Дзеі 8 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
А Саўл згаджаўся з забойствам яго. З таго дня пачалося вялікае пераследаванне супраць царквы, якая была ў Ерузаліме; і ўсе, за выключэннем Апосталаў, рассеяліся па землях Юдэі і Самарыі.
Саўл жа быў згодны з ягоным забойствам.У той дзень пачаўся вялікі пераслед Касцёла ў Ерузалеме. Усе, акрамя Апосталаў, разышліся па краінах Юдэі і Самарыі.
А богабаязныя людзі пахавалі Сцяпана і зрабілі вялікае галашэнне па ім.
Стэфана пахавалі пабожныя людзі і ўчынілі па ім вялікі плач.
Саўл жа пустошыў царкву, урываючыся ў дамы, і, хапаючы мужчын і жанчын, аддаваў іх у вязніцу.
А Саўл нішчыў Касцёл, уваходзіў у дамы, забіраючы мужчын і жанчын і кідаючы іх у вязніцу.
А тыя, што рассеяліся, хадзілі, абвяшчаючы слова.
Тыя ж, хто рассеяўся, хадзілі, абвяшчаючы слова Евангелля.
Піліп жа, прыбыўшы ў горад самарыйскі, прапаведаваў ім Хрыста.
Філіп жа прыйшоў у самарыйскі горад і абвяшчаў там Хрыста.
І людзі аднадушна прымалі, што казаў Піліп, слухаючы і бачачы знакі, якія ён учыняў:
А людзі аднадушна слухалі і прымалі тое, што казаў Філіп, бо бачылі ўчыненыя ім знакі.
бо з многіх, што былі апанаваны нячыстымі духамі, яны выходзілі, лямантуючы моцным голасам; і шмат спаралізаваных і кульгавых было аздароўлена.
З многіх апантаных выходзілі з вялікім крыкам нячыстыя духі, шмат паралізаваных і кульгавых было аздароўлена.
І сталася вялікая радасць у тым горадзе.
І была вялікая радасць у тым горадзе.
А ў горадзе быў адзін чалавек, на імя Сімон, які раней займаўся чарадзействам і здзіўляў народ Самарыі, кажучы, што ён нехта вялікі;
Быў нейкі чалавек, па імені Сымон, які раней у тым жа горадзе займаўся чарадзействам і здзіўляў народ Самарыі, выдаючы сябе за кагосьці вялікага.
прыслухоўваліся да яго ўсе ад найменшага да найбольшага, кажучы: «Ён — моц Божая вялікая».
Усе, ад малога да вялікага, прыслухоўваліся да яго, кажучы: «У ім — моц Божая, якая завецца вялікай».
І лічыліся з ім, бо ён доўгі час чмуціў іх сваімі чарамі.
І слухаліся яго, бо ён доўгі час здзіўляў іх чарадзействам.
Але калі ўверылі Піліпу, які абвяшчаў добрую вестку пра Валадарства Божае і імя Ісуса Хрыста, дык мужчыны і жанчыны прымалі хрост.
Калі ж яны паверылі Філіпу, які абвяшчаў Евангелле пра Валадарства Божае і імя Езуса Хрыста, то пачалі прымаць хрост, і мужчыны, і жанчыны.
Тады і Сімон сам уверыў і па атрыманні хросту далучыўся да Піліпа; і дзівіўся ён надта, бачачы, якія знакі і вялікія цуды ўчыняюцца.
Паверыў і сам Сымон і, прыняўшы хрост, трымаўся Філіпа; бачачы знакі і цуды, ён моцна дзівіўся.
Апосталы ж, што былі ў Ерузаліме, пачуўшы, што Самарыя прыняла слова Божае, паслалі да іх Пётру і Яна,
Калі ж Апосталы ў Ерузалеме пачулі, што Самарыя прыняла слова Божае, паслалі да іх Пятра і Яна,
і калі яны прыбылі, то маліліся за іх, каб атрымалі Духа Святога;
якія, прыйшоўшы, памаліліся за іх, каб яны прынялі Духа Святога,
бо не сыходзіў Ён яшчэ на ніводнага з іх, але былі яны толькі ахрышчаны ў імя Госпада Ісуса.
таму што Ён яшчэ не сыходзіў ні на кога з іх, бо яны былі толькі ахрышчаныя ў імя Пана Езуса.
Тады Апосталы ўскладалі на іх рукі, і яны атрымоўвалі Духа Святога.
Тады Апосталы ўскладалі на іх рукі, і яны атрымлівалі Духа Святога.
Калі Сімон убачыў, што Апосталамі праз ускладанне рук даецца Дух Святы, прынёс ім грошы,
Калі ж Сымон убачыў, што праз ускладанне рук Апосталаў удзяляецца Дух Святы, прынёс ім грошы,
кажучы: «Дайце і мне гэтую ўладу, каб, калі ўскладу на каго рукі, атрымаў ён Духа Святога».
кажучы: «Дайце і мне такую ўладу, каб кожны, на каго ўскладу рукі, атрымаў Духа Святога».
Пётра ж сказаў яму: «Хай срэбра тваё ідзе на пагібель разам з табой, бо ты меркаваў за грошы набыць дар Божы!
Але Пётр сказаў яму: «Срэбра тваё няхай будзе з табой на пагібель, бо ты думаў за грошы набыць дар Божы.
Не маеш ты ані часткі, ані долі ў гэтым слове, бо сэрца тваё няшчырае перад Богам.
Няма табе ў гэтым ні часткі, ні долі, бо тваё сэрца няшчырае перад Богам.
Дык пакайся за гэтую сваю нягоднасць і малі Бога, можа, Ён даруе табе гэты намер сэрца твайго,
Таму адвярніся ад свайго зла і прасі Пана, можа тады даравана будзе табе задума твайго сэрца.
бо бачу цябе ў горычы жоўці ды ў путах няправасці».
Бо я бачу, што ты напоўнены горкай жоўцю і знаходзішся ў путах несправядлівасці».
І, адказваючы, Сімон сказаў: «Маліце за мяне Госпада, каб не спаткала мяне нічога з таго, што вы казалі».
Сымон адказаў: «Маліцеся за мяне да Пана, каб не напаткала мяне нішто са сказанага вамі».
І яны, даўшы сведчанне і абвясціўшы слова Божае, вярталіся ў Ерузалім і дабравесцілі ў многіх вёсках самарыцянскіх.
Тады яны, даўшы сведчанне і абвясціўшы слова Пана, пайшлі назад у Ерузалем і абвяшчалі Евангелле ў многіх самарыйскіх паселішчах.
І анёл Госпадаў сказаў Піліпу, кажучы: «Устань і ідзі на поўдзень па дарозе, што ідзе з Ерузаліма ў Газу; яна пустая».
Анёл Пана сказаў Філіпу: «Устань і ідзі на поўдзень на дарогу, што вядзе з Ерузалема ў Газу; яна пустая».
І, падняўшыся, ён пайшоў; і вось, муж этыёпскі, еўнух, урадовец Кандацыі, царыцы этыёпскай, загадчык усіх яе скарбаў, прыбыў у Ерузалім пакланіцца
Той, устаўшы, пайшоў. І вось, муж эфіопскі, еўнух, вяльможа Кандакі, каралевы эфіопаў, пастаўлены над усімі яе скарбамі, які прыязджаў у Ерузалем, каб пакланіцца Богу,
і вяртаўся, седзячы ў сваім возе, і чытаў прарока Ісаю.
вяртаўся і, седзячы на сваёй павозцы, чытаў прарока Ісаю.
Тады Дух кажа Піліпу: «Падыдзі і далучыся да гэтага воза».
Дух сказаў Філіпу: «Падыдзі і далучыся да яго павозкі».
Калі Піліп падбег, пачуў, як той чытаў прарока Ісаю, і сказаў: «Ці разумееш, што чытаеш?»
Калі Філіп падбег, пачуў, што той чытае прарока Ісаю, і запытаўся: «Ці разумееш, што чытаеш?»
Той гаворыць: «Як магу разумець, калі ніхто мне не адкрыў?» І запрасіў Піліпа ўзлезці і сесці побач.
Той адказаў: «Як жа магу разумець, калі ніхто не павучыў мяне?» І папрасіў Філіпа падняцца і сесці з ім.
А месца Пісання, што ён чытаў, было гэткае: «Як авечка на зарэз вядзецца, ды як ягня безгалосае перад стрыгалямі, — так не адкрыў Ён вуснаў Сваіх.
А ўрывак з Пісання, якое ён чытаў, быў такі: «Як авечка, якую вядуць на зарэз,як ягня, што маўчыць перад тымі, хто стрыжэ яго,так і ён не адкрыў вуснаў сваіх.
На прыніжэнні і суд Ён быў аддадзены. І паходжаннем Яго хто пацікавіцца? Бо з зямлі ўзята жыццё Яго».
У пакоры сваёй быў асуджаны;і хто раскажа пра ягоны род?Бо забіраюць з зямлі жыццё ягонае».
І, звяртаючыся да Піліпа, еўнух сказаў: «Прашу цябе, пра каго гэта кажа прарок? Пра сябе, ці пра каго іншага?»
Еўнух спытаўся ў Філіпа: «Прашу цябе, скажы, пра каго гэта кажа прарок? Ці пра сябе, ці пра каго іншага?»
Тады Піліп, адкрыўшы свае вусны, пачынаючы ад Пісання гэтага, апавядаў яму добрую вестку пра Ісуса.
Тады Філіп раскрыў вусны свае і, пачынаючы з гэтага месца Пісання, абвяшчаў яму Евангелле пра Езуса.
І калі ехалі па дарозе, пад’ехалі да нейкай вады, і гаворыць еўнух: «Вось вада, што перашкаджае мне быць ахрышчаным?»
Калі яны ехалі па дарозе, наблізіліся да нейкай вады, і еўнух сказаў: «Вось вада. Што перашкаджае мне ахрысціцца?»
Піліп жа адказаў яму: «Калі верыш усім сэрцам, можна». А ён, адказваючы, сказаў: «Веру, што Ісус Хрыстос ёсць Сын Божы».
[отсутсвует]
І казаў затрымацца, і яны абодва, Піліп і еўнух, увайшлі ў ваду, і ахрысціў яго.
Ён загадаў спыніць павозку. Абодва, Філіп з еўнухам, сышлі ў ваду, і Філіп ахрысціў яго.
А калі выйшлі з вады, Дух Госпадаў схапіў Піліпа, і еўнух не бачыў яго ўжо больш, але паехаў у сваю дарогу радасны.
Калі выйшлі з вады, Дух Пана падхапіў Філіпа, і еўнух ужо больш не бачыў яго, і працягваў свой шлях, радуючыся.
А Піліп апынуўся ў Азоце і, праходзячы праз усе гарады, абвяшчаў Евангелле аж да Цэзарэі.
А Філіп прыбыў у Азот і, ідучы, абвяшчаў Евангелле ва ўсіх гарадах, пакуль не прыйшоў у Цэзарэю.