Дзеі 24 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Праз пяць дзён прыйшоў першасвятар Ананія з некаторымі старэйшынамі і нейкім прамоўцам Тэртулам, якія перад намеснікам скардзіліся на Паўла.
 
А праз пяць дзён прыйшоў першасвятар Ананія з некалькімі старэйшынамі і нейкім рытарам Тэртулам, якія зрабілі заяву намесніку супроць Паўла.

Калі ж яго паклікалі, Тэртул пачаў абвінавачваць, кажучы: «Дзякуючы табе мы дасягнулі вялікага спакою і для народу гэтага добрыя рэчы сталіся праз тваю абачлівасць.
 
Калі ж выклікалі Паўла, Тэртул пачаў абвінавачваць, кажучы: Вялікі мір праз цябе мы маем і паляпшэнні прыходзяць гэтаму народу праз тваю прадбачлівасць

Мы заўсёды і ўсюды прызнаём гэта, дастойны Фелікс, з усёй удзячнасцю.
 
ва ўсім і ўсюды, то мы прымаем гэта, высокашаноўны Фелікс, з усёй удзячнасцю.

Але каб занадта не турбаваць цябе, прашу: будзь ласкавы коратка выслухаць нас.
 
Але, каб не затрымліваць цябе больш, прашу цябе коратка выслухаць нас з тваёю добразычлівасцю.

Мы пераканаліся, што гэты чалавек — гэта зараза, і што ён выклікае неспакой сярод усіх юдэяў ва ўсім свеце і з’яўляецца правадыром секты назарэяў.
 
Бо мы выявілі, што гэты чалавек — зараза і завадатар бунтаў між усіх іудзеяў на ўсёй населенай зямлі і важак назарэйскай секты,

Ён асмеліўся нават зняважыць святыню, і мы схапілі яго.
 
які і святыню спрабаваў апаганіць, якога мы і затрымалі [і хацелі судзіць паводле нашага закона,

[отсутсвует]
 
але прыйшоў тысячаначальнік Лісій і з вялікім гвалтам адабраў яго з нашых рук,

Ты можаш сам распытацца і давецацца ад яго пра ўсё, у чым мы яго вінавацім».
 
загадаўшы, каб яго абвінаваўцы прыйшлі да цябе]. Ад яго ты можаш сам, распытаўшы, даведацца пра ўсё тое, у чым мы яго абвінавачваем.

Юдэі таксама згодна пацвердзілі, што гэта так.
 
І іудзеі таксама згадзіліся, падцвердзіўшы, што гэта так.

Тады намеснік даў слова Паўлу, і той сказаў: «Ведаю, што шмат гадоў ты з’яўляешся суддзёю гэтага народу, таму я буду смела бараніцца.
 
І Павел, калі намеснік кіўнуў яму, каб ён гаварыў, адказаў: Ведаючы, што ты многія гады быў [справядлівым] суддзёю гэтаму народу, я з радасцю абараняю тое, што датычыць мяне самога,

Ты можаш даведацца, што не больш за дванаццаць дзён таму я прыйшоў у Ерузалем пакланіцца Богу.
 
бо ты можаш даведацца, што мінула не больш чым дванаццаць дзён, як я прыйшоў, каб пакланіцца, у Іерусалім.

Ні ў святыні, ні ў сінагогах, ні ў горадзе яны не чулі, каб я спрачаўся з кім-небудзь ці падбухторваў натоўп.
 
І не знайшлі яны мяне ні ў святыні, каб я з кімсьці спрачаўся, ні каб я ўзнімаў бунт у народзе, ні ў сінагогах, ні ў горадзе,

Таму не могуць даказаць табе таго, у чым цяпер абвінавачваюць мяне.
 
і яны не могуць даказаць табе таго, у чым цяпер абвінавачваюць мяне.

Але прызнаюся табе, што згодна са шляхам, які яны называюць сектай, я служу Богу айцоў, верачы ва ўсё, што напісана ў Законе і ў Прарокаў,
 
Але я прызнаюся табе ў тым, што згодна з Дарогай, якую яны называюць ерассю, так я служу Богу нашых бацькоў, веруючы ўсяму, што напісана ў законе і ў прароках,

і маючы надзею на Бога, што будзе ўваскрашэнне як справядлівых, так і несправядлівых, чаго яны і самі чакаюць.
 
маючы надзею на Бога, якой і самі яны чакаюць: што павінна быць уваскрэсенне [мёртвых] і праведных, і няправедных.

Таму я таксама руплюся, каб заўсёды мець бездакорнае сумленне перад Богам і людзьмі.
 
Таму я і сам пільна дбаю, каб заўсёды мець чыстае сумленне перад Богам і людзьмі.

Пасля многіх гадоў я прыйшоў, каб падаць майму народу міласціну і прынашэнні.
 
І праз шмат гадоў я прыйшоў, каб прынесці міласціну майму народу і прынашэнні;

За гэтым знайшлі мяне ў святыні, калі я ачышчаўся, без натоўпу і шуму,
 
пры гэтым знайшлі мяне ачышчанага ў святыні, не з натоўпам і не з калатнечаю.

нейкія юдэі з Азіі, якім трэба было б з’явіцца перад табою і абвінавачваць мяне, калі штосьці маюць супраць.
 
Але некаторыя іудзеі з Азіі, якім належала б стаяць перад табою і абвінавачваць, калі б яны мелі нешта супроць мяне,

Няхай гэтыя людзі самі скажуць, ці знайшлі ўва мне якое беззаконне, калі я стаяў перад Сінэдрыёнам.
 
альбо няхай самі гэтыя людзі скажуць, якую няправеднасць знайшлі [ўва мне], калі я стаяў перад сінедрыёнам,

Хіба толькі тое, што я выкрыкнуў, стоячы сярод іх: “За ўваскрашэнне памерлых я сёння на судзе перад вамі!”».
 
хіба як у адным гэтым выразе, які я выкрыкнуў, стоячы між імі: «За ўваскрэсенне мёртвых вы мяне судзіце сёння».

Выслухаўшы гэта, Фелікс адклаў іх справу, бо дакладна быў знаёмы з тым, што датычыла іх шляху, сказаўшы: «Калі прыбудзе тысячнік Лізій, разгледжу вашу справу».
 
[І, выслухаўшы гэта,] Фелікс, дакладней ведаючы пра гэтую Дарогу, даў ім адтэрміноўку, сказаўшы: Калі прыйдзе тысячаначальнік Лісій, я вырашу вашу справу.

А сотніку загадаў пільнаваць Паўла, пакідаючы, аднак, яму пэўную свабоду і не забараняючы нікому з яго блізкіх прыслугоўваць яму.
 
І ён аддаў распараджэнне сотніку вартаваць яго, але каб ён меў палёгку і не перашкаджаць з яго блізкіх слугаваць яму [ці прыходзіць да яго].

Праз некалькі дзён Фелікс прыйшоў са сваёй жонкай Друзілай, якая была юдэйкай, паклікаў Паўла і слухаў яго пра веру ў Езуса Хрыста.
 
А праз некалькі дзён Фелікс, прыйшоўшы са сваёю жонкаю Друзілаю, якая была іудзейка, паслаў па Паўла і слухаў яго пра веру ў Хрыста Ісуса.

А паколькі ён расказваў пра справядлівасць, стрыманасць і будучы суд, Фелікс, напоўнены страхам, сказаў: «Цяпер ідзі, у адпаведны час паклічу цябе».
 
Але калі ён казаў аб праведнасці, і ўстрыманні, і аб будучым судзе, то Фелікс, спалохаўшыся, адказаў: Цяпер ідзі, а пры зручнай нагодзе я цябе выклічу, —

Ён таксама спадзяваўся, што Павел дасць яму грошай, таму часта клікаў яго і размаўляў з ім.
 
у той жа час спадзеючыся, што Павел дасць яму грошай, [каб вызваліў яго]. Таму ён даволі часта пасылаў па яго і гутарыў з ім.

Але праз два гады на месца Фелікса прыбыў Порцый Фэст. Каб дагадзіць юдэям, Фелікс пакінуў Паўла ў зняволенні.
 
А калі мінула два гады, Фелікса змяніў Порцый Фэст; і, хочучы дагадзіць іудзеям, Фелікс пакінуў Паўла ў зняволенні.