Дзеі 6 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Тымі днямі, калі намножылася вучняў, пачалі Эліністы наракаць на Габрэяў за тое, што ўдовы іхнія занядбаныя ў штодзённай раздачы міласьціны.
 
А ў гэтыя дні, калі памножылася вучняў, сталася нараканьне Эліністаў на Гебраяў, што ў штодзённым служэньні занядбоўваюцца ўдовы іхнія.

Тады дванаццаць апосталаў, паклікаўшы многа вучняў, сказалі: нягожа нам, занядбаўшы слова Божае, рупіцца пра застольлі.
 
Дванаццаць жа, паклікаўшы мноства вучняў, сказалі: «Ня гожа нам, пакінуўшы слова Божае, служыць пры сталах.

Дык вось, браты, выберыце спаміж сябе сем мужоў абазнаных, напоўненых Сьвятым Духам і мудрасьцю; іх паставім на гэтую службу;
 
Дык нагледзьце спасярод вас, браты, сем засьведчаных мужоў, поўных Духа Сьвятога і мудрасьці, якіх мы паставім на гэтую патрэбу,

а мы ўвесь час будзем у малітве і ў служэньні словам.
 
а мы будзем трываць у малітве і служэньні слова».

І спадабалася гэтая прапанова ўсёй грамадзе; і выбралі Сьцяпана, мужа, поўнага веры і Духа Сьвятога, і Піліпа, і Прохара і Міканора, і Цімона і Пармена, і Мікалая Антыахійца, навернутага зь язычнікаў;
 
І спадабалася слова гэтае перад абліччам усяго мноства, і выбралі Стэфана, мужа, поўнага веры і Духа Сьвятога, і Філіпа, і Прохара, і Ніканора, і Тымона, і Пармэна, і Мікалая Антыяхійца, празэліта.

іх паставілі перад апосталамі, і яны, памаліўшыся, усклалі на іх рукі;
 
Іх паставілі перад апосталамі; і яны, памаліўшыся, усклалі на іх рукі.

і слова Божае расло, і лік вучняў даволі памнажаўся ў Ерусаліме; і зь сьвятароў вельмі многія ўпакорыліся веры.
 
І слова Божае расло, і вучні ў Ерусаліме вельмі множыліся лікам, і вялікая колькасьць сьвятароў паслухаліся веры.

А Сьцяпан, поўны веры і сілы, учыняў вялікія цуды і азнакі ў народзе.
 
А Стэфан, поўны веры і сілы, чыніў цуды і знакі вялікія ў народзе.

Некаторыя з так званае сынагогі Лібертынцаў і Кірынейцаў і Александрыйцаў і некаторыя з Кілікіі і Асіі ўступілі ў спрэчку са Сьцяпанам;
 
Паўсталі ж некаторыя з сынагогі, называнай Лібэртынскай, і Кірэнэйскай, і Александрыйскай, і тых, што з Кілікіі і Азіі, спрачаючыся са Стэфанам,

але не маглі ўстояць супраць мудрасьці і Духу, Якім ён прамаўляў.
 
і ня здолелі супрацьстаць мудрасьці і Духу, Якім ён гаварыў.

Тады падбухторылі яны некаторых сказаць: мы чулі, як ён казаў блюзьнерчыя словы на Майсея і на Бога.
 
Тады падбілі мужоў сказаць: «Мы чулі яго, як гаварыў словы блюзьнерскія на Майсея і Бога».

І ўзбурылі люд і старэйшын і кніжнікаў і напаўшы схапілі яго і павялі ў сынедрыён,
 
І падбухторылі народ, і старшыняў, і кніжнікаў, і, стаўшы, схапілі яго, і прывялі ў сынэдрыён.

і паставілі ілжывых сьведкаў, якія казалі: гэты чалавек не перастае гаварыць блюзьнерчыя словы на сьвятое месца гэтае і на закон;
 
І паставілі яны хлусьлівых сьведкаў, якія казалі: «Гэты чалавек не перастае гаварыць словы блюзьнерскія супраць гэтага сьвятога месца і супраць Закону,

бо мы чулі, як ён казаў, што той Ісус Назарэй зруйнуе месца гэтае і зьменіць звычаі, якія перадаў нам Майсей.
 
бо мы чулі, як ён казаў, што Ісус з Назарэту зруйнуе месца гэтае і зьменіць звычаі, якія перадаў нам Майсей».

І ўсе, хто сядзеў у сынедрыёне, гледзячы на яго, бачылі аблічча ягонае, як аблічча анёла.
 
І ўсе тыя, што сядзелі ў сынэдрыёне, углядаючыся на яго, бачылі аблічча ягонае, нібыта аблічча анёла.