Дзеі 27 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
А калі пастанавілі нам плысьці ў Італію, дык перадалі Паўла і некаторых іншых вязьняў сотніку Аўгуставай кагорты, якога звалі Юліем.
Як пастаноўлена было плысьці нам да Італі, перадалі Паўлу й некатрых іншых вязьняў сотніку палку Аўґуставага, наймя Юль.
Мы ўзышлі на Адраміцкі карабель і выправіліся, маючы плысьці каля Асійскіх мясьцінаў; з намі быў Арыстарх, Македонец зь Фесалонікі.
Тады, узышоўшы на караб адраміцкі, каб плысьці ля местаў аскіх, мы паплылі. З намі быў Арыстарх Македонянін із Салуня.
На другі дзень прысталі да Сідона; Юлій, абыходзячыся з Паўлам чалавекалюбна, дазволіў яму схадзіць да сяброў і скарыстацца іх дбаньнем.
Назаўтрае прыбылі да Сыдону. Юль жа абходзіўся з Паўлам добра і дазваляў яму хадзіць да прыяцеляў, каб апекаваліся ім.
Выправіўшыся адтуль, мы прыплылі да Кіпра, з прычыны супраціўных вятроў,
І, выплыўшы стуль, плылі ля Кіпры, бо вятры былі праціўныя.
і, пераплыўшы мора насупраць Кілікіі і Памфіліі, прыбылі ў Міры Лікійскія.
І, пераплыўшы мора супроці Кілікі а Памфілі, прыбылі да Міры Ліцкае.
Там сотнік знайшоў Александрыйскі карабель, які плыў у Італію, і пасадзіў нас на яго.
Там сотнік знайшоў караб аляксандрыскі, што плыў да Італі, і пасадзіў нас на яго.
Павольна плывучы многа дзён і, ледзь параўняўшыся з Кнідам, з прычыны неспрыяльнага нам ветру, мы падплылі да Крыта каля Саломы;
І памалу плывучы шмат дзён, і ледзь даплыўшы супроці Кніда — вятры ня прыялі нам — мы даплылі аж да Крыту ля Сальмона.
і, ледзь зь цяжкасьцю мінуўшы яго, прыбылі да адной мясьціны, якая называлася Добрыя Прыстані, паблізу якое быў горад Ласея.
І, плывучы зь цяжкасьцяй міма яго, прыбылі на адно месца, званае Добрая Прыстань, ад каторае было блізка места Лясэя.
Але як мінула багата часу, і плаваньне было ўжо небясьпечнае, бо і пост ужо мінуўся, дык Павал раіў,
І мінула шмат часу, і плаўба была ўжо небясьпечная, бо й пост ужо мінуў, дык Паўла радзіў,
кажучы ім: мужы! бачу я, што плаваньне будзе цяжкае і зь вялікай шкодаю ня толькі грузу і караблю, але і нашаму жыцьцю.
Кажучы ім: «Мужы, я бачу, што плаўба будзе із шкодаю а зь вялікаю стратаю ня толькі накладу а караблю, але таксама нашаму жыцьцю».
Але сотнік больш давяраўся стырніку і гаспадару карабля, чым Паўлавым словам.
Сотнік, адылі, валей верыў штырніку а собсьніку карабля, чымся сказанаму Паўлам.
А як што прыстань была няпрыдатная пад зімаваньне, дык многія радзілі плысьці адтуль, каб, калі можна, дайсьці да Фініка, прыстані Крыцкае, што насупраць паўднёва-заходняга і паўночна-заходняга ветру, і там зазімаваць.
А як Прыстань ня была прытарнавана да зімаваньня, бальшыня радзіла плысьці стуль, каб, калі магчыма, як-колечы дасягчы Фэніку Крыцкага, ськіраванага на паўночны ўсход і паўднявы ўсход, і перазімаваць.
Павеяў паўднёвы вецер, і яны, падумаўшы, што ўжо дасягнулі жаданага, выправіліся і паплылі паблізу Крыта.
А як лагодна павеяў паўднявы вецер, думалі, што дасяглі мэты, паднялі калатоўку й паплылі ўздоўж Крыту, блізка берагу.
Але неўзабаве падняўся на іх вецер бурны, які называецца эўраклідон.
Але неўзабаве ўдырыў у яго гураґан, званы эўроклідон.
Карабель падхапіла, так што ён ня мог супрацівіцца ветру, і мы насіліся, аддаўшыся хвалям.
І як караб схапіла, ён ня мог працівіцца ветру, і мы аддаліся яму й панесьліся.
І, набегшы на адну выспачку, якая называецца Клаўдай, мы ледзьве маглі ўтрымаць лодку;
І, набегшы зь ветрам на абточак, званы Кляўда, мы ледзь маглі кіраваць, каб удзяржаць лодку;
падняўшы яе, пачалі шукаць дапаможнага сродку і абвязваць карабель; баючыся, каб ня сесьці на мялізну, спусьцілі ветразь і так насіліся.
Сьцягнуўшы яе, ужывалі сяродкаў абвязаваць караб; тады, баючыся, каб не набегчы на Сырт, спусьцілі ветразі і гэтак насіліся.
На другі дзень, з прычыны вялікае буры, пачалі выкідваць груз.
І, як бура нас кідала, назаўтрае выкідаґлі наклад.
а на трэйці мы сваімі рукамі павыкідалі з карабля рэчы.
А пазаўтра сваімі рукамі выкідалі карабельныя снасьці.
Але як многа дзён ня відаць было ні сонца, ні зорак, а бура набірала ў моцы, дык нарэшце зьнікла ўсякая надзея на нашае выратаваньне.
Ані сонца, ані зоры не паказаваліся шмат дзён, і немалая бура напірала на нас; наапошку ўся надзея ратунку шчэзла.
І як доўга ня елі, дык Павал, стаўшы сярод іх, сказаў: мужы! трэба было паслухацца мяне і не адыходзіць ад Крыта, чым бы і ўніклі мы гэтых нягодаў і шкоды;
І як доўга ўзьдзержаваліся ад ежы, тады Паўла, стаўшы пасярод іх, сказаў: «Мужы, надабе было паслухаць мяне і не адплываць ад Крыту, і ня мелі б гэтае шкоды ані страты.
а цяпер умаўляю вас падбадзёрыцца духам, бо ніводная душа з вас не загіне, а толькі карабель;
А цяпер раджу вам асьмеліцца, бо ня будзе страты жыцьця каго-колечы з вас, адно карабля:
бо анёл Бога, Якому належу я і Якому служу, зьявіўся мне сёньня ўначы
Бо стаў ля мяне гэтае ночы Ангіл Бога, Чый я і Катораму служу, кажучы:
і сказаў: ня бойся! Паўле! табе трэба паўстаць перад кесарам, і вось, Бог дараваў табе ўсіх, што плывуць з табою.
"Ня бойся, Паўле, ты маеш стаць перад цэсарам, і вось, Бог падараваў цябе ўсімі тымі, што плывуць із табою".
Таму падбадзёрцеся духам, мужы, бо я веру Богу, што будзе так, як мне сказана:
Затым, мужы, асьмельцеся, бо я веру Богу, што будзе так, як імне сказана.
нам выпадае быць выкінутымі на якую-небудзь выспу.
Але мы маем наткнуцца на нейкі абток».
У чатырнаццатую ноч, як насіла нас па Адрыятычным моры, пад поўнач, карабельнікі пачалі здагадвацца, што набліжаюцца да нейкай зямлі,
І як мінула чатырнанцатая ноч, як мы былі ношаны па Адры, каля поўначы, плаўбіты дапушчалі, што бліжацца да яко-колечы зямлі.
і, памераўшы глыбіню, знайшлі дваццаць сажняў; пасьля, адплыўшыся трохі, памералі зноў, і было ўжо пятнаццаць сажняў.
І, памераўшы глыбіню, знайшлі дваццаць сажняў; а крыху далей, ізноў памераўшы, знайшлі пятнанцаць сажняў.
Баючыся, каб не наскочыць на камяністае дно, кінулі з кармы чатыры якары, і чакалі дня.
Баючыся, каб ня лучыць на скальныя меецы, кінулі із штырна чатыры калатоўкі і нецярпліва чакалі дня.
А калі карабельнікі хацелі ўцячы з карабля і спускалі на мора лодку, удаючы, быццам хочуць кінуць якары з носа,
Як жа плаўбіты, манючыся ўцячы з карабля, спусьцілі на мора лодку пад прыклепам, быццам хочуць кінуць калатоўкі зь пераду,
Павал сказаў сотніку і воінам: калі яны не застануцца на караблі, вы ня зможаце ўратавацца.
Паўла сказаў сотніку а жаўнерам: «Калі гэтыя не застануцца на караблю, вы ня можаце ўратавацца».
Тады воіны абсеклі вяроўкі ў лодкі, і яна ўпала.
Тады жаўнеры адцялі паварозы лодкі, і яна апала.
На досьвітку Павал угаворваў усіх прыняць ежу, кажучы: сёньня чатырнаццаты дзень, як вы ў чаканьні, застаяцеся бязь ежы, ня еўшы нічога;
І на додніцы Паўла ўмаўляў іх ізьесьці, кажучы: «Сядні чатырнанцаты дзень, як вы, у спадзяваньню, застаіцеся бязь ежы, нічога не паспытаўшыся.
Таму прашу вас прыняць ежу: гэта паспрыяе ратунку вашага жыцьця; бо ні ў кога з вас не прападзе волас з галавы.
Затым прашу вас ізьесьці: гэта паможа ратунку вашаму, бо ані волас із галавы вашае ні ў кога не загіне».
Сказаўшы гэта і ўзяўшы хлеб, ён падзякаваў Богу перад усімі і, разламаўшы яго, пачаў есьці.
І, сказаўшы гэта, узяў хлеб, і, падзякаваўшы Богу, у прытомнасьці ўсіх разламіў, і пачаў есьці.
Тады ўсе падбадзёрыліся і таксама прынялі ежу;
Тады ўсі, асьмеліўшыся, пачалі есьці.
а было ўсіх нас на караблі дзьвесьце семдзесят шэсьць душ.
Было ж усіх нас на караблю дзьвесьце семдзясят шэсьць душ.
І наеўшыся, пачалі аблягчаць карабель, выкідаючы пшаніцу ў мора.
І, пад’еўшы, палягчалі караб, выкідаючы пшонку ў мора.
Калі настаў дзень, зямлі не пазнавалі, а ўбачылі толькі нейкую затоку зь нізкім берагам, да якога і адважыліся, калі можна, прыстаць з караблём.
І, як разаднела, зямлі не пазналі, адно ўгледзелі нейкую затоку із спусклястым берагам, да каторае й наважылі, калі магчыма, ськіраваць караб.
І падняўшы якары, рушылі морам і, адвязаўшы стырно і падняўшы малы ветразь па ветры, пакіравалі да берага.
І, выцягнуўшы калатоўкі, паплылі па мору; у тым самым часе, разьвязаўшы паварозы штырна і падняўшы малую ветразь ізь ветрам, ськіраваліся да берагу.
Наплылі на касу, і карабель сеў на мялізну: нос угруз і стаў нярухомы, а карма разьбівалася сілаю хваляў.
І як лучылі на тое месца, ідзе два моры сходзяцца, караб спыніўся на мельстыні. Пярэдні канец карабля, удырыўшыся, стаў нярухома, зад жа ламіўся сілаю хваляў.
А воіны змовіліся былі пазабіваць вязьняў, каб каторы, выплыўшы, ня ўцёк.
Жаўнеры зрадзіліся забіць вязьняў, каб хто-колечы, выплыўшы, ня ўцёк.
Але сотнік, хочучы ўратаваць Паўла, утрымаў іх ад тога намеру і загадаў тым, хто ўмее плаваць, першым скакаць і выйсьці на зямлю,
Але сотнік, манячыся выратаваць Паўлу, забараніў ім гэты заме́р і казаў умеючым плаваць кінуцца першым, каб выплысьці на зямлю.
а астатнім ратавацца каму на дошках, каму на чым-колечы ад карабля. І такім чынам усе ўратаваліся на зямлю.
Засталыя ж некатрыя на дошках, некатрыя на кавалках карабля; і гэтак сталася, што ўсі выратаваліся на зямлю.