2 да Фесаланікійцаў 3 разьдзел

Другое пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Нарэшце, браты, маліцеся за нас, каб слова Пана пашыралася і было праслаўлена, таксама як у вас,
 
Наапошку, маліцеся, браты, за нас, каб Слова Спадарова шырылася і ўславілася запраўды, як і ў вас;

і каб мы ўсцерагліся ад крывадушных і ліхіх людзей, бо не ўсе маюць веру.
 
І каб нам збавіцца ад нягодных а благіх людзёў, бо ня ў вусіх вера.

Верны ёсць Пан, які ўмацуе вас і захавае ад ліхога.
 
Але верны Спадар, Каторы ўмацуе вас і ўсьцеражэць ад злога.

Мы ўпэўнены наконт вас у Пану, што вы робіце і будзеце рабіць тое, што мы наказваем вам.
 
А мы пераканаўшыся ў Спадару ўзглядам вас, што вы робіце і будзеце рабіць, што мы расказуем.

Хай жа Пан скіруе сэрцы вашыя да Божай любові і Хрыстовай цярплівасці.
 
А Спадар хай ськіруе сэрцы вашыя да міласьці Божае і да цярплівосьці Хрыстовае.

Наказваем вам, браты, у імя Пана нашага Езуса Хрыста, каб вы асцерагаліся кожнага брата, які жыве ў бязладдзі і нязгодна з традыцыяй, якую прынялі ад нас.
 
Расказуем жа вам, браты, імям Спадара нашага Ісуса Хрыста, каб вы адступалі ад кажнага брата, дзяньгубна жывучага, а ня подле паданьня, што вы прынялі ад нас,

Вы самі ведаеце, як трэба наследаваць нас, бо мы не лайдачылі сярод вас
 
Бо вы самы ведаеце, як маеце пераймаць у нас, бо мы ня жылі дзяньгубна ў вас,

і ні ў кога не елі хлеба дарма, але цяжка і ў мазалях працавалі дзень і ноч, каб не абцяжарваць нікога з вас.
 
Ані елі хлеба ў каго з вас дарма, але ў гарапашнасьці а натузе працавалі ноч і дзень, каб не цяжарыць каго з вас;

Не таму, што мы не мелі ўлады, але каб саміх сябе даць вам як прыклад для пераймання.
 
Не каб мы ня мелі права, але каб самых сябе даць вам за зразу, каб вы пераймалі ў нас.

Калі мы былі ў вас, то наказвалі вам: калі хто не хоча працаваць, няхай і не есць.
 
Бо й як мы былі ў вас, дык расказалі гэта: калі хто ня хоча працаваць, тый ня еж.

Але мы чулі, што некаторыя сярод вас жывуць у бязладдзі: нічога не робяць, але займаюцца марнымі справамі.
 
Бо чуем, што некатрыя ў вас жывуць дзяньгубна, нічога ня робяць, а мітусяцца.

Такім загадваем і заклікаем іх у Пану Езусе Хрысце, каб яны працавалі ў спакоі і елі ўласны хлеб.
 
Вось жа, такім расказуем і навучаем Спадаром Ісусам Хрыстом, каб моўчыкам робячы, елі хлеб свой.

Вы ж, браты, не пераставайце рабіць дабро.
 
Вы ж, браты, не слабянейце, добра робячы.

Калі хто часам не паслухае словаў паслання нашага, таго асцерагайцеся ды не сябруйце з ім, каб быў асаромлены.
 
Калі ж хто не паслухае слова нашага гэтым лістам, таго зацемце і не ўзаемцеся зь ім, каб ён засароміўся.

Аднак не лічыце яго ворагам, але настаўляйце як брата.
 
Ня майце, адылі, яго за непрыяцеля, але дамяняйце, як брата.

Сам Пан спакою няхай ва ўсім і ўсяляк адорвае вас спакоем. Пан з усімі вамі.
 
Сам жа Спадар супакою дасьць вам супакой заўсёды на кажнай сьцежцы. Спадар із усімі вамі.

Уласнаручнае прывітанне маё, Паўла, што ёсць знакам у кожным пасланні. Так я пішу.
 
Здарованьне маёй рукою Паўлавай, каторая ё знакам у кажным лісьце; гэтак я пішу:

Ласка Пана нашага Езуса Хрыста з усімі вамі.
 
Ласка Спадара нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі.