Дзеі 28 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Тады, выратаваўшыся, даве́даліся, што востраў называецца Мэліта.
 
Калі мы ўратаваліся, даведаліся, што востраў называецца Мальта.

Варвары-ж паказалі нам нябывалую людзкасьць: бо, распаліўшы агонь, прынялі нас усіх, бо быў дождж і сьцюжа.
 
Мясцовыя жыхары былі да нас надзвычай ласкавыя. Быў дождж і холад, таму яны распалілі агонь і прынялі кожнага з нас.

Калі-ж Паўла, набраўшы бе́рамя хворасту, клаў на агонь, ад жару выйшла яхідна й павісла на руцэ ў яго.
 
Калі Павел назбіраў кучу галля і падкідаў у вогнішча, тады змяя выскачыла ад жару і ўчапілася яму за руку.

Варвары, угле́дзіўшы зьвісаўшага з рукі ягонай гада, гутарылі паміж сабою: пэўне чалаве́к гэты — душагуб, бо й уратаванаму ад мора справядлівасьць жыць не дае́.
 
Мясцовыя жыхары, убачыўшы звісаючую з рукі пачвару, казалі адзін аднаму: «Відаць, гэты чалавек — забойца, раз яму, уратаванаму з мора, багіня справядлівасці не дазваляе жыць».

Але ён, абтросшы гада ў агонь, не дазнаў нічога благога.
 
Але ён скінуў пачвару ў агонь і не зазнаў ніякай шкоды.

Яны-ж чакалі, што ён пачне́ пухнуць, ці ўраз упадзе́ няжывы. Паждаўшы-ж доўга і бачучы, што нічога благога з ім ня сталася, зьмянілі думкі й казалі, што ён — Бог.
 
Яны ж чакалі, што ён апухне або імгненна ўпадзе мёртвым. Але, калі доўга чакалі і ўбачылі, што нічога дрэннага з ім не адбылося, змянілі думку і казалі, што ён бог.

Навакол-жа таго ме́сца былі землі першака́ вострава, на ймя Публія, які, прыняўшы нас, тры дні прыязна ўгашчаў.
 
Вакол гэтага месца знаходзіліся ўладанні правіцеля вострава па імені Публій. Ён прыняў нас і гасцінна частаваў тры дні.

І сталася, што бацька Публія ляжаў хворы на гарачку й жывот. Паўла, увайшоўшы да яго і памаліўшыся, узлажыў на яго рукі й аздаравіў яго.
 
Бацька Публія ляжаў хворы на гарачку і дызентэрыю. Павел увайшоў да яго, памаліўся і, усклаўшы рукі, аздаравіў яго.

Калі-ж гэта сталася, і другія хворыя на востраве прыходзілі і былі аздароўлены.
 
Пасля гэтага іншыя на востраве, што мелі хваробы, таксама прыходзілі і атрымлівалі аздараўленне.

Дык выяўлялі нам вялікую пашану, а, як мы адплывалі, надавалі, што трэба было.
 
Яны праявілі да нас вялікую пашану, а калі мы адплывалі, далі ўсё, што было патрэбна.

Цераз тры ме́сяцы вырушылі мы на Александрыйскім караблі, пад назовам Дыаскуры, што зімаваў на востраве,
 
Праз тры месяцы мы адплылі на караблі, што зімаваў на гэтым востраве. Гэта быў александрыйскі карабель з выявай Дыяскураў.

і, прыплыўшы ў Сіракузы, прабылі тры дні.
 
Прыплыўшы ў Сіракузы, мы заставаліся там тры дні.

Вырушыўшы стуль, прыплылі мы ў Рэгію; і, як цераз дзе́нь узьняўся паўдзённы ве́цер, дык на другі дзе́нь прыйшлі ў Путэолі,
 
Адплыўшы адтуль, дабраліся да Рэгіі. А паколькі праз дзень падзьмуў паўднёвы вецер, мы на другі дзень прыбылі ў Путэолі.

дзе́ знайшлі братоў і былі запрошаны імі пабыць се́м дзён; ды гэтак прыйшлі ў Рым.
 
Там мы знайшлі братоў, і яны ўпрасілі нас пабыць у іх сем дзён. Так мы прыбылі ў Рым.

І стуль браты, пачуўшы аб нас, павыходзілі нам насустрэчу да Аппіявае плошчы й Трох Гасьцініц. Пабачыўшы іх, Паўла, падзякаваўшы Богу, акрыяў.
 
А там, калі браты пачулі пра нас, выйшлі насустрач аж да Апіевага Форума і Трох Корчмаў. Убачыўшы братоў, Павел падзякаваў Богу і падбадзёрыўся.

Калі-ж мы ўвайшлі ў Рым, сотнік здаў вязьняў ваяводзе; Паўле-ж дазволілі жыць у сябе́ з жаўне́рам, што яго пілнаваў.
 
Калі мы прыйшлі ў Рым, Паўлу дазволілі жыць асобна з жаўнерам, які яго вартаваў.

І сталася, што цераз тры дні склікаў Паўла першакоў Жыдоўскіх. Калі-ж яны зыйшліся, сказаў да іх: Мужы браты! хаця я нічога не ўчыніў супраць народу й звычаяў айцоў, мяне́, як вязьня, аддалі з Ерузаліму ў рукі Рымлян.
 
Праз тры дні Павел склікаў да сябе самых уплывовых юдэяў і, калі яны сышліся, сказаў ім: «Браты, я не зрабіў нічога супраць народу ці звычаяў айцоў, аднак мяне як вязня з Ерузалема перадалі ў рукі рымлянаў.

Яны, распытаўшы мяне́, хаце́лі мяне́ звольніць, бо ніякае сьмяротнае віны на мне́ ня было.
 
Яны дапыталі мяне і хацелі адпусціць, бо ў мяне не было ніякай смяротнай віны.

Калі-ж Жыды супрацівіліся, дык я быў прымушаны паклікацца на Ке́сара, але не затым, каб ме́ўся ў чым вінаваціць мой народ.
 
Калі юдэі пярэчылі гэтаму, я вымушаны быў звярнуцца да цэзара, але не для таго, каб у нечым вінаваціць свой народ.

Дзеля гэтае прычыны я й паклікаў вас, каб пабачыць і пагутарыць: бо за спадзяваньне Ізраіля закавалі мяне́ ў путы гэтыя.
 
Таму я паклікаў вас, каб пабачыцца і паразмаўляць з вамі, бо за надзею Ізраэля я закаваны ў гэтыя кайданы».

Яны-ж сказалі да яго: Мы ані пісем аб табе́ не дасталі з Юдэі, ані ніхто з братоў, прыходзячы, не абвяшчаў і не гаварыў аб табе́ нічога благога.
 
Яны сказалі яму: «Мы не атрымоўвалі пра цябе лістоў з Юдэі, і ніводзін з братоў не прыйшоў і не абвясціў ці сказаў пра цябе нічога дрэннага.

Ды хочам пачуць ад цябе́, як ты мысьліш; бо аб гэрэзіі гэтай ве́дама нам, што ўсюды працівяцца е́й.
 
Але мы хочам пачуць ад цябе, што ты думаеш, бо нам вядома пра гэтую секту, таму што паўсюль выступаюць супраць яе».

І, назначыўшы яму дзе́нь, многа прыйшло да яго ў гасьцініцу. І ад ранку да ве́чара выкладаў ім, сьве́дчучы аб царстве Божым ды пераконываючы іх аб Ісусе із закону Майсе́явага і Прарокаў.
 
Прызначыўшы яму дзень, прыйшлі да яго многія на гасціну. Ён з ранку аж да вечара расказваў ім і сведчыў пра Божае Валадарства, і пераконваў іх пра Езуса на падставе Закону Майсея і Прарокаў.

І адны былі перакананы словамі ягонымі, другія-ж ня ве́рылі.
 
Адных пераконвала сказанае, а другія не верылі.

І, не згаджаючыся міжы сабою, пайшлі, калі Паўла сказаў адно слова: Добра сказаў да айцоў нашых Дух Сьвяты праз Прарока Ісаю, мовячы:
 
Будучы нязгоднымі адзін з адным, яны пачалі адыходзіць, калі Павел сказаў адну рэч: «Добра Дух Святы сказаў айцам нашым праз прарока Ісаю:

Ідзі да народу гэтага і скажы: Слыхам пачуеце, ды не зразуме́еце; і, відзячы, глядзе́ць будзеце, ды ня ўбачыце;
 
“Пайдзі да народу гэтага і скажы:Вушамі слухаеце і не разумееце,вачыма глядзіце і не бачыце.

бо загрубе́ла сэрца народу гэтага, і вушыма цяжка чуюць, і вочы свае́ заплюшчылі, каб не пабачыць вачыма й не пачуць вушыма ды сэрцам ня ўцяміць і не навярнуцца, каб Я не аздаравіў іх (Ісая 6:9−10).
 
Зачарсцвела сэрца народу гэтага,вушамі ледзь чуюцьі вочы свае заплюшчылі,і вушамі не пачулі,і сэрцам не зразумелі,і не навярнуліся,каб Я іх аздаравіў”.

Няхай-жа будзе вам ве́дама, што паганам паслана спасе́ньне Божае, яны-ж і пачуюць.
 
Няхай будзе вядома вам, што да язычнікаў было скіравана гэтае Божае збаўленне, і яны пачуюць!»

І, як ён гэта сказаў, Жыды выйшлі, крэпка спрачаючыся між сабою.
 
[отсутсвует]

Паўла-ж цэлыя два гады жыў у нанятай ім гасподзе і прымаў усіх, што прыходзілі да яго,
 
Жыў Павел цэлыя два гады ў нанятым ім доме і прымаў усіх, хто прыходзіў да яго,

абвяшчаючы царства Божае ды з усе́й адвагай без перашкоды навучаючы пра Госпада Ісуса Хрыста.
 
прапаведуючы Божае Валадарства і навучаючы пра Пана Езуса Хрыста без перашкодаў і з усёй адвагаю.