Дзеі 5 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

А адзін чалавек, якога звалі Ананія, з жонкаю сваёю Сапфіраю, прадаўшы маёмасьць,
 
Але якісь муж, імям Ананя, із жонкаю сваёй Сапфіраю, прадаўшы двор,

прыхаваў з цаны, зь ведама жонкі сваёй, а пэўную частку прынёс і паклаў да ног апосталаў.
 
Прысабечыў з цаны зь ведзі й жонкі свае, а некатрую часьць прынёс і паклаў ля ног апостальскіх.

Але Пётр сказаў: Ананія! навошта ты дазволіў сатане ўкласьці ў сэрца тваё думку сказаць няпраўду Духу Сьвятому і ўтоіць з цаны за зямлю?
 
Пётра ж сказаў: «Ананя, чаму шайтан напоўніў сэрца твае, каб ты зманіў Духу Сьвятому й прысабечыў з цаны зямлі?

Чым ты валодаў, ці ж не тваё было, і набытае з продажу ці ж не ў тваім валоданьні было? навошта ж паклаў ты гэта ў сэрцы тваім? ты няпраўду сказаў ня людзям, а Богу.
 
Ціж тое, што ты меў, не твае было, і праданае ці не заставалася ў тваёй уладзе? Чаму ты паклаў гэту справу ў сэрцу сваім? Ты зманіў ня людзём, але Богу».

Пачуўшы гэтыя словы, Ананія ўпаў бяз духу; і вялікі страх ахапіў усіх, хто чуў гэта.
 
Пачуўшы гэтыя словы, Ананя паў і сканаў; і жах працяў усіх, што чулі гэта.

І ўстаўшы, юнакі падрыхтавалі яго да пахаваньня і вынесьлі і пахавалі.
 
І, устаўшы, маладзёны завярцелі яго да пахову і, вынесшы, пахавалі.

Гадзіны праз тры пасьля гэтага ўвайшла і жонка ягоная, ня ведаючы, што сталася.
 
І сталася ў прамежку трох гадзінаў, што ўвыйшла жонка ягоная, ня ведаючы, што прыгадзілася.

А Пётр спытаўся ў яе: скажы мне, ці за столькі прадалі вы зямлю? Яна сказала: так, за столькі.
 
Пётра ж папытаўся ў яе: «Скажы імне, ці за толькі прадалі вы зямлю?» Яна сказала: «Але, за толькі».

Але Пётр сказаў ёй: навошта змовіліся вы спакусіць Духа Гасподняга? Вось, каля дзьвярэй ногі тых, што пахавалі мужа твайго; і цябе вынесуць.
 
Пётра ж сказаў ёй: «Што гэта згадзіліся вы спакусіць Духа Спадаровага? вось, ногі тых, што пахавалі мужа твайго, ля дзьвярэй; і цябе вынясуць».

Раптам яна ўпала каля ног ягоных і выпусьціла дух, і юнакі, увайшоўшы, знайшлі яе мёртвую, вынесьлі і пахавалі каля мужа ейнага.
 
І якга яна пала й сканала. І маладзёны, увыйшоўшы, знайшлі яе мертвую, і, вынесшы, пахавалі ля мужа ейнага.

І вялікі страх агарнуў усю царкву і ўсіх, што чулі гэта.
 
І вялікі страх працяў усю царкву і ўсіх, што чулі гэта.

А рукамі апосталаў учыняліся ў народзе многія азнакі і цуды; і ўсе аднадушна заставаліся ў прытворы Саламонавым;
 
Рукамі ж апосталаў дзеялася памеж люду шмат знакоў а чудосаў; і ўсі згодна бывалі на ґанку Салямонавым.

і ніхто староньні не адважваўся падступіцца да іх, а людзі славілі іх.
 
Зь іншых жа ніхто ня важыўся прытачацца да іх, а люд ўзьвялічаў іх.

А вернікаў болей і болей далучалася да Госпада, мноства мужчын і жанчын,
 
Вернікаў жа балей а балей прылучалася да Спадара, множасьць мужчынаў і жанок;

так што выносілі хворых на вуліцы і клалі на пасьцелях і ложках, каб хоць цень Пятра, калі ён праходзіў, асяніў каго зь іх.
 
Так што выносілі хворых на вуліцы й клалі на пасьцелях а ложках, каб прынамся сьцень Пётраў, як ён праходзіў, кідаўся на некатрых ізь іх.

Сыходзіліся таксама ў Ерусалім многія з навакольных гарадоў, нясучы хворых і нячыстымі духамі апантаных, і ацаляліся ўсе.
 
І шмат таксама з акалічных местаў зыходзіліся да Ерузаліму, нясучы хворых і нячыстымі духамі апанаваных, каторыя былі ўсі ўздараўляны.

А першасьвятар і зь ім усе, сутная ерась садукейская, напоўніліся зайздрасьцю,
 
А найвышшы сьвятар паўстаў і ўсі зь ім, каторыя сэкты садукейскае, напоўніліся завідасьцяй,

і наклалі рукі свае на апосталаў, і ўвязьнілі іх у грамадзкую цямніцу.
 
І наклалі рукі на апосталаў, і пасадзілі іх да грамадзкое вязьніцы.

Але анёл Гасподні ўначы адчыніў дзьверы цямніцы і, вывеўшы іх, сказаў:
 
Але ангіл Спадароў адчыніў ночы дзьверы вязьніцы і, вывеўшы іх, сказаў:

ідзеце і, стаўшы, кажэце ў царкве люду ўсе гэтыя словы жыцьця.
 
«Ідзіце і, стаўшы ў сьвятыні, кажыце люду ўсі словы жыцьця гэтага».

Яны, паслухаўшыся, увайшлі раніцай у царкву, і вучылі. Тым часам першасьвятар і хто зь ім, прыйшоўшы, склікалі сынедрыён і ўсіх старэйшын з сыноў Ізраілевых, і паслалі ў цямніцу прывесьці апосталаў.
 
Яны ж, выслухаўшы гэта, увыйшлі вельмі рана ў сьвятыню й навучалі. Найвышшы ж сьвятар і тыя, што былі зь ім, прышоўшы, згукалі раду а ўвесь сынэдрыён із сыноў ізраельскіх і паслалі да вязьніцы прывесьці іх.

Але служкі, калі прыйшлі, не знайшлі іх у цямніцы і вярнуўшыся данесьлі,
 
Як жа паслугачыя прышлі, не знайшлі іх у вязьніцы і, зьвярнуўшыся, здалі лічбу,

кажучы: цямніцу мы знайшлі замкнутую з усёй перасьцярогаю і вартаю, якая стаяла каля дзьвярэй; але, калі адчынілі, не знайшлі ў ёй нікога.
 
Кажучы: «Мы знайшлі вязьніцу замкнёную з усёй абачлівасьцяй і вартаўнікоў стаячых ля дзьвярэй; але, адчыніўшы, не знайшлі ў ёй нікога».

Калі пачулі гэтыя словы першасьвятар, начальнік варты і астатнія першасьвятары, не разумелі, што б гэта азначала.
 
Як пачулі словы гэтыя сьвятар а вартаўнічы сьвятыні а найвышшыя сьвятары, былі ў клопатным парушэньню што да тога, як гэта магло стацца.

А нехта прыйшоў і данёс ім, кажучы: вось, мужы, якіх вы ўвязьнілі ў цямніцу, стаяць у царкве і вучаць людзей.
 
І хтось, прышоўшы, наказаў ім: «Гля, людзі, каторых вы пасадзілі ў вязьніцу, ёсьць у сьвятыні, стаяць і навучаюць люд».

Тады начальнік варты пайшоў са служкамі і прывёў іх бяз прымусу, бо баяліся людзей, каб не пабілі іх камянямі;
 
Тады вартаўнічы, пайшоўшы з паслугачымі, прывёў іх, але бяз прынукі, бо баяліся люду, каб ня быць укаменаванымі.

а прывёўшы іх, паставілі ў сынедрыёне; і спытаўся ў іх першасьвятар, кажучы:
 
І прывёўшы іх, паставілі іх у сынэдрыёне. І пытаўся ў іх найвышшы сьвятар,

ці не забаранілі мы вам строга вучыць у імя гэтае? І вось вы напоўнілі Ерусалім вучэньнем вашым, і хочаце навесьці на нас кроў Таго Чалавека.
 
Кажучы: «Ці ня стродка мы забаранілі вам навучаць у імя гэта? і вось, вы напоўнілі Ерузалім вашай навукаю і маніцеся навесьці на нас кроў Гэтага Чалавека».

А Пётр і апосталы ў адказ сказалі: трэба слухацца болей Бога, чым людзей;
 
Адказуючы ж, Пётра а апосталы сказалі: «Валей належа слухаць Бога, чымся людзёў.

Бог бацькоў нашых уваскрэсіў Ісуса, Якога вы забілі, павесіўшы на дрэве.
 
Бог айцоў нашых ускрысіў Ісуса, Каторага вы забілі, засіліўшы на дзерве.

Яго Бог узвысіў правіцаю Сваёю ў Пачынальніка і Збаўцу, каб даць Ізраілю пакаяньне і дараваньне грахоў;
 
Яго Бог вывышыў правіцаю Сваёй як начэльніка а Спаса, каб даць Ізраелю каяту й дараваньне грахоў.

Сьведкі Яму ў гэтым мы і Дух Сьвяты, Якога Бог даў тым, хто паслухмяны Яму.
 
І мы сьветкі гэтага, а таксама Дух Сьвяты, Каторага Бог даў тым, што слухаюць Яго».

Чуючы гэта, яны расьпіраліся ад гневу і намышлялі забіць іх.
 
Яны ж, пачуўшы гэта, надта зазлаваліся й маніліся забіць іх.

Устаўшы ў сынедрыёне, адзін фарысэй, якога звалі Гамалііл, законатлумач, паважаны ўсім народам, загадаў вывесьці апосталаў на кароткі час,
 
Тады ўстаў у радзе адзін фарысэй, імям Ґамаліель, вучыцель права, паважаны ўсім людам, і расказаў вывесьці людзёў на часінку,

а ім сказаў: мужы Ізраільскія! падумайце самі сабе пра людзей гэтых, што вам зь імі рабіць.
 
А ім сказаў: «Мужы ізраельскія, разважча самы із сабою што да людзёў гэтых, што вы маніцеся зь імі рабіць.

Бо незадоўга да гэтага прыйшоў Фэўда, выдаючы сябе за кагосьці вялікага, і да яго прыстала каля чатырохсот чалавек; але ён быў забіты, і ўсе, што слухаліся яго, расьсеяліся і зьніклі,
 
Бо перад гэтымі днямі паўстаў Феўда, кажучы празь сябе, што ён штось, да каторага прылучылася каля чатырыста чалавекау; але ён быў забіты, і ўсі, колькі слухала яго, рассыпаліся й абярнуліся ў нішто.

пасьля яго ў час перапісу зьявіўся Юда Галілеянін і павёў за сабою даволі многа людзей; але ён загінуў, і ўсе, што слухаліся яго, рассыпаліся;
 
ІІросьле яго ў часе сьпісаньня паўстаў Юда Ґалілеянін і пацягнуў люд за сабою; але ён загінуў, і ўсі, колькі слухала яго, рассыпаліся.

і сёньня, кажу вам, адступецеся ад людзей гэтых і пакіньце іх; бо калі гэтае пачынаньне і гэтая дзея — ад людзей, дык яно разбурыцца,
 
І цяпер кажу вам: адлезьце ад гэтых людзёў і пакіньце іх, бо калі рада гэтая альбо справа гэтая ад людзёў, яна зьнішчыцца;

а калі ад Бога, дык вы ня можаце разбурыць яго; сьцеражэцеся, каб вам ня стацца і богапраціўцамі.
 
А калі ад Бога, вы ня зможаце зьнішчыць яе; каб і вам не апынуцца ходаньнікамі з Богам».

Яны паслухаліся яго і, паклікаўшы апосталаў, білі іх і, забараніўшы ім гаварыць пра імя Ісуса, адпусьцілі іх.
 
І яны паслухалі рады ягонае, і, пагукаўшы апосталаў, набілі іх, і забаранілі ім гукаць у імя Ісусава, і адпусьцілі іх.

А яны пайшлі з сынедрыёна, радыя, што за імя Госпада Ісуса мелі гонар прыняць зьнявагу;
 
Яны ж пайшлі із сынэдрыёну, цешачыся, што былі гожыя быць паганбены за гэта імя.

і кожны дзень у царкве і па дамах не пераставалі вучыць і зьвеставаць пра Ісуса Хрыста.
 
І кажнага дня ў сьвятыні і з дому да дому не пераставалі навучаць а агалашаць дабравесьць, што Ісус — Хрыстос.