Дзеі 26 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Агрыпа сказаў Паўлу: дазваляецца табе гаварыць за сябе. Тады Павал, прасьцёршы руку, пачаў гаварыць у сваю абарону:
І Аґрыпа сказаў Паўлу: «Дазволена тэ гукаць за сябе». Тады Паўла, выцягнуўшы руку сваю, адказаў на сваю абарону:
цару Агрыпе! лічу сябе шчасьлівым, што сёньня магу бараніцца перад табою ва ўсім, у чым вінавацяць мяне Юдэі,
«Каролю Аґрыпа, маю за шчасьце, што сядні магу бараніцца перад табою што да ўсяго, у чым мяне вінуюць Жыды,
тым болей, што ты ведаеш усе звычаі і спрэчныя думкі Юдеяў. Таму прашу цябе выслухаць мяне шчырадушна.
Асабліва затым, што ты ведамец усіх звычаёў а справаў сярод Жыдоў. Затым прашу цябе выслухаць мяне цярпліва.
Жыцьцё маё зь юнацтва майго, якое спачатку праводзіў я сярод народу майго ў Ерусаліме, ведаюць усе Юдэі;
Парадак жыцьця майго, каторае спачатку я праводзіў сярод народу свайго ў Ерузаліме, ад маладосьці ведамны ўсім Жыдом;
яны здаўна ведаюць пра мяне, калі захочуць засьведчыць, што я жыў фарысэем паводле найстражэйшага ў нашым веравызнаньні вучэньня.
Яны здаўна ведаюць празь мяне, калі захочуць сьветчыць, што я жыў фарысэям, подле найстродшае сэкты ў нашай веры.
І сёньня я стаю перад судом за надзею на абяцаньне, дадзенае ад Бога нашым бацькам,
І цяпер я стаю перад судам за спадзеву абятніцы, данае Богам айцом нашым,
выкананьне якога спадзяюцца пабачыць нашыя дванаццаць родаў, рупліва служачы Богу дзень і ноч: за гэтую вось надзею, цару Агрыпе, вінавацяць мяне Юдэі.
Каторай ужыцьцяўленьне спадзяюцца абачыць нашы двананцаць плямёнаў, шчыра служачы Богу дзень і ноч. Вось за гэтую спадзеву, каролю Аґрыпа, вінуюць мяне Жыды.
Што ж? Няўжо вы за неверагоднае ўважаеце, што Бог уваскрашае мёртвых?
Чаму вы ўважаеце за непраўдападобнае ў вашых ачох, што Бог ускрышае мертвых?
Праўда, і я быў думаў, што мне трэба шмат дзейнічаць супраць імя Ісуса Назарэя;
Праўда, і я думаў, што маю шмат дзеяць супроці імені Ісуса Назарэцкага.
гэта я і рабіў у Ерусаліме; атрымаўшы ўладу ад першасьвятароў, я многіх сьвятых замыкаў у цямніцу і, калі забівалі іх, я падаваў за тое свой голас;
Гэта я й рабіў у Ерузаліме: адзяржаўшы ўладу ад найвышшых сьвятароў, я шмат сьвятых замыкаў у вязьніцы і, як забівалі іх, я даваў свой голас.
і ва ўсіх сынагогах я шмат разоў мучыў іх і прымушаў зьневажаць Ісуса і, бязь меры лютуючы супраць іх, прасьледаваў нават і ў чужых гарадах.
І па ўсіх бажніцах я шмат разоў мучыў іх і сіліў блявузґаць; і, у надзвычайнай на іх злосьці, перасьледаваў нават і ў навонных местах.
Дзеля гэтага ідучы ў Дамаск з уладаю і даручэньнем ад першасьвятароў,
Дзеля гэтага йдучы да Дамашку з уладаю а паручэньням ад найвышшых сьвятароў,
сярод белага дня на дарозе я ўбачыў, цару, зь неба сьвятло, большае за сонечнае зьзяньне, якое азарыла мяне і ўсіх, што ішлі са мною.
Серадня на дарозе я абачыў, каролю, зь неба сьвятліню, ясьнейшую за зьзяньне сонечнае, каторая засьвяціла навокал мяне й тых, што йшлі з імною.
Усе мы ўпалі на зямлю, і я пачуў голас, які гаварыў мне па-Габрэйску: Саўле! Саўле! што ты гоніш Мяне? цяжка табе ісьці супраць ражна.
І, як усі мы палі на зямлю, я пачуў голас, што казаў імне гэбрэйскай моваю: "Саўле, Саўле, чаму перасьлядуеш ты Мяне? цяжка табе йсьці супроці восьцяў",
Я сказаў: хто Ты, Госпадзе? Ён сказаў: я Ісус, Якога ты гоніш.
А я сказаў: "Хто ты Спадару?" А Спадар сказаў: "Я Ісус, Каторага ты перасьлядуеш.
Але ўстань і стань на ногі твае; бо Я на тое і зьявіўся табе, каб паставіць цябе слугою і сьведкам таго, што ты бачыў і што я адкрыю табе,
Але ўстань і стань на ногі свае, бо Я на тое зьявіўся табе, каб прызначыць цябе за слугу а сьветку таго, што ты бачыў і што Я аб’яўлю табе,
вызваляючы цябе ад народу Юдэйскага і язычнікаў, да якіх Я цяпер пасылаю цябе
Выбаўляючы цябе зь люду гэтага і з народаў, да каторых пасылаю цябе,
адкрыць вочы ім, каб яны навярнуліся зь цемры ў сьвятло і ад улады сатаны да Бога, і празь веру ў Мяне атрымалі дараваньне грахоў і долю з асьвечанымі.
Адчыніць вочы ім, каб яны абярнуліся ад цемні да сьвятліні і ад улады шайтана да Бога, каб вераю ў Мяне адзяржалі дараваньне грахоў і дзель із пасьвячанымі".
Таму, цару Агрыпе, я не супрацівіўся нябеснай уяве,
Затым, каролю Арыпа, я ня быў непаслухмены гэтай нябёснай відзені;
а спачатку жыхарам Дамаска і Ерусаліма, потым усёй зямлі Юдэйскай і язычнікам прапаведаваў, каб яны пакаяліся і навярнуліся да Бога, учыняючы дзеі, вартыя пакаяньня.
Але сьпярша жыхарам Дамашку а таксама Ерузаліму, адлі ўсяму краю Юдэйскаму а народам абяшчаў, каб каяліся й навярнуліся да Бога, робячы ўчынкі гожыя каяты.
За гэта схапілі мяне Юдэі ў храме і спрабавалі разарваць.
За гэта Жыды, няўшы мяне ў сьвятыні, спрабавалі забіць мяне.
Але, атрымаўшы дапамогу ад Бога, я да сёньня стаю, сьведчачы малому і вялікаму, нічога ня кажучы, акрамя таго, пра што прарокі і Майсей казалі, што гэта будзе,
Але, адзяржаўшы помач ад Бога, яшчэ дагэтуль стаю, сьветчачы малым і вялікім, ня кажучы нічога іншага, як тое, што мела стацца, казанае прарокамі а Масеям,
гэта значыцца, што Хрыстос меў адпакутаваць і, паўстаўшы першы зь мёртвых, абвясьціць сьвятло народу Юдэйскаму і язычнікам.
Што меў Хрыстос цярпець і, першы ўскрэшшы зь мертвых, абясьціць сьвятліню люду і народам».
Калі ён так бараніўся, Фест гучным голасам сказаў: шалееш ты, Паўле! вялікая вучонасьць даводзіць цябе да вар’яцтва.
І, як ён адказаў на абарону сваю ад усяго, Фэст кажа вялікім голасам: «Шалееш ты, Паўле! шмат навукі да шалу прыводзе цябе».
Не, глыбокашаноўны Фесьце, сказаў ён, я не шалею, а кажу словы ісьціны і здаровага сэнсу:
Але Паўла сказаў: «Я не шалёны, найпачэсьліўшы Фэеьце, але выказую словы праўды а здаровага розуму;
бо ведае пра гэта цар, перад якім і гавару сьмела; я зусім ня веру, каб ад яго было што-небудзь з гэтага ўтоена; бо гэта не ў закутку адбывалася;
Бо ведае праз гэта кароль, перад каторым свабодна гукаю; бо я пераканаўшыся, што ад яго нічога з гэтага не схавана, бо ня ў куце гэта дзеялася.
ці верыш, цару Агрыпе, прарокам? Ведаю, што верыш.
Ці верыш ты, каролю Аґрыпа, прарокам? ведаю, што верыш».
Агрыпа сказаў Паўлу: ты мала што не ўгаворваеш мяне зрабіцца хрысьціянінам.
Тады Аґрыпа сказаў Паўлу: «За малым ты не пераканаў мяне стаць хрысьцянінам».
Павал сказаў: маліў бы я Бога, каб хай меней, хай болей, ня толькі ты, а і ўсе, хто слухае мяне сёньня, зрабіліся такімі, як я, але бяз гэтых кайданаў.
А Паўла сказаў: «Маліў бы я Бога, каб ці мала, ці шмат, не адно ты, але ўсі, што слухаюць мяне сядні, сталі такімі, як Я, з выняткам гэтых залезаў».
Калі ён сказаў гэта, цар і правіцель, Вэрэніка і, хто зь імі сядзеў, усталі
І ўстаў кароль, і вайвода, і Верніка, і тыя, што сядзелі зь імі;
і, адышоўшыся ўбок, казалі паміж сабою, што гэты чалавек нічога вартага сьмерці альбо кайданаў ня чыніць.
І, адышоўшы, яны гукалі мяжсобку, кажучы: «Гэты чалавек нічога гожага сьмерці альбо зялезаў не зрабіў».
І сказаў Агрыпа Фесту: можна было б вызваліць гэтага чалавека, калі б ён не дамагаўся суду ў кесара. Таму і рашыўся правіцель паслаць яго да кесара.
І сказаў Аґрыпа Фэсту: «Гэты чалавек мог бы быць звольнены, калі б ён не адазваўся да цэсара».