Да Эфэсянаў 1 разьдзел
Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Яна Станкевіча
Павел, воляю Божаю апостал Іісуса Хрыста, святы́м, што ў Эфэсе, і ве́рным у Хрысце Іісусе:
Паўла, з волі Божае апостал Ісуса Хрыста, сьвятым а верным у Хрысту Ісусу, каторыя ў Ефесе:
благадаць вам і мір ад Бога, Айца нашага, і Госпада Іісуса Хрыста.
Ласка вам а супакой ад Бога, Айца нашага, і Спадара Ісуса Хрыста.
Благаславёны Бог і Айцец Госпада нашага Іісуса Хрыста, што благаславіў нас усякім духоўным благаславе́ннем на нябёсах у Хрысце,
Дабраславёны Бог і Айцец Спадара нашага Ісуса Хрыста, Каторы падабраславіў нас кажным духоўным дабраславенствам у нябёсах у Хрысту;
бо Ён выбраў нас у Ім раней за стварэнне свету, каб мы былі святымі і беззага́ннымі перад Ім у любові,
Як Ён абраў нас у Ім перад закладзінамі сьвету, каб мы былі сьвятыя а бязгрэшныя перад Ім у міласьці,
прадвы́значыўшы нас для ўсынаўле́ння Сабе праз Іісуса Хрыста паводле жада́ння волі Сваёй,
Наканаваўшы ўсынавіць нас Сабе перазь Ісуса Хрыста, подле зычлівае волі Свае,
дзеля ўсхвале́ння ве́лічы благадаці Сваёй, якою Ён адары́ў нас ва Узлю́бленым,
На хвалу славы ласкі Свае, каторай Ён ласку ўчыніў нам у Ўмілаваным,
у Якім мы маем выкупле́нне Крывёю Яго, прабачэ́нне грахоў паводле багацця благадаці Яго,
У Каторым мы маем адкупленьне крывёй Ягонай, дараваньне выступаў, подле багацьця ласкі Ягонае,
якую Ён шчодра явіў нам ва ўсякай праму́драсці і разуме́нні,
Каторай Ён забагаціў нас усёй мудрасьцяй а разуменьням,
адкрыўшы нам тайну волі Сваёй паводле жада́ння Свайго, якое Ён прадустанавíў у Ім,
Аб’явіўшы нам тайну волі Свае подле зычлівасьці Свае, каторую Ён замерыў у Самым Сабе,
на здзяйсне́нне паўнаты́ часоў, каб з’ядна́ць усё нябеснае і зямное ў Хрысце, пад Ім як галавою;
да загады паўнінёю часоў, каб усе нябёснае й земнае задзіночыць пад галавою Хрыстовай;
у Ім мы і сталі спадкае́мцамі, бу́дучы прадвы́значанымі згодна з прадустанаўле́ннем Таго, Хто ўсё здзяйсня́е паводле рашэння волі Сваёй,
У Ім, у Каторым і спаў спадак нам, наканаваным подле замеру Таго, Каторы ўсе дзее подле рады волі Свае,
каб паслужы́лі ўсхвале́нню ве́лічы Яго мы, якія і раней спадзява́ліся на Хрыста;
Каб мы былі да хвалы славы Ягонае, мы, што перш спадзяваліся ў Хрысту;
у Ім і вы, пачуўшы слова ісціны, дабравесце спасення вашага, і ўвераваўшы ў Яго, пазначаны пячаццю абяцанага Духа Святога,
І ў Каторым і вы, пачуўшы слова праўды, Дабравесьці спасеньня свайго, у Каторага таксама ўверыўшы, запячатаваны абяцаным Сьвятым Духам,
Які ёсць залог спадчыны нашай, дзеля выкупле́ння здабы́тку Яго, дзеля ўсхвале́ння ве́лічы Яго.
Каторы ё задатак спадку нашага на адкупленьне прыдбанае собскасьці да хвалы славы Ягонае.
Таму і я, пачуўшы пра вашу веру ў Госпада Іісуса і пра любоў да ўсіх святых,
Затым і я, пачуўшы празь веру вашу ў Спадара Ісуса а празь міласьць да ўсіх сьвятых,
не перастаю дзякаваць за вас Богу, памінаючы вас у малітвах сваіх,
Бязупынку дзякую за вас Богу, мянуючы вас у малітвах сваіх,
каб Бог Госпада нашага Іісуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа прамудрасці і адкравення на спазнанне Яго,
Каб Бог Спадара нашага Ісуса Хрыста, Ацец славы, даў нам духа мудрасьці а аб’яўленьня да супоўнага пазнаньня Яго,
і прасвятліў вочы сэрца вашага, каб вы ведалі, у чым надзея паклікання Яго, і ў чым багацце славы спадчыны Яго для святых,
І асьвяціў сьвятлом вочы сэрца вашага, каб вы пазналі, што за надзея пагуканьня Ягонага, і што за багацьце славы спадку Ягонага ў сьвятых,
і ў чым бязмерная веліч сілы Яго для нас, якія веруем праз дзеянне ўладарнай магутнасці Яго,
І што за нязьмерная вялікасьць сілы Ягонае ў нас, што верым подле дзеяньня магутнасьці сілы Ягонае,
якую Ён праявіў у Хрысце, уваскрасіўшы Яго з мёртвых і пасадзіўшы праваруч Сябе на нябёсах,
Каторай Ён дзеяў у Хрысту, ускрысіўшы Яго зь мертвых і пасадзіўшы паправе Сябе на нябёсах,
вышэй за ўсякае начальства, і ўладу, і сілу, і валадарства, і за ўсякае імя, называнае не толькі ў гэтым веку, але і ў будучым,
Над кажнае князства а ўладу а сілу а панаваньне а кажнае імя, менаванае ня толькі ў гэтым веку, але і ў прыйдучым,
і усё пакары́ў пад ногі Яго, і паставіў Яго над усім, галавою Царквы,
І ўсе паддаў пад ногі Ягоныя, і даў Яго над усе — за галаву царквы,
якая ёсць Цела Яго, паўната Таго, Хто напаўняе ўсё ва ўсім.
Каторая ё цела Ягонае, паўніня ўсе ў вусім Напаўняючага.