Дзеі 9 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Саўла ж, яшчэ дыхаючы пагрозамі а забіўствам на вучанікаў Спадаровых,
 
Саўл усё яшчэ жыў пагрозамі і забойствамі вучняў Пана. Ён прыйшоў да першасвятара

Дабліжыўся да найвышшага сьвятара і папрасіў у яго лістоў да бажніцаў у Дамашку, каб, калі знойдзе каго, хто быў бы гэтае Дарогі, мужчынаў і жанкі, прыводзіць зьвязаных да Ерузаліму.
 
і папрасіў у яго лісты да сінагогаў у Дамаску, каб, калі знойдзе якіх-небудзь прыхільнікаў гэтага шляху, мужчын ці жанчын, мог звязаць іх і прывесці ў Ерузалем.

Як жа ён падарожжаваў, дабліжаючыся да Дамашку, сталася — зьнецікі зазьзяла навокал яго сьвятліня зь неба;
 
Калі падчас падарожжа ён набліжаўся да Дамаска, раптам святло з неба асвятліла яго.

І, паўшы на зямлю, ён пачуў голас, кажучы яму: «Саўле, Саўле, чаму ты Мяне перасьлядуеш?»
 
Ён упаў на зямлю і пачуў голас, які казаў яму: «Саўле, Саўле, чаму ты пераследуеш Мяне?»

І ён сказаў: «Хто Ты Спадару?» Ён жа сказаў: «Я Ісус, Каторага ты перасьлядуеш. Цяжка табе йсьці супроці восьцяў».
 
Ён жа сказаў: «Хто Ты, Пане?» А той адказаў: «Я Езус, якога ты пераследуеш.

Ён жа ў дрыгоце а жаху сказаў: «Спадару, што кажаш імне рабіць?» Спадар яму: «Устань а йдзі да места; і сказана будзе табе, што маеш рабіць».
 
Устань і ідзі ў горад, там скажуць табе, што ты павінен зрабіць».

Мужы ж, што падарожжавалі зь ім, стаялі бязмоўныя, чуючы запраўды гук, але нікога ня бачачы.
 
Людзі, якія ішлі разам з ім, анямелі, бо чулі голас, але нікога не бачылі.

Саўла ж устаў ізь зямлі і з адчыненымі ачыма нічога ня бачыў. І, вядучы за руку, прывялі яго да Дамашку.
 
Саўл падняўся з зямлі і, хоць вочы былі адкрытыя, нічога не бачыў. Узяўшы за руку, павялі яго ў Дамаск.

І быў ён тры дні бязь відзеньня, і ня еў ані піў.
 
Тры дні ён не бачыў, не еў і не піў.

І быў адзін вучанік у Дамашку, імям Ананя; і Спадар у відзені сказаў яму: «Ананя!» І ён сказаў: «Во Я, Спадару».
 
У Дамаску быў адзін вучань па імені Ананія. Пан у бачанні сказаў яму: «Ананія». Той адказаў: «Гэта я, Пане».

Спадар жа яму: «Устань а йдзі на вуліцу, званую Простая, і шукай у доме Юдзіным Тарсяніна, імям Саўла, бо вось, ён моліцца,
 
Сказаў яму Пан: «Устань і пайдзі на вуліцу, якая завецца Простай, і спытайся ў доме Юды пра Саўла з Тарса, бо ён цяпер моліцца».

І бачыў у відзені мужа, на ймя Ананя, што прышоў і ўзлажыў руку сваю на яго, каб ён празерыў».
 
А Саўл у візіі ўбачыў чалавека па імені Ананія, які ўвайшоў і ўсклаў на яго рукі, каб ён зноў мог бачыць.

Ананя ж адказаў: «Спадару, я чуў ад шмат каго ўзглядам гэтага чалавека, як шмат ліха ён зрабіў сьвятым у Ерузаліме;
 
Ананія адказаў: «Пане, шмат ад каго я чуў пра гэтага чалавека, колькі ён учыніў зла Тваім святым у Ерузалеме.

І тут мае ўладу ад найвышшых сьвятароў вязаць усіх, што гукаюць імя Твае».
 
І тут ён мае ад першасвятароў уладу зняволіць усіх, хто заклікае Тваё імя».

І сказаў яму Спадар: «Ідзі, бо ён абраная судзіна Імне, каб насіць імя Мае перад народамі а каралямі а сынамі Ізраелявымі.
 
Але Пан сказаў яму: «Ідзі, бо гэты чалавек — Маё выбранае начынне. Ён занясе імя Маё народам, каралям і сынам Ізраэля.

Я ж пакажу яму, колькі ён мае выцярпець за імя Мае».
 
Я пакажу яму, колькі ён павінен выцерпець дзеля Майго імя».

І Ананя пайшоў, і ўвыйшоў у дом, і, узлажыўшы на яго рукі свае, сказаў: «Браце Саўле, Спадар паслаў мяне, Ісус, што зьявіўся табе на дарозе, па каторай ты йшоў, каб ты празерыў і напоўніўся Сьвятога Духа».
 
Тады пайшоў Ананія і ўвайшоў у дом. І, усклаўшы на яго рукі, сказаў: «Браце Саўле, Пан Езус, які з’явіўся табе на дарозе, якою ты ішоў, паслаў мяне, каб ты зноў мог бачыць і напоўніўся Духам Святым».

І якга, бы луска, спала з аччу ягоных, і ён празерыў, і, устаўшы, быў ахрышчаны.
 
Адразу нібы луска спала з ягоных вачэй, і ён стаў бачыць, падняўся і быў ахрышчаны.

І, пасілкаваўшыся, стаў дужы. І быў з вучанікамі, што ў Дамашку, колькі дзён.
 
А калі спажыў ежу, набраўся сілы. Саўл у Дамаску Некалькі дзён Саўл быў з вучнямі ў Дамаску.

І зараз абяшчаў у бажніцах Ісуса, што Ён сын Божы.
 
І адразу пачаў абвяшчаць у сінагогах пра Езуса, што Ён — Сын Божы.

І ўсі, што чулі, зумяваліся й казалі: «Ці ня тый ён, што губіў у Еарузаліме гукаючых імя гэтае, дый сюды прышоў із заданьням прыводзіць іх зьвязаных да найвышшых сьвятароў?».
 
Усе, хто чуў, здзіўляліся і казалі: «Ці не той гэта, які пераследаваў у Ерузалеме вызнаўцаў гэтага імя? А сюды прыйшоў для таго, каб зняволіць іх і прывесці да першасвятароў».

А Саўла балей мацаваўся й прыводзіў у зямятню Жыдоў, што жылі ў Дамашку, даводзячы, што Гэты ё Хрыстос.
 
Але Саўл умацоўваўся яшчэ больш і прыводзіў у замяшанне юдэяў, якія жылі ў Дамаску, даказваючы, што Езус ёсць Хрыстом.

Як жа мінула шмат дзён, Жыды зрадзіліся забіць яго.
 
Калі прайшло шмат дзён, юдэі вырашылі забіць яго.

Але Саўла даведаўся праз змову іхную. А яны назіралі дзень і ноч ля брамы, каб зьнішчыць яго.
 
Але Саўл даведаўся пра іх намер. Яны ж удзень і ўначы пільнавалі яго ў брамах, каб забіць.

Але вучанікі ўзялі яго ночы і спусьцілі ў кашу перазь сьцяну.
 
Тады вучні ўзялі яго ўначы і спусцілі ў кашы праз мур.

Прыбыўшы ж да Ерузаліму, ён сілаваўся прылучыцца да вучанікаў, але ўсі баяліся яго, ня верачы, што ён вучанік.
 
Калі ж ён прыйшоў у Ерузалем, спрабаваў далучыцца да вучняў, але ўсе баяліся яго і не верылі, што ён вучань.

Варнава ж узяў яго, і прывёў яго да апосталаў, і паведаў ім, як ён бачыў Спадара ў дарозе, і што Ён казаў яму, і як у Дамашку ён гукаў адважна ў імя Ісусава.
 
Тады Барнаба ўзяў яго і прывёў да Апосталаў і расказаў ім, як у дарозе ён убачыў Пана, і што Пан сказаў яму, і як у Дамаску адважна прапаведаваў у імя Езуса.

І быў ён ізь імі, уходзячы й выходзячы ў Ерузаліме,
 
Як разам з імі ён выходзіў і ўваходзіў у Ерузалем, і адважна прапаведаваў у імя Пана.

І гукаючы адважна ў імя Ісусава. Таксама гукаў і сьперачаўся з Гэленістымі; а яны прабавалі забіць яго.
 
Таксама размаўляў і спрачаўся з эліністамі, якія хацелі забіць яго.

Браты ж, ведаючы гэта, прывялі яго да Цэсарэі і паслалі яго да Тарсу.
 
Даведаўшыся пра гэта, браты адвялі яго ў Цэзарэю і паслалі ў Тарс.

Цэрквы тады па ўсёй Юдэі а Ґалілеі а Самары мелі супакой, будучы навучаныя і ходзячы ў боязьні Спадаровай; і пацяшэньням Духа Сьвятога мнажыліся.
 
А Касцёл па ўсёй Юдэі, Галілеі і Самарыі меў спакой, развіваўся і жыў у боязі перад Панам, і напаўняўся суцяшэннем Духа Святога.

Прыгадзілася ж, што Пётра, абходзячы ўсіх, зышоў таксама да сьвятых, што жыхарылі ў Лідзьдзе;
 
Калі Пётр абыходзіў усіх, прыйшоў таксама да святых, якія жылі ў Ліддзе.

І засьпеў там аднаго чалавека, на ймя Эней, што восьмі год ляжаў у пасьцелі паляржаваны.
 
Там ён знайшоў аднаго чалавека па імені Энэй, які ўжо восем гадоў ляжаў у ложку паралізаваны. Пётр сказаў яму:

І сказаў яму Пётра: «Энею, Ісус Хрыстос уздараўляе цябе; устань і пасьцялі сабе»; і ён якга ўстаў.
 
«Энэй, Езус Хрыстус аздараўляе цябе, устань і засцялі свой ложак». Той адразу ўстаў.

І бачылі гэта ўсі, што жыхарылі ў Лідзьдзе а ў Сароне, каторыя й навярнуліся да Спадара.
 
Бачылі яго ўсе, хто жыў у Ліддзе і Сароне, і навярнуліся да Пана.

І ў Ёппе была адна вучаніца, на ймя Тавіта, што знача Сэрна; яна была поўная добрых справаў і чыніла убожніну.
 
У Яфе была адна вучаніца па імені Табіта, што азначае «сарна». Яна рабіла шмат добрых учынкаў і раздавала міласціну.

І сталася тых дзён, што яна захварэла й памерла; і, памыўшы, паклалі яе ў верхнім пакою.
 
У тыя дні яна захварэла і памерла. Яе абмылі і паклалі ў святліцы.

А як Лідда была блізка да Ёппы, вучанікі, пачуўшы, што Пётра быў там, паслалі двух мужоў да яго, просячы яго: «Не адвалакай прыйсьці да нас».
 
Лідда была недалёка ад Яфы, і калі вучні даведаліся, што Пётр там, паслалі да яго двух мужоў з просьбаю: «Прыйдзі неадкладна да нас!»

І Пётра, устаўшы, пайшоў зь імі; як ён прышоў, прывялі яго да верхняга пакою, і ўсі ўдовы сталі перад ім, плачучы й паказуючы яму сарочкі а адзецьце, каторыя шыла Сэрна, як жыла зь імі.
 
Пётр устаў і пайшоў з імі. А калі ён прыбыў, увялі яго ў святліцу. Усе ўдовы абступілі яго з плачам і паказвалі яму тунікі і вопраткі, якія рабіла Сарна, жывучы з імі.

Пётра ж, выправіўшы іх усіх вонкі і ўклякшы, памаліўся; і, зьвярнуўшыся да цела, сказаў: «Тавіта, устань!» І яна адчыніла вочы свае і, абачыўшы Пётру, села.
 
Пётр, адправіўшы ўсіх са святліцы, стаў на калені і памаліўся. Затым павярнуўся да цела і сказаў: «Табіта, устань!» Яна адкрыла свае вочы і, убачыўшы Пятра, села.

І, падаўшы ёй руку, падняў яе; і, пагукаўшы сьвятых а ўдовы, пастанавіў ім яе жывую.
 
Ён падаў ёй руку і падняў яе. Пасля паклікаў святых і ўдоваў, і яны ўбачылі яе жывую.

І гэта сталася ведамным па ўсёй Ёппе, і шмат уверыла ў Спадара.
 
Пра гэта стала вядома ва ўсёй Яфе, і многія паверылі ў Пана.

І было, што ён заставаўся шмат дзён у Ёппе ў якогась Сымона кажамякі.
 
А Пётр даволі доўга заставаўся ў Яфе ў нейкага Сымона, гарбара.