Дзеі 6 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Тымі днямі, калі намножылася вучняў, пачалі Эліністы наракаць на Габрэяў за тое, што ўдовы іхнія занядбаныя ў штодзённай раздачы міласьціны.
І тых дзён, як павялічыўся лік вучанікаў, пачалося нараканьне Гэленістых на Гэбрэістых, што ўдовы іхныя занядбаны ў штадзеннай паслузе.
Тады дванаццаць апосталаў, паклікаўшы многа вучняў, сказалі: нягожа нам, занядбаўшы слова Божае, рупіцца пра застольлі.
Тады двананцацёх, згукаўшы множасьць вучанікаў, сказалі: «Ня добра, каб мы, пакінуўшы слова Божае, служылі сталом.
Дык вось, браты, выберыце спаміж сябе сем мужоў абазнаных, напоўненых Сьвятым Духам і мудрасьцю; іх паставім на гэтую службу;
Дык, браты, нагледзьце з памеж сябе сямёх добрае славы, поўных Духа а мудрасьці, каторых пастановім на гэты занятак,
а мы ўвесь час будзем у малітве і ў служэньні словам.
А самы аддамося бязупынку малітве а службе слова».
І спадабалася гэтая прапанова ўсёй грамадзе; і выбралі Сьцяпана, мужа, поўнага веры і Духа Сьвятога, і Піліпа, і Прохара і Міканора, і Цімона і Пармена, і Мікалая Антыахійца, навернутага зь язычнікаў;
І ўпадабала гэтае слова ўся множасьць; і абралі Сьцепана, мужа поўнага веры а Духа Сьвятога, а Піліпа а Прахора а Міканора а Тымона а Пармена а Міколу, нова-наверненага з Антыёхі,
іх паставілі перад апосталамі, і яны, памаліўшыся, усклалі на іх рукі;
Каторых пастанавілі перад апосталамі; і, памаліўшыся, яны ўзлажылі рукі на іх.
і слова Божае расло, і лік вучняў даволі памнажаўся ў Ерусаліме; і зь сьвятароў вельмі многія ўпакорыліся веры.
І слова Божае расло, і лік вучанікаў вельма мнажыўся ў Ерузаліме, і вялікі груд сьвятароў быў паслухмены веры.
А Сьцяпан, поўны веры і сілы, учыняў вялікія цуды і азнакі ў народзе.
І Сьцяпан, поўны ласкі а моцы, чыніў чудосы а вялікія знакі памеж люду.
Некаторыя з так званае сынагогі Лібертынцаў і Кірынейцаў і Александрыйцаў і некаторыя з Кілікіі і Асіі ўступілі ў спрэчку са Сьцяпанам;
І паўсталі некатрыя з бажніцы, званай бажніцаю Свабодных а Кірынейцаў, і Александрыцых, і тыя зь Кілікі а Азі, сьперачаючыся ізь Сьцепаном;
але не маглі ўстояць супраць мудрасьці і Духу, Якім ён прамаўляў.
Але не маглі ўстоіць супроці мудрасьці а Духу, Каторым гукаў.
Тады падбухторылі яны некаторых сказаць: мы чулі, як ён казаў блюзьнерчыя словы на Майсея і на Бога.
Тады яны падвучылі некатрых, каторыя сказалі: «Мы чулі, што ён гукаў блявузґальныя словы на Масея а Бога».
І ўзбурылі люд і старэйшын і кніжнікаў і напаўшы схапілі яго і павялі ў сынедрыён,
І паднялі люд а старцоў а кніжнікаў, і, напаўшы, схапілі яго й павялі да сынэдрыёну.
і паставілі ілжывых сьведкаў, якія казалі: гэты чалавек не перастае гаварыць блюзьнерчыя словы на сьвятое месца гэтае і на закон;
І пастанавілі хвальшывыя сьветкі, каторыя казалі: І«Гэты чалавек не перастаець гукаць на сьвятое месца а на Права;
бо мы чулі, як ён казаў, што той Ісус Назарэй зруйнуе месца гэтае і зьменіць звычаі, якія перадаў нам Майсей.
Бо мы чулі, як ён казаў, што гэты Ісус Назарэцянін зьнішча гэтае месца і зьмене абычаі, каторыя Масей перадаў нам».
І ўсе, хто сядзеў у сынедрыёне, гледзячы на яго, бачылі аблічча ягонае, як аблічча анёла.
І ўсі, што сядзелі ў сынэдрыёне, уцеміўшыся ў яго, бачылі від ягоны, як від ангіла.