Дзеі 18 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Пасля гэтага Павел пакінуў Атэны і прыбыў у Карынт.
 
Пасля гэтага, адышоўшы з Афінаў, ён51 прыйшоў у Карынф.

Знайшоўшы нейкага юдэя па імені Аквіла, родам з Понта, які нядаўна прыйшоў з Італіі, і Прысцылу, жонку ягоную, — бо Клаўдзій загадаў усім юдэям пакінуць Рым, — прыйшоў да іх.
 
І, знайшоўшы аднаго іудзея імем Акіла, пантыйца родам, які нядаўна прыйшоў з Італіі, і яго жонку Прыскілу (бо Клаўдзій загадаў усім іудзеям, каб пакінулі Рым), ён прыйшоў да іх,

А паколькі займаўся тым жа рамяством, заставаўся ў іх і працаваў. Яны ж займаліся вырабам намётаў.
 
а таму што быў таго самага рамяства, ён застаўся ў іх і працаваў, рамяство ж у іх было — выраб палатак.

Кожны шабат ён прамаўляў у сінагозе і пераконваў юдэяў і грэкаў.
 
І ён штосуботы гутарыў у сінагозе і пераконваў іудзеяў і элінаў.

Калі прыйшлі з Македоніі Сіла і Цімафей, Павел заняўся навучаннем і сведчыў юдэям, што Езус ёсць Месіяй.
 
А калі прыйшлі з Македоніі Сіла і Цімафей, Павел поўнасцю аддаўся слову, цвёрда сведчачы іудзеям, што Ісус — гэта Хрыстос.

А калі яны пярэчылі і блюзнерылі, ён абтрос сваю вопратку і сказаў ім: «Кроў вашая на галаву вашую. Я — чысты. Цяпер іду да язычнікаў».
 
Але калі яны сталі супраціўляцца і блюзнерыць, ён, абтросшы [сваю] вопратку, сказаў ім: Ваша кроў няхай будзе на вашу галаву; я чысты. З гэтага часу я пайду да язычнікаў.

Адышоўшы адтуль, прыйшоў у дом аднаго чалавека па імені Ціт Юст, які шанаваў Бога і дом якога быў побач з сінагогай.
 
І, пайшоўшы адтуль, ён увайшоў у дом аднаго чалавека імем Цітый Юст, які шанаваў Бога і дом якога межаваў з сінагогаю.

Крысп, кіраўнік сінагогі, паверыў у Пана з усім домам сваім. І шмат хто з карынцянаў, якія слухалі, паверылі і ахрысціліся.
 
І Крыпс, начальнік сінагогі, увераваў у Госпада з усім сваім домам; і многія з карынфян, слухаючы, уверавалі і ахрысціліся.

Пан ноччу ў бачанні сказаў Паўлу: «Не бойся, але кажы і не маўчы,
 
І Госпад сказаў Паўлу ўначы праз з’явенне: Не бойся, а кажы і не змаўкай;

таму што Я з табою і ніхто не адважыцца зрабіць табе зло, бо ў Мяне шмат людзей у гэтым горадзе».
 
бо Я з табою і ніхто не нападзе на цябе, каб зрабіць табе ліха, бо ў мяне шмат людзей у гэтым горадзе.

І прабыў ён год і шэсць месяцаў, навучаючы іх Божаму слову.
 
І ён заставаўся52 там год і шэсць месяцаў, навучаючы ў іх слову Божаму.

Калі Галіён быў праконсулам у Ахаі, юдэі аднадушна паўсталі супраць Паўла і прывялі яго ў суд,
 
Але калі Галіён быў праконсулам Ахаіі, іудзеі аднадушна паўсталі супроць Паўла і прывялі яго на суд,

кажучы: «Ён намаўляе людзей шанаваць Бога нязгодна з Законам».
 
кажучы: Гэты чалавек падгаворвае людзей шанаваць Бога не паводле закона.

Калі Павел хацеў адкрыць вусны, Галіён сказаў юдэям: «Юдэі, калі б размова ішла пра нейкую крыўду ці несправядлівы ўчынак, я б выслухаў вас,
 
І калі Павел збіраўся раскрыць вусны, Галіён сказаў іудзеям: Калі б гэта была якая-небудзь несправядлівасць ці ліхі ўчынак, о іудзеі, то з гэтай прычыны я выслухаў бы вас;

але калі спрэчка ідзе пра слова і пра імёны, і пра ваш Закон, то разглядайце самі. Я не хачу быць суддзёю ў гэтых справах».
 
але калі тут спрэчка пра словы, імёны і ваш закон, то глядзіце самі. Суддзёю ў гэтым я не хачу быць.

І выгнаў іх з суда.
 
І ён прагнаў іх з суда.

Схапіўшы кіраўніка сінагогі Састэна, усе білі яго перад судом. А Галіёну не было да гэтага ніякай справы.
 
І ўсе [эліны], схапіўшы Сасфена, начальніка сінагогі, білі яго перад судзейскім месцам. А Галіёну нічога з гэтага не абыходзіла.

Павел жа прабыў там яшчэ даволі шмат дзён і, развітаўшыся з братамі, паплыў у Сірыю, а з ім Прысцыла і Аквіла. У Кенхрах ён абстрыг сабе галаву, бо даў такое абяцанне.
 
І Павел, прабыўшы там яшчэ даволі шмат дзён, развітаўся з братамі і адплыў у Сірыю, і з ім Прыскіла і Акіла, — абстрыгшы галаву ў Кенхрэях, бо ён даў зарок.

А калі прыйшоў у Эфес, пакінуў іх там, а сам увайшоў у сінагогу і размаўляў там з юдэямі.
 
І яны прыбылі ў Эфес, і ён пакінуў іх там, сам жа, увайшоўшы ў сінагогу, гутарыў з іудзеямі.

Калі ж яны прасілі пабыць у іх даўжэй, ён не згадзіўся,
 
А калі яны прасілі, каб застаўся на даўжэйшы час, ён не згадзіўся,

а на развітанне сказаў ім: «Я вярнуся да вас, калі захоча Бог». І адплыў з Эфеса.
 
а, развітаўшыся і сказаўшы: «[Мне канечне трэба правесці свята, якое надыходзіць, у Іерусаліме]. Я зноў вярнуся да вас, калі Бог захоча», і адплыў з Эфеса.

Прыбыўшы ў Цэзарэю, ён увайшоў і прывітаў Касцёл, затым адышоў у Антыёхію.
 
І, прыбыўшы ў Кесарыю, пайшоў у Іерусалім, прывітаў царкву і адышоў у Антыёхію.

Правёўшы там пэўны час, выйшаў і праходзіў па чарзе краіну галатаў і Фрыгію, умацоўваючы ўсіх вучняў.
 
І, правёўшы нейкі час, ён выйшаў, праходзячы па парадку Галатыйскую краіну і Фрыгію, умацоўваючы ўсіх вучняў.

Нейкі юдэй па імені Апалос, родам з Александрыі, чалавек красамоўны і знаўца Пісанняў, прыйшоў у Эфес.
 
І адзін іудзей імем Апалос, александрыец родам, чалавек красамоўны, моцны ў Пісаннях, прыйшоў у Эфес.

Быў ён настаўлены на шлях Пана і з запалам прамаўляў і вучыў старанна пра Езуса, хоць і ведаў толькі хрост Яна.
 
Гэты чалавек быў навучаны дарозе Гасподняй і, палымнеючы духам, казаў і вучыў дакладна пра Ісуса53, хоць ён ведаў толькі хрышчэнне Іаанава.

Ён пачаў адважна прамаўляць у сінагозе. Калі яго пачулі Прысцыла і Аквіла, прынялі яго да сябе і растлумачылі яму шлях Божы.
 
І гэты чалавек пачаў адважна прамаўляць у сінагозе. І, пачуўшы яго, Прыскіла і Акіла, запрасілі яго да сябе і дакладней растлумачылі яму дарогу Божую54.

А калі ён збіраўся ісці ў Ахаю, браты напісалі вучням, каб тыя прынялі яго. Калі ён прыйшоў, шмат дапамагаў тым, хто паверыў дзякуючы ласцы.
 
І калі ён хацеў прайсці ў Ахаію, браты, падтрымліваючы яго, напісалі вучням, каб яны прынялі яго; і ён, прыбыўшы туды, шмат дапамагаў тым, хто ўвераваў праз ласку Божую,

Адважна пераконваў юдэяў, публічна даказваючы праз Пісанні, што Езус — гэта Месія.
 
бо ён настойліва прынародна выкрываў іудзеяў, паказваючы праз Пісанні, што Ісус — гэта Хрыстос.