Дзеі 19 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Калі Апалос быў у Карынце, Павел прайшоў праз горныя ваколіцы, спусціўся ў Эфес і, знайшоўшы там некаторых вучняў,
 
І сталася, як Аполёс быў у Карынце, што Паўла, прайшоўшы вышнія часьці, прышоў да Ефэсу і, знайшоўшы некатрых вучанікаў,

сказаў ім: «Ці атрымалі вы Духа Святога, калі паверылі?» А яны адказалі яму: «Мы і не чулі, што ёсць Дух Святы».
 
Сказаў ім: «Ці вы, уверыўшы, прынялі Сьвятога Духа?» А яны яму: «Мы нават ня чулі, ці ё Дух Сьвяты».

Ён спытаў: «У што ж вы хрысціліся?» Яны адказалі: «У хрост Яна». Павел сказаў:
 
І ён сказаў: «Дык у што вы ахрышчаны?» Яны сказалі: «У хрэст Яанаў».

«Ян хрысціў хростам пакаяння, кажучы людзям, каб паверылі ў таго, хто ідзе пасля яго, гэта значыць, у Езуса».
 
Паўла ж сказаў: «Яан запраўды хрысьціў хрыстом каяты, кажучы люду, каб верылі ў Ідучага просьле яго, значыцца ў Ісуса».

Калі гэта пачулі, ахрысціліся ў імя Пана Езуса.
 
Пачуўшы гэта, яны ахрысьціліся ў імя Спадара Ісуса.

І калі Павел усклаў на іх рукі, Дух Святы сышоў на іх. Яны гаварылі мовамі і прарочылі.
 
І, як Паўла ўзлажыў рукі на іх, зышоў на іх Дух Сьвяты, і яны гукалі мовамі і праракалі.

А было ўсіх каля дванаццаці чалавек.
 
А ўсіх было каля двананцацёх мужоў.

Увайшоўшы ў сінагогу, ён адважна прамаўляў тры месяцы, прапаведуючы і пераконваючы наконт Божага Валадарства.
 
Увыйшоўшы ж у бажніцу, ён адважна гукаў тры месяцы, навучаючы а пераконуючы праз гаспадарства Божае.

А калі некаторыя заўпарціліся і не верылі, зласловячы шлях Пана перад народам, Павел пакінуў іх, узяўшы з сабою вучняў, і штодня прапаведаваў у школе Тырана.
 
А як некатрыя закалянелі й ня верылі, гукаючы ліха на Дарогу перад множасьцяй, ён вышаў ад іх і аддзяліў вучанікаў, навучаючы што дня ў школе якогась Тырана.

Гэта працягвалася два гады, так што ўсе жыхары Азіі, юдэі і грэкі, пачулі слова Пана.
 
І гэта было звыш двух год, так што ўсі жыхары Азі, Жыды й Грэкі, чулі слова Божае.

Бог рабіў надзвычайныя цуды рукамі Паўла,
 
І Бог чыніў вялікія, надзвычайныя ўчынкі рукамі Паўлавымі,

так што на хворых ускладалі хусты і паясы з яго цела, і хваробы пакідалі іх, і злыя духі выходзілі з іх.
 
Ажно насаткі а папяразкі прыносілі ад цела ягонага на хворых, і хваробы пакідалі іх, і злыя духі выходзілі зь іх.

Нават некаторыя з вандроўных юдэйскіх заклінальнікаў заклікалі над тымі, хто быў апанаваны злымі духамі, імя Пана Езуса, кажучы: «Заклінаю вас Езусам, якога прапаведуе Павел».
 
Тады й некатрыя із жыдоўскіх хадзякаў-закліньнікаў спрабавалі гукаць імя Спадара Ісуса на апанаваных злымі духамі, кажучы: «Заклінаю вас Ісусам, каторага абяшчае Паўла».

Рабілі гэта сем сыноў пэўнага Скевы, юдэйскага першасвятара.
 
Былі там якіясь сямёх сыноў Ськевы, найвышшага сьвятара жыдоўскага, каторыя рабілі гэта.

Але злы дух адказаў ім: «Я знаю Езуса і ведаю Паўла, а вы хто такія?»
 
Але злы дух, адказуючы, сказаў ім: «Ісуса запраўды знаю, і Паўла імне ведамны, але хто вы?»

І накінуўся на іх чалавек, у якім быў злы дух, і, перамогшы абодвух, адолеў іх так, што яны ўцяклі з таго дома голыя і параненыя.
 
І кінуўся на іх чалавек, у каторым быў злы дух, і здолеў іх, так што яны ўцяклі голыя а зьбітыя.

Пра гэта стала вядома сярод усіх юдэяў і грэкаў, якія жылі ў Эфесе. Страх ахапіў іх усіх, і ўзвялічана было імя Пана Езуса.
 
І сталася гэта ведама ўсім, што жылі ў Ефэсе, Жыдом і Грэкам, і напаў страх на ўсіх іх, і ўзьвялічана было імя Спадара Ісуса.

Многія з тых, хто паверыў, прыходзілі, вызнаючы і выяўляючы свае ўчынкі.
 
І шмат хто з тых, што ўверылі, прыходзіў, спавядаючыся й азнаймуючы свае ўчынкі.

Нямала з тых, хто займаўся чарадзействам, сабраўшы свае кнігі, спалілі іх перад усімі. А калі падлічылі іх кошт, аказалася іх на пяцьдзясят тысяч срэбных манет.
 
І ладне тых, што займаліся чарамі, прынесьлі кнігі свае, і спалілі іх перад усімі, і палічылі цану іх, і знайшлі на пяцьдзясят тысячаў штукаў срэбла.

Так моцна ўзрастала і ўмацоўвалася слова Пана.
 
З такой моцаю расло а перамагала слова Спадарова.

Калі гэта здзейснілася, Павел вырашыў прайсці Македонію і Ахаю і накіравацца ў Ерузалем, кажучы: «Калі пабуду там, дык я павінен убачыць і Рым».
 
А як гэта зьдзеялася, Паўла замерыў у духу сваім, прайшоўшы Македоню а Ахаю, ісьці да Ерузалітлу, кажучы: «Пабыўшы там, я маю бачыць і Рым».

І паслаў у Македонію з тых, хто служыў яму, двух — Цімафея і Эраста, а сам пэўны час заставаўся ў Азіі.
 
І паслаўшы да Македоні двух із слугачых сваіх, Цімоха а Эраста, сам застаўся да часу ўв Азі.

У гэты час узнялося немалое абурэнне з прычыны шляху Пана.
 
І прыгадзілася таго часу немалое ўзрушэньне каля Дарогі Божае;

Нейкі Дэметрый, што займаўся срэбрам і рабіў срэбныя святыні Артэміды, прыносіў немалы прыбытак рамеснікам.
 
Бо хтось, на ймя Зьмітра, срэбранік, што станавіў дамы Артэміды, даючы немалы прыбытак мастаком,

Ён сабраў іх і іншых падобных рамеснікаў і сказаў: «Мужы, вы ведаеце, што наш дастатак залежыць ад гэтага занятку.
 
Каторых зьбершы і тых, што ў такім рамястве рабілі, сказаў: «Мужы, вы цяміце, што наш дабрабыт залежа ад гэтае работы.

А вы бачыце і чуеце, што не толькі ў Эфесе, але і амаль па ўсёй Азіі гэты Павел пераканаў і адвярнуў нямала народу, кажучы, што не з’яўляецца багамі тое, што зроблена рукамі.
 
І вы бачыце й чуеце, што ня толькі ў Ефэсе, але блізу па ўсёй Азі гэты Паўла пераканаў і адвярнуў вялікую грамаду, кажучы, што не багі тыя, каторыя зроблены рукамі.

Гэта пагражае нам не толькі тым, што наша доля прыйдзе ў заняпад, але і святыня вялікай багіні Артэміды будзе лічыцца нічога не вартай, і пазбавіцца велічы тая, якой пакланяецца ўся Азія і свет».
 
Цяпер ня толькі небясьпечнасьць нам, што наш занятак апынецца ў няславе, але таксама, што сьвятыню вялікае багіні Артэміды будуць мець за нішто, і будзе зьнішчана вялікасьць тае, каторую сьціць уся Азя а сьвет».

Пачуўшы гэта, яны напоўніліся гневам і закрычалі: «Вялікая Артэміда Эфеская!»
 
Пачуўшы ж гэта і шалеючы ад злосьці, яны крычэлі, кажучы: «Вялікая Артэміда Ефэская!»

Увесь горад ахапіла хваляванне. Схапіўшы спадарожнікаў Паўла, македонцаў Гая і Арыстарха, яны ўсёй грамадой кінуліся да тэатра.
 
І места стала поўнае сумятні, і згодна яны чханулі да тэатру, схапіўшы Ґая а Арыстарха, Македонян, спадарожнікаў Паўлавых.

Калі Павел хацеў увайсці ў натоўп, вучні не пусцілі яго.
 
Як жа Паўла хацеў увыйсьці ў люд, вучанікі не дапусьцілі яго.

Таксама некаторыя кіраўнікі правінцыі, якія прыязна ставіліся да яго, паслалі да яго з просьбай, каб не паказваўся ў тэатры.
 
І таксама некатрыя з начэльнікаў аскіх, што былі прыяцелямі ягонымі, паслаўшы да яго, упорыста прасілі ня кідацца да тэатру.

Тым часам адны крычалі адно, другія — іншае, бо сход быў бязладны і многія не ведалі, чаго сабраліся.
 
Адныя крычэлі адно, другія — другое, бо гурба была ў сумятні, і бальшыня ня ведала, дзеля чаго яны зышліся.

Тады з натоўпу вывелі Аляксандра, якога юдэі выштурхнулі наперад. Аляксандр даў знак рукой, што хоча апраўдацца перад народам.
 
З гурбы ж высунулі наперад якогась Аляксандру, каторага Жыды сулілі. Аляксандра, кіўнуўшы рукою, хацеў аправіцца перад людам.

Калі ж даведаліся, што ён юдэй, усе ў адзін голас і каля дзвюх гадзін крычалі: «Вялікая Артэміда Эфеская!»
 
Але, пазнаўшы, што ён Жыд, у вадзін голас усі крычэлі каля дзьвюх гадзінаў: «Вялікая Артэміда Ефэская!»

Урэшце гарадскі пісар супакоіў народ, сказаўшы: «Эфесцы, хто з людзей не ведае, што горад Эфес — захавальнік святыні вялікай Артэміды і яе выявы, што ўпала з неба?
 
Месцкі ж пісар, супакоіўшы гурбу, сказаў: «Мужы Ефэсяне, хто ня ведае, што места Ефэскае ё апякун сьвятыні Артэміды вялікае й абраза, спалага зь неба (Дыёпэта)?

А паколькі гэта бясспрэчна, то вам трэба захоўваць спакой і не рабіць нічога паспешна.
 
Калі ж гэта бесьпярэчна, надабе, каб вы супакоіліся і не рабілі нічога стрым галаву.

Вы прывялі гэтых людзей, якія не блюзнерылі і не зняважылі нашай багіні.
 
А вы прывялі гэтых людзёў, каторыя сьвятыні ня грабілі, ані блявузґалі на вашу багіню.

Калі ж Дэметрый і рамеснікі, што з ім, маюць супраць кагосьці справу, дык на рынку адбываюцца суды і ёсць праконсулы. Няхай абвінавачваюць адны другіх.
 
Калі ж Зьмітра а мастакі, што зь ім, маюць жалабу на каго, ё суд і ё проконсулы: няхай пазываюць адзін аднаго.

А калі вы дабіваецеся чагосьці іншага, то гэта вырашыцца на законным сходзе.
 
Калі ж шукаеце чаго іншага, то гэта можа быць разьвязана на праўным збору.

Бо нам пагражае абвінавачанне ў сённяшнім хваляванні, і няма ніякай прычыны, каб апраўдаць наша зборышча». Сказаўшы гэта, ён распусціў сход.
 
Бо мы ў небясьпечнасьці за сталае сядні быць абвінаванымі ў узрушэньню, бо нямаш ніякае прычыны, каторай бы мы маглі аправіць гэткі збой».