2 да Фесаланікійцаў 3 разьдзел

Другое пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

Нарэшце, браты, маліцеся за нас, каб слова Пана пашыралася і было праслаўлена, таксама як у вас,
 
Дык вось, браты, маліцеся за нас, каб слова Гасподняе хутка распаўсю́джвалася і праслаўля́лася, як і ў вас,

і каб мы ўсцерагліся ад крывадушных і ліхіх людзей, бо не ўсе маюць веру.
 
і каб мы былі пазба́ўлены ад нягодных і злых людзей; бо не ва ўсіх ёсць вера.

Верны ёсць Пан, які ўмацуе вас і захавае ад ліхога.
 
Але верны Гасподзь, Які ўмацуе вас і захавае ад злога.

Мы ўпэўнены наконт вас у Пану, што вы робіце і будзеце рабіць тое, што мы наказваем вам.
 
І мы ў Госпадзе ўпэўнены адносна вас, што вы робіце і будзеце рабіць тое, што мы наказваем вам.

Хай жа Пан скіруе сэрцы вашыя да Божай любові і Хрыстовай цярплівасці.
 
А Гасподзь няхай скіруе сэрцы вашы да любові Божай і цярплівасці Хрыстовай.

Наказваем вам, браты, у імя Пана нашага Езуса Хрыста, каб вы асцерагаліся кожнага брата, які жыве ў бязладдзі і нязгодна з традыцыяй, якую прынялі ад нас.
 
Мы ж нака́зваем вам, браты, імем Госпада нашага Іісуса Хрыста, каб вы аддаля́ліся ад кожнага брата, які жыве бясчы́нна, а не паводле пада́ння, прыня́тага ад нас,

Вы самі ведаеце, як трэба наследаваць нас, бо мы не лайдачылі сярод вас
 
бо вы самі ведаеце, як нале́жыць вам пераймаць нас; мы ж не рабілі бясчынства ў вас,

і ні ў кога не елі хлеба дарма, але цяжка і ў мазалях працавалі дзень і ноч, каб не абцяжарваць нікога з вас.
 
ні ў кога не елі хлеба дарма, а старанна і напружана працавалі ўночы і ўдзень, каб не стаць цяжа́рам каму-небудзь з вас,

Не таму, што мы не мелі ўлады, але каб саміх сябе даць вам як прыклад для пераймання.
 
не таму, што мы не ма́ем пра́ва, а каб праз саміх сябе пада́ць вам пры́клад для перайма́ння.

Калі мы былі ў вас, то наказвалі вам: калі хто не хоча працаваць, няхай і не есць.
 
Бо і тады, як былі ў вас, мы нака́звалі вам вось што: калі хто не хоча працаваць, той няхай і не есць.

Але мы чулі, што некаторыя сярод вас жывуць у бязладдзі: нічога не робяць, але займаюцца марнымі справамі.
 
Але чуем пра некаторых, што жывуць сярод вас бясчы́нна, нічога не робяць, а ўме́шваюцца не ў свае справы;

Такім загадваем і заклікаем іх у Пану Езусе Хрысце, каб яны працавалі ў спакоі і елі ўласны хлеб.
 
такім нака́зваем і закліка́ем іх дзеля Госпада нашага Іісуса Хрыста, каб яны, спакойна працу́ючы, елі свой хлеб.

Вы ж, браты, не пераставайце рабіць дабро.
 
А вы, браты, не па́дайце духам, робячы дабро.

Калі хто часам не паслухае словаў паслання нашага, таго асцерагайцеся ды не сябруйце з ім, каб быў асаромлены.
 
Калі ж хто не паслу́хае ска́занага намі ў гэтым пасла́нні, таго майце на прыкме́це і не ўступа́йце ў зно́сіны з ім, каб пасароміць яго;

Аднак не лічыце яго ворагам, але настаўляйце як брата.
 
аднак не лічы́це яго ворагам, а настаўля́йце на розум, як брата.

Сам Пан спакою няхай ва ўсім і ўсяляк адорвае вас спакоем. Пан з усімі вамі.
 
Сам жа Гасподзь міру няхай дае вам мір заўсёды ва ўсім. Гасподзь з усімі вамі!

Уласнаручнае прывітанне маё, Паўла, што ёсць знакам у кожным пасланні. Так я пішу.
 
Вітанне маёю рукою, Паўлаваю, што слу́жыць зна́кам у кожным пасла́нні; пішу я так:

Ласка Пана нашага Езуса Хрыста з усімі вамі.
 
благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста з усімі вамі. Амінь.