Дзеі 19 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Калі Апалос быў у Карынце, Павел прайшоў праз горныя ваколіцы, спусціўся ў Эфес і, знайшоўшы там некаторых вучняў,
 
Сталася ж, калі Апалёс быў у Карыньце, што Павал, прайшоўшы вышэйшыя краіны, прыйшоў у Эфэс і, знайшоўшы некаторых вучняў,

сказаў ім: «Ці атрымалі вы Духа Святога, калі паверылі?» А яны адказалі яму: «Мы і не чулі, што ёсць Дух Святы».
 
сказаў да іх: «Ці прынялі вы Духа Сьвятога, паверыўшы?» Яны ж сказалі яму: «Але ж мы ня чулі, ці ёсьць Сьвяты Дух».

Ён спытаў: «У што ж вы хрысціліся?» Яны адказалі: «У хрост Яна». Павел сказаў:
 
І ён сказаў да іх: «Дык у што вы хрысьціліся?» Яны ж сказалі: «У хрышчэньне Янавае».

«Ян хрысціў хростам пакаяння, кажучы людзям, каб паверылі ў таго, хто ідзе пасля яго, гэта значыць, у Езуса».
 
А Павал сказаў: «Ян хрысьціў хрышчэньнем навяртаньня, кажучы народу, каб верылі ў Таго, Які ідзе за ім, значыць у Хрыста Ісуса».

Калі гэта пачулі, ахрысціліся ў імя Пана Езуса.
 
Пачуўшы ж, яны былі ахрышчаныя ў імя Госпада Ісуса.

І калі Павел усклаў на іх рукі, Дух Святы сышоў на іх. Яны гаварылі мовамі і прарочылі.
 
І, як усклаў Павал рукі на іх, зыйшоў на іх Дух Сьвяты, і гаварылі мовамі, і прарочылі.

А было ўсіх каля дванаццаці чалавек.
 
А было іх усіх каля дванаццаці мужоў.

Увайшоўшы ў сінагогу, ён адважна прамаўляў тры месяцы, прапаведуючы і пераконваючы наконт Божага Валадарства.
 
Увайшоўшы ж у сынагогу, ён адважна гаварыў тры месяцы, ведучы гутаркі і пераконваючы пра Валадарства Божае.

А калі некаторыя заўпарціліся і не верылі, зласловячы шлях Пана перад народам, Павел пакінуў іх, узяўшы з сабою вучняў, і штодня прапаведаваў у школе Тырана.
 
А як некаторыя закамянелі і ня верылі, праклінаючы гэты шлях перад мноствам, [Павал], адыйшоўшы ад іх, аддзяліў вучняў, штодня ведучы гутаркі ў школе нейкага Тырана.

Гэта працягвалася два гады, так што ўсе жыхары Азіі, юдэі і грэкі, пачулі слова Пана.
 
Дзеялася ж гэта два гады, так што чулі слова Госпада Ісуса ўсе жыхары Азіі, Юдэі і Грэкі.

Бог рабіў надзвычайныя цуды рукамі Паўла,
 
І Бог чыніў незвычайныя цуды праз рукі Паўла,

так што на хворых ускладалі хусты і паясы з яго цела, і хваробы пакідалі іх, і злыя духі выходзілі з іх.
 
так што хусткі ці паясы ад цела ягонага ўскладалі на нядужых, і пакідалі іх хваробы, і духі злыя выходзілі з іх.

Нават некаторыя з вандроўных юдэйскіх заклінальнікаў заклікалі над тымі, хто быў апанаваны злымі духамі, імя Пана Езуса, кажучы: «Заклінаю вас Езусам, якога прапаведуе Павел».
 
А некаторыя з вандроўных экзарцыстаў Юдэйскіх намагаліся над апанаванымі злымі духамі называць імя Госпада Ісуса, кажучы: «Заклінаем вас Ісусам, Якога абвяшчае Павал».

Рабілі гэта сем сыноў пэўнага Скевы, юдэйскага першасвятара.
 
Былі ж нейкія сямёра сыноў Скевы, першасьвятара Юдэйскага, якія рабілі гэта.

Але злы дух адказаў ім: «Я знаю Езуса і ведаю Паўла, а вы хто такія?»
 
А злы дух, адказваючы, сказаў: «Ісуса ведаю, і Павал мне вядомы. А вы хто будзеце?»

І накінуўся на іх чалавек, у якім быў злы дух, і, перамогшы абодвух, адолеў іх так, што яны ўцяклі з таго дома голыя і параненыя.
 
І чалавек, у якім быў злы дух, кінуўшыся на іх і апанаваўшы іх, адолеў іх, так што яны голыя і параненыя ўцяклі з таго дому.

Пра гэта стала вядома сярод усіх юдэяў і грэкаў, якія жылі ў Эфесе. Страх ахапіў іх усіх, і ўзвялічана было імя Пана Езуса.
 
Гэта сталася вядомым Юдэям і Грэкам, што жылі ў Эфэсе, і ахапіў страх іх усіх, і ўзьвялічвалася імя Госпада Ісуса.

Многія з тых, хто паверыў, прыходзілі, вызнаючы і выяўляючы свае ўчынкі.
 
І многія з тых, што паверылі, прыходзілі, вызнаючы і апавядаючы ўчынкі свае,

Нямала з тых, хто займаўся чарадзействам, сабраўшы свае кнігі, спалілі іх перад усімі. А калі падлічылі іх кошт, аказалася іх на пяцьдзясят тысяч срэбных манет.
 
і даволі з тых, што займаліся непатрэбнымі вучэньнямі, папрыносіўшы кнігі, спалілі перад усімі, і палічылі кошт іхні, і знайшлі пяцьдзясят тысячаў срэбнікаў.

Так моцна ўзрастала і ўмацоўвалася слова Пана.
 
З гэткай моцай расло і крапчэла слова Госпада.

Калі гэта здзейснілася, Павел вырашыў прайсці Македонію і Ахаю і накіравацца ў Ерузалем, кажучы: «Калі пабуду там, дык я павінен убачыць і Рым».
 
А калі гэта споўнілася, Павал палажыў у духу ісьці ў Ерусалім, прайшоўшы Македонію і Ахаю, кажучы: «Пабыўшы там, мушу я і Рым убачыць».

І паслаў у Македонію з тых, хто служыў яму, двух — Цімафея і Эраста, а сам пэўны час заставаўся ў Азіі.
 
Паслаўшы ж у Македонію двух служыцеляў сваіх, Цімафея і Эраста, сам застаўся часова ў Азіі.

У гэты час узнялося немалое абурэнне з прычыны шляху Пана.
 
У гэты ж час сталася хваляваньне немалое з прычыны шляху [Госпада],

Нейкі Дэметрый, што займаўся срэбрам і рабіў срэбныя святыні Артэміды, прыносіў немалы прыбытак рамеснікам.
 
бо нейкі залатар, на імя Дэмэтры, што рабіў срэбныя бажніцы Артэміды і даваў майстрам немалы заробак,

Ён сабраў іх і іншых падобных рамеснікаў і сказаў: «Мужы, вы ведаеце, што наш дастатак залежыць ад гэтага занятку.
 
сабраўшы іх ды іншых працаўнікоў такога самага [рамяства], сказаў: «Мужы, вы ведаеце, што з гэтае работы — наш дабрабыт.

А вы бачыце і чуеце, што не толькі ў Эфесе, але і амаль па ўсёй Азіі гэты Павел пераканаў і адвярнуў нямала народу, кажучы, што не з’яўляецца багамі тое, што зроблена рукамі.
 
І вы бачыце і чуеце, што ня толькі ў Эфэсе, але амаль у-ва ўсёй Азіі гэты Павал, пераканаўшы, даволі народу адвярнуў, кажучы, што гэта ня богі, якія рукамі зробленыя.

Гэта пагражае нам не толькі тым, што наша доля прыйдзе ў заняпад, але і святыня вялікай багіні Артэміды будзе лічыцца нічога не вартай, і пазбавіцца велічы тая, якой пакланяецца ўся Азія і свет».
 
А гэта ня толькі пагражае, што нашае рамяство прыйдзе ў заняпад, але і што сьвятыня вялікае багіні Артэміды за нішто лічыцца будзе, і зьнішчыцца веліч тае, якой пакланяецца ўся Азія і ўвесь сусьвет».

Пачуўшы гэта, яны напоўніліся гневам і закрычалі: «Вялікая Артэміда Эфеская!»
 
Пачуўшы ж [гэта] і напоўніўшыся ярасьцю, яны закрычалі, кажучы: «Вялікая Артэміда Эфэская!»

Увесь горад ахапіла хваляванне. Схапіўшы спадарожнікаў Паўла, македонцаў Гая і Арыстарха, яны ўсёй грамадой кінуліся да тэатра.
 
І ўвесь горад напоўніўся ўзрушэньнем, і, падхапіўшы Гая і Арыстарха, Македонцаў, спадарожнікаў Паўла, рынуліся аднадушна ў тэатар.

Калі Павел хацеў увайсці ў натоўп, вучні не пусцілі яго.
 
А калі Павал хацеў выйсьці да народу, вучні не дазволілі яму.

Таксама некаторыя кіраўнікі правінцыі, якія прыязна ставіліся да яго, паслалі да яго з просьбай, каб не паказваўся ў тэатры.
 
І некаторыя з начальнікаў Азійскіх, якія былі сябрамі ягонымі, паслаўшы да яго, прасілі не ісьці ў тэатар.

Тым часам адны крычалі адно, другія — іншае, бо сход быў бязладны і многія не ведалі, чаго сабраліся.
 
Дык кожны крычаў нешта сваё, бо збор быў узрушаны, і большасьць ня ведала, дзеля чаго сабраліся.

Тады з натоўпу вывелі Аляксандра, якога юдэі выштурхнулі наперад. Аляксандр даў знак рукой, што хоча апраўдацца перад народам.
 
А з натоўпу паклікалі Аляксандра, якога выпхнулі Юдэі. Аляксандар жа, зрабіўшы знак рукою, хацеў адказваць перад народам.

Калі ж даведаліся, што ён юдэй, усе ў адзін голас і каля дзвюх гадзін крычалі: «Вялікая Артэміда Эфеская!»
 
Калі ж даведаліся, што ён Юдэй, узьняўся крык у адзін голас, і крычалі каля дзьвюх гадзінаў: «Вялікая Артэміда Эфэская!»

Урэшце гарадскі пісар супакоіў народ, сказаўшы: «Эфесцы, хто з людзей не ведае, што горад Эфес — захавальнік святыні вялікай Артэміды і яе выявы, што ўпала з неба?
 
Пісар жа, суцішыўшы натоўп, кажа: «Мужы Эфэсцы! Які ж чалавек ня ведае, што горад Эфэс ёсьць служыцелем вялікае багіні Артэміды і Дыяпэта?

А паколькі гэта бясспрэчна, то вам трэба захоўваць спакой і не рабіць нічога паспешна.
 
А як гэта бясспрэчна, вы мусіце суцішыцца і нічога неразважна не рабіць.

Вы прывялі гэтых людзей, якія не блюзнерылі і не зняважылі нашай багіні.
 
Бо вы прывялі гэтых мужоў, якія ані сьвятыні не абакралі, і ня блюзьнілі супраць багіні вашае.

Калі ж Дэметрый і рамеснікі, што з ім, маюць супраць кагосьці справу, дык на рынку адбываюцца суды і ёсць праконсулы. Няхай абвінавачваюць адны другіх.
 
Дык калі Дэмэтры і майстры, што з ім, маюць супраць некага слова, ёсьць суды і ёсьць праконсулы, няхай адны адных абвінавачваюць.

А калі вы дабіваецеся чагосьці іншага, то гэта вырашыцца на законным сходзе.
 
А калі шукаеце нечага іншага, [няхай] будзе вырашана на законным зборы.

Бо нам пагражае абвінавачанне ў сённяшнім хваляванні, і няма ніякай прычыны, каб апраўдаць наша зборышча». Сказаўшы гэта, ён распусціў сход.
 
Бо мы ў небясьпецы быць абвінавачанымі ў паўстаньні дзеля сёньняшніх [падзеяў], ня маючы ніякай прычыны, каб магчы даць справаздачу пра гэты сход».