Дзеі 14 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І ста́лася ў Іканíі, што таксама ўвайшлі яны ў сінагогу Іудзейскую і прамаўля́лі так, што ўве́равала вялікае мноства і Іудзеяў, і Э́лінаў.
 
І сталася ў Іконіі, што падобным чынам увайшлі яны ў юдэйскую сінагогу і прамаўлялі так, што вялікае мноства юдэяў і грэкаў уверыла.

А няве́руючыя Іудзеі ўзбу́рылі і азло́білі ду́шы язычнікаў су́праць братоў.
 
Але тыя юдэі, што не ўверылі, падбуралі і раздражнялі паганаў супраць братоў.

Аднак тыя даволі доўга прабылí там, адважна прамаўля́ючы ў Госпадзе, Які све́дчыў сло́ва благада́ці Сваёй і здзяйсня́ў знаме́нні і цу́ды рукамі іх.
 
Аднак яны прабылі там доўгі час, дзейнічаючы з вераю ў Госпада, Які сведчыў слова ласкі Сваёй і даваў цуды і знакі чыніць іх рукамі.

І насе́льніцтва горада падзялíлася: адны былí з Іудзеямі, а другія — з Апосталамі.
 
Дык жыхары горада падзяліліся: і адны былі з юдэямі, а другія — з Апосталамі.

Калі ж у язычнікаў і Іудзеяў з іх начальнікамі ўзнік наме́р знява́жыць і пабіць іх каме́ннем,
 
Калі, аднак, пагане і юдэі сумесна з начальнікамі сваімі пачалі намагацца, каб зняважыць іх і ўкаменаваць,

то яны, даве́даўшыся, уцяклі ў Лікао́нскія гарады Лíстру і Дэ́рвію і ў навако́ллі іх,
 
яны, дазнаўшыся, уцяклі ў гарады лікаонскія, Лістру і Дэрбу, і ў іх ваколіцы,

і там дабраве́сцілі.
 
і там абвяшчалі Евангелле.

А ў Лíстры нейкі чалавек, хворы на ногі, сядзеў, бу́дучы кульга́вым ад уло́ння маці сваёй, і ніко́лі не хадзіў.
 
І сядзеў у Лістры адзін чалавек, хворы на ногі, калека ад нараджэння свайго, які ніколі не хадзіў.

Ён слу́хаў прамову Паўла, які, угле́дзеўшыся ў яго і ўбачыўшы, што той ма́е веру, каб быць ацалёным,
 
Ён слухаў, што казаў Паўла. Той жа глянуў на яго ўважна ды, бачачы, што ён мае веру, каб быць збаўленым,

сказаў гу́чным голасам: табе кажу ў імя́ Госпада Іісуса Хрыста: стань на ногі свае прама. І той адразу ўско́чыў і стаў хадзіць.
 
сказаў моцным голасам: «Стань проста на ногі твае!» І той падскочыў і стаў хадзіць.

Люд жа, уба́чыўшы, што зрабіў Павел, узвы́сіў свой голас, кажучы па-лікаонску: багí ў вобразе чалаве́чым сышлí да нас.
 
І людзі, бачачы, што ўчыніў Паўла, узвысілі голас свой, кажучы па-лікаонску: «Багі сталіся падобнымі да людзей і сышлі да нас!»

І называлі Варна́ву Зе́ўсам, а Паўла — Герме́сам, бо прамаўля́ў перава́жна ён.
 
І назвалі Барнабу Зеўсам, а Паўлу — Гермесам, бо ён быў правадыром у слове.

І жрэц Зеўса, ідал якога знаходзіўся перад іх горадам, прывёўшы да брамы валоў і даста́віўшы вянкі, хацеў з народам прыне́сці ахвяру.
 
А святар храма Зеўса, які быў перад іх горадам, прывёў да брамы валоў ды прынёс вянкі і хацеў разам з народам скласці ахвяру.

Пачуўшы пра гэта, Апосталы Варнава і Павел разадра́лі адзе́нне сваё і кінуліся ў натоўп з крыкам, ка́жучы:
 
Калі пра гэта даведаліся Апосталы Барнаба і Паўла, раздзёрлі адзенне сваё ды кінуліся ў народ, крычучы

мужы́! што вы робіце́ і мы — такія як вы людзі, і дабраве́сцім вам, каб вы ад гэтай ма́рнасці звярну́ліся да Бога Жывога, Які ствары́ў неба, і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх,
 
і кажучы: «Людзі, што гэта вы робіце? І мы людзі, падобныя да вас, абвяшчаем вам Евангелле, каб вы адвярнуліся ад гэтых марнасцей да Бога жывога, Які стварыў неба, і зямлю, і мора, ды ўсё, што ў іх ёсць.

Які ў міну́лых пакале́ннях дазволіў, каб усе народы хадзілі сваімі шляха́мі,
 
Дапусціў Ён у даўнейшых пакаленнях, каб усе народы хадзілі сваімі дарогамі,

хоць і не перастава́ў све́дчыць пра Сябе, дзе́ючы дабро, даючы́ нам дажджы́ з неба і по́ры ўрадлíвыя, напаўня́ючы ежай і радасцю сэ́рцы нашы.
 
але не пераставаў сведчыць аб Сабе, чынячы дабро, даючы нам дажджы, урадлівую пару, напаўняючы ежай і радасцю сэрцы нашы».

І, прамаўля́ючы так, яны ледзь прыму́сілі натоўп спынíцца і не прыно́сіць ахвяру ім, а каб кожны ішоў дадому. Калі ж яны, застаючы́ся там, вучылі,
 
І гэтымі словамі ледзь стрымалі натоўп, каб не складалі ім ахвяры.

прыйшлі некато́рыя Іудзеі з Антыяхíі і Іканíі, і калі Апосталы адкрыта прапаве́давалі, тыя падмо́вілі народ адысцí ад іх, ка́жучы: яны не гавораць нічога ісціннага, а ўсё лгуць. І, падбухто́рыўшы народ, пабілі Паўла каме́ннем і вы́цягнулі за горад, думаючы, што ён мёртвы.
 
Тым часам падышлі юдэі з Антыёхіі і Іконіі і, падбурыўшы людзей, укаменавалі Паўлу ды выцягнулі яго за горад, думаючы, што ён мёртвы.

Калі ж вучні сабра́ліся вакол яго, ён падняўся і пайшоў у горад, а на другі дзень адпра́віўся з Варнавам у Дэ́рвію.
 
Але калі сабраліся вакол яго вучні, ён, узняўшыся, пайшоў у горад. А на другі дзень разам з Барнабам накіраваўся ў Дэрбу.

Прапаве́даўшы Ева́нгелле ў гэтым горадзе і прыдба́ўшы нямала вучняў, яны вярнуліся ў Лíстру, Іканíю і Антыяхíю,
 
І ў гэтым горадзе прапаведавалі Евангелле, і навучалі многіх, а пасля вярнуліся ў Лістру, Іконію ды Антыёхію,

умацо́ўваючы ду́шы вучняў, закліка́ючы іх трыва́ць у веры і павуча́ючы што, праз многія пакуты нале́жыць нам увайсці ў Царства Божае.
 
умацоўваючы душы вучняў, навучаючы іх трыванню ў веры і што каб увайсці ў Валадарства Божае, трэба прайсці праз многа прыцясненняў.

Рукапалажы́ўшы ім прасвíтараў для кожнай царквы і памаліўшыся з по́стам, яны даручы́лі іх Госпаду, у Якога тыя ўве́равалі.
 
Потым з малітвай і постам для кожнай царквы прызначылі з іх ліку старэйшых ды даручылі іх Госпаду, у Якога ўверылі.

Потым, прайшоўшы праз Пісіды́ю, яны прыйшлі ў Памфілíю;
 
І, праходзячы ў Пісідыю, прыйшлі ў Памфілію,

і, прапаве́даўшы сло́ва Гасподняе ў Пе́ргіі, прыйшлі ў Ата́лію
 
і прапаведавалі слова ў Пэргэ, а затым пайшлі ў Аталію.

і адтуль адплылí ў Антыяхíю, адкуль яны былі адда́дзены па благадаці Божай на справу, якую і вы́каналі.
 
І адтуль паплылі ў Антыёхію, адкуль былі аддадзены ласцы Божай на справу, якую выканалі.

Прыбы́ўшы туды і сабраўшы царкву, яны расказалі пра ўсё, што зрабіў з імі Бог і як Ён адчынíў язычнікам дзверы веры;
 
І, калі прыйшлі і склікалі царкву, расказалі, што Бог учыніў з імі, ды як адкрыў Ён дзверы веры паганам.

і застава́ліся там доўгі час з вучнямі.
 
І шмат часу былі яны там сярод вучняў.