Дзеі 3 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

А дзевятай гадзіне Пётр і Ян уваходзілі ў святыню на малітву.
 
Пётр жа і Іаан узыходзілі ў святыню на малітву ў дзевяць гадзін10.

Быў там чалавек, кульгавы ад нараджэння, якога прыносілі і садзілі штодня каля брамы святыні, што звалася Прыгожай, каб ён прасіў міласціну ў тых, хто ўваходзіў у святыню.
 
І туды прыносілі аднаго чалавека, які быў кульгавы ад улоння яго маці і якога клалі штодня пры дзвярах святыні, што зваліся Прыгожымі, прасіць міласціну ў тых, хто ўваходзіў у святыню.

Калі ён убачыў Пятра і Яна, якія збіраліся ўвайсці ў святыню, папрасіў у іх міласціну.
 
Ён, убачыўшы, што Пётр і Іаан збіраюцца ўвайсці ў святыню, стаў прасіць, каб атрымаць міласціну.

Пётр прыгледзеўся з Янам да яго і сказаў:
 
І Пётр, стоячы з Іаанам, пільна ўгледзеўшыся ў яго, сказаў: Паглядзі на нас!

«Паглядзі на нас». Той паглядзеў на іх, спадзеючыся што-небудзь атрымаць. Але Пётр сказаў:
 
І той пачаў уважліва сачыць за імі, чакаючы што-небудзь ад іх атрымаць.

«Срэбра і золата не маю, але што маю, тое даю табе: у імя Езуса Хрыста з Назарэта, устань і хадзі!»
 
Але Пётр сказаў: Серабра і золата няма ў мяне, а што маю, даю табе: у імя Ісуса Хрыста Назарэя [устань і] хадзі!

І, узяўшы яго за правую руку, падняў яго. Адразу ўмацаваліся яго ногі і ступні.
 
І, падхапіўшы яго за правую руку, ён падняў яго; і адразу адужалі яго ступні і шчыкалаткі,

Ён ускочыў, стаў на ногі і пачаў хадзіць, увайшоў з імі ў святыню, ходзячы, падскокваючы і славячы Бога.
 
і ён, ускочыўшы, стаў, і пачаў хадзіць, і ўвайшоў з імі ў святыню, ходзячы і скачучы, і хвалячы Бога.

Усе людзі бачылі, як ён хадзіў і славіў Бога.
 
І ўвесь народ убачыў, што ён ходзіць і хваліць Бога;

Пазналі яго, што гэта быў той, які сядзеў каля Прыгожай брамы святыні дзеля міласціны, і напоўніліся жахам і здзіўленнем ад таго, што сталася з ім.
 
і пазнавалі яго, што гэта быў той, што сядзеў дзеля міласціны каля Прыгожай брамы святыні, і яны напоўніліся жахам і здзіўленнем з таго, што зрабілася з ім.

Ён не адступаўся ад Пятра і Яна, таму ўвесь народ у здзіўленні збегся да іх на ганак, званы Саламонавым.
 
І пакуль ён прытрымліваўся Пятра і Іаана, увесь народ, уражаны, збегся да іх у галерэю, што называлася Саламонавай.

Убачыўшы гэта, Пётр сказаў народу: «Мужы ізраэльскія, чаго здзіўляецеся? Чаго так глядзіце на нас, быццам мы ўласнай сілаю або пабожнасцю зрабілі так, што ён ходзіць?
 
І Пётр, убачыўшы, адказаў народу: Мужы ізраільскія, чаму вы здзіўляецеся гэтаму? Ці ў нас чаму ўглядаецеся, нібы мы ўласнаю сілай альбо набожнасцю зрабілі, каб ён хадзіў?

Бог Абрагама, Ісаака і Якуба, Бог айцоў нашых уславіў Слугу свайго, Езуса, якога выдалі вы і адракліся ад Яго перад Пілатам, калі той вырашыў адпусціць Яго.
 
Бог Аўраамаў, і [Бог] Ісаакаў, і [Бог] Іякаваў, Бог нашых бацькоў праславіў Свайго Слугу11 Ісуса, Якога ж выдалі вы і ад Якога адракліся перад абліччам Пілата, калі той разважыў адпусціць Яго.

Вы адракліся ад Святога і Справядлівага, а прасілі памілаваць забойцу.
 
Вы ж ад Святога і Праведнага адракліся і папрасілі падараваць вам чалавека, забойцу,

Вы забілі Пачынальніка Жыцця, якога Бог уваскрасіў з мёртвых, чаго мы сведкі.
 
а Уладара жыцця вы забілі, Якога Бог уваскрэсіў з мёртвых, сведкі чаго мы.

І праз веру ў імя Ягонае таго, каго бачыце і ведаеце, імя гэтае ўмацавала. Вера, што паходзіць ад Яго, дала яму гэтае аздараўленне перад усімі вамі.
 
І па веры ў Яго імя, Яго імя ўмацавала гэтага чалавека, якога вы бачыце і ведаеце; і вера, якая праз Яго, дала яму гэтае здароўе перад усімі вамі.

Цяпер, браты, я ведаю, што вы зрабілі гэта з няведання, як і вашыя кіраўнікі.
 
І цяпер, браты, ведаю, што вы зрабілі гэта з няведання, як і вашы начальнікі;

А Бог здзейсніў тое, што абвяшчаў вуснамі ўсіх прарокаў, што Яго Месія будзе цярпець.
 
Бог жа, як загадзя абвясціў праз вусны ўсіх [Сваіх] прарокаў, што будзе пакутаваць Яго Хрыстос, так і спраўдзіў.

Дык пакайцеся і навярніцеся, каб знішчаныя былі грахі вашыя,
 
Дык пакайцеся і далучыцеся, каб былі сцёрты вашы грахі,

каб прыйшла ад Пана гадзіна палёгкі і каб паслаў Ён вам таго, хто быў прадказаны, — Езуса Хрыста,
 
каб прыйшлі часы асвяжэння ад аблічча Госпада і каб Ён паслаў вызначанага раней вам Хрыста, Ісуса,

якога неба павінна было прыняць да часоў аднаўлення ўсяго, пра што спрадвеку казаў Бог вуснамі сваіх святых прарокаў.
 
Якога неба павінна ж прыняць да часу аднаўлення ўсяго, пра што Бог казаў праз вусны [ўсіх] Сваіх святых прарокаў спрадвеку.

Майсей сказаў: “Пан Бог дасць вам Прарока з братоў вашых, падобнага да мяне; слухайцеся Яго ва ўсім, што Ён вам скажа.
 
Маісей жа сказаў [бацькам]: «Прарока ўзніме вам Госпад, ваш Бог, з вашых братоў, як мяне; Яго слухайцеся ва ўсім, што Ён скажа вам.

А кожны, хто не паслухае таго Прарока, будзе знішчаны ў народзе”.
 
І будзе: кожная душа, якая не паслухаецца Таго Прарока, будзе знішчана з народа».

І ўсе прарокі, якія прамаўлялі з часоў Самуэля і пасля яго, абвяшчалі гэтыя дні.
 
І ўсе ж прарокі ад Самуіла і тых, што былі ў далейшым, — усе, што прамаўлялі, таксама абвясцілі гэтыя дні.

Вы — сыны прарокаў і запавету, які Бог заключыў з айцамі вашымі, кажучы Абрагаму: “Благаслаўлёныя будуць у тваім патомстве ўсе народы зямлі”.
 
Вы сыны прарокаў і запавету, які Бог запаведаў вашым бацькам, кажучы Аўрааму: «І ў тваім патомстве дабраславяцца ўсе роды зямлі».

Для вас найперш Бог уваскрасіў Слугу свайго і паслаў Яго, каб Ён благаславіў вас і адвярнуў кожнага ад беззаконняў вашых».
 
Да вас першых Бог, уваскрэсіўшы Свайго Слугу12 [Ісуса], паслаў Яго дабраславіць вас, каб кожнага адвярнуць ад вашых ліхіх учынкаў.