Дзеі 21 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Калі мы, расстаўшыся з імі, адплылі, то простым шляхам прыбылі на Кос, затым — на Родас, а адтуль — у Патару.
 
І калі сталася, што, развітаўшыся з імі, мы паплылі, то напрасткі прыбылі ў Кос, а наступнага дня ў Родас, а адтуль — у Патары;

Знайшоўшы карабель, які плыў у Феніцыю, мы селі і паплылі.
 
і, знайшоўшы карабель, які меў плысці ў Фэніцыю, мы селі і паплылі.

А калі паказаўся Кіпр, мы абмінулі яго злева і паплылі ў Сірыю. Прысталі ў Тыры, бо там трэба было разгрузіць карабель.
 
Убачыўшы Кіпр і пакінуўшы яго злева, мы плылі ў Сірыю і прыбылі ў Тыр, бо там карабель меў пакінуць груз.

Знайшоўшы вучняў, мы засталіся там на сем дзён. Яны ж, натхнёныя Духам, казалі Паўлу не ісці ў Ерузалем.
 
І, адшукаўшы вучняў, прабылі мы там сем дзён; тыя ж праз Духа казалі Паўлу, каб не ішоў у Ерузалім.

Пасля гэтых дзён мы выбраліся ў дарогу, а ўсе з жонкамі і дзецьмі праводзілі нас за горад. Укленчыўшы на беразе і памаліўшыся,
 
Як прайшлі тыя дні, мы выправіліся і пайшлі, а яны ўсе разам з жонкамі і дзецьмі праводзілі нас аж за горад. На ўзбярэжжы палі мы на калені і маліліся,

мы развіталіся адзін з адным і селі на карабель, а яны вярнуліся да сябе.
 
а затым развіталіся; і мы ўзышлі на карабель, а яны вярнуліся дадому.

На заканчэнне нашага плавання мы прыбылі з Тыра ў Пталемаіду, дзе прывіталі братоў і прабылі ў іх адзін дзень.
 
Скончыўшы плаванне, з Тыра прыбылі мы ў Пталемаіду і, прывітаўшыся з братамі, прабылі мы ў іх адзін дзень.

Назаўтра адышлі і прыбылі ў Цэзарэю. Увайшоўшы ў дом дабравесніка Філіпа, аднаго з сямі дыяканаў, мы засталіся ў яго.
 
На другі дзень мы, якія былі з Паўлам, выправіўшыся ў дарогу, прыбылі ў Цэзарэю і ўвайшлі ў дом евангеліста Піліпа, які быў з сямі, ды ў яго затрымаліся.

Ён меў чатыры дачкі, дзевы, якія прарочылі.
 
А ў яго было чатыры дачкі-дзяўчыны, якія праракавалі.

У той час, як мы былі ў іх шмат дзён, прыйшоў з юдэі пэўны прарок, па імені Агаў.
 
Калі мы там прабылі шмат дзён, прыйшоў з Юдэі адзін прарок, на імя Агаб.

Ён увайшоў да нас, узяў Паўлаў пояс і, звязаўшы сабе рукі і ногі, сказаў: «Так кажа Дух Святы: “Таго чалавека, чый гэта пояс, так звяжуць у Ерузалеме юдэі і аддадуць у рукі язычнікаў”».
 
І, калі ён прыйшоў да нас і ўзяў пояс Паўлы, то, звязаўшы сабе рукі і ногі, сказаў: «Гэта кажа Дух Святы: “Так юдэі ў Ерузаліме звяжуць чалавека, якому належыць гэты пояс, ды выдадуць яго ў рукі паганаў”».

Калі мы гэта пачулі, угаворвалі Паўла разам з тамтэйшымі братамі не хадзіць у Ерузалем.
 
Калі мы гэта пачулі, то прасілі разам з братамі, што там былі, каб ён не ішоў у Ерузалім.

Аднак Павел адказаў: «Навошта плачаце і засмучаеце маё сэрца? Бо я дзеля імя Пана Езуса гатовы не толькі быць звязаным, але і памерці ў Ерузалеме».
 
Тады Паўла адказаў: «Што вы робіце, плачучы і разрываючы маё сэрца? Я гатовы не толькі ў вязніцу, але і на смерць у Ерузаліме дзеля імя Госпада Ісуса».

Паколькі яго не ўдалося ўгаварыць, мы супакоіліся, сказаўшы: «Няхай будзе воля Пана!»
 
І, не здолеўшы яго пераканаць, мы саступілі, кажучы: «Хай станецца воля Госпада!»

Пасля гэтых дзён мы падрыхтаваліся і вырушылі ў Ерузалем.
 
Па тых днях, прыгатаваўшыся, мы выправіліся ў Ерузалім,

З намі пайшлі некаторыя вучні з Цэзарэі і прывялі да нас нейкага Мнасона з Кіпра, даўняга вучня, які меў нас прыняць.
 
і пайшлі з намі таксама некаторыя з вучняў з Цэзарэі ды завялі нас да нейкага Мназона з Кіпра, даўняга вучня, у якога знайшлі мы гасціну.

Калі мы прыйшлі ў Ерузалем, браты радасна прынялі нас.
 
І калі мы прыбылі ў Ерузалім, браты ахвотна прынялі нас.

На другі дзень Павел пайшоў з намі да Якуба, куды прыйшлі таксама ўсе старэйшыны.
 
А на другі дзень Паўла разам з намі пайшоў да Якуба, і сабраліся таксама ўсе старэйшыя.

Прывітаўшы іх, ён падрабязна расказваў пра тое, што Бог учыніў сярод язычнікаў праз яго служэнне.
 
Прывітаўшы іх, ён пачаў падрабязна расказваць, што ўчыніў Бог сярод паганаў праз яго паслугу.

Пачуўшы гэта, яны ўславілі Бога і сказалі яму: «Бачыш, брат, колькі тысяч юдэяў паверыла, а ўсе яны рупліўцы Закону.
 
Чуючы гэта, яны славілі Госпада і сказалі яму: «Бачыш, брат, колькі тысяч юдэяў уверыла, ды ўсе яны рупліва берагуць закон.

Яны чулі пра цябе, быццам ты юдэяў, якія жывуць сярод язычнікаў, вучыш адступаць ад Майсея, кажучы, каб не абразалі дзяцей і не трымаліся звычаяў.
 
Пра цябе ж мы чулі, што ты ўсіх юдэяў, што жывуць між паганамі, навучаеш адступніцтву ад Майсея, кажучы, што яны не павінны абразаць сваіх сыноў ды трымацца звычаяў.

Дык што ж? Яны напэўна пачуюць, што ты прыйшоў.
 
Дык што гэта? Напэўна мусіць сабрацца народ, бо дачуюцца, што ты прыйшоў.

Зрабі тое, што мы кажам табе. У нас ёсць чатыры мужчыны, якія далі абяцанне.
 
Дык зрабі, як мы табе раім: ёсць у нас чацвёра мужчын, якія ўсклалі на сябе абяцанне.

Вазьмі іх з сабою, ачысціся разам з імі і заплаці за іх выдаткі, каб яны абстрыглі свае галовы. Так даведаюцца ўсе, што ім кажуць пра цябе няпраўду і што ты сам выконваеш Закон.
 
Вазьмі іх з сабой, і ачысціся разам з імі, і заплаці за іх, каб яны абстрыглі галовы, і тады ўсе даведаюцца, што тое, што пра цябе пачулі, — няпраўда, але што ты жывеш, захоўваючы закон.

А што да тых язычнікаў, якія паверылі, мы напісалі ім сваю параду, каб яны стрымліваліся ад ахвяраў, прынесеных ідалам, ад крыві, ад таго, што задушана, і ад распусты».
 
А адносна паганаў, якія ўверылі, дык мы напісалі, пастанавіўшы, каб яны нічога такога не прытрымліваліся, але толькі цураліся пасвечанага балванам, і крыві, і задушанага, і распусты».

Тады Павел узяў тых мужчын і назаўтра, ачысціўшыся з імі, увайшоў у святыню і абвясціў пра заканчэнне дзён ачышчэння, калі за кожнага з іх павінна быць прынесена ахвяра.
 
Тады Паўла, які ўзяў з сабой мужчын, на другі дзень разам з імі паддаўся ачышчэнню, і ўвайшоў у святыню, абвяшчаючы заканчэнне дзён ачышчэння, у які за кожнага з іх мае быць складзена ахвяра.

Калі ж заканчваліся сем дзён, юдэі з Азіі, убачыўшы яго ў святыні, падбухторылі ўвесь народ і схапілі яго
 
Калі ж сем дзён завяршаліся, юдэі з Азіі, убачыўшы яго ў святыні, падбухторылі ўвесь натоўп ды ўсклалі на яго рукі,

з крыкам: «Мужы ізраэльскія, дапамажыце! Гэты чалавек усюды ўсіх навучае супраць народу, Закону і гэтага месца. Яшчэ і грэкаў увёў у святыню і апаганіў гэтае святое месца».
 
лямантуючы: «Мужы ізраэльскія! На помач! Гэта той чалавек, які ўсюды ўсіх вучыць супраць народа і закону і супраць гэтага месца, а прытым грэкаў увёў у святыню і апаганіў гэтае святое месца».

Бо перад тым яны бачылі ў горадзе з ім Трафіма эфесца і казалі пра яго, што Павел увёў яго ў святыню.
 
Бо перад тым бачылі з ім Трафіма з Эфеса ў горадзе ды думалі, што Паўла ўвёў яго ў святыню.

Увесь горад узрушыўся, і збегся народ. Яны схапілі Паўла, выцягнулі яго са святыні і адразу зачынілі дзверы.
 
Дык узрушыўся ўвесь горад, і пачаў збягацца народ, і схапілі Паўлу ды выцягнулі яго па-за святыню, і зараз жа зачынілася брама.

Калі хацелі забіць яго, да тысячніка кагорты дайшла вестка, што ўвесь Ерузалем збунтаваўся.
 
Калі ж хацелі яго забіць, дайшла да трыбуна кагорты вестка, што ўвесь Ерузалім збунтаваўся,

Ён адразу ж узяў жаўнераў і сотнікаў і прыбег да іх. Убачыўшы тысячніка і жаўнераў, яны перасталі біць Паўла.
 
дык ён неадкладна, узяўшы жаўнераў ды сотнікаў, сышоў да іх. Яны ж, убачыўшы трыбуна і жаўнераў, перасталі біць Паўлу.

Тады тысячнік, наблізіўшыся, схапіў яго і загадаў скаваць падвойнымі ланцугамі. Дапытваўся таксама, хто ён і што ўчыніў.
 
Тады трыбун, падышоўшы, узяў яго і загадаў звязаць двума ланцугамі, ды пытаўся, хто ён і што зрабіў.

У натоўпе ж усе крычалі сваё. Не здолеўшы даведацца нічога пэўнага з-за шуму, ён загадаў завесці яго ў крэпасць.
 
А з натоўпу кожны крычаў што іншае. І, не могучы нічога даведацца яснага з прычыны забурэння, загадаў завесці яго ў крэпасць.

Калі быў на прыступках, жаўнеры мусілі несці яго з прычыны націску натоўпу,
 
Калі ж прыйшлі да сходаў, з-за штурханіны людзей жаўнеры мусілі несці яго,

бо шмат народу ішло за ім і крычала: «Забі яго!»
 
бо натоўп людзей ішоў за ім, крычучы: «Забі яго!»

Пры ўваходзе ў крэпасць Павел сказаў тысячніку: «Ці можна сказаць табе нешта?» Той адказаў: «Ты гаворыш па-грэцку?
 
І, калі пачалі яго ўводзіць у крэпасць, кажа Паўла трыбуну: «Ці можна мне штосьці сказаць табе?» Ён сказаў: «Ты ўмееш па-грэцку?

Значыць ты не той егіпцянін, які нядаўна ўчыніў бунт і вывеў на пустыню чатыры тысячы забойцаў?»
 
Ці ты не егіпцянін, які перад гэтымі днямі ўчыніў забурэнне ды вывеў у пустыню чатыры тысячы кінжальшчыкаў?»

Павел адказаў: «Я юдэй з Тарса, грамадзянін вядомага горада ў Цыліцыі. Прашу цябе, дазволь мне звярнуцца да народу».
 
І адказаў Паўла: «Я — юдэй з Тарса ў Цыліцыі, грамадзянін не абы-якога горада; прашу цябе, дазволь мне гаварыць да народа».

Калі ж той дазволіў, Павел, стоячы на прыступках, даў народу знак рукой. Калі настала поўная ціша, прамовіў па-габрэйску, кажучы:
 
Калі той дазволіў, Паўла, стоячы на сходах, даў знак рукой народу, і, калі настала поўная цішыня, ён прамовіў на гебрайскай мове, кажучы: