Дзеі 10 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2017
А ў Кесарыі быў адзін чалавек імем Карнілій, сотнік з кагорты, званай Італійскай,
А ў Цэзарэі жыў адзін чалавек, на імя Карнэлій, сотнік кагорты, званай Італійскай,
набожны і богабаязны з усім сваім домам, ён падаваў шмат міласціны людзям і заўсёды маліўся Богу.
пабожны і богабаязны з усім домам сваім, які рабіў шматлікія міласціны народу ды заўсёды маліўся да Бога.
Ён ясна ўбачыў у з’явенні каля дзевятай гадзіны дня Анёла Божага, які ўвайшоў да яго і сказаў яму: Карнілій!
Каля дзявятай гадзіны дня ён у з’яве выразна ўбачыў анёла Божага, што ўваходзіў да яго і казаў яму: «Карнэлію!»
І ён, угледзеўшыся ў яго і спалохаўшыся, сказаў: Што, Госпадзе? — І Анёл сказаў яму: Твае малітвы і твае міласціны прыйшлі на памяць перад Богам.
Ён жа, углядаючыся ў яго, ахоплены страхам, сказаў: «Што, гаспадару?» Той жа сказаў яму: «Малітвы твае і міласціны твае падняліся на ўспамін перад абліччам Бога.
І цяпер пашлі людзей у Іопію і пакліч Сімана, званага Пятром;
Дык зараз жа пашлі людзей у Ёпу і запрасі нейкага Сімона, званага Пётрам.
гэты чалавек гасцюе ў аднаго гарбара Сімана, чый дом знаходзіцца пры моры. [Ён скажа табе словы, якімі ўратуешся ты і ўвесь твой дом].
Ён гасціць у нейкага гарбара Сімона, якога дом каля мора. Ён скажа табе, што трэба табе рабіць.»
І калі Анёл, які гаварыў з ім [Карніліем], пайшоў, ён паклікаў двух са [сваіх] слуг і набожнага воіна з тых, што служылі пры ім;
Калі адышоў анёл, які з ім гутарыў, ён паклікаў двух сваіх дамоўнікаў і богабаязнага жаўнера, з тых, што былі яму падначалены,
і, расказаўшы ім усё, ён паслаў іх у Іопію.
расказаў ім усё, і паслаў іх у Ёпу.
А на другі дзень, калі тыя былі ў дарозе і набліжаліся да горада, Пётр узышоў на дах, каб памаліцца, каля шостай гадзіны.
На другі дзень, калі яны былі ў дарозе ды набліжаліся да горада, Пётра каля шостай гадзіны ўзышоў на дах, каб памаліцца.
І ён адчуў голад і хацеў есці. А пакуль гатавалі, яму было з’явенне,
І, калі адчуў ён голад і захацелася яму есці, пакуль гатавалі яму, найшло на яго захапленне,
і ён бачыць, што неба адчыненае і ўніз сходзіць нейкая пасудзіна, як бы вялікае палотнішча, [прывязанае] за чатыры канцы і спускаецца на зямлю.
і ён убачыў адкрытае неба ды нейкую пасудзіну, што навісала, падобную да вялікага абруса, які за чатыры канцы спускалі да яго на зямлю,
У ім былі ўсялякія зямныя чацвераногія, і звяры, і паўзуны, і нябесныя птушкі.
на ёй былі ўсякія чатырохногія зямлі, звяры, гады і птушкі нябесныя.
І пачуўся голас да яго: Устань, Пётр, закалі і з’еш!
І азваўся голас да яго: «Устань, Пётра, забівай і еж!»
Але Пётр сказаў: Ні за што, Госпадзе, бо я ніколі не еў нічога паганага і нячыстага.
А Пётра гаворыць: «Ніякім чынам, Госпадзе, бо я ніколі не еў нічога паганага і нячыстага».
І зноў, другі раз, пачуўся голас да яго: Тое, што Бог ачысціў, не лічы паганым.
І голас ізноў паўторна азваўся да яго: «Што Бог ачысціў, не называй таго нячыстым».
І гэта адбылося тройчы і зразу ж пасудзіна была ўзята на неба.
І сталася гэта тройчы, і зараз жа тая пасудзіна была ўзята ў неба.
А пакуль Пётр разважаў сам сабе, што значыла з’явенне, якое ён убачыў, вось людзі, пасланыя Карніліем, распытаўшы пра Сіманаў дом, спыніліся каля брамы.
І калі Пётра разважаў у сабе, што можа азначаць з’ява, якую бачыў, вось, перад брамай затрымаліся тыя, што былі пасланы Карнэліем, і пыталіся пра дом Сімона.
І, крыкнуўшы, яны спыталіся, ці тут гасцюе Сіман, званы Пятром.
Яны пыталіся ўголас, ці тут гасціць Сімон, называны Пётрам.
А пакуль Пётр раздумваў пра з’явенне, Дух сказаў яму: Вось, цябе шукаюць тры чалавекі.
А ў той час, як Пётра разважаў пра з’яву, Дух сказаў яму: «Вось, тры мужчыны пытаюцца пра цябе,
Устань жа, спусціся і ідзі з імі, ні ў чым не сумняваючыся, бо Я іх паслаў.
дык устань і сыдзі на ніз ды ідзі з імі, не сумняваючыся, бо Я іх паслаў».
І Пётр, спусціўшыся да гэтых людзей, [пасланых да яго Карніліем], сказаў: Вось, я той, каго вы шукаеце; якая прычына, з-за якой вы прыйшлі?
І, сышоўшы, Пётра сказаў мужам, пасланым ад Карнэлія да яго: «Вось, я той, якога шукаеце; што за прычына, дзеля якой вы прыйшлі?»
І яны сказалі: Карнілій, сотнік, чалавек праведны і богабаязны і які мае пра сябе добрае сведчанне ад усяго іудзейскага народа, атрымаў ад святога Анёла наказ паслаць па цябе, каб ты прыйшоў у яго дом, і пачуць ад цябе словы.
Яны сказалі: «Сотнік Карнэлій, чалавек справядлівы і богабаязны, аб чым можа засведчыць увесь народ юдэйскі, атрымаў ад анёла святога даручэнне паклікаць цябе ў свой дом і выслухаць тое, што ты скажаш».
Тады ён запрасіў іх у дом і гасцінна прыняў. І назаўтра ён устаў і пайшоў з імі; і некаторыя браты з Іопіі пайшлі з ім.
Тады ён, запрасіўшы іх, прыняў як гасцей. А на другі дзень Пётра, узняўшыся, у таварыстве некаторых братоў з Ёпы разам з імі выбраўся ў дарогу.
І на другі дзень яны прыйшлі ў Кесарыю. А Карнілій чакаў іх, склікаўшы сваіх сваякоў і блізкіх сяброў.
На другі дзень прыбылі ў Цэзарэю; Карнэлій жа чакаў іх, склікаўшы сваіх сваякоў і блізкіх прыяцеляў.
І калі Пётр уваходзіў, Карнілій сустрэў яго і, упаўшы да яго ног, пакланіўся.
І сталася, калі Пётра ўваходзіў, Карнэлій выйшаў яму насустрач, паў яму да ног і пакланіўся.
Але Пётр падняў яго, кажучы: Устань, я сам таксама чалавек.
Пётра ж падняў яго, кажучы: «Устань, бо і я такі самы чалавек».
І, размаўляючы з ім, ён увайшоў і знайшоў многіх, што зышліся туды.
І, гутарачы з ім, увайшоў у дом, і знайшоў там шмат сабраўшыхся,
І ён сказаў ім: Вы ведаеце, што іудзею не дазволена прыязніцца і збліжацца з іншапляменнікам; але мне Бог паказаў, каб я ніводнага чалавека не называў паганым ці нячыстым.
і сказаў ім: «Вы ведаеце, што юдэю нельга мець адносіны з чужынцамі. Але Бог мне паказаў, што ніводнага чалавека нельга назваць паганым і нячыстым.
Таму я і без вагання прыйшоў, калі паклікалі. Дык, я пытаюся, з-за якой прычыны вы па мяне паслалі?
Таму вось, запрошаны, я, без сумнення, прыбыў. Дык цяпер пытаюся, навошта вы мяне запрасілі?»
І Карнілій сказаў: Чатыры дні да гэтай гадзіны я [пасціўся] і а дзявятай маліўся ў сябе дома, і вось, перада мною стаў чалавек у светлых шатах
І Карнэлій гаворыць: «Чатыры дні таму а дзявятай гадзіне я посціў і маліўся я ў сваім доме, і вось, паўстаў перада мною муж у бліскучым адзенні,
і кажа: Карнілій, пачутая твая малітва, і твае міласціны ўспомненыя перад Богам.
і гаворыць: “Карнэлій, твая малітва выслухана, і прыгаданы твае міласціны перад абліччам Божым.
Дык пашлі ў Іопію і пакліч Сімана, званага Пятром; ён гасцюе ў доме Сімана, гарбара, пры моры; [ён прыйдзе і скажа табе].
Дык пашлі ў Ёпу і пакліч Сімона, званага Пётрам; ён гасціць у доме Сімона гарбара каля мора, і ён, прыйшоўшы, скажа табе”.
І я адразу паслаў да цябе, і ты добра зрабіў, што прыйшоў. Дык, цяпер мы ўсе стаім перад Богам, каб пачуць усё, што загадаў табе Госпад32.
Дык я паслаў, не марудзячы, па цябе, і ты добра зрабіў, што прыйшоў. Цяпер усе мы стаім перад абліччам Бога, каб паслухаць усяго, што табе Бог даручыў».
І Пётр, адкрыўшы вусны, сказаў: Папраўдзе я пазнаю, што ў Бога няма прадузятасці;
Тады Пётра, адкрыўшы вусны, сказаў: «Я сапраўды пераконваюся, што Бог не зважае на асобу,
але ў кожным народзе той, хто баіцца Яго і творыць праведнасць, прыемны Яму.
але ў кожным народзе мілы яму той, хто баіцца Яго і служыць справядлівасці.
Слова, якое Ён паслаў Ізраілевым сынам, дабравесцячы мір праз Ісуса Хрыста, Ён Госпад усіх,
Паслаў Ён Сваё Слова сынам Ізраэля, абвяшчаючы добрую вестку пра супакой праз Ісуса Хрыста; Ён — Госпад усіх.
вы ведаеце, што адбывалася па ўсёй Іудзеі, пачынаючы ад Галілеі, пасля хрышчэння, якое прапаведаваў Іаан:
Вы ведаеце, што сталася ва ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі, пасля хросту, які прапаведаваў Ян;
Ісуса, што з Назарэта, — як Бог памазаў Яго Святым Духам і сілаю; Ён хадзіў, робячы дабро і вылечваючы ўсіх, каго паняволіў д’ябал, бо з Ім быў Бог.
пра Ісуса з Назарэта, як намасціў Яго Бог Духам Святым і магутнасцю, і Ён хадзіў, чынячы дабро і аздараўляючы ўсіх апанаваных дэманамі, бо Бог быў з Ім.
І мы сведкі ўсяго таго, што Ён зрабіў і ў іудзейскай зямлі, і ў Іерусаліме; Якога і забілі яны, павесіўшы на дрэве.
І мы — сведкі ўсяго, што Ён учыніў у зямлі Юдэйскай і ў Ерузаліме; Яго і забілі, павесіўшы на дрэве.
Бог уваскрэсіў Яго на трэці дзень; і даў Яму з’явіцца бачным —
Але Бог уваскрасіў Яго на трэці дзень і даў Яму аб’яўляцца,
і не ўсяму народу, а сведкам, якія былі загадзя выбраныя Богам, — нам, тым, якія елі і пілі з Ім пасля ўваскрэсення Яго з мёртвых;
ды не ўсяму народу, але сведкам, выбраным наперад Богам, нам, якія з Ім елі і пілі пасля таго, як Ён уваскрос з мёртвых.
і Ён загадаў нам прапаведаваць народу і засведчыць, што гэта Ён вызначаны Богам Суддзя жывых і мёртвых.
І Ён нам загадаў прапаведаваць народу і сведчыць, што Ён — Той, Які ўстаноўлены Богам за суддзю жывых і мёртвых.
Пра Яго ўсе прарокі сведчаць, што Яго імем кожны, хто верыць у Яго, атрымае дараванне грахоў.
І ўсе прарокі сведчаць аб тым, што кожны, хто верыць у Яго, атрымае адпушчэнне грахоў праз імя Яго».
Калі Пётр яшчэ казаў гэтыя словы, Святы Дух зышоў на ўсіх, што слухалі слова.
І калі Пётра яшчэ гаварыў гэта, Дух Святы сышоў на ўсіх, якія слухалі слова.
І вернікі з абрэзаных, якія прыйшлі з Пятром, уразіліся, што і на язычнікаў быў выліты дар Святога Духа;
Дык веруючыя з абрэзаных, што прыйшлі з Пётрам, былі надта здзіўлены, што дар Духа Святога выліты быў таксама на паганаў,
бо яны чулі, як тыя гавораць на розных мовах і ўзвялічваюць Бога. Тады адказаў Пётр:
бо чулі, што яны гавораць мовамі і славяць Бога. Тады азваўся Пётра:
Хіба можа хто-небудзь забараніць, каб не былі ахрышчаны вадою гэтыя людзі, якія атрымалі Святога Духа, як і мы?
«Хто можа адабраць ваду, каб не былі ахрышчаны, ў тых, якія атрымалі Духа Святога, як і мы?»
І ён загадаў, каб яны былі ахрышчаны ў імя Ісуса Хрыста. Тады яны папрасілі яго застацца [ў іх] на некалькі дзён.
І загадаў іх хрысціць у імя Ісуса Хрыста. Тады прасілі яго затрымацца некалькі дзён.