Дзеі 23 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Павел уважліва паглядзеў на Сінэдрыён і сказаў: «Браты, я да сённяшняга дня жыў перад Богам з чыстым сумленнем».
 
І Павел, пільна паглядзеўшы на сінедрыён, сказаў: Мужы браты, я з усім добрым сумленнем жыў перад Богам да гэтага дня.

Першасвятар Ананія, які стаяў перад ім, загадаў біць яго па вуснах.
 
І першасвятар Ананія загадаў тым, хто стаялі пры ім, біць яго па вуснах.

Тады Павел сказаў яму: «Бог ударыць цябе, сцяна пабеленая. Ты ж сядзіш, каб судзіць мяне паводле Закону, а загадваеш біць мяне супраць Закону?»
 
Тады Павел сказаў яму: Цябе будзе біць Бог, сцяна пабеленая! І ты сядзіш, каб судзіць мяне паводле закона, і, насуперак закона, загадваеш, каб мяне білі?

Тыя, што стаялі побач, сказалі: «Першасвятара Божага зневажаеш?»
 
Тыя ж, што стаялі пры ім, сказалі: Першасвятара Божага лаеш?

Павел адказаў: «Я не ведаў, браты, што ён першасвятар. Бо напісана: “Не будзеш зласловіць кіраўніку народу свайго”».
 
І сказаў Павел: Я не ведаў, браты, што ён першасвятар; бо напісана: «Пра начальніка твайго народа не кажы дрэнна».

Заўважыўшы, што адна частка — гэта садукеі, а другая — фарысеі, Павел усклікнуў у Сінэдрыёне: «Браты, я фарысей, сын фарысея; мяне судзяць за надзею і ўваскрашэнне памерлых».
 
І Павел, уведаўшы, што тут адна частка з фарысеяў, а другая з садукеяў, усклікнуў у сінедрыёне: Мужы браты, я фарысей, сын фарысеяў; за надзею і за ўваскрэсенне мёртвых судзяць [мяне].

Калі ён сказаў гэта, паміж фарысеямі і садукеямі пачалася спрэчка, і сход падзяліўся.
 
І, калі ён сказаў гэта, узнік разлад паміж фарысеямі і садукеямі і ўсё мноства іх падзялілася.

Бо садукеі сцвярджаюць, што няма ні ўваскрашэння, ні анёла, ні духа, а фарысеі прызнаюць адно і другое.
 
Бо садукеі кажуць, што няма ні ўваскрэсення, ні Анёла, ні духа; а фарысеі прызнаюць і тое і другое.

Падняўся вялікі крык. Некаторыя кніжнікі з фарысейскага боку спрачаліся, кажучы: «Нічога дрэннага ў гэтым чалавеку мы не знаходзім. А што калі дух ці анёл прамаўлялі да яго?»
 
Усчаўся вялікі крык і, устаўшы, некаторыя з кніжнікаў фарысейскага боку, моцна спрачаліся, кажучы: Нічога дрэннага мы не знаходзім у гэтым чалавеку. А калі з ім гаварыў дух альбо Анёл? [Не будзем змагацца з Богам].

Паколькі спрэчка нарастала, тысячнік, баючыся, каб не разарвалі Паўла, загадаў жаўнерам пайсці і забраць яго ад іх ды адвесці ў крэпасць.
 
Калі ж дайшло да вялікага ўзбурэння, тысячаначальнік, спалохаўшыся, як бы яны не разарвалі Паўла, загадаў атраду воінаў спусціцца і выхапіць яго між іх, і весці ў крэпасць.

У наступную ноч Пан з’явіўся перад ім і сказаў: «Бадзёрся! Бо як ты сведчыў пра Мяне ў Ерузалеме, так належыць табе сведчыць і ў Рыме».
 
А наступнай ночы Госпад, стаўшы каля яго, сказаў: Будзь мужны, [Паўле]! Бо як ты цвёрда сведчыў пра Мяне ў Іерусаліме, так табе трэба сведчыць і ў Рыме.

Калі настаў дзень, некаторыя юдэі пакляліся не есці і не піць, пакуль не заб’юць Паўла.
 
А калі настаў дзень, іудзеі зрабілі зборышча і заклялі сябе, сказаўшы, што не будуць ні есці, ні піць, пакуль не заб’юць Паўла.

Было больш за сорак тых, што так пакляліся.
 
І было больш за сорак тых, хто ўчынілі гэтую змову.

Яны прыйшлі да першасвятароў і старэйшын і сказалі: «Мы пакляліся нічога не есці, пакуль не заб’ём Паўла.
 
Яны, прыйшоўшы да першасвятароў і старэйшынаў, сказалі: Мы закляліся клятваю нічога не есці, пакуль не заб’ем Паўла.

Таму цяпер вы разам з Сінэдрыёнам дайце знаць тысячніку, каб заўтра прывёў яго да вас, як быццам вы хочаце дакладней даведацца пра яго справу. А мы гатовыя забіць яго, перш чым ён наблізіцца».
 
Дык цяпер вы разам з сінедрыёнам аб’явіце тысячаначальніку, каб ён [заўтра] прывёў яго да вас, нібы вы збіраецеся больш дакладна разгледзець яго справу, а мы, перш чым ён наблізіцца, гатовы забіць яго.

Калі пра гэты подступ пачуў сын Паўлавай сястры, ён прыйшоў у крэпасць і паведаміў пра гэта Паўлу.
 
Але сын Паўлавай сястры, пачуўшы пра засаду, прыйшоў і, увайшоўшы ў крэпасць, паведаміў Паўлу.

Тады Павел паклікаў аднаго з сотнікаў і сказаў: «Завядзі гэтага юнака да тысячніка, бо ён мае яму штосьці сказаць».
 
І Павел, паклікаўшы аднаго з сотнікаў, сказаў: Адвядзі гэтага юнака да тысячаначальніка, бо ён мае штосьці яму паведаміць.

Той узяў яго, прывёў да тысячніка і сказаў: «Вязень Павел паклікаў мяне і папрасіў прывесці да цябе гэтага юнака, бо ён мае табе штосьці сказаць».
 
Той, узяўшы яго, прывёў да тысячаначальніка і кажа: Вязень Павел, паклікаўшы мяне, папрасіў прывесці да цябе гэтага юнака, які мае штосьці сказаць табе.

Тысячнік узяў яго за руку, адвёў убок і спытаўся: «Што ты маеш сказаць мне?»
 
І тысячаначальнік, узяўшы яго за руку і, адвёўшы ўбок, спытаўся: Што такое ты маеш паведаміць мне?

Ён адказаў: «Юдэі змовіліся прасіць цябе, каб заўтра ты прывёў Паўла ў Сінэдрыён, быццам бы яны хочуць дакладней даведацца пра яго.
 
І ён сказаў: Іудзеі змовіліся папрасіць цябе, каб заўтра ты прывёў Паўла ў сінедрыён, нібы яны збіраюцца больш дакладна даведацца пра яго.

Але не слухайся іх, таму што больш за сорак чалавек затаіліся супраць яго. Яны пакляліся ні есці, ні піць, пакуль не заб’юць яго. Яны ўжо напагатове і чакаюць твайго распараджэння».
 
Дык ты не давай ім пераканаць сябе, бо на яго робяць засаду больш за сорак чалавек з іх, якія пакляліся ні есці, ні піць, пакуль не заб’юць яго; і яны цяпер гатовы, чакаючы ад цябе распараджэння.

Тады тысячнік адпусціў юнака, сказаўшы: «Нікому не кажы, што ты расказаў мне гэта».
 
Тады тысячаначальнік адпусціў юнака, загадаўшы: Нікому не кажы, што ты мне даў знаць пра гэта.

І, паклікаўшы двух сотнікаў, сказаў: «Падрыхтуйце мне на трэцюю гадзіну ночы дзвесце жаўнераў, семдзесят коннікаў і дзвесце стральцоў, каб вырушыць у Цэзарэю».
 
І, паклікаўшы двух сотнікаў, ён сказаў: Падрыхтуйце дзвесце воінаў, каб ішлі ў Кесарыю, седзесят коннікаў і дзвесце дзіднікаў на тры гадзіны ночы;

Падрыхтуйце таксама жывёл, каб пасадзіць Паўла і адвезці яго бяспечна да намесніка Фелікса».
 
і даць верхавую жывёлу, каб пасадзіць Паўла і бяспечна давесці яго да намесніка Фелікса.

Напісаў таксама ліст такога зместу:
 
І напісаў ліст такога зместу:

«Клаўдзій Лізій вітае высокашаноўнага намесніка Фелікса.
 
«Клаўдзій Лісій — высокашаноўнаму намесніку Феліксу — радавацца.

Юдэі схапілі гэтага чалавека і хацелі забіць яго, але, калі я даведаўся, што ён рымскі грамадзянін, умяшаўся са сваімі жаўнерамі і ўратаваў яго.
 
Гэтага чалавека, якога іудзеі схапілі і збіраліся забіць, я, прыйшоўшы з атрадам воінаў, выбавіў, калі даведаўся, што ён рымскі грамадзянін.

Жадаючы даведацца, з якой прычыны яго абвінавачваюць, я прывёў яго ў іхні Сінэдрыён
 
І, хочучы даведацца прычыну, з-за якой яны абвінавачваюць яго, я прывёў [яго] ў іх сінедрыён

і ўбачыў, што яго вінавацяць у спрэчных пытаннях іхняга Закону і што няма на ім ніякай віны, якая заслугоўвае смерці або кайданаў.
 
і выявіў, што яго абвінавачваюць у спрэчных пытаннях іх закона, але ён не абвінавачваецца ні ў якім злачынстве, вартым смерці ці ланцугоў.

А калі мне данеслі, што юдэі ўчынілі змову супраць гэтага чалавека, я адразу паслаў яго да цябе, загадаўшы таксама абвінаваўцам выступіць супраць яго перад табою».
 
А калі мне данеслі, што супроць гэтага чалавека існуе змова, я зараз жа адаслаў яго да цябе, загадаўшы і абвінаваўцам казаць супроць яго перад табою. [Бывай здаровы]».

Тады жаўнеры на ягоны загад узялі Паўла і павялі ноччу ў Антыпатрыс.
 
Воіны ж, як ім было загадана, узяўшы Паўла, прывялі яго ўночы ў Антыпатрыду.

Назаўтра, пакінуўшы коннікаў ісці з ім, вярнуліся ў крэпасць.
 
І назаўтра, дазволіўшы коннікам ісці з ім, вярнуліся ў крэпасць.

Тыя ж, прыйшоўшы ў Цэзарэю, перадалі намесніку ліст і паставілі перад ім Паўла.
 
Тыя, прыйшоўшы ў Кесарыю і аддаўшы ліст намесніку, паставілі перад ім і Паўла.

Прачытаўшы ліст, той спытаўся, з якой ён правінцыі. Даведаўшыся, што ён з Цыліцыі, сказаў:
 
І ён, прачытаўшы, спытаўся, з якой ён правінцыі і, даведаўшыся, што з Кілікіі,

«Я выслухаю цябе, калі прыйдуць твае абвінаваўцы». І загадаў трымаць яго пад вартаю ў прэторыі Ірада.
 
сказаў: Я выслухаю цябе, калі прыйдуць і твае абвінаваўцы. — І загадаў, каб яго ахоўвалі ў Ірадавай прэторыі.