Дзеі 28 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Яна Станкевіча
Тады, выратаваўшыся, даве́даліся, што востраў называецца Мэліта.
Выратаваўшыся, даведаліся, што абток завецца Меліта.
Варвары-ж паказалі нам нябывалую людзкасьць: бо, распаліўшы агонь, прынялі нас усіх, бо быў дождж і сьцюжа.
І барбары выказалі нам немалую дабрыню, бо, расклаўшы цяпло, прынялі ўсіх нас, бо быў дождж а сьцюжа.
Калі-ж Паўла, набраўшы бе́рамя хворасту, клаў на агонь, ад жару выйшла яхідна й павісла на руцэ ў яго.
Як жа Паўла зьбер бярэмца гальля і клаў на цяпло, гад, уцякаючы ад гарачыні, прыліп да рукі ягонае.
Варвары, угле́дзіўшы зьвісаўшага з рукі ягонай гада, гутарылі паміж сабою: пэўне чалаве́к гэты — душагуб, бо й уратаванаму ад мора справядлівасьць жыць не дае́.
І як барбары абачылі павіслае на руццэ ягонай зьверанё, гукалі адзін аднаму: «Гэты чалавек, пэўне, забіўца, калі ўцекламу з мора справядлівасьць не дазволіла жыць».
Але ён, абтросшы гада ў агонь, не дазнаў нічога благога.
Ён, адылі, строс зьверанё ў цяпло, не дазнаўшы ніякае шкоды.
Яны-ж чакалі, што ён пачне́ пухнуць, ці ўраз упадзе́ няжывы. Паждаўшы-ж доўга і бачучы, што нічога благога з ім ня сталася, зьмянілі думкі й казалі, што ён — Бог.
Яны ж спадзяваліся, што спохне альбо зьнецікі паваліцца мертвы; але як яны чакалі доўга і бачылі, што нічога надзвычайнага ня сталася яму, зьмянілі свой пагляд і сказалі, што ён бог.
Навакол-жа таго ме́сца былі землі першака́ вострава, на ймя Публія, які, прыняўшы нас, тры дні прыязна ўгашчаў.
У суседзтве места таго былі землі начэльніка абтоку, наймя Публь, каторы прывеціў нас і тры дні вельма прыязьліва частаваў.
І сталася, што бацька Публія ляжаў хворы на гарачку й жывот. Паўла, увайшоўшы да яго і памаліўшыся, узлажыў на яго рукі й аздаравіў яго.
І прыгадзілася, што айцец Публяў ляжаў хворы ў гаручцы а крываўцы. Паўла ўвыйшоў да яго, і памаліўся, і, узлажыўшы рукі свае на яго, уздаравіў яго.
Калі-ж гэта сталася, і другія хворыя на востраве прыходзілі і былі аздароўлены.
Як жа гэта сталася, іншыя, што на тым абтоку былі хворыя, прыходзілі і былі ўздараўляны;
Дык выяўлялі нам вялікую пашану, а, як мы адплывалі, надавалі, што трэба было.
Каторыя таксама рабілі нам шмат сьці і, як мы адплывалі, далі нам падаркі на нашы патрэбы.
Цераз тры ме́сяцы вырушылі мы на Александрыйскім караблі, пад назовам Дыаскуры, што зімаваў на востраве,
За тры месяцы мы адплылі караблём, што зімаваў на абтоку, александрыскім, гэрбу Дыёскуры.
і, прыплыўшы ў Сіракузы, прабылі тры дні.
І, прыплыўшы да Сыракуз, заставаліся тры дні;
Вырушыўшы стуль, прыплылі мы ў Рэгію; і, як цераз дзе́нь узьняўся паўдзённы ве́цер, дык на другі дзе́нь прыйшлі ў Путэолі,
Скуль, наўкола плывучы, прыбылі да Рэґі; і як за дзень адмяніўся вецер на паўднявы, назаўтрае прыбылі да Путэолі,
дзе́ знайшлі братоў і былі запрошаны імі пабыць се́м дзён; ды гэтак прыйшлі ў Рым.
Ідзе знайшлі братоў, каторыя прасілі нас застацца зь імі дзён сем. І гэтак мы прыбылі да Рыму.
І стуль браты, пачуўшы аб нас, павыходзілі нам насустрэчу да Аппіявае плошчы й Трох Гасьцініц. Пабачыўшы іх, Паўла, падзякаваўшы Богу, акрыяў.
І адгэтуль браты, пачуўшы праз нас, вышлі нам наўпярэймы аж да Апавае роўнядзі а Трох корчмаў, каторых абачыўшы, Паўла дзякаваў Богу і акрыяў.
Калі-ж мы ўвайшлі ў Рым, сотнік здаў вязьняў ваяводзе; Паўле-ж дазволілі жыць у сябе́ з жаўне́рам, што яго пілнаваў.
А як прышлі да Рыму, сотнік даставіў вязьняў вайводцу, а Паўлу дазволена было застацца апрыч із жаўнерам, што яго сьцярог.
І сталася, што цераз тры дні склікаў Паўла першакоў Жыдоўскіх. Калі-ж яны зыйшліся, сказаў да іх: Мужы браты! хаця я нічога не ўчыніў супраць народу й звычаяў айцоў, мяне́, як вязьня, аддалі з Ерузаліму ў рукі Рымлян.
І сталася за тры дні, што ён згукаў галоўных із Жыдоў і, як яны зышліся, казаў ім: «Мужы браты! не зрабіўшы нічога супроці люду альбо звычаёў айцоўскіх, я быў выданы як вязень ізь Ерузаліму ў рукі Рымлян.
Яны, распытаўшы мяне́, хаце́лі мяне́ звольніць, бо ніякае сьмяротнае віны на мне́ ня было.
Яны, выпытаўшы мяне, хацелі вывальніць, бо нямаш у мяне ніякае прычыны, гожае сьмерці.
Калі-ж Жыды супрацівіліся, дык я быў прымушаны паклікацца на Ке́сара, але не затым, каб ме́ўся ў чым вінаваціць мой народ.
Але Жыды перачылі, дык я мусіў адазвацца да цэсара, але не каб вінаваць за што-колечы народ свой.
Дзеля гэтае прычыны я й паклікаў вас, каб пабачыць і пагутарыць: бо за спадзяваньне Ізраіля закавалі мяне́ ў путы гэтыя.
З гэтае прычыны я гукаў вас, каб пабачыцца з вамі і памужаваць із вамі, бо за надзею Ізраеляву спутаны я гэтымі зялезамі».
Яны-ж сказалі да яго: Мы ані пісем аб табе́ не дасталі з Юдэі, ані ніхто з братоў, прыходзячы, не абвяшчаў і не гаварыў аб табе́ нічога благога.
Яны ж сказалі яму: «Мы лістоў не адзяржалі празь цябе зь Юдэі, ані з прыходзячых братоў ніхто не наказаў празь цябе і не сказаў чаго-колечы благога;
Ды хочам пачуць ад цябе́, як ты мысьліш; бо аб гэрэзіі гэтай ве́дама нам, што ўсюды працівяцца е́й.
Але ўважаем за важнае пачуць ад цябе, як ты думаеш; бо ведама нам, што праз гэту гэрэсь усюдых сьперачаюцца».
І, назначыўшы яму дзе́нь, многа прыйшло да яго ў гасьцініцу. І ад ранку да ве́чара выкладаў ім, сьве́дчучы аб царстве Божым ды пераконываючы іх аб Ісусе із закону Майсе́явага і Прарокаў.
І, прызначыўшы яму дзень, вельма шмат прышло да яго да гасподы; і ён з раньня да вечара ўрочыста сьветчыў ім праз гаспадарства Божае, пераконуючы іх празь Ісуса з права Масеявага а з прарокаў.
І адны былі перакананы словамі ягонымі, другія-ж ня ве́рылі.
І адныя пераконаваліся сказаным ім, а другія ня верылі.
І, не згаджаючыся міжы сабою, пайшлі, калі Паўла сказаў адно слова: Добра сказаў да айцоў нашых Дух Сьвяты праз Прарока Ісаю, мовячы:
І, не згаджаючыся мяжсобку, яны выходзілі, як Паўла сказаў ім адно слова: «Добра казаў Дух Сьвяты Ісаям прарокам айцом нашым, кажучы:
Ідзі да народу гэтага і скажы: Слыхам пачуеце, ды не зразуме́еце; і, відзячы, глядзе́ць будзеце, ды ня ўбачыце;
"Ідзі да люду гэтага і скажы: слухам пачуеце, і ніякім парадкам не зразумееце; і гледзячы глядзець будзеце, і ніякім парадкам не абачыце;
бо загрубе́ла сэрца народу гэтага, і вушыма цяжка чуюць, і вочы свае́ заплюшчылі, каб не пабачыць вачыма й не пачуць вушыма ды сэрцам ня ўцяміць і не навярнуцца, каб Я не аздаравіў іх (Ісая 6:9−10).
Бо заплыло тукам сэрца люду гэтага, і ледзь чуюць вушамі сваімі, і зачынілі вочы свае, каб неяк не пабачыць ачыма сваімі, і ня чуць вушамі, і не зразумець сэрцам сваім, і не навярнуцца, каб Я ўздаравіў іх".
Няхай-жа будзе вам ве́дама, што паганам паслана спасе́ньне Божае, яны-ж і пачуюць.
Дык ведайце, што спасеньне Божае паслана народам; яны й пачуюць».
І, як ён гэта сказаў, Жыды выйшлі, крэпка спрачаючыся між сабою.
І, як ён сказаў гэта, Жыды адышлі, вельма сьперачаючыся мяжсобку.
Паўла-ж цэлыя два гады жыў у нанятай ім гасподзе і прымаў усіх, што прыходзілі да яго,
І заставаўся ён два гады ў собскай найманай гасподзе, і прыймаў усіх, што прыходзілі да Яго,
абвяшчаючы царства Божае ды з усе́й адвагай без перашкоды навучаючы пра Госпада Ісуса Хрыста.
Абяшчаючы гаспадарства Божае і вучачы праз Спадара Ісуса Хрыста сусім адважна, без пераказаў.