Да Ціта 1 разьдзел

Пасланьне да Ціта
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Павел, слуга Бога і апостал Езуса Хрыста, дзеля веры тых, каго выбраў Бог, і спазнання праўды дзеля пабожнасці,
 
Паўла, нявольнік Божы й апостал Ісуса Хрыста, подле веры абраных Божых і супоўнага знацьця праўды, каторая подле набожнасьці,

у надзеі на вечнае жыццё, якое спрадвеку абяцаў праўдзівы Бог,
 
У надзеі жыцьця вечнага, Каторае Бог, што ня можа маніць, абяцаў перад вякамі часу,

а ў адпаведныя часы з’явіў сваё слова ў прапаведаванні, давераным мне паводле загаду Бога, Збаўцы нашага,
 
А ў сваім часе зьявіў Слова Свае ў вагалашэньню, каторае даверана імне подле расказаньня Спаса нашага Бога,

Ціту, сапраўднаму сыну ў супольнай веры: ласка і спакой ад Бога Айца і Езуса Хрыста, Збаўцы нашага.
 
Ціту, праўдзіваму дзяцяці подле супольнае веры: ласка а супакой ад Бога Айца а Хрыста Ісуса, Спаса нашага.

Дзеля таго я пакінуў цябе на Крыце, каб ты прывёў у парадак тое, што засталося незакончаным, і прызначыў па гарадах старэйшын, як я наказваў табе,
 
Дзеля таго я пакінуў цябе ў Крыце, каб ты мог балей упарадкаваць, што засталося неўпарадкаванае, і прызначыў старшых у кажным месьце, як я расказаў табе:

калі толькі гэта будзе чалавек бездакорны, муж адной жанчыны, які мае веруючых дзяцей, неабвінавачаных у распусце ці непаслухмянасці.
 
Калі хто беззаганны, муж аднае жонкі, мае дзеці верныя, не вінаваныя ў бязулстве або ў непакоры.

Таму біскуп, як Божы распарадчык, павінен быць бездакорны, не дзёрзкі, не гняўлівы, не п’яніца, не задзірысты, не карыслівы,
 
Бо нагляднік мае быць беззаганны, як вернік Божы, не самадыйны, не гняўлівы, не адданы віну, ня бітун, не прагавіты на несправядлівыя прыбыткі,

але гасцінны, любячы дабро, разважлівы, справядлівы, пабожны, дысцыплінаваны,
 
Але гасьцінны, любячы дабро, разумны, справядлівы, сьвяты, уздзержлівы,

які трымаецца, згодна з вучэннем, праўдзівага слова, каб быў моцны, мог заахвочваць у здаровым вучэнні і пераконваць тых, хто супярэчыць.
 
Каторы дзяржыцца вернага слова, як быў наўчаны, каб быў дуж захочаваць а навучаць здарова, пераконаваць праціўнікаў.

Бо ёсць шмат непаслухмяных, пустасловаў ды спакушальнікаў, асабліва сярод абрэзаных,
 
Бо ё шмат і непакорных, пустамлёнаў і ашуканцаў, асабліва з абразаньня,

якім трэба закрыць вусны, бо яны цэлыя дамы руйнуюць, навучаючы таму, што не належыць, дзеля ганебнай карысці.
 
Каторым надабе зачыніць рот, каторыя пераварачаюць цзлыя дамы, вучачы рэчаў дзеля нягоднага прыбытку, каторых ня надабе вучыць.

Сказаў жа хтосьці з іх, уласны іх прарок: «Крыцяне пастаянна маняць, яны лютыя звяры і лянівыя жываты».
 
Адзін ізь іх, собскі прарока іхны, сказаў: «Крытанцы заўсёды манюкі, благія дзікія зьвяры, жарлівыя, ляныя».

Сведчанне гэтае праўдзівае. Таму дакарай іх строга, каб трывалі ў здаровай веры,
 
Сьветчаньне гэта праўдзівае, затым гань іх стродка, каб яны былі здаровыя ў веры,

не звяртаючы ўвагі на юдэйскія байкі ці на загады людзей, якія адварочваюцца ад праўды.
 
Не ўважалі на жыдоўскія байкі і расказаньні людзёў, што перакручуюць праўду.

Для чыстых усё чыстае. Для апаганеных і няверучых няма нічога чыстага, бо забруджаны іх думкі і сумленне.
 
Усе чыстае чыстым; а забрудзяненым а няверным нічога няма чыстага, але розум і сумленьне іхнае забрудзяненыя.

Кажуць, што ведаюць Бога, але сваімі ўчынкамі пярэчаць гэтаму. Яны агідныя і непаслухмяныя, няздатныя да ніякай добрай справы.
 
Яны вызнаюць, што знаюць Бога, але ўчынкамі выпіраюцца, будучы гідкія а непаслухменыя а няздольныя да ніякага добрага ўчынку.