Дзеі 24 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Праз пяць дзён прыйшоў першасвятар Ананія з некаторымі старэйшынамі і нейкім прамоўцам Тэртулам, якія перад намеснікам скардзіліся на Паўла.
 
Пасля пяці дзён прыбыў першасвятар Ананія з некалькімі старэйшынамі і з нейкім рытарам Тэртулам, і прадставілі намесніку абвінавачанне супраць Паўлы.

Калі ж яго паклікалі, Тэртул пачаў абвінавачваць, кажучы: «Дзякуючы табе мы дасягнулі вялікага спакою і для народу гэтага добрыя рэчы сталіся праз тваю абачлівасць.
 
І, калі яго вызвалі, Тэртул пачаў яго вінаваціць, кажучы: «Дзякуючы табе жывём мы ў поўным супакоі, ды дзякуючы тваёй апецы папраўляецца дабрабыт гэтага народа,

Мы заўсёды і ўсюды прызнаём гэта, дастойны Фелікс, з усёй удзячнасцю.
 
найдастойнейшы Фэлікс, і мы ўсюды ды заўсёды прымаем гэта з выказваннем усякай удзячнасці.

Але каб занадта не турбаваць цябе, прашу: будзь ласкавы коратка выслухаць нас.
 
А каб цябе лішне не турбаваць, прашу, каб ты нас спагадна нядоўга паслухаў.

Мы пераканаліся, што гэты чалавек — гэта зараза, і што ён выклікае неспакой сярод усіх юдэяў ва ўсім свеце і з’яўляецца правадыром секты назарэяў.
 
Мы знайшлі, што гэты чалавек — зараза і выклікае бунты сярод усіх юдэяў у цэлым свеце, і ён — правадыр секты Назарэйцаў,

Ён асмеліўся нават зняважыць святыню, і мы схапілі яго.
 
які нават адважыўся спаганіць святыню, дык мы яго схапілі і хацелі судзіць паводле нашага закону.

[отсутсвует]
 
Але прыйшоў трыбун Лісій і з вялікім гвалтам забраў яго з нашых рук,

Ты можаш сам распытацца і давецацца ад яго пра ўсё, у чым мы яго вінавацім».
 
загадаўшы абвінаваўцам яго ісці да цябе. Дык, даследуючы ўсё гэта, ты сам зможаш даведацца ад яго, у чым мы яго вінавацім».

Юдэі таксама згодна пацвердзілі, што гэта так.
 
І юдэі пацвердзілі, кажучы, што так яно і ёсць.

Тады намеснік даў слова Паўлу, і той сказаў: «Ведаю, што шмат гадоў ты з’яўляешся суддзёю гэтага народу, таму я буду смела бараніцца.
 
Калі намеснік даў знак Паўлу гаварыць, ён адказаў: «Ведаю, што ты ад многіх гадоў з’яўляешся суддзёю гэтага народа, таму з добрым настроем дам апраўданне ў маёй справе.

Ты можаш даведацца, што не больш за дванаццаць дзён таму я прыйшоў у Ерузалем пакланіцца Богу.
 
Можаш пераканацца, што я не больш як дванаццаць дзён таму прыбыў у Ерузалім дзеля пакланення.

Ні ў святыні, ні ў сінагогах, ні ў горадзе яны не чулі, каб я спрачаўся з кім-небудзь ці падбухторваў натоўп.
 
І ані ў святыні, ані ў сінагозе, ані ў горадзе не бачылі мяне, каб я з кім спрачаўся або падбухторваў людзей на забурэнне.

Таму не могуць даказаць табе таго, у чым цяпер абвінавачваюць мяне.
 
Яны не могуць даказаць табе таго, у чым цяпер мяне вінавацяць.

Але прызнаюся табе, што згодна са шляхам, які яны называюць сектай, я служу Богу айцоў, верачы ва ўсё, што напісана ў Законе і ў Прарокаў,
 
Да таго, вось, прызнаюся перад табою, што на шляху, які яны называюць герэзіяй, я служу Богу бацькоў, верачы ва ўсё, што напісана ў законе ды ў прарокаў,

і маючы надзею на Бога, што будзе ўваскрашэнне як справядлівых, так і несправядлівых, чаго яны і самі чакаюць.
 
маючы таксама ў Богу надзею, што будзе ўваскрэсенне мёртвых, справядлівых і несправядлівых, чаго і самі яны чакаюць.

Таму я таксама руплюся, каб заўсёды мець бездакорнае сумленне перад Богам і людзьмі.
 
Таму і сам стараюся заўсёды мець бездакорна чыстае сумленне перад Богам і перад людзьмі.

Пасля многіх гадоў я прыйшоў, каб падаць майму народу міласціну і прынашэнні.
 
Па многіх гадах прыйшоў я да майго народа, каб учыніць міласціны ды ахвяры,

За гэтым знайшлі мяне ў святыні, калі я ачышчаўся, без натоўпу і шуму,
 
і пры гэтым знайшлі мяне ачышчанага ў святыні без натоўпу ды без заварухі некаторыя юдэі з Азіі.

нейкія юдэі з Азіі, якім трэба было б з’явіцца перад табою і абвінавачваць мяне, калі штосьці маюць супраць.
 
Дык трэба было быць ім тут і вінаваціць, калі маюць нешта супраць мяне.

Няхай гэтыя людзі самі скажуць, ці знайшлі ўва мне якое беззаконне, калі я стаяў перад Сінэдрыёнам.
 
А тыя, што тут, хай скажуць, што за праступак знайшлі ўва мне, калі стаяў я перад радай.

Хіба толькі тое, што я выкрыкнуў, стоячы сярод іх: “За ўваскрашэнне памерлых я сёння на судзе перад вамі!”».
 
Хіба толькі тое, што, стоячы між імі, закрычаў я ўголас: “Судзяць мяне сёння ў вас за веру ва ўваскрэсенне з мёртвых”.

Выслухаўшы гэта, Фелікс адклаў іх справу, бо дакладна быў знаёмы з тым, што датычыла іх шляху, сказаўшы: «Калі прыбудзе тысячнік Лізій, разгледжу вашу справу».
 
Пачуўшы гэтае, Фэлікс адклаў справу іх, сказаўшы: «Разгледжу вашу справу, як прыбудзе трыбун Лісій».

А сотніку загадаў пільнаваць Паўла, пакідаючы, аднак, яму пэўную свабоду і не забараняючы нікому з яго блізкіх прыслугоўваць яму.
 
І загадаў сотніку пільнаваць Паўлу і быць спагадным ды не перашкаджаць нікому з яго блізкіх паслугаваць яму і прыходзіць да яго.

Праз некалькі дзён Фелікс прыйшоў са сваёй жонкай Друзілай, якая была юдэйкай, паклікаў Паўла і слухаў яго пра веру ў Езуса Хрыста.
 
Па некалькіх днях прыбыў Фэлікс са сваёй жонкаю Друзілай, якая была юдэйкай, паклікаў Паўлу ды слухаў яго аб веры ў Хрыста.

А паколькі ён расказваў пра справядлівасць, стрыманасць і будучы суд, Фелікс, напоўнены страхам, сказаў: «Цяпер ідзі, у адпаведны час паклічу цябе».
 
Але калі Паўла стаў апавядаць пра справядлівасць, і пра ўстрыманасць, ды пра суд, што мае быць, Фэлікс, напалоханы, адказаў: «Цяпер даволі, ідзі; пры зручным часе паклічу цябе».

Ён таксама спадзяваўся, што Павел дасць яму грошай, таму часта клікаў яго і размаўляў з ім.
 
Спадзяваўся прытым, што атрымае ад Паўлы грошы, каб вызваліў яго, дык таму, часта запрашаючы яго, гутарыў з ім.

Але праз два гады на месца Фелікса прыбыў Порцый Фэст. Каб дагадзіць юдэям, Фелікс пакінуў Паўла ў зняволенні.
 
Па двух гадах наступнікам Фэлікса стаў Порцый Фэст. Фэлікс, аднак, пакінуў Паўлу ўвязненым, хочучы аказаць ласку юдэям.