Дзеі 10 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна
Быў у Цэзарэі адзін чалавек па імені Карнэлій, сотнік з кагорты, што называлася Італьскай,
А ў Цэзарэі быў адзін муж, на імя Карнэль, сотнік кагорты, называнай Італійскай,
пабожны і багабойны з усім домам сваім. Ён даваў вялікую міласціну і заўсёды маліўся Богу.
пабожны і багабойны з усім домам сваім. Ён чыніў шмат міласьцінаў народу і ўсьцяж маліўся Богу.
Каля дзевятай гадзіны дня ён выразна бачыў у візіі анёла Божага, які прыйшоў да яго і сказаў: «Карнэлій».
Ён бачыў яўна ў відзежы каля дзявятае гадзіны дня анёла Божага, які ўвайшоў да яго і сказаў яму: «Карнэль!»
Ён паглядзеў на яго і, спалохаўшыся, сказаў: «Што, Пане?» Той адказаў: «Твае малітвы і твая міласціна былі згаданыя перад Богам.
Ён жа, углядаючыся на яго і будучы ў страху, сказаў: «Што, Госпадзе?» А той сказаў яму: «Малітвы твае і міласьціны твае ўзыйшлі на памяць перад Богам.
А цяпер пашлі людзей у Яфу і пакліч Сымона, які завецца Пятром.
І цяпер пашлі ў Ёппу мужоў, і пакліч Сымона, які называецца Пятром;
Ён гасціць у аднаго гарбара Сымона, які мае дом каля мора. Ён скажа табе, што рабіць».
ён гасьцюе ў нейкага Сымона гарбара, дом якога ля мора. Ён скажа табе, што ты мусіш рабіць».
Калі анёл, які гаварыў з ім, адышоў, ён паклікаў двух сваіх слуг і богабаязнага жаўнера з тых, што служылі яму,
Калі ж анёл, які гаварыў з Карнэлем, адыйшоў, ён, паклікаўшы двух слугаў сваіх і пабожнага жаўнера з тых, што былі пры ім,
і, расказаўшы ім усё, паслаў іх у Яфу.
і ўсё ім распавёўшы, паслаў іх у Ёппу.
На другі дзень, калі яны былі ў дарозе і набліжаліся да горада, Пётр каля шостай гадзіны падняўся на дах дома памаліцца.
А на наступны дзень, як яны былі ў дарозе і набліжаліся да гораду, Пётар узыйшоў на дах памаліцца каля шостае гадзіны.
Аднак адчуў голад і захацеў паесці. Пакуль гатавалі яму, ён упаў у захапленне.
Адчуў жа голад і захацеў есьці; а калі гатавалі, ахапіла яго захапленьне,
Убачыў неба раскрытае і нейкае начынне, быццам вялікае палатно, прывязанае за чатыры куты, што спускалася на зямлю.
і бачыць ён неба расчыненае і начыньне нейкае, якое зыходзіла да яго, быццам вялікі абрус, зьвязаны за чатыры канцы і апусканы на зямлю.
У ім былі ўсякія чатырохногія жывёлы, паўзуны і нябесныя птушкі.
У ім былі ўсе чатырохногія зямныя, і зьвяры, і паўзуны, і птушкі нябесныя.
А голас прамовіў да яго: «Уставай, Пётр, забівай і еш!»
І стаўся голас да яго: «Устаўшы, Пётар, заколвай і еш».
Але Пётр сказаў: «Ні ў якім разе, Пане, бо я ніколі не еў нічога апаганенага і нячыстага».
А Пётар сказаў: «Ніякім чынам, Госпадзе, бо ніколі ня еў я паганага ці нячыстага».
І зноў, другі раз, голас сказаў яму: «Тое, што Бог ачысціў, не называй апаганеным».
І голас ізноў другі раз да яго: «Што Бог ачысьціў, ты не пагань».
Так было тройчы, і начынне адразу паднялося ў неба.
Сталася ж гэта тройчы, і начыньне ізноў узьнялося ў неба.
Калі ж Пётр разважаў, што магла б азначаць гэтая візія, якую бачыў, людзі, пасланыя Карнэліем, распытаўшыся пра дом Сымона, спыніліся ля варот
Калі ж Пётар бянтэжыўся ў сабе, што б значыў відзеж, які бачыў, вось, мужы, пасланыя ад Карнэля, распытаўшы пра дом Сымона, спыніліся ля брамы
і спыталіся, крыкнуўшы, ці тут гасціць Сымон, які завецца Пятром.
і, крыкнуўшы, спыталіся, ці тут гасьцюе Сымон, называны Пятром.
Калі Пётр разважаў пра візію, Дух сказаў яму: «Вось, тры чалавекі шукаюць цябе.
А як Пётар думаў пра гэты відзеж, сказаў яму Дух: «Вось, тры мужы шукаюць цябе.
Устань, спусціся і ідзі з імі без ніякіх ваганняў, бо Я паслаў іх».
Дык, устаўшы, зыйдзі і ідзі з імі, нічога не сумняваючыся, бо Я паслаў іх».
Пётр, спусціўшыся да гэтых людзей, сказаў: «Я той, каго вы шукаеце. Дзеля чаго вы прыйшлі?»
Зыйшоўшы ж да тых мужоў, пасланых да яго ад Карнэля, Пётар сказаў: «Вось, я той, каго вы шукаеце. Што за прычына, дзеля якой вы прыйшлі?»
Яны ж сказалі: «Карнэлій, сотнік, муж праведны і богабаязны, за якога засведчыць увесь юдэйскі народ, атрымаў наказ праз святога анёла, каб паклікаць цябе ў свой дом і паслухаць тваіх слоў».
Яны ж сказалі: «Карнэль, сотнік, муж праведны і багабойны, пра якога сьведчыць увесь народ Юдэйскі, атрымаў загад ад сьвятога анёла паклікаць цябе ў дом свой і паслухаць словы ад цябе».
Тады ён паклікаў іх і пачаставаў.Назаўтра ўстаў і адправіўся з імі. Некаторыя браты з Яфы пайшлі разам з ім.
Тады Пётар, запрасіўшы, гасьцяваў іх, а на заўтра пайшоў з імі, і некаторыя з братоў, якія з Ёппы, пайшлі з ім.
На наступны дзень ён прыбыў у Цэзарэю. Карнэлій жа чакаў іх, паклікаўшы сваіх родных і блізкіх сяброў.
І на наступны дзень прыйшлі яны ў Цэзарэю, а Карнэль чакаў на іх, склікаўшы сваякоў сваіх і блізкіх сяброў.
Калі Пётр уваходзіў, Карнэлій выйшаў яму насустрач і, упаўшы да ног, пакланіўся яму.
Калі ж сталася, што Пётар увайшоў, Карнэль, сустрэўшы яго, упаў да ног ягоных і пакланіўся.
Пётр падняў яго, кажучы: «Устань, я таксама чалавек».
А Пётар падняў яго, кажучы: «Устань, і я таксама чалавек».
І, размаўляючы з ім, увайшоў і ўбачыў шмат сабраных.
І, размаўляючы з ім, увайшоў, і знаходзіць шмат сабраных.
Ён сказаў ім: «Ведаеце, што юдэю нельга мець зносіны або сустракацца з чужынцам. Але Бог адкрыў мне, каб я не лічыў ніводнага чалавека апаганеным ці нячыстым.
І прамовіў да іх: «Вы ведаеце, што не належыцца мужу Юдэйскаму злучацца ці зыходзіцца з чужынцамі, але Бог паказаў мне не называць ніякага чалавека паганым ці нячыстым.
Таму я без ваганняў прыйшоў на заклік. Дык пытаюся: для якой справы вы паклікалі мяне?»
Дзеля гэтага я і прыйшоў, як быў пакліканы, без пярэчаньняў. Дык пытаюся: дзеля якой прычыны вы паклікалі мяне?»
Тады Карнэлій адказаў: «Чатыры дні аж да гэтай гадзіны я пасціў і а дзявятай маліўся ў сваім доме. І вось, перада мной з’явіўся муж у бліскучым адзенні
І прамовіў Карнэль: «Ад чацьвёртага дня аж да гэтае гадзіны я посьціў і а дзявятай гадзіне маліўся ў доме маім; і вось, стаў перада мною муж у сьветлым адзеньні
і сказаў: “Карнэлій, твая малітва пачутая і твае міласціны былі згаданыя перад Богам.
і мовіць: “Карнэль, пачутая малітва твая, і міласьціны твае ўзгаданыя перад Богам.
Таму пашлі ў Яфу і пакліч Сымона, які завецца Пятром. Ён гасціць у доме гарбара Сымона каля мора”.
Дык пашлі ў Ёппу і пакліч Сымона, які называецца Пятром; ён гасьцюе ў доме Сымона гарбара, ля мора; ён, прыйшоўшы, скажа табе”.
Я адразу паслаў да цябе, а ты добра зрабіў, што прыйшоў. Цяпер мы ўсе стаім перад Богам, каб пачуць усё, што загадаў табе Пан».
Дык я неадкладна паслаў да цябе, і ты добра зрабіў, прыйшоўшы. А цяпер мы ўсе прыйшлі перад [аблічча] Бога, каб слухаць усё, што загадана табе ад Бога».
Тады Пётр, адкрыўшы вусны свае, сказаў: «Сапраўды разумею, што Бог не зважае на асобу,
А Пётар, расчыніўшы вусны, сказаў: «Праўдзіва спасьцерагаю, што не на аблічча зважае Бог,
але ў кожным народзе даспадобы Яму той, хто баіцца Яго і паступае справядліва.
але ў кожным народзе прыемны Яму той, хто баіцца Яго і чыніць праведнасьць.
Ён паслаў сваё слова сынам Ізраэля, абвяшчаючы Добрую Навіну аб спакоі праз Езуса Хрыста, які ёсць Панам усіх.
Слова паслаў Ён сынам Ізраіля, дабравесьцячы супакой праз Ісуса Хрыста, Які ёсьць Госпад усяго.
Вы ведаеце, што адбывалася па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі, пасля хросту, абвешчанага Янам.
Вы ведаеце слова, што сталася па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі, пасьля хрышчэньня, якое абвясьціў Ян,
Як Бог намасціў Духам Святым і моцай Езуса з Назарэта, які хадзіў, робячы дабро і аздараўляючы ўсіх, апанаваных д’яблам, бо з Ім быў Бог.
як Бог памазаў Духам Сьвятым і моцай Ісуса з Назарэту, Які хадзіў, робячы дабро і аздараўляючы ўсіх, прыгнятаных д’яблам, бо Бог быў з Ім.
І мы — сведкі ўсяго, што Ён зрабіў у краіне Юдэйскай і ў Ерузалеме. Яго забілі, павесіўшы на дрэве.
І мы — сьведкі ўсяго, што Ён учыніў у краіне Юдэйскай і ў Ерусаліме. І забілі Яго, павесіўшы на дрэве.
А Бог уваскрасіў Яго на трэці дзень і дазволіў Яму з’явіцца
Яго Бог уваскрасіў на трэці дзень, і даў Яму аб’яўляцца
не ўсяму народу, але нам, сведкам, выбраным раней Богам, якія елі і пілі разам з Ім пасля Ягонага ўваскрасення.
не ўсяму народу, але сьведкам, наперад прызначаным ад Бога, нам, якія елі і пілі з Ім пасьля ўваскрасеньня Яго з мёртвых.
Нам таксама наказаў абвяшчаць народу і сведчыць, што Ён — прызначаны Богам суддзя жывых і памерлых.
І Ён загадаў нам абвяшчаць народу і сьведчыць, што Ён ёсьць вызначаны ад Бога Судзьдзя жывых і мёртвых.
Пра Яго ўсе прарокі сведчаць, што кожны, хто верыць у Яго, атрымае адпушчэнне грахоў праз імя Ягонае».
Пра Яго ўсе прарокі сьведчаць, што ўсякі, хто верыць у Яго, атрымае адпушчэньне грахоў праз імя Ягонае».
Калі Пётр яшчэ казаў гэтыя словы, Дух Святы сышоў на ўсіх, хто слухаў слова.
Калі Пётар яшчэ гаварыў словы гэтыя, зыйшоў Дух Сьвяты на ўсіх, якія слухалі слова.
А вернікі з абрэзаных, якія прыйшлі разам з Пятром, здзівіліся, што дар Духа Святога выліўся і на язычнікаў.
І дзівіліся верныя з абрэзаных, якія прыйшлі з Пятром, што і на паганаў выліты дар Сьвятога Духа,
Бо яны чулі, як тыя размаўлялі мовамі і славілі Бога. Тады сказаў Пётр:
бо чулі іх, як гаварылі мовамі і ўзьвялічвалі Бога. Тады адказаў Пётар:
«Ці можа хто забараніць хрысціцца вадою тым, хто атрымаў Духа Святога, як і мы?»
«Няўжо нехта можа забараніць [узяць] вады дзеля хрышчэньня тых, якія атрымалі Духа Сьвятога, як і мы?»
І загадаў ахрысціць іх у імя Езуса Хрыста. Потым яны прасілі яго застацца на некалькі дзён.
І загадаў ім ахрысьціцца ў імя Госпада. Тады прасілі яго застацца на некалькі дзён.