ўчыніў нам у Ўмілаваным,
У Ім мы маем адкупленне Ягонаю крывёю, дараванне правінаў паводле багацця ласкі Ягонай,
У Каторым мы маем адкупленьне крывёй Ягонай, дараваньне выступаў, подле багацьця ласкі Ягонае,
якою шчодра адарыў нас ва ўсялякай мудрасці і разуменні,
Каторай Ён забагаціў нас усёй мудрасьцяй а разуменьням,
дазволіўшы нам пазнаць таямніцу сваёй волі, паводле свайго ўпадабання, якое раней паклаў у Ім
Аб’явіўшы нам тайну волі Свае подле зычлівасьці Свае, каторую Ён замерыў у Самым Сабе,
для спаўнення паўнаты часу, каб аднавіць усё ў Хрысце: тое, што на нябёсах і на зямлі.
да загады паўнінёю часоў, каб усе нябёснае й земнае задзіночыць пад галавою Хрыстовай;
У Ім мы былі выбраны і прадвызначаны згодна з намерам таго, хто ўсё здзяйсняе паводле пастанаўлення сваёй волі,
У Ім, у Каторым і спаў спадак нам, наканаваным подле замеру Таго, Каторы ўсе дзее подле рады волі Свае,
каб мы, якія раней спадзяваліся на Хрыста, былі для хвалы Ягонай славы.
Каб мы былі да хвалы славы Ягонае, мы, што перш спадзяваліся ў Хрысту;
У Ім і вы, калі пачулі слова праўды, Евангелле пра збаўленне вашае, і паверылі, былі пазначаныя пячаццю абяцанага Духа Святога,
І ў Каторым і вы, пачуўшы слова праўды, Дабравесьці спасеньня свайго, у Каторага таксама ўверыўшы, запячатаваны абяцаным Сьвятым Духам,
які ёсць задаткам нашай спадчыны дзеля адкуплення Ягонага набытку, для хвалы Ягонай велічы.
Каторы ё задатак спадку нашага на адкупленьне прыдбанае собскасьці да хвалы славы Ягонае.
Пачуўшы пра вашую веру ў Езуса Хрыста і пра любоў да ўсіх святых,
Затым і я, пачуўшы празь веру вашу ў Спадара Ісуса а празь міласьць да ўсіх сьвятых,
не перастаю дзякаваць за вас, успамінаючы вас у сваіх малітвах,
Бязупынку дзякую за вас Богу, мянуючы вас у малітвах сваіх,
каб Бог Пана нашага Езуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа мудрасці і адкрыцця ў пазнанні Яго
Каб Бог Спадара нашага Ісуса Хрыста, Ацец славы, даў нам духа мудрасьці а аб’яўленьня да супоўнага пазнаньня Яго,
і прасвятліў вочы сэрца вашага, каб вы ведалі, у чым надзея паклікання Ягонага, якое багацце слаўнай спадчыны Ягонай для святых
І асьвяціў сьвятлом вочы сэрца вашага, каб вы пазналі, што за надзея пагуканьня Ягонага, і што за багацьце славы спадку Ягонага ў сьвятых,
і якая нязмерная веліч моцы Ягонай у нас, веруючых праз дзеянне магутнай сілы Ягонай,
І што за нязьмерная вялікасьць сілы Ягонае ў нас, што верым подле дзеяньня магутнасьці сілы Ягонае,
якую Ён выявіў у Хрысце, калі ўваскрасіў Яго і пасадзіў праваруч сябе на нябёсах,
Каторай Ён дзеяў у Хрысту, ускрысіўшы Яго зь мертвых і пасадзіўшы паправе Сябе на нябёсах,
вышэй за ўсялякае княжанне, і ўладу, і сілу, і панаванне, і за ўсялякае імя, якое называецца не толькі ў гэтым веку, але і ў будучым.
Над кажнае князства а ўладу а сілу а панаваньне а кажнае імя, менаванае ня толькі ў гэтым веку, але і ў прыйдучым,
Усё паклаў пад ногі Ягоныя і паставіў Яго па-над усім галавою Касцёла,
І ўсе паддаў пад ногі Ягоныя, і даў Яго над усе — за галаву царквы,
які ёсць целам Ягоным, паўнатою таго, хто напаўняе ўсё ва ўсім.
Каторая ё цела Ягонае, паўніня ўсе ў вусім Напаўняючага.