Дзеі 10 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2017
Быў у Кесары́і адзін чалавек па імені Карнíлій, со́тнік з палка́, называ́нага Італíйскім,
А ў Цэзарэі жыў адзін чалавек, на імя Карнэлій, сотнік кагорты, званай Італійскай,
пабо́жны і богабая́зны з усім домам сваім, ён рабіў многія справы міласэ́рнасці лю́дзям і заўсёды маліўся Богу;
пабожны і богабаязны з усім домам сваім, які рабіў шматлікія міласціны народу ды заўсёды маліўся да Бога.
ён у відзе́нні ясна ўбачыў каля дзевятай гадзíны дня Ангела Божага, які ўвайшоў да яго і сказаў яму: Карнíлій!
Каля дзявятай гадзіны дня ён у з’яве выразна ўбачыў анёла Божага, што ўваходзіў да яго і казаў яму: «Карнэлію!»
Ён жа, угле́дзеўшыся ў яго і спало́хаўшыся, сказаў: што, Госпадзí Ангел сказаў яму: твае малітвы і твае справы міласэ́рнасці ўзнялíся ва ўспамíн перад Богам;
Ён жа, углядаючыся ў яго, ахоплены страхам, сказаў: «Што, гаспадару?» Той жа сказаў яму: «Малітвы твае і міласціны твае падняліся на ўспамін перад абліччам Бога.
і цяпер пашлі ў Іаппíю людзей і пакліч Сíмана, якога завуць Пятром;
Дык зараз жа пашлі людзей у Ёпу і запрасі нейкага Сімона, званага Пётрам.
ён гасцю́е ў нейкага Сíмана-гарбара́, дом якога каля мора; ён скажа табе тое, праз што спасе́шся ты і ўвесь дом твой.
Ён гасціць у нейкага гарбара Сімона, якога дом каля мора. Ён скажа табе, што трэба табе рабіць.»
І калі адышоў Ангел, які размаўляў з Карнíліем, ён паклíкаў дваіх са сваіх слуг і набо́жнага воіна з тых, што былí пры ім,
Калі адышоў анёл, які з ім гутарыў, ён паклікаў двух сваіх дамоўнікаў і богабаязнага жаўнера, з тых, што былі яму падначалены,
і, расказаўшы ім усё, паслаў іх у Іаппíю.
расказаў ім усё, і паслаў іх у Ёпу.
А на другі дзень, калі яны былí ў дарозе і набліжа́ліся да горада, Пётр каля шостай гадзíны ўзышоў на дах до́ма памалíцца.
На другі дзень, калі яны былі ў дарозе ды набліжаліся да горада, Пётра каля шостай гадзіны ўзышоў на дах, каб памаліцца.
Ён прагалада́ўся і хацеў паесці; пакуль жа гатава́лі яму, найшло́ на яго захапле́нне,
І, калі адчуў ён голад і захацелася яму есці, пакуль гатавалі яму, найшло на яго захапленне,
і бачыць ён неба адкры́тае, і сыхо́дзіць да яго нейкае ёмішча, нíбы вялікае палатно, прывя́занае за чатыры канцы, і апуска́ецца на зямлю́,
і ён убачыў адкрытае неба ды нейкую пасудзіну, што навісала, падобную да вялікага абруса, які за чатыры канцы спускалі да яго на зямлю,
і былí ў ім усяля́кія чатырохно́гія зямны́я, і звяры́, і паўзуны́, і птушкі нябе́сныя.
на ёй былі ўсякія чатырохногія зямлі, звяры, гады і птушкі нябесныя.
І быў голас да яго: устань, Пётр, закалí і еж.
І азваўся голас да яго: «Устань, Пётра, забівай і еж!»
Але Пётр сказаў: ні ў якім ра́зе, Госпадзі, бо я ніко́лі не еў нічога пага́нага ці нячы́стага.
А Пётра гаворыць: «Ніякім чынам, Госпадзе, бо я ніколі не еў нічога паганага і нячыстага».
А голас зноў, другі раз, да яго: тое, што Бог ачы́сціў, ты не лічы́ пага́ным.
І голас ізноў паўторна азваўся да яго: «Што Бог ачысціў, не называй таго нячыстым».
Так было́ тройчы; і зноў узя́та было́ ёмішча на неба.
І сталася гэта тройчы, і зараз жа тая пасудзіна была ўзята ў неба.
Пакуль Пётр недаўмява́ў у сабе, што зна́чыла б відзе́нне, якое ён бачыў, — вось, людзі, пасла́ныя Карнíліем, распыта́ўшы пра дом Сíманаў, спыніліся каля варот
І калі Пётра разважаў у сабе, што можа азначаць з’ява, якую бачыў, вось, перад брамай затрымаліся тыя, што былі пасланы Карнэліем, і пыталіся пра дом Сімона.
і го́ласна пыта́ліся: ці тут гасцю́е Сíман, называ́ны Пятром?
Яны пыталіся ўголас, ці тут гасціць Сімон, называны Пётрам.
І ў той час, як Пётр разважа́ў пра відзе́нне, сказаў яму Дух: вось, тры чалавекі шукаюць цябе;
А ў той час, як Пётра разважаў пра з’яву, Дух сказаў яму: «Вось, тры мужчыны пытаюцца пра цябе,
дык устань, спусціся і ідзі з імі, ні ў чым не сумнява́ючыся, бо гэта Я паслаў іх.
дык устань і сыдзі на ніз ды ідзі з імі, не сумняваючыся, бо Я іх паслаў».
Пётр, спусціўшыся да людзей, пасла́ных да яго Карніліем, сказаў: вось, я той, каго вы шука́еце; што за прычына, дзе́ля якой вы прыйшлí
І, сышоўшы, Пётра сказаў мужам, пасланым ад Карнэлія да яго: «Вось, я той, якога шукаеце; што за прычына, дзеля якой вы прыйшлі?»
Яны ж адказалі: Карнілій сотнік, муж пра́ведны і богабая́зны, які ма́е добрае све́дчанне ад усяго народа Іудзейскага, атрыма́ў ад святога Ангела ўказа́нне паклíкаць цябе ў дом свой і паслу́хаць сло́вы твае.
Яны сказалі: «Сотнік Карнэлій, чалавек справядлівы і богабаязны, аб чым можа засведчыць увесь народ юдэйскі, атрымаў ад анёла святога даручэнне паклікаць цябе ў свой дом і выслухаць тое, што ты скажаш».
Пётр, запрасіўшы, пачастава́ў іх, а на другі дзень, уста́ўшы, пайшоў з імі, і некато́рыя з братоў Іаппíйскіх пайшлі з ім;
Тады ён, запрасіўшы іх, прыняў як гасцей. А на другі дзень Пётра, узняўшыся, у таварыстве некаторых братоў з Ёпы разам з імі выбраўся ў дарогу.
на насту́пны дзень прыйшлí яны ў Кесары́ю. Карнілій жа чакаў іх, склíкаўшы сваяко́ў сваіх і блізкіх сяброў.
На другі дзень прыбылі ў Цэзарэю; Карнэлій жа чакаў іх, склікаўшы сваіх сваякоў і блізкіх прыяцеляў.
Калі Пётр уваходзіў, Карнілій сустрэў яго і, упа́ўшы яму ў ногі, пакланіўся.
І сталася, калі Пётра ўваходзіў, Карнэлій выйшаў яму насустрач, паў яму да ног і пакланіўся.
Але Пётр падня́ў яго, ка́жучы: устань, я таксама чалавек.
Пётра ж падняў яго, кажучы: «Устань, бо і я такі самы чалавек».
І, размаўля́ючы з ім, увайшоў і заста́ў многіх сабра́ных;
І, гутарачы з ім, увайшоў у дом, і знайшоў там шмат сабраўшыхся,
і сказа́ў ім: вы ве́даеце, што не дазваля́ецца Іудзею мець зносіны з іншапляме́ннікам альбо прыхо́дзіць да яго; а мне Бог адкрыў, каб я ніводнага чалавека не называў пага́ным або нячы́стым;
і сказаў ім: «Вы ведаеце, што юдэю нельга мець адносіны з чужынцамі. Але Бог мне паказаў, што ніводнага чалавека нельга назваць паганым і нячыстым.
таму я і прыйшоў, не пярэ́чыўшы, калі мяне паклíкалі; дык пыта́юся: дзе́ля якой справы вы паслалі за мной?
Таму вось, запрошаны, я, без сумнення, прыбыў. Дык цяпер пытаюся, навошта вы мяне запрасілі?»
І Карнíлій адказаў: пача́ўшы чатыры дні таму і да гэтай гадзíны я пасцíўся і ў дзевя́тую гадзíну маліўся ў доме маім; і вось, стаў перада мною муж у све́тлым адзе́нні
І Карнэлій гаворыць: «Чатыры дні таму а дзявятай гадзіне я посціў і маліўся я ў сваім доме, і вось, паўстаў перада мною муж у бліскучым адзенні,
і сказаў: «Карнілій! пачу́та малітва твая, і мíласціны твае ўспамяну́ты перад Богам;
і гаворыць: “Карнэлій, твая малітва выслухана, і прыгаданы твае міласціны перад абліччам Божым.
дык пашлі ў Іаппíю і пакліч Сíмана, якога завуць Пятром; ён гасцю́е ў доме Сíмана-гарбара́ каля мора; ён прыйдзе і будзе прамаўля́ць да цябе».
Дык пашлі ў Ёпу і пакліч Сімона, званага Пётрам; ён гасціць у доме Сімона гарбара каля мора, і ён, прыйшоўшы, скажа табе”.
Я адразу ж паслаў да цябе, і ты добра зрабіў, што прыйшоў; дык вось, цяпер мы ўсе перад Богам стаім, каб вы́слухаць усё, што зага́дана табе Богам.
Дык я паслаў, не марудзячы, па цябе, і ты добра зрабіў, што прыйшоў. Цяпер усе мы стаім перад абліччам Бога, каб паслухаць усяго, што табе Бог даручыў».
Пётр адкрыў вусны і прамовіў: я сапраўды́ ўпэ́ўніваюся, што ў Бога няма прадузя́тасці,
Тады Пётра, адкрыўшы вусны, сказаў: «Я сапраўды пераконваюся, што Бог не зважае на асобу,
але ў кожным народзе той, хто баіцца Яго і жыве́ пра́ведна, даспадо́бы Яму;
але ў кожным народзе мілы яму той, хто баіцца Яго і служыць справядлівасці.
Ён паслаў сло́ва сына́м Ізра́ілевым, дабраве́сцячы мір праз Іісуса Хрыста, Які ёсць Гасподзь усіх;
Паслаў Ён Сваё Слова сынам Ізраэля, абвяшчаючы добрую вестку пра супакой праз Ісуса Хрыста; Ён — Госпад усіх.
вы ведаеце пра тое, што адбыва́лася па ўсёй Іудзеі, пачына́ючы з Галілеі, пасля хрышчэ́ння, якое прапаве́даваў Іаан;
Вы ведаеце, што сталася ва ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі, пасля хросту, які прапаведаваў Ян;
пра Іісуса з Назарэ́та, як Яго пама́заў Бог Ду́хам Святы́м і сілаю, і Ён хадзіў, тво́рачы дабро і ацаля́ючы ўсіх апанава́ных дыявалам, таму што Бог быў з Ім;
пра Ісуса з Назарэта, як намасціў Яго Бог Духам Святым і магутнасцю, і Ён хадзіў, чынячы дабро і аздараўляючы ўсіх апанаваных дэманамі, бо Бог быў з Ім.
і мы све́дкі ўсяго, што зрабіў Ён у краіне Іудзейскай і ў Іерусаліме; Яго і забілі, паве́сіўшы на дрэ́ве.
І мы — сведкі ўсяго, што Ён учыніў у зямлі Юдэйскай і ў Ерузаліме; Яго і забілі, павесіўшы на дрэве.
Яго ўваскрасіў Бог на трэці дзень і даў Яму быць я́ўленым,
Але Бог уваскрасіў Яго на трэці дзень і даў Яму аб’яўляцца,
не ўсяму народу, а све́дкам, якіх раней абраў Бог, нам, якія з Ім елі і пілí пасля ўваскрасе́ння Яго з мёртвых;
ды не ўсяму народу, але сведкам, выбраным наперад Богам, нам, якія з Ім елі і пілі пасля таго, як Ён уваскрос з мёртвых.
і Ён загада́ў нам прапаве́даваць лю́дзям і све́дчыць, што Ён — вы́значаны Богам суддзя́ жывы́х і мёртвых;
І Ён нам загадаў прапаведаваць народу і сведчыць, што Ён — Той, Які ўстаноўлены Богам за суддзю жывых і мёртвых.
пра Яго ўсе прарокі све́дчаць, што кожны, хто веруе ў Яго, атрыма́е прабачэ́нне грахоў íмем Яго.
І ўсе прарокі сведчаць аб тым, што кожны, хто верыць у Яго, атрымае адпушчэнне грахоў праз імя Яго».
Яшчэ калі прамаўля́ў Пётр сло́вы гэтыя, сышоў Дух Святы на ўсіх, што слу́халі сло́ва.
І калі Пётра яшчэ гаварыў гэта, Дух Святы сышоў на ўсіх, якія слухалі слова.
І ве́руючыя з абрэ́заных, якія прыйшлі з Пятром, ура́зіліся, што і на язы́чнікаў вы́ліўся дар Святога Духа,
Дык веруючыя з абрэзаных, што прыйшлі з Пётрам, былі надта здзіўлены, што дар Духа Святога выліты быў таксама на паганаў,
бо пачулі, як яны гаво́раць на іншых мо́вах і веліча́юць Бога. Тады Пётр сказаў:
бо чулі, што яны гавораць мовамі і славяць Бога. Тады азваўся Пётра:
хіба́ можа хто забаранíць хрысцíцца вадою тым, што атрыма́лі Духа Святога, як і мы?
«Хто можа адабраць ваду, каб не былі ахрышчаны, ў тых, якія атрымалі Духа Святога, як і мы?»
І загадаў ім хрысцíцца ў імя́ Іісуса Хрыста. Тады яны папрасілі яго заста́цца на некалькі дзён.
І загадаў іх хрысціць у імя Ісуса Хрыста. Тады прасілі яго затрымацца некалькі дзён.