Марка 7 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
І сышліся да Яго фарысеі ды некаторыя кніжнікі, што прыбылі з Ерузаліма.
Сышліся да Яго фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, якія прыйшлі з Ерузалема.
І, калі заўважылі, што некаторыя з вучняў Яго елі хлеб нячыстымі, гэта значыць нямытымі, рукамі, — дакаралі.
І ўбачылі, як некаторыя вучні Яго елі хлеб нячыстымі, гэта значыць неабмытымі рукамі.
Бо фарысеі і ўсе юдэі не ядуць, калі не памыюць старанна рук, захоўваючы традыцыю дзядоў;
Фарысеі ж і ўсе юдэі, трымаючыся традыцыі старэйшых, не ядуць, пакуль старанна не памыюць рук.
таксама не ядуць, прыйшоўшы з рынку, пакуль не абмыюцца; па-за гэтым традыцыя іх загадвае трымацца многіх іншых рэчаў: мыць чары і збаны, і посуд медны, і лавы, —
І, вярнуўшыся з рынку, не ядуць, пакуль не абмыюцца. Ёсць і яшчэ шмат таго, чаго прынята трымацца: абмыцця чашаў, збаноў, медных начынняў і лаваў.
то пыталіся Яго фарысеі і кніжнікі: «Чаму вучні Твае не трымаюцца традыцый старэйшын, але ядуць хлеб нямытымі рукамі?»
Таму запыталіся ў Яго фарысеі і кніжнікі: «Чаму вучні Твае не трымаюцца традыцыі старэйшых, а ядуць хлеб нячыстымі рукамі?»
А Ён, адказваючы, сказаў ім: «Добра пра вас, крывадушнікаў, праракаваў Ісая, як напісана: “Народ гэты славіць Мяне вуснамі, але сэрца іх далёка ад Мяне.
Ён адказаў ім: «Добра прарочыў Ісая наконт вас, крывадушных, як напісана: “Гэты народ шануе Мяне вуснамі,а сэрца іх далёка ад Мяне.
Дарэмна, аднак, славяць Мяне, выкладаючы вучэнне пастаноў чалавечых”.
Але дарэмна ўшаноўваюць Мяне,навучаючы людскім запаведзям”.
І, аставіўшы прыказанне Божае, захоўваеце традыцыі чалавечыя: мыццё чараў і кубкаў, ды робіце шмат іншага, падобнага да гэтага».
Бо вы пакінулі запаведзь Божую, а трымаецеся чалавечай традыцыі».
І гаварыў ім: «Ці добра, што вы касуеце прыказанне Божае і захоўваеце вашу традыцыю?
І сказаў ім: «Прыгожа вы абыходзіце Божую запаведзь, каб захаваць сваю традыцыю.
Майсей сказаў: “Шануй бацьку свайго і маці сваю”, ды: “Хто зняважыць бацьку або маці — хай будзе смерцю пакараны”.
Бо Майсей сказаў: “Шануй бацьку свайго і маці сваю” і: “Хто зласловіць на бацьку ці маці, няхай будзе пакараны смерцю”.
А вы кажаце: “Калі б чалавек сказаў бацьку або маці: “Корбан, значыць дар, тое, у чым табе ад мяне была б карысць”,
А вы кажаце: “Калі чалавек скажа бацьку ці маці: тое, чым бы я мог табе дапамагчы — корбан, што значыць дар для Бога”,
і ўжо дазваляеце нічога яму больш не рабіць для бацькі свайго або маці,
то ўжо не дазваляеце яму зрабіць штосьці для бацькі ці маці.
перакручваючы Слова Божае праз традыцыю вашу, якую перадаяце далей, ды многа падобнага робіце».
Вы парушаеце Божае слова вашай традыцыяй, якую перадалі. І робіце шмат чаго падобнага да гэтага».
І, паклікаўшы зноў людзей, казаў ім: «Слухайце Мяне ўсе і разумейце.
Паклікаўшы зноў людзей, сказаў ім: «Паслухайце Мяне ўсе і зразумейце!
Па-за чалавекам няма нічога, што, у яго ўваходзячы, магло б яго апаганіць, але ад чалавека выходзіць тое, што яго апаганьвае.
Няма нічога, што магло б, уваходзячы звонку ў чалавека, зрабіць яго нячыстым, але тое робіць чалавека нячыстым, што выходзіць з яго».
Калі хто мае вушы, каб пачуць, хай чуе!»
[отсутсвует]
І, калі Ісус увайшоў у дом ад народа, пыталіся вучні Яго пра сэнс гэтай прыпавесці.
А калі Езус увайшоў у дом, пакінуўшы натоўп, вучні Ягоныя спыталіся ў Яго наконт прыпавесці.
І гаворыць ім: «Няўжо і вы такія няцямкія? Не разумееце, што ўсё, што звонку ўваходзіць у чалавека, не можа яго апаганіць,
І Ён сказаў ім: «Няўжо і вы такія някемлівыя? Ці не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць звонку ў чалавека, не можа зрабіць яго нячыстым,
бо тое ўваходзіць не ў сэрца, але ў жывот і выкідаецца вон, ачышчаючы ўсякую ежу».
бо не ў сэрца ягонае ўваходзіць, а ў страўнік, і выходзіць вонкі». Так Ён прызнаў усялякую ежу чыстай.
І казаў далей: «А што з чалавека выходзіць, тое апаганьвае чалавека.
Далей сказаў: «Тое, што выходзіць з чалавека, робіць яго нячыстым.
Бо з нутра, з сэрца чалавека выходзяць благія думкі, распуснасць, зладзействы, забойствы,
Бо знутры, з чалавечага сэрца, выходзяць дрэнныя думкі, распуста, крадзеж, забойствы,
чужаложства, хцівасць, нягоднасць, зайздрасць, бессаромнасць, ліхое вока, блюзненні, пыха, глупства.
чужалоства, сквапнасць, зласлівасць, падступнасць, бессаромнасць, зайздрасць, блюзнерства, пыха, глупства.
Усё гэта ліха з нутра выходзіць ды паганіць чалавека».
Усё гэтае зло выходзіць знутры і робіць чалавека нячыстым».
І, устаўшы, выйшаў Ён адтуль у межы Тыра і Сідона. І, увайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто аб гэтым не ведаў, і схавацца не змог.
Устаўшы, Езус адышоў у межы Тыра. Увайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто не ведаў пра гэта, але не змог утаіцца.
Бо адна жанчына, у якой дачка мела нячыстага духа, як толькі пачула аб Ім, увайшла ў дом і пала Яму да ног.
Бо жанчына, у якой была апанаваная нячыстым духам дачка, адразу пачула пра Яго, прыйшла і ўпала да Ягоных ног.
А жанчына гэтая была з грэкаў, родам з Сірафэніцыі. Яна прасіла Яго, каб выгнаў дэмана з дачкі яе.
А была гэтая жанчына язычніцай, родам сірафініцыянка. Яна прасіла Яго выгнаць злога духа з яе дачкі.
Ісус казаў ёй: «Дазволь перш насыціцца сынам, бо нядобра забіраць хлеб ад сыноў і кідаць яго сабакам».
Ён адказаў ёй: «Дай спачатку насыціцца дзецям, бо нядобра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам».
А яна адказвае Яму і кажа: «Так, Госпадзе, але ж і сабакі ядуць пад сталом крошкі ад дзяцей».
Яна ж адказала Яму, кажучы: «Пане, але і шчаняты ядуць пад сталом крошкі ў дзяцей».
І сказаў ёй: «Дзеля такога адказу ідзі: дэман выйшаў з дачкі тваёй».
Тады Ён сказаў ёй: «Дзеля гэтых слоў ідзі, злы дух выйшаў з тваёй дачкі».
І, калі яна прыйшла дамоў, знайшла, што дачка ляжыць на ложку і дэман выйшаў.
Калі яна прыйшла ў свой дом, убачыла, што злы дух выйшаў, а дачка ляжыць на ложку.
І, зноў пакінуўшы межы Тыра і Сідона, пайшоў Ён да мора Галілейскага пасярод межаў Дэкапаля.
Зноў выйшаў Езус з межаў Тыра і прайшоў праз Сідон да Галілейскага мора, пасярод зямель Дэкаполіса.
І прыводзяць да Яго глухога і нямога, каб Ён усклаў на яго руку.
Калі прывялі да Яго глуханямога, прасілі, каб усклаў на яго руку.
І, адвёўшы яго з Сабою ўбок, далей ад народа, уклаў Ісус пальцы Свае ў яго вушы ды Сваёй слінай дакрануўся да языка яго.
Адвёўшы яго далей ад натоўпу, Ён уклаў у яго вушы свае пальцы і, паслініўшы, дакрануўся да ягонага языка.
І, глянуўшы ў неба, уздыхнуў і гаворыць: «Эфэта», што значыць: «Адкрыйся».
Паглядзеўшы на неба, уздыхнуў і сказаў яму: «Эффата», што значыць: «Адкрыйся».
І зараз жа адчыніліся вушы яго ды развязаліся путы языка яго, і пачаў добра гаварыць.
Адразу адкрыліся вушы ягоныя, і развязаліся путы языка ягонага, і пачаў гаварыць выразна.
І загадаў ім, каб нікому не казалі, але чым болей Ён забараняў, тым больш яны абвяшчалі.
Тады Езус загадаў ім, каб нікому не казалі. Але колькі ні забараняў ім, яны апавядалі яшчэ больш.
І тым больш яны дзівіліся, кажучы: «Усё добра робіць, і каб глухія чулі, робіць, і каб нямыя гаварылі».
Будучы надзвычай здзіўленымі, яны казалі: «Ён зрабіў усё добра: учыніў, што глухія чуюць, а нямыя гавораць!»