Дзеі 24 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Празь пяць дзён прыйшоў першасьвятар Ананія з старэйшынамі і зь нейкім прамоўцам Тэртулам, якія скардзіліся правіцелю на Паўла.
За пяць жа дзён прышоў найвышшы сьвятар Ананя із старцамі а зь якімсь прамоўцам Тэртулям, каторыя паведамілі вайводу праз Паўлу.
Калі ж яго паклікалі, Тэртул пачаў вінаваціць яго, кажучы:
Як яго пагукалі, Тэртуль пачаў вінаваць кажучы: «Шмат супакою адзержуем перазь цябе, і палепшаньні прыходзяць гэтаму народу ад твае абачлівасьці, —
заўсёды і ўсюды з падзякаю шчыраю прызнаём мы, што табе, глыбокашаноўны Феліксе, абавязаны мы вялікім мірам, і дбаньню твайму — добрым ладам гэтага народу.
Мы ў вусім і ўсюдых сардэчна прыймаем гэта, найдабрачэсьліўшы Хвэліксе, зь усёй падзякаю.
Але, каб дужа не дакучаць табе, прашу цябе выслухаць нас коратка з уласьцівай табе паблажлівасьцю.
Але каб лішне доўга не задзержаваць цябе, калі ласка, выслухай нас коратка із свае бачнасьці.
Мы лічым гэтага чалавека пошасьцю грамадзтва, падбухторшчыкам бунту сярод Юдэяў, якія жывуць на сьвеце, і правадніком Назарэйскай ерасі,
Бо, знайшоўшы, што гэты чалавек — болька, і падвучае да бунту ўсіх Жыдоў па сьвеце, і кіраўнік сэкты назарэцкае,
які адважыўся нават апаганіць храм, мы ўзялі яго і хацелі судзіць яго паводле нашага закона.
Каторы важыўся нават збудзеніць сьвятыню, мы яго нялі і судзілі подле права свайго;
Але тысячнік Лісій, прыйшоўшы, зь вялікім гвалтам забраў яго з рук нашых і паслаў да цябе,
Але тысячнік Ліс, прышоўшы, зь вялікім усілствам адабраў яго з рук нашых,
загадаўшы і нам, скаржнікам яго, ісьці да цябе; ты можаш сам, разабраўшыся, даведацца ад яго пра ўсё тое, у чым мы вінавацім яго.
Расказаўшы пазоўнікам прыйсьці да цябе. Ты можаш сам, выпытаўшы, даведацца напэўна, у чым мы яго вінуем».
І Юдэі пацьвердзілі, сказаўшы, што гэта так.
І Жыды таксама прылучыліся да жалабы, пацьвердзіўшы, што гэта было так.
А Павал, калі правіцель даў яму знак гаварыць, адказваў: ведаючы, што шмат гадоў справядліва судзіш народ гэты, я тым свабодней буду бараніць маю справу.
Але Паўла, як вайвода кіўнуў яму гукаць, адказаў: «Ведаючы, што даўгія гады ты быў судзьдзёю народу гэтага, я тым свабадней хачу бараніцца ў сваёй справе.
Ты можаш даведацца, што ня больш як дванаццаць дзён таму назад я прыйшоў у Ерусалім на пакланеньне;
І ты можаш балей даведацца, што адгэнуль, як я прышоў на паклон да Ерузаліму, няма больш за двананцаць дзён.
і ні ў сьвяцілішчы, ні ў сынагогах, ні ў горадзе яны ня бачылі, каб я з кім спрачаўся альбо падбухторваў людзей на бунт,
І не засьпелі яны мяне, каб я сьперачаўся зь кім, і ня зьбіраў я гурбы ані ў бажніцах, ані ў месьце;
і ня могуць даказаць таго, у чым цяпер вінавацяць мяне;
І ня могуць давесьці таго, у чым цяпер вінуюць мяне.
а ў тым прызнаюся табе, што паводле вучэньня, якое яны называюць ерасьсю, я сапраўды служу Богу бацькоў маіх, верачы напісанаму ў законе і прароках,
Але ў тым прызнаюся табе, што ў тэй Дарозе, каторую яны завуць сэктаю, я служу Богу айцоў сваіх, верачы ўсяму подле Закону і ўсяму ў прароках запісанаму,
маючы спадзяваньне на Бога, што будзе ўваскрэсеньне мёртвых, праведных і няправедных, чаго і самі яны чакаюць;
Маючы надзею ў Богу, што будзе ўскрысеньне справядлівых і несправядлівых, чаго й самы яны чакаюць.
так і сам дбаю заўсёды, каб мець беззаганнае сумленьне перад Богам і людзьмі;
Затым я таксама руплюся мець у вусім сумленьне беззаганнае перад Богам і людзьмі.
праз многа гадоў я прыйшоў, каб прынесьці міласьціну народу майму і ахвяры;
Па шмат гадох я прыбыў, прыносячы ўбожыну народу свайму й аброкі.
пры гэтым знайшлі мяне ачышчанага ў храме ня зь людзьмі і ня з бунтам;
Тады знайшлі мяне ачышчанага ў сьвятыні, ня з гурбаю ані замятнёю; але некаторыя Жыды з Азі,
а гэта былі некаторыя Асійскія Юдэі, якім варта было б стаць прад табою і зьвінаваціць мяне, калі што маюць супроць мяне;
Каторыя мелі б стаць перад табою і абвінаваць, калі маюць штось супроці мяне.
альбо хай гэтыя самі скажуць, якую знайшлі яны ўва мне няпраўду, калі я стаў перад сынедрыёнам,
Альбо няхай яны самы скажуць, што за бяспраўе знайшлі ў імне, як я стаяў перад сынэдрыёнам,
бадай што толькі тое адно слова, якое ўголас вымавіў я, стоячы сярод іх, што за вучэньне пра ўваскрэсеньне мёртвых судзіце вы сёньня мяне.
Хіба што да слова, каторае я гукнуў, стоячы памеж іх: "Я суджаны сядні вамі за ўскрысеньне зь мертвых".»
Выслухаўшы гэта, Фелікс адклаў іхнюю справу, дакладна даведаўшыся пра гэты шлях, сказаўшы: калі прыйдзе тысячнік Лісій, я выведаю ўсё пра гэта вучэньне.
І, выслухаўшы гэта, Хвэлікс адклаў ім, кажучы: «Каб праз гэту Дарогу дакладней даведацца, рассуджу вашу справу, як тысячнік Ліс прыедзе».
А Паўла загадаў сотніку вартаваць, але ня ўціскаць яго і не забараняць нікому зь яго блізкіх служыць яму альбо адведваць яго.
І расказаў сотніку сьцерагчы яго, і палягчыць яму, і не бараніць нікому із сваіх ягоных слугаваць яму і давядацца да яго.
Празь некалькі дзён Фелікс, прыйшоўшы з Друзілаю, жонкаю сваёю, Юдэйкаю, паклікаў Паўла, і слухаў яго пра веру ў Ісуса Хрыста.
За колькі дзён Хвэлікс, прыбыўшы з Друзілаю, жонкаю сваёй, каторая была Жыдзіца, паслаў па Паўлу і слухаў яго што да веры ў Хрыста.
І як той гаварыў пра праўду, пра ўстрымлівасьць і будучы суд, дык Фелікс вельмі перапалохаўся і адказваў: цяпер ідзі, а калі выберу час, паклічу цябе.
І як ён разважаў праз справядлівасьць а ўзьдзержлівасьць а будучы суд, Хвэлікс, зьлякаўшыся, адказаў: «Цяпер ідзі, у дагодным часе пашлю па цябе».
Пры гэтым спадзяваўся ён, што Павал дасьць яму грошай, каб адпусьціў яго: таму часта яго выклікаў і гутарыў зь ім.
У тым самым часе ён спадзяваўся, што Паўла дасьць яму грошы; затым пасылаў па яго часьцей і гутарыў зь ім.
але праз два гады на Феліксава месца заступіў Порцый Фэст; хочучы дагадзіць Юдэям, Фелікс пакінуў Паўла ў кайданах.
Як мінулі два гады, наступнікам Хвэліксавым стаў Порц Фэст. Хочучы дагадзіць Жыдом, Хвэлікс пакінуў Паўлу ў вязьніцы.