Дзеі 16 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
І зышоў ён да Дэрвы а Лістры. І вось, быў там адзін вучанік, імям Цімох, сын Жыдзіцы верніцы, але бацька Грэк;
Прыбыў у Дэрбэ і Лістру. Быў там адзін вучань па імені Цімафей, сын жанчыны юдэйкі, якая паверыла, і бацькі грэка.
Празь яго сьветчылі браты ў Лістры а Іконі.
Браты ў Лістры і Іконіі добра сведчылі пра яго.
Паўла зычыў, каб ён ішоў ізь ім; і ўзяўшы, абрэзаў яго дзеля Жыдоў, што былі ў тых месцах, бо ўсі ведалі, што бацька ягоны быў Грэк.
Таму Павел захацеў узяць яго з сабою. Узяўшы, абрэзаў яго дзеля юдэяў, якія былі ў тых мясцінах. Бо ўсе ведалі, што бацька ягоны быў грэкам.
А як яны праходзілі па местах, перадавалі ім заховаваць пастановы, прызначаныя апосталамі а старшымі ў Ерузаліме.
Калі праходзілі праз гарады, наказвалі ім захоўваць пастановы, прынятыя Апосталамі і старэйшынамі ў Ерузалеме.
Дык цэрквы мацніліся ў веры і што дня павялічаліся лікам.
Касцёлы ж умацоўваліся ў веры і штодня ўзрасталі ў колькасці.
Як прайшлі Фрыгу а Ґаляцкі край, забараніў ім Дух Сьвяты казаць слова ўв Азі.
Прайшлі Фрыгію і краіну галатаў, а Дух Святы стрымліваў іх ад абвяшчэння слова ў Азіі.
Зышоўшы да Місі, прабавалі йсьці да Віфіні, але Дух Ісусаў не дазволіў ім.
Прыйшоўшы ў Мізію, спрабавалі ісці ў Бітынію, але Дух Езуса не дазволіў ім.
Мінуўшы ж Місю, зышлі да Троады.
Тады яны прайшлі Мізію і сышлі ў Трааду.
І зьявілася відзень Паўлу ночы: стаў адзін Македанянін, молячы яго й кажучы: «Перайшоўшы да Македоні, памажы нам».
І меў Павел уначы бачанне: стаяў перад ім чалавек, нейкі македонец, і прасіў яго, кажучы: «Прыйдзі ў Македонію і дапамажы нам!»
І як ён відзеў відзень, зараз мы сілаваліся йсьці да Македоні, зрабіўшы вывад, што Бог пагукаў нас абяшчаць там дабравесьць.
Пасля гэтага бачання мы адразу вырашылі адправіцца ў Македонію, упэўненыя, што Бог паклікаў нас абвяшчаць там Евангелле.
Дык, адплыўшы ад Троады, проста прыбылі да Самотракі, а назаўтрае да Неаполю,
Калі мы адплылі з Траады, прыбылі проста ў Саматракі, а на другі дзень у Неапаль,
Скуль жа да Піліпаў, каторае першае места гэтае часьці Македоні, колёня. І заставаліся ў гэтым месьце колькі дзён.
і адтуль у Філіпы, першы ў той частцы Македоніі горад, калонію. У гэтым горадзе мы прабылі некалькі дзён.
У сыботні ж дзень вышлі за браму да ракі, ідзе бываў звычай маліцца; і, сеўшы, гукалі жанкам, што былі зьбершыся.
У дзень шабату выйшлі за браму да ракі, дзе, як мы лічылі, адбывалася малітва. Сеўшы, мы размаўлялі з жанчынамі, якія сабраліся.
І адна жонка, імям Ліда, зь места Тыятыра, прадаўніца шкарлату, што сьціла Бога, слухала; і Спадар адчыніў сэрца ёй уважаць, што казаў Паўла.
Адна жанчына, па імені Лідзія, гандлярка пурпурам з горада Тыятыра, якая пакланялася Богу, таксама слухала. Пан адкрыў яе сэрца, каб яна прыняла словы Паўла.
Як жа яна ахрысьцілася а хатнія ейныя, яна прасіла, кажучы: «Калі вы ўважалі мяне за верную Спадару, увыйдзіце ў дом мой і пабудзьце». І яна прынучыла нас.
Калі ж яна разам з домам сваім ахрысцілася, папрасіла, кажучы: «Калі лічыце, што я верная Пану, увайдзіце ў мой дом і заставайцеся». І прымусіла нас.
І прыгадзілася, як мы йшлі да месца малітвы, што стрэлася нам адна дзеўка, каторая мела духа вешчаваньня; яна давала гаспадаром сваім шмат прыбытку вешчаваньням.
Калі мы ішлі на малітву, нам сустрэлася адна служанка, якая мела духа прадбачання і прадказаннямі здабывала сваім гаспадарам вялікія сродкі.
Яна, ідучы за Паўлам а намі, крычэла, кажучы: «Гэтыя людзі слугі Навышняга Бога, каторыя абяшчаюць нам дарогу спасеньня».
Ідучы за Паўлам і за намі, яна крычала: «Гэтыя людзі — слугі Найвышэйшага Бога, яны абвяшчаюць нам шлях збаўлення».
А гэта яна рабіла шмат дзён. Паўла ж, парушыўшыся, абярнуўся й сказаў духу: «Імям Ісуса Хрыста расказую табе выйсьці зь яе». І вышаў тае ж гадзіны.
Так рабіла яна шмат дзён. Але Павел, раззлаваўшыся, павярнуўся і сказаў духу: «У імя Езуса Хрыста загадваю табе выйсці з яе». І той адразу выйшаў.
І бачачы гаспадары ейныя, што шчэзла надзея прыбытку іхнага, нялі Паўлу а Сілу і пацягнулі на рынак да ўраднікаў.
Тады гаспадары яе, убачыўшы, што знікла надзея на іхні заробак, схапілі Паўла і Сілу і пацягнулі на рынак да правадыроў.
І, прывёўшы іх да прэтораў, сказалі: «Гэтыя людзі, будучы Жыдамі, парушаюць места нашае
Прывёўшы іх да кіраўнікоў, сказалі: «Гэтыя людзі, будучы юдэямі, падбухторваюць наш горад
І агалашаюць звычаі, каторых мы Рымляне ня маем права прыймаць або паўніць.
і прапаведуюць звычаі, якія нам, рымскім грамадзянам, нельга прымаць і выконваць».
І груд таксама паўстаў на іх; і прэторы, зьняўшы зь іх адзецьце, далі загаду сьцёбаць.
Тады натоўп паўстаў супраць Паўла і Сілы, а кіраўнікі сарвалі з іх адзенне і загадалі біць розгамі.
І, даўшы ім шмат вытняў, укінулі ў вязьніцу, расказаўшы вязьнічнаму вартаўніку моцна сьцерагчы іх;
Нанёсшы ім шмат удараў, кінулі ў вязніцу і загадалі вартаўніку пільна сцерагчы іх.
Каторы, адзяржаўшы такое расказаньне, укінуў іх у нутраную вязьніцу і ногі іхныя замкнуў у калодкі.
Атрымаўшы такі загад, ён кінуў іх ва ўнутраную вязніцу і надзеў ім на ногі калодкі.
І а поўначы Паўла а Сіла, молячыся, хвалілі Бога пяцьцём, і вязьні слухалі іх.
Каля поўначы Павел і Сіла маліліся, спяваючы гімны Богу, а вязні слухалі іх.
І разам было вялікае траееньне зямлі, ажно поды вязьніцы затрэсьліся, і ўсі дзьверы якга рашчыніліся, і путы ўсіх распуталіся.
Раптам пачаўся вялікі землятрус, так што задрыжэлі падмуркі вязніцы. Адразу адчыніліся ўсе дзверы і апалі ўсе путы.
А вартаўнік, прачхнуўшыся й абачыўшы, што дзьверы вязьніцы рашчыненыя, агаліў меч і вось, вось, гатоў быў забіцца, думаючы, што вязьні ўцяклі.
Калі вартаўнік прачнуўся і ўбачыў адчыненыя дзверы вязніцы, выцягнуў меч і хацеў забіць сябе, думаючы, што ўсе вязні ўцяклі. Але Павел ускрыкнуў моцным голасам:
Але Паўла выгукнуў вялікім голасам, кажучы: «Не рабі сабе ніякага ліха, бо ўсі мы тут!»
«Не рабі сабе нічога благога, бо ўсе мы тут».
І, папрасіўшы сьветла, ён убег і, калоцячыся, паў перад Паўлам а Сілаю.
Папрасіўшы святла, вартаўнік увайшоў і, трасучыся, упаў перад Паўлам і Сілам.
І, вывеўшы іх вонкі, сказаў: «Спадарове, што імне належа рабіць, каб спасьціся?»
Затым вывеў іх вонкі і сказаў: «Панове, што мне трэба рабіць, каб збавіцца?» Яны адказалі яму:
Яны ж сказалі: «Вер у Спадара Ісуса, і спасешся ты а дом твой».
«Вер у Пана Езуса, і збавішся ты і дом твой».
І гукалі яму слова Спадарова і ўсім, што былі ў доме ягоным.
І абвясцілі слова Пана яму і ўсім, хто быў у яго доме.
І ўзяў іх тае ж гадзіны ночы, і абмыў раны іхныя, і без адвалокі хрысьціўся ён і ўсі ягоныя.
У тую ж гадзіну ночы ён прыняў іх, абмыў раны і адразу ж ахрысціўся сам і ўся яго сям’я.
І, прывёўшы іх да дому свайго, заслаў стол і цешыўся з усім домам сваім, што ўверыў у Бога.
Потым завёў іх у свой дом, накрыў ім стол і з усімі хатнімі сваімі цешыўся, што паверыў у Бога.
Як разаднела, прэторы паслалі паслугачых сказаць: «Выпусьці гэных людзёў».
Калі настаў дзень, кіраўнікі паслалі ліктараў, кажучы: «Вызвалі гэтых людзей!»
Вартаўнік жа паведаміў гэтыя словы Паўлу: «Прэторы прыслалі, каб вы былі вывальнены; дык выйдзіце цяпер і йдзіце ў супакою».
Вартаўнік паведаміў пра гэта Паўлу: «Кіраўнікі сказалі адпусціць вас. Таму цяпер выходзьце і ідзіце ў супакоі».
Але Паўла сказаў ім: «Нас, Рымлян, незасуджаных прынародна білі і ўкінулі нас у вязьніцу, а цяпер тойма? Не, няхай самы прыйдуць і вывядуць нас».
Але Павел сказаў ім: «Нас, рымскіх грамадзянаў, прылюдна білі, кінулі ў вязніцу, а цяпер нас употай выпускаюць. Не, няхай прыйдуць і самі вывядуць нас».
Паслугачыя паведамілі гэтыя словы прэторам, і тыя спалохаліся, як пачулі, што яны Рымляне.
Ліктары паведамілі гэтыя словы кіраўнікам. Тыя спалохаліся, пачуўшы, што гэта рымскія грамадзяне.
І, прышоўшы, малілі, і, вывеўшы, прасілі выйсьці зь места.
Таму прыйшлі і перапрасілі іх. І, вывеўшы, папрасілі пакінуць горад.
Вышаўшы зь вязьніцы, яны прышлі да Ліды, і, абачыўшы братоў, дамянілі ім, і адышлі.
Калі яны выйшлі з вязніцы, прыйшлі да Лідзіі, а калі ўбачылі братоў, далі ім настаўленні і адышлі.