2 да Фесаланікійцаў 1 разьдзел

Другое пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Павел, Сілуан і Цімафей да Касцёла тэсаланікійцаў у Богу, Айцу нашым, і Пану Езусе Хрысце:
 
Паўла а Сілван а Цімох — царкве Салунскай у Богу, Айцу нашым, а Спадару Ісусу Хрысту:

ласка вам і спакой ад Бога Айца нашага і Пана Езуса Хрыста.
 
Ласка вам а супакой ад Бога, Айца нашага, а Спадара Ісуса Хрыста.

Мы павінны заўсёды дзякаваць Богу за вас, браты, і гэта слушна, таму што ўзрастае вера вашая і павялічваецца любоў кожнага з усіх вас адзін да аднаго.
 
Мы маем заўсёды дзякаваць Богу за вас, браты, як належа, бо вера ваша вельма расьцець, і міласьць кажнага з усіх вас аднаго да аднаго множыцца;

Таму мы самі ганарымся вамі сярод Касцёлаў Божых з прычыны вытрываласці вашай і веры ва ўсіх ганеннях вашых і ўціску, якія вы зносіце.
 
Так што мы самы хвалімся вамі ў цэрквах Божых трывалкосьцяй вашай і вераю ў вусіх перасьледаваньнях а атугах, каторыя вы пераносіце.

Гэта доказ справядлівага Божага суда, каб вы аказаліся вартымі Божага Валадарства, дзеля якога і церпіце.
 
Гэта яўны довад справядлівага суду Божага, каб вы былі годныя гаспадарства Божага, дзеля каторага церпіце.

Бог справядліва адплаціць уціскам тым, хто вас уціскаў.
 
Бо запраўды справядліва ў Бога адплаціць немарасьцяй тым, каторыя вас немарасьцяць,

І вам, якія церпіце ўціск, а таксама нам дасць адпачыць падчас аб’яўлення з нябёсаў Пана Езуса разам з анёламі моцы Ягонай.
 
А вам, немарашчаным, супачынак із намі ў часе зьяўленьня Спадара Ісуса зь неба, з ангіламі магутнасьці Ягонае,

Полымем агню Ён пакарае тых, хто не пазнаў Бога і не слухаецца Евангелля Пана нашага Езуса.
 
У палаючым агню, імсьцячыся тым, каторыя ня знаюць Бога, і тым, каторыя не паддаюцца Дабравесьці Спадара нашага Ісуса Хрыста,

Яны будуць пакараныя вечнай пагібеллю і не змогуць убачыць аблічча Пана і хвалы моцы Ягонай,
 
Каторыя будуць плаціць кару вечнае загубы, ад віду Спадаровага і ад славы магутнасьці Ягонае,

калі Ён прыйдзе ў той дзень праславіцца ў сваіх святых ды здзівіць усіх, хто паверыў. Вы ж прынялі з вераю нашае сведчанне.
 
Як Ён прыйдзе таго дня ўславіцца ў сьвятых Сваіх, і захопяцца Ім усі верачыя, бо паверылі сьветчаньню нашаму вам.

Мы заўсёды молімся за вас, каб наш Бог прызнаў вас годнымі паклікання і з моцаю здзейсніў усялякі добры намер і справу веры,
 
Дзеля гэтага мы заўсёды молімся за вас, каб Бог наш учыніў вас годнымі пагуканьня і споўніў усе зычэньне дабрыні і ўчынак веры ў магутнасьці,

каб праславілася імя Пана нашага Езуса ў вас, а вы — у Ім, паводле ласкі Бога нашага і Пана Езуса Хрыста.
 
Так што ўславіцца імя Спадара нашага Ісуса Хрыста ў вас, і вы ў Ім, подле ласкі Бога нашага а Спадара Ісуса Хрыста.