1 да Фесаланікійцаў 1 разьдзел

Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Павел, і Сілуан, і Цімафей Царкве Фесаланікійскай у Богу Айцу і Госпадзе Іісусе Хрысце: благадаць вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Іісуса Хрыста.
 
Паўла а Сілан а Цімох царкве Салунскай у Богу Айцу а Спадару Ісусу Хрысту: ласка вам а супакой.

Дзякуем Богу заўсёды за ўсіх вас, паміна́ючы вас у малітвах нашых,
 
Мы заўсёды дзякуем Богу за вас усіх, мянуючы вас у малітвах сваіх,

пастаянна па́мятаючы вашу справу веры, і працу любові, і трыва́ласць надзеі на Госпада нашага Іісуса Хрыста перад Богам і Айцом нашым,
 
Бязупынку памятуючы ваш учынак веры і працу міласьці і цярплівосьць надзеі на Спадара нашага Ісуса Хрыста перад Богам а Айцом нашым,

ведаючы, узлю́бленыя Богам браты, абра́насць вашу;
 
Ведаючы, любыя Богу браты, праз абраньне ваша;

бо наша дабраве́сце ў вас адбыва́лася не толькі ў слове, але і ў сіле, і ў Святым Духу, і ў поўнай перакана́насці; вы самі ведаеце, якімі мы былí для вас сярод вас.
 
Бо Дабравесьць наша была ў вас ня ў слове толькі, але і ў магутнасьці, і ў Духу Сьвятым, і ў шмат якім перакананьню.

І вы сталі перайма́льнікамі нашымі і Госпада, прыня́ўшы слова ў горасцях многіх з радасцю Духа Святога,
 
І вы сталі перайманьнікамі нашымі й Божымі, прыняўшы слова ў шмат атугах із радасьцяй Духа Сьвятога;

так што вы сталі ўзорам для ўсіх веруючых у Македоніі і Ахаіі.
 
Так што вы сталі зразаю ўсім вернікам у Макядоні а ўв Ахаі.

Бо ад вас разне́слася слова Гасподняе не толькі па Македоніі і Ахаіі, але і ва ўсіх краях вера ваша ў Бога стала вядомай, так што ў нас няма патрэбы пра гэта гаварыць.
 
Бо ад вас прагучэла слова Спадарова ня толькі ў Макядоні а Ахаі, але ў кажным месцу вера ваша ўзглядам Бога разьнеслася, так што мы не патрабуем нічога казаць.

Бо самі яны пра нас расказваюць, якім быў наш прыход да вас і як вы павярнуліся да Бога ад ідалаў, каб служы́ць Богу жывому і ісціннаму
 
Бо яны самы павядаюць праз нас, які ўход мелі мы да вас, і як вы навярнуліся да Бога ад балваноў, каб служыць Богу жывому й праўдзіваму

і чакаць з нябёс Сына Яго, Якога Ён уваскрасіў з мёртвых, Іісуса, Які збаўляе нас ад надыхо́дзячага гневу.
 
І чакаць ізь нябёс Сына Ягонага, Каторага Ён ускрысіў ізь мертвых, Ісуса, што збаўляе нас ад прыйдучага гневу.