Дзеі 14 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2017
У Іконіі сталася падобнае. Яны разам увайшлі ў юдэйскую сінагогу і прамаўлялі так, што паверыла вялікае мноства юдэяў і грэкаў.
І сталася ў Іконіі, што падобным чынам увайшлі яны ў юдэйскую сінагогу і прамаўлялі так, што вялікае мноства юдэяў і грэкаў уверыла.
Юдэі, якія не паверылі, падбухторылі і варожа настроілі язычнікаў супраць братоў.
Але тыя юдэі, што не ўверылі, падбуралі і раздражнялі паганаў супраць братоў.
Нягледзячы на гэта яны прабылі там доўгі час, мужна прамаўляючы пра Пана, які даваў сведчанне слову сваёй ласкі і здзяйсняючы іх рукамі знакі і цуды.
Аднак яны прабылі там доўгі час, дзейнічаючы з вераю ў Госпада, Які сведчыў слова ласкі Сваёй і даваў цуды і знакі чыніць іх рукамі.
Так народ у горадзе падзяліўся: адны былі з юдэямі, а другія — з Апосталамі.
Дык жыхары горада падзяліліся: і адны былі з юдэямі, а другія — з Апосталамі.
Калі язычнікі і юдэі разам са сваімі кіраўнікамі сабраліся іх зняважыць і ўкаменаваць,
Калі, аднак, пагане і юдэі сумесна з начальнікамі сваімі пачалі намагацца, каб зняважыць іх і ўкаменаваць,
яны ўцяклі ў лікаонскія гарады Лістру і Дэрбэ ды ў іхнія ваколіцы
яны, дазнаўшыся, уцяклі ў гарады лікаонскія, Лістру і Дэрбу, і ў іх ваколіцы,
і там абвяшчалі Евангелле.
і там абвяшчалі Евангелле.
У Лістры сядзеў адзін чалавек, хворы на ногі, кульгавы ад свайго нараджэння, які ніколі не хадзіў.
І сядзеў у Лістры адзін чалавек, хворы на ногі, калека ад нараджэння свайго, які ніколі не хадзіў.
Ён слухаў, як прамаўляў Павел. А калі той паглядзеў на яго і ўбачыў, што ён мае веру для аздараўлення,
Ён слухаў, што казаў Паўла. Той жа глянуў на яго ўважна ды, бачачы, што ён мае веру, каб быць збаўленым,
сказаў гучным голасам: «Стань на свае ногі і выпрастайся!» Той ускочыў і пачаў хадзіць.
сказаў моцным голасам: «Стань проста на ногі твае!» І той падскочыў і стаў хадзіць.
Калі натоўп убачыў, што ўчыніў Павел, узняў голас свой, кажучы па-лікаонску: «Багі ў людскім падабенстве сышлі да нас!»
І людзі, бачачы, што ўчыніў Паўла, узвысілі голас свой, кажучы па-лікаонску: «Багі сталіся падобнымі да людзей і сышлі да нас!»
Барнабу называлі Зеўсам, а Паўла — Гермесам, бо ён быў галоўным прамоўцам.
І назвалі Барнабу Зеўсам, а Паўлу — Гермесам, бо ён быў правадыром у слове.
Жрэц Зеўса, ідал якога знаходзіўся перад горадам, разам з натоўпам прывёў да брамы быкоў і прынёс вянкі, і хацеў скласці ахвяру.
А святар храма Зеўса, які быў перад іх горадам, прывёў да брамы валоў ды прынёс вянкі і хацеў разам з народам скласці ахвяру.
Калі пачулі пра гэта апосталы Барнаба і Павел, разадралі сваё адзенне, кінуліся ў натоўп і крычалі, кажучы:
Калі пра гэта даведаліся Апосталы Барнаба і Паўла, раздзёрлі адзенне сваё ды кінуліся ў народ, крычучы
«Людзі, навошта гэта робіце? Мы такія самыя людзі, як вы. Абвяшчаем Евангелле, каб вы ад гэтых марнасцяў навярнуліся да Бога жывога, які стварыў неба і зямлю, мора і ўсё, што ў іх ёсць.
і кажучы: «Людзі, што гэта вы робіце? І мы людзі, падобныя да вас, абвяшчаем вам Евангелле, каб вы адвярнуліся ад гэтых марнасцей да Бога жывога, Які стварыў неба, і зямлю, і мора, ды ўсё, што ў іх ёсць.
Які ў мінулых пакаленнях дазволіў усім народам хадзіць сваімі дарогамі.
Дапусціў Ён у даўнейшых пакаленнях, каб усе народы хадзілі сваімі дарогамі,
Аднак не пераставаў сведчыць пра сябе, чынячы дабро, даючы вам дождж з неба і ўраджайныя поры, даючы ежу і напаўняючы вяселлем вашыя сэрцы».
але не пераставаў сведчыць аб Сабе, чынячы дабро, даючы нам дажджы, урадлівую пару, напаўняючы ежай і радасцю сэрцы нашы».
Так кажучы, ледзь стрымалі людзей, каб не прыносілі ім ахвяры.
І гэтымі словамі ледзь стрымалі натоўп, каб не складалі ім ахвяры.
Прыйшлі ў Лістру юдэі з Антыёхіі і Іконіі і, падбухторыўшы народ, укаменавалі Паўла і выцягнулі яго за горад, думаючы, што ён памёр.
Тым часам падышлі юдэі з Антыёхіі і Іконіі і, падбурыўшы людзей, укаменавалі Паўлу ды выцягнулі яго за горад, думаючы, што ён мёртвы.
Але, калі абступілі яго вучні, ён устаў і ўвайшоў у горад, і на другі дзень пайшоў з Барнабам у Дэрбэ.
Але калі сабраліся вакол яго вучні, ён, узняўшыся, пайшоў у горад. А на другі дзень разам з Барнабам накіраваўся ў Дэрбу.
У тым горадзе яны абвяшчалі Евангелле і прыдбалі шмат вучняў. Пасля вярнуліся ў Лістру, Іконію ды Антыёхію,
І ў гэтым горадзе прапаведавалі Евангелле, і навучалі многіх, а пасля вярнуліся ў Лістру, Іконію ды Антыёхію,
умацоўваючы душы вучняў і заахвочваючы іх трываць у веры, бо нам трэба прайсці праз многія цярпенні, каб увайсці ў Божае Валадарства.
умацоўваючы душы вучняў, навучаючы іх трыванню ў веры і што каб увайсці ў Валадарства Божае, трэба прайсці праз многа прыцясненняў.
Праз ускладанне рук устанавілі ім у кожным Касцёле старэйшын, у малітве і посце даручылі іх Пану, у якога паверылі.
Потым з малітвай і постам для кожнай царквы прызначылі з іх ліку старэйшых ды даручылі іх Госпаду, у Якога ўверылі.
Прайшоўшы праз Пісідыю, прыбылі ў Памфілію.
І, праходзячы ў Пісідыю, прыйшлі ў Памфілію,
І, абвясціўшы слова ў Пэргэ, сышлі ў Аталію.
і прапаведавалі слова ў Пэргэ, а затым пайшлі ў Аталію.
Адтуль адплылі ў Антыёхію, дзе праз ласку Божую былі прызначаныя на справу, якую выканалі.
І адтуль паплылі ў Антыёхію, адкуль былі аддадзены ласцы Божай на справу, якую выканалі.
Калі прыйшлі туды і сабралі Касцёл, расказалі, што Бог учыніў з імі і як Ён адчыніў брамы веры язычнікам.
І, калі прыйшлі і склікалі царкву, расказалі, што Бог учыніў з імі, ды як адкрыў Ён дзверы веры паганам.
І доўгі час заставаліся яны разам з вучнямі.
І шмат часу былі яны там сярод вучняў.