Дзеі 15 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Некаторыя з тых, хто прыйшоў з Юдэі, вучылі братоў: «Калі не будзеце абрэзаныя паводле звычаю Майсея, не зможаце быць збаўленымі».
 
І некаторыя, прыйшоўшы з Іудзеі, навучалі братоў: Калі не абрэжацеся паводле Маісеевага звычаю, не зможаце ўратавацца.

Калі распачалася звада і немалая спрэчка Паўла і Барнабы з імі, было вырашана, што Павел і Барнаба, і некаторыя іншыя з іх пойдуць у гэтай справе да Апосталаў і старэйшын у Ерузалем.
 
І калі адбылося сутыкненне і немалая спрэчка ў Паўла і Варнавы з імі, то вырашылі, каб Павел і Варнава і некаторыя іншыя з іх пайшлі з гэтым пытаннем да Апосталаў і прасвітараў у Іерусалім.

Яны ж, пасланыя Касцёлам, праходзілі праз Феніцыю і Самарыю, расказваючы пра навяртанне язычнікаў. І вельмі ўзрадавалі ўсіх братоў.
 
Дык яны, выпраўленыя царквою, праходзілі праз Фінікію і Самарыю, расказваючы пра далучэнне язычнікаў, і вялікую радасць прыносілі ўсім братам.

Калі прыйшлі ў Ерузалем, былі прынятыя Касцёлам, Апосталамі і старэйшынамі. Яны распавялі, што Бог учыніў з імі.
 
І, калі прыйшлі ў Іерусалім, яны былі прыняты царквою, Апосталамі і прасвітарамі і абвясцілі ўсё, што Бог зрабіў з імі [і як адчыніў язычнікам дзверы веры].

Тады ўсталі некаторыя з кола фарысеяў, якія паверылі, і сказалі: «Трэба абрэзаць іх і загадаць ім, каб яны захоўвалі Закон Майсея!»
 
Але паўсталі сярод іх некаторыя вернікі з секты фарысеяў, кажучы: Трэба абрэзваць іх і патрабаваць, каб выконвалі Маісееў закон.

Тады сабраліся Апосталы і старэйшыны, каб вырашыць гэтую справу.
 
І сабраліся Апосталы і прасвітары, каб разгледзець гэтую справу.

Калі паўстала вялікая спрэчка, Пётр устаў і сказаў ім: «Браты, вы ведаеце, што з даўніх дзён Бог выбраў мяне сярод вас, каб язычнікі з маіх вуснаў пачулі слова Евангелля і паверылі.
 
І калі адбылася вялікая спрэчка, устаў Пётр і сказаў ім: Мужы браты, вы ведаеце, што Бог з даўніх дзён выбраў сярод вас мяне, каб праз мае вусны язычнікі пачулі слова Дабравесця і ўверавалі.

Бог, які ведае сэрцы, засведчыў перад імі, даўшы ім, як і нам, Духа Святога.
 
І Сэрцазнаўца Бог засведчыў ім, даўшы [ім] Святога Духа так, як і нам;

Ён не зрабіў ніякай розніцы паміж намі ды імі і праз веру ачысціў іхнія сэрцы.
 
і Ён не зрабіў ніякай розніцы між намі і імі, вераю ачысціўшы іх сэрцы.

Навошта ж цяпер выпрабоўваеце Бога, ускладаючы вучням на шыю ярмо, якое не маглі несці ні айцы нашыя, ні мы?
 
Дык чаму вы цяер выпрабоўваеце Бога, ускладаючы на шыю вучняў ярмо, якое ні нашы бацькі, ні мы не змаглі панесці?

Але мы верым, што ласкаю Пана Езуса мы будзем збаўленыя таксама, як і яны».
 
Але мы верым, што ласкаю Госпада Ісуса мы будзем уратаваны такім жа чынам, як і яны.

Замоўклі ўсе сабраныя і слухалі апавяданне Барнабы і Паўла пра тое, як шмат знакаў і цудаў учыніў Бог праз іх сярод язычнікаў.
 
І ўвесь сход замоўк і слухаў Варнаву і Паўла, што расказвалі пра ўсе знакі і цуды, якія Бог зрабіў праз іх між язычнікаў.

Калі яны скончылі, загаварыў Якуб, кажучы: «Браты, паслухайце мяне.
 
Пасля ж таго, як яны змоўклі, у адказ Іякаў сказаў: Мужы браты, паслухайце мяне.

Сымон расказаў, як Бог спачатку паглядзеў на язычнікаў, каб выбраць з іх народ для свайго імя.
 
Сімяон42 расказаў, як Бог спачатку прыгледзеў узяць з язычнікаў народ для Свайго імя.

І з гэтым згаджаюцца словы прарокаў, як напісана:
 
І з гэтым згодныя словы прарокаў, як напісана:

“Потым вярнусяі адбудую заняпалы шацёр Давіда,адбудую руіны яго і пастаўлю нанова,
 
«Пасля гэтага Я вярнуся і адбудую заняпалую скінію Давідаву; Я адбудую яе руіны і ўзнясу яе,

каб астатнія людзі шукалі Пана,і ўсе народы, над якімі заклікаюць імя Маё, —кажа Пан, які чыніць гэтыя справы,
 
каб астатнія з людзей знайшлі Госпада і ўсе народы, якім абвешчана Маё імя, — кажа Госпад, Які творыць гэта

вядомыя спрадвеку”.
 
вядомым спрадвеку»43.

Таму я лічу, што не трэба абцяжарваць тых язычнікаў, якія навяртаюцца да Бога,
 
Таму я думаю, што не трэба абцяжарваць тых з язычнікаў, хто далучаецца да Бога,

але трэба напісаць ім, каб яны ўстрымліваліся ад апаганьвання ідаламі, ад распусты, ад таго, што задушана, і ад крыві.
 
а напісаць ім, каб яны ўстрымліваліся ад апаганенага ідаламі, ад распусты, ад задушанага і ад крыві [і каб не рабілі іншым таго, чаго не хочуць сабе].

Бо з даўніх часоў ёсць у кожным горадзе тыя, хто кожны шабат абвяшчае і чытае ў сінагогах Закон Майсея».
 
Бо закон Маісея ад старажытных пакаленняў мае ў кожным горадзе тых, хто яго прапаведуе: яго штосуботы чытаюць у сінагогах.

Тады Апосталы і старэйшыны разам з усім Касцёлам, выбраўшы сярод сябе Юду, званага Барсабам, і Сілу — мужоў, якія былі першымі сярод братоў, вырашылі паслаць іх у Антыёхію з Паўлам і Барнабам.
 
Тады Апосталам і прасвітарам з усёю царквою паказалася патрэбным, выбраўшы сярод сябе людзей, паслаць іх у Антыёхію з Паўлам і Варнавам: Іуду, званага Варсавам, і Сілу, людзей-правадыроў між братоў,

А праз іх выслалі такі ліст: «Апосталы і старэйшыя браты вітаюць братоў з язычнікаў у Антыёхіі, Сірыі і Цыліцыі!
 
напісаўшы сваімі рукамі [гэта]: «Апосталы, і прасвітары, і браты — братам па ўсёй Антыхіі, Сірыі і Кілікіі, тым, хто з язычнікаў: радавацца.

Мы пачулі, што некаторыя з нас адправіліся без нашага даручэння і ўстрывожылі вас словамі, занепакоіўшы вашыя душы.
 
Так як мы пачулі, што некаторыя [выйшаўшы] ад нас, устрывожылі вас сваімі словамі і захісталі вашы душы [кажучы, што трэба абразацца і трымацца закона], чаго мы ім не даручалі,

Таму мы згодна вырашылі выбраць мужоў і паслаць іх да вас з нашымі ўмілаванымі Барнабам і Паўлам, людзьмі,
 
нам паказалася патрэбным, пасля таго як мы прыйшлі да аднадушнасці, выбраць людзей і паслаць іх да вас з нашымі ўлюбёнымі Варнавам і Паўлам,

якія аддаюць сваё жыццё дзеля імя Пана нашага Езуса Хрыста.
 
людзьмі, якія аддалі свае душы за імя нашага Госпада Ісуса Хрыста.

Мы паслалі да вас Юду і Сілу, якія абвесцяць вам тое самае словамі.
 
Дык мы паслалі Іуду і Сілу, якія самі абвесцяць вам тое ж самае на словах.

Бо Дух Святы і мы пастанавілі не ўскладаць на вас болей ніякага цяжару, акрамя таго, што неабходна:
 
Бо Святому Духу і нам паказалася патрэбным не ўскладваць на вас ніякага большага цяжару, акрамя гэтага неабходнага:

устрымлівайцеся ад ахвяраў, прынесеных ідалам, ад крыві, ад таго, што задушана, і ад распусты. Калі будзеце ўстрымлівацца ад гэтага, добра зробіце. Бывайце здаровы».
 
устрымлівацца ад ідалаахвярнага, і ад крыві, і ад задушанага, і ад распусты [і чаго не хочаце, каб было з вамі, не рабіце іншым]. Засцерагаючыся ад гэтага, вы добра зробіце. Бывайце здаровы!»

Пасланыя прыйшлі ў Антыёхію і, сабраўшы людзей, аддалі ліст.
 
Дык яны, выпраўленыя ў дарогу, прыйшлі ў Антыёхію і, сабраўшы мноства людзей, перадалі ліст.

Калі яго прачыталі, узрадаваліся гэтаму настаўленню.
 
І тыя, прачытаўшы, узрадаваліся іх суцяшэнню.

Юда і Сіла, якія самі былі прарокамі, многімі прамовамі настаўлялі і ўмацоўвалі братоў.
 
А Іуда і Сіла, самі будучы прарокамі, многімі словамі суцешылі братоў і ўмацавалі іх.

Прабыўшы там пэўны час, браты адпусцілі іх з супакоем да тых, хто іх паслаў.
 
І, правёўшы там пэўны час, яны былі адпушчаны з мірам ад братоў да тых, хто паслаў іх44.

[отсутсвует]
 
[Але Сілу здалося за лепшае застацца там. А Іуда адзін выправіўся ў Іерусалім]45.

Але Павел і Барнаба заставаліся ў Антыёхіі, навучаючы і абвяшчаючы разам з многімі іншымі слова Пана.
 
Павел жа і Варнава жылі ў Антыёхіі, навучаючы слову Гасподняму і дабравесцячы яго разам з многімі іншымі.

Праз некалькі дзён Павел сказаў Барнабу: «Вернемся і наведаем нашых братоў ва ўсіх гарадах, дзе мы абвяшчалі слова Пана, і паглядзім, як яны маюцца».
 
Але праз некалькі дзён Павел сказаў Варнаву: Вяртаймася, адведаем [нашых] братоў у кожным горадзе, у якіх мы абвясцілі слова Гасподняе, — як яны маюцца?

Тады Барнаба хацеў узяць з сабою Яна, якога звалі Маркам.
 
І Варнава хацеў узяць з сабою і Іаана, званага Маркам;

Але Павел палічыў, што не трэба браць з сабой таго, хто адышоў ад іх у Памфіліі і не спадарожнічаў ім у працы.
 
а Павел лічыў, што не трэба браць гэтага чалавека, які адступіў ад іх у Памфіліі і не пайшоў з імі на работу, [на якую яны былі пасланы].

Адбылася спрэчка, так што яны разышліся адзін з адным. Тады Барнаба ўзяў з сабою Марка і паплыў на Кіпр,
 
І адбылася вострая спрэчка, так што яны разышліся адзін з адным, і Варнава, узяўшы з сабою Марка, адплыў на Кіпр.

а Павел выбраў сабе Сілу і, калі браты даручылі яго ласцы Пана, вырушыў.
 
А Павел, выбраўшы Сілу, пайшоў, будучы даручаны братамі ласцы Гасподняй46.

Праходзіў ён праз Сірыю і Цыліцыю, умацоўваючы Касцёлы.
 
І ён праходзіў Сірыю і Кілікію, умацоўваючы цэрквы.