Дзеі 11 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Яна Станкевіча
Апосталы-ж і браты, што былі ў Юдэі, пачулі, што й пагане прынялі слова Божае.
І Пачулі апосталы а браты, каторыя былі ў Юдэі, што пагане таксама адзяржалі слова Божае.
І калі Пётр прыйшоў у Ерузалім, абрэзаныя карылі яго,
І як Пётра прышоў да Ерузаліму, абрэзаныя сьперачаліся зь ім,
кажучы: Да неабрэзаных ты хадзіў ды з імі е́ў!
Кажучы: «Ты хадзіў да людзёў неабрэзаных і еў зь імі».
І, пачаўшы, Пётр расказаў па парадку, гаворачы:
Тады пачаў Пётра зьясьняць ім з парадку, кажучы:
Я быў у ме́сьце Іоппе ды маліўся; і ў захапле́ньні ўбачыў зьяву: не́йкую судзіну, якая зыходзіла, быццам вялікі абрус, на чатырох канцох спусканы з не́ба, і прыйшла ажно да мяне́.
«У месьце Ёппе я маліўся і відзеў у захапленьню відзень: зыходзіла нейкая судзіна, бы вялікая пасьцілка, за чатыры рагі спушчаная зь неба далоў, і спусьцілася аж да мяне.
Я зірнуў у яе́ і, разгле́дзіўшы, убачыў чацьвераногіх зямлі, зьвяроў і гадаў і птахаў нябе́сных.
Уцеміўшыся ў яе, я зацеміў і абачыў чатыраногія земныя а дзікія зьвяры а паўзуны а птушкі нябёсныя.
І пачуў я голас, які гаварыў мне́: Устань, Пётр, забівай ды е́ш.
І пачуў я таксама голас, кажучы імне: "Устань, Пётру, бі а еж".
Я-ж сказаў: Не́, Госпадзе, бо нічога паганага й нячыстага ніколі не ўваходзіла ў вусны мае́.
А я сказаў: "Ніякім парадкам, Спадару, бо збудзененае альбо нячыстае ніколі ня ўвыйшло ў рот мой".
І адказаў мне́ паўторна голас з не́ба: Што Бог ачысьціў, ты не пагань.
І ўдругава адказаў голас ізь неба: "Што Бог ачысьціў, не ўважай за збудзененае".
І сталася гэта тройчы; і ізноў усё ўзьнялося на не́ба.
І гэта было трэйчы, і ўзноў паднялося ўсе на неба.
І вось у тую-ж часіну трое людзе́й спыніліся перад домам, дзе́ я быў, пасланыя да мяне́ з Кесарыі.
І гля, зараз тры чалавекі стаялі ля дому, у каторым я жыў, пасланыя да мяне з Цэсарэі.
І сказаў мне́ Дух ісьці з імі, нічога не разьбіраючы. Пайшлі-ж са мной і гэтыя шэсьць братоў, і мы прыйшлі ў дом таго чалаве́ка.
І Дух сказаў імне ісьці зь імі, ані ня сумляючыся. І пайшлі з імною таксама тыя шасьцёх братоў, і мы ўвыйшлі да дому таго чалавека.
І абвясьціў ён нам, як бачыў у доме сваім Ангела, які стаяў і гаварыў да яго: Пашлі ў Іоппу людзе́й ды пакліч Сымона, называнага Пятром;
І ён паведаў нам, як ён бачыў ангіла ў доме сваім, каторы стаяў і сказаў яму: "Пашлі да Ёппы і пазаві Сымона, каторага мянушка Пётра,
ён скажа табе́ словы, праз якія спасён будзеш ты і ўве́сь дом твой.
Каторы скажа словы табе, якімі спасешся ты а ўвесь дом твой".
Калі-ж я пачаў прамаўляць, зыйшоў на іх Дух Сьвяты, як і на нас напачатку.
І як я пачаў казаць, паў на іх Дух Сьвяты, аднолькава, як і на нас спачатку.
І прыпомніў я тады словы Госпада, як Ён казаў: Іоан хрысьціў вадою, вы-ж будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым.
І я ўспомнеў слова Спадарова, як Ён казаў: "Яан хрысьціў вадою, але вы будзеце ахрышчаны Духам сьвятым".
Калі-ж Бог даў ім дар, роўны як і нам, што ўве́равалі ў Госпада Ісуса Хрыста, хто-ж я такі, каб пярэчыць Богу?
Дык калі Бог даў ім тый самы дар, як і нам, як мы ўверылі ў Спадара Ісуса Хрыста, хто ж я, каб мог перакажаць Богу?»
Пачуўшы-ж гэтае, супакоіліся ды славілі Бога, мовячы: Дык і паганам даў Бог пакаяньне дзеля жыцьця.
Выслухаўшы гэта, яны супакоіліся й славілі Бога, кажучы: «Дык запраўды Бог і паганам даў каяту да жыцьця».
А вось тыя, што расьцярушыліся пасьля няшчасьця, якое сталася з Сьцяпанам, разыйшліся ажно да Фінікіі і Кіпру й Антыохіі, гаворачы слова адно толькі Жыдом.
Прымеж тога тыя, што рассыпаліся навонкі з прычыны атугі, каторая сталася ў зьвязку ізь Сьцепаном, прайшлі да Фінікі а Кіпру а Антыёхі, нікому ня кажучы слова, адно толькі Жыдом.
Былі-ж некаторыя із іх людзі Кіпрыйскія ды Кірэнэйскія, якія, прыйшоўшы ў Антыохію, прамаўдялі да Грэкаў, абвяшчаючы ім Госпада Ісуса.
Былі ж некатрыя зь іх Кіпране а Кірынеяне, што, прышоўшы да Антыёхі, гукалі й да Грэкаў, абяшчаючы дабравесьць праз Спадара Ісуса.
І рука Гасподня была з імі, і вялікая лічба, уве́раваўшы, навярнулася да Госпада.
І рука Спадарова была зь імі, і вялікі лік уверыў а навярнуўся да Спадара.
І дайшло слова аб іх да вушэй царквы, што ў Ерузаліме; і паслалі Варнаву пайсьці ажно ў Антыохію.
І дзейкі празь іх дайшлі да вушэй царквы Ерузалімскае, і яны наслалі Варнаву да Антыёхі,
Ён, прыйшоўшы й пабачыўшы ласку Божую, узрадаваўся ды клікаў усіх, каб пры пастанове сэрца трывалі ў Госпадзе,
Каторы, прыбыўшы й абачыўшы ласку Божую, усьцешыўся і захочаваў усіх із станаўкім сэрцам трываць пры Спадару;
бо быў чалаве́к добры й поўны Духа Сьвятога ды ве́ры. І значная грамада прыхілілася да Госпада.
Бо ён быў муж добры і поўны Духа Сьвятога а веры. І вялікая грамада была дадана Спадару.
Стуль-жа выйшаў Варнава ў Тарс пашукаць Саўла і, знайшоўшы яго, прывёў у Антыохію.
І пайшоў да Тарсу шукаць Саўлы,
І сталася, што цэлы год зьбіраліся ў гэтай царкве́ ды навучалі значную грамаду; і вучні ў Антыохіі найперш пачалі называцца Хрысьціянамі.
І, знайшоўшы, прывёў яго да Антыёхі. І так было ў іх, што цэлы год яны зьбіраліся ў царкве і вучылі вялікую грамаду; і вучанікі ўв Антыёсе ўпяршыню назваліся Хрысьцянмі.
У тыя-ж дні з Ерузаліму прыйшлі ў Антыохію Прарокі.
Тых жа дзён прарокі зышлі зь Ерузаліму да Антыёхі.
І адзін із іх, на ймя Агаў, устаўшы, праз Духа абвясьціў, што на ўсе́нькім сьве́це мае быць вялікі голад; і стаўся ён за ке́сара Кляўдыя.
І, устаўшы, адзін ізь іх, імям Агаў, даў зразумець Духам, што будзе вялікая галадоў па ўсёй зямлі, каторая й сталася за Кляўда.
З вучняў жа, колькі хто мог, пастанавіў кожын із іх паслаць на дапамогу братом, што жылі ў Юдэі.
Тады вучанікі, кажны подле магчымасьці свае, пастанавілі паслаць памогу братом, што жыхарылі ў Юдэі;
І ўчынілі гэта, паслаўшы старшым праз рукі Варнавы і Саўла.
Што й зрабілі, паслаўшы старшым Варнаваю а Саўлам.