Дзеі 17 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

І падарожжуючы пераз Амфіполь а Аполёню, яны прышлі да Салуня, ідзе была бажніца жыдоўская.
 
Прайшоўшы праз Амфіпаль і Апалонію, яны прыйшлі ў Тэсалоніку, дзе была юдэйская сінагога.

Тады Паўла, подле звычаю свайго, увыйшоў да іх і тры сыботы разважаў зь імі зь Пісьма,
 
Павел сваім звычаем увайшоў да іх і тры шабаты дыскутаваў з імі на падставе Пісання,

Адчыняючы й даводзячы, што Хрыстос меў цярпець і ўскрэснуць ізь мертвых, і што гэты Хрыстос ё Ісус, Каторага абяшчаю вам.
 
адкрываючы і даказваючы ім, што Хрыстус павінен быў цярпець і ўваскрэснуць і што: «Гэты Езус, якога вам прапаведую, — гэта Хрыстус».

І некатрыя зь іх пераканаліся і прылучыліся да Паўлы а Сілы, і з Грэкаў, што сьцілі, вялікая множасьць, і з выдатных жанок ня мала.
 
Некаторыя з іх паверылі і далучыліся да Паўла і Сілы — вялікае мноства пабожных грэкаў і нямала знатных жанчын.

Але Жыды, пазавідаваўшы і ўзяўшы некатрых нягоднікаў з памеж дзяньгубаў з торгу, зьберліся гурбаю, збунтавалі места і, напаўшы на дом Ясонаў, сілаваліся вывесьці іх да гурбы.
 
Тады юдэі, ахопленыя зайздрасцю, узялі з рынку нейкіх нягодных людзей, сабралі натоўп і пачалі бунтаваць горад. Падышоўшы да дома Ясона, яны шукалі іх, каб вывесці да народу.

Не знайшоўшы ж іх, павалаклі Ясона й некатрых братоў да месцкае ўлады, крычачы: «Гэтыя, што перавярнулі сьвет дагары нагамі, прыбылі таксама сюды!
 
Калі ж не знайшлі, пацягнулі Ясона і некаторых братоў да гарадскіх уладаў з крыкам: «Тыя, што бунтуюць увесь свет, прыйшлі і сюды,

І Ясон прыняў іх, і яны дзеюць супроці загадаў цэсаравых, кажучы, што ё другі кароль, Ісус».
 
а Ясон прыняў іх. Усе яны паступаюць насуперак загадаў цэзара, кажучы, што ёсць іншы кароль — Езус».

І парушылася гурба і месцкая ўлада, як пачулі гэта.
 
Устрывожыўся народ і гарадскія ўлады, якія слухалі гэта.

Але, узяўшы заруку зь Ягона а із засталых, пусьцілі іх.
 
Але, атрымаўшы даволі шмат ад Ясона і іншых, адпусцілі іх.

Браты ж без адвалокі выправілі ночы Паўлу а Сілу да Веры, куды прыбыўшы, яны пайшлі да бажніцы жыдоўскае.
 
Тады браты адразу ж уначы адправілі Паўла і Сілу ў Бэрэю. Прыбыўшы туды, яны пайшлі ў юдэйскую сінагогу.

Гэтыя ж былі дабрараднейшыя за тых салунскіх; яны прынялі Слова з усёй гатоўю, што дня дасьлядуючы Пісьмо, ці гэта так.
 
Тутэйшыя былі больш прыхільныя, чым у Тэсалоніках, яны прынялі слова з усёй ахвотай і кожны дзень даследавалі Пісанне, ці так яно ёсць.

І шмат хто зь іх уверыў, і з пачэсьлівых грэцкіх і з мужчын ня мала.
 
Многія з іх паверылі — і з грэцкіх знатных жанчын, і з мужчын нямала.

Але як салунскія Жыды даведаліся, што і ў Веры Паўла абяшчаў слова Божае, яны прышлі таксама туды, узрушаючы а бунтуючы.
 
Калі ж даведаліся тэсаланікійскія юдэі, што і ў Бэрэі Павел прапаведуе Божае слова, прыйшлі таксама туды ды падбухторвалі і бунтавалі натоўп.

І тады без адвалокі браты выправілі Паўлу йсьці аж да мора; а Сіла а Цімох засталіся там.
 
Тады браты адразу ж адправілі Паўла, каб ён пайшоў да самага мора, а Сіла і Цімафей засталіся.

Тыя ж, што прапушчалі Паўлу, прывялі яго аж да Атэн і, адзяржаўшы расказаньне да Сілы а Цімоха, каб яны прышлі да яго так борзда як магчыма, адышлі.
 
Тыя, хто спадарожнічаў Паўлу, правялі яго аж да Атэн. Атрымаўшы наказ для Сілы і Цімафея, каб як мага хутчэй прыйшлі да яго, вярнуліся.

Як Паўла чакаў іх ув Атэнах, дух ягоны ўзрушаўся, бачачы гэтае места, поўнае балваноў.
 
Калі Павел чакаў іх у Атэнах, яго дух абураўся на від горада, перапоўненага ідаламі.

Дык ён разважаў у бажніцы із Жыдамі і з тымі, што сьцілі, і што дня на таргу із сустраканымі.
 
Ён размаўляў у сінагозе з юдэямі і з тымі, хто баіцца Бога, і штодня з сустрэчнымі на рынку.

Некатрыя таксама з эпікурскіх а стоіцкіх філёзофаў сьперачаліся зь ім. І некатрыя казалі: «Што хоча сказаць гэты пустамлён?» А іншыя: «Здаецца гэта абесьнік чужых дэманаў, бо ён абяшчаў дабравесьць Ісуса а ўскрысеньне».
 
Спрачаліся з ім некаторыя філосафы з эпікурэйцаў і стоікаў. Адны казалі: «Што хоча сказаць гэты пустаслоў?» Іншыя: «Здаецца, ён прапаведуе чужых багоў», — таму што ён прапаведаваў ім Езуса і ўваскрасенне.

І, узяўшы яго, прывялі да Арэопаґу, кажучы: «Ці можам мы ведаць, што гэта за новая навука, каторую ты павядаеш?
 
Яны ўзялі яго і прывялі на Арэапаг, кажучы: «Ці можам даведацца, што гэта за новае вучэнне, якое ты абвяшчаеш?

Бо прыносіш штось зумяваючае ў вушы нашы. Затым хочам ведаць, што гэта значыцца?
 
Бо нешта дзіўнае ўкладаеш нам у вушы. Мы хочам ведаць, што гэта азначае?»

Атэняне ж усі і чужаземцы, што прабывалі там, ні ў чым іншым не праводзілі час, як у павяданьню й слуханьню навінаў.
 
А ўсе атэнцы ды іншаземцы, якія жылі там, нічым так ахвотна не займаліся, як расказваннем або слуханнем чагосьці новага.

І, стаўшы Паўла сярод Арэопаґу, сказаў: «Атэняне! з усяго бачу, што вы асабліва набожныя;
 
Павел стаў пасярод Арэапагу і сказаў: «Атэнцы, я бачу, што ва ўсім вы вельмі рэлігійныя.

Бо, праходзячы й аглядаючы вашы сьвятасьці, я знайшоў таксама аброчнік, на каторым нарысавана: "Няведамаму Богу". Дык таго, каторага вы сьціце́, ня ведаючы, я абяшчаю вам.
 
Бо, калі я праходзіў і аглядаў вашыя святыні, я знайшоў таксама алтар, на якім было напісана: “Невядомаму Богу”. Таго, каму вы, не ведаючы, пакланяецеся, я абвяшчаю вам.

Бог, што ўчыніў сьвет і ўсе, што ё на ім, будучы Спадаром неба й зямлі, не ў дамох, зробленых рукамі, жывець
 
Бог, які стварыў свет і ўсё, што ў ім, будучы Панам неба і зямлі, жыве не ў святынях, збудаваных рукамі,

І не патрабуе службы рук людзкіх, быццам патрабуючы чаго-колечы, Сам даець усяму жыцьцё а дыханьне а ўсе.
 
і не з рук чалавечых прымае служэнне, быццам бы маючы ў нечым патрэбу. Ён сам дае ўсяму жыццё, дыханне і ўсё.

І ўчыніў з аднае крыві людзёў кажнага народу па ўсім відзе зямлі, прызначыўшы наканаваныя часы й граніцы жыхараньню іх,
 
Ён учыніў з аднаго ўвесь род чалавечы, каб рассяліўся ён па ўсёй зямлі. Прызначыў устаноўленыя часы і межы іх рассялення,

Каб яны шукалі Бога, ці не адчуюць Яго і ці ня знойдуць Яго, хоць Ён і недалёка ад кажнага з нас;
 
каб яны шукалі Бога. Можа намацаюць і знойдуць Яго, бо Ён недалёка ад кожнага з нас.

Бо "мы ў Ім жывем, і кратаемся, і існуем", як і запраўды некатрыя з вашых паэтаў казалі: "Бо мы й атожылы Ягоныя".
 
Бо ў Ім мы жывём, рухаемся і існуём, як некаторыя з вашых паэтаў сказалі: “І мы род Ягоны”.

Дык мы, будучы атожыламі Божымі, ня маем думаць, што Боства падобнае да золата, або да срэбла, або да каменя, выразанае мастацтвам і ўвабражэньням людзкім.
 
Дык калі мы належым да Божага роду, то не павінны думаць, што боства падобна да золата ці срэбра, ці каменя, да выявы мастацтва і чалавечай фантазіі.

Дык Бог, не зважаючы на час неведзі, цяпер расказуе ўсім людзём, каб усюдых каяліся;
 
Не зважаючы на часы няведання, Бог цяпер наказвае людзям, каб усе і паўсюль каяліся,

Бо Ён прызначыў дзень, у каторым мае судзіць зямлю ў справядлівасьці прызначаным Ім Мужам, даўшы довад усім, ускрысіўшы Яго зь мертвых».
 
бо Ён вызначыў дзень, калі будзе справядліва судзіць свет праз Чалавека, якога прызначыў, і даў доказ усім, уваскрасіўшы Яго».

Пачуўшы праз ускрысеньне зь мертвых, некатрыя сьміяліся, а іншыя мовілі: «Паслухаем цябе праз гэта другі разам».
 
Калі пачулі пра ўваскрасенне, адныя насміхаліся, а другія казалі: «Паслухаем цябе пра гэта іншым разам».

Дык Паўла вышаў з памеж іх.
 
Так Павел выйшаў ад іх.

Некатрыя ж мужы, прылучыўшыся да яго, уверылі; памеж іх быў Дзяніс Арэопаґіт а жонка, на ймя Дамар, і іншыя зь імі.
 
Але некаторыя людзі далучыліся да яго і паверылі. Сярод іх быў Дыянізій Арэапагіт, жанчына па імені Дамарыс ды іншыя разам з імі.