Марка 15 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
І зараз раніцай, Ісуса, па нарадзе першасвятароў са старэйшынамі і кніжнікамі, і ўсяго сангедрыёна, звязаўшы, павялі і перадалі Пілату.
З самай раніцы першасвятары са старэйшынамі і кніжнікамі і ўвесь Сінэдрыён зрабілі нараду і, звязаўшы Езуса, павялі і аддалі Пілату.
І спытаўся ў Яго Пілат: «Ці Ты — Цар Юдэйскі?» А Ён, адказваючы, гаворыць яму: «Ты кажаш».
Пілат спытаўся ў Яго: «Ты кароль юдэйскі?» Ён жа сказаў яму ў адказ: «Ты кажаш».
І вінавацілі Яго першасвятары ў многіх рэчах.
І абвінавачвалі Яго першасвятары ў многім.
Дык Пілат зноў спытаўся ў Яго, кажучы: «Чаму не адказваеш? Глядзі, як многа супраць Цябе абвінавачанняў».
Пілат жа зноў спытаўся ў Яго: «Ты нічога не адказваеш? Паглядзі, колькі сведчыць супраць Цябе».
Але Ісус больш нічога не адказваў, так што Пілат дзівіўся.
Езус нічога больш не адказваў, таму дзівіўся Пілат.
На свята ён меў звычай вызваляць ім аднаго з вязняў, каго б захацелі.
На свята ён адпускаў ім аднаго вязня, якога прасілі.
Быў жа нейкі адзін, на імя Бараба, увязнены разам з бунтаўнікамі, які ў час бунту ўчыніў забойства.
Быў жа нейкі Бараба, зняволены са сваімі саўдзельнікамі, якія падчас бунту ўчынілі забойства.
І калі сабраўся натоўп людзей, пачаў дамагацца таго, што ім звычайна рабілі.
І, падышоўшы, натоўп пачаў прасіць таго, што ён заўсёды рабіў ім.
Пілат жа звярнуўся да іх і сказаў: «Хочаце, адпушчу вам Цара Юдэйскага?»
Пілат жа сказаў ім у адказ: «Хочаце, адпушчу вам караля юдэйскага?»
Бо ведаў, што Яго выдалі першасвятары праз зайздрасць.
Бо ведаў, што першасвятары выдалі Яго ад зайздрасці.
Але першасвятары падбухторылі людзей, каб ім лепш адпусціў Барабу.
Але першасвятары падбухторылі народ, каб лепш адпусціў ім Барабу.
І Пілат, адказваючы, гаварыў ім паўторна: «Дык што хочаце, каб я зрабіў з Тым, Каго называеце Царом Юдэйскім?»
Пілат, адказваючы, зноў сказаў ім: «Што хочаце, каб я зрабіў з тым, каго вы называеце каралём юдэйскім?»
Але яны зноў закрычалі: «Укрыжуй Яго!»
Яны закрычалі зноў: «Укрыжуй Яго!»
Дык Пілат сказаў ім: «Што благога зрабіў Ён?» Але яны тым болей крычалі: «Укрыжуй Яго!»
Пілат сказаў ім: «Што дрэннага зрабіў Ён?» Але яны яшчэ мацней закрычалі: «Укрыжуй Яго!»
І Пілат, жадаючы дагадзіць народу, выпусціў ім Барабу, а Ісуса, пасля бічавання, выдаў на ўкрыжаванне.
Тады Пілат, хочучы дагадзіць людзям, адпусціў ім Барабу, а Езуса пасля бічавання аддаў на ўкрыжаванне.
А ваяры ўвялі Яго ў панадворак, што завецца прэторыя, і склікалі ўсю кагорту.
Жаўнеры адвялі Яго ў сярэдзіну дзядзінца, гэта значыць, у прэторыю, і сабралі цэлую кагорту.
І апранулі Яго ў пурпур, і, сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву,
Апранулі Яго ў пурпур і, сплёўшы цярновы вянок, усклалі на Яго.
і пачалі Яго вітаць: «Радуйся, Цар Юдэйскі!»
І пачалі вітаць Яго: «Вітай, кароль юдэйскі!»
І трысцінай білі Яго па галаве, і плявалі на Яго, і, кленчучы, кланяліся Яму.
Білі Яго па галаве трысцінай і плявалі на Яго, і, згінаючы калені, кланяліся Яму.
І, калі ўжо наздзекаваліся з Яго, знялі з Яго пурпур ды зноў апранулі Яго ў адзенне Яго, ды павялі Яго на ўкрыжаванне.
А калі насмяяліся з Яго, знялі пурпур і апранулі ў Ягоную вопратку, і павялі Яго, каб укрыжаваць.
І прымусілі нейкага Сімона Цырэнейца, бацьку Аляксандра і Руфа, які ішоў з поля і праходзіў міма, каб нёс крыж Яго.
І прымусілі нейкага Сымона Кірэнэйца, бацьку Аляксандра і Руфа, які ішоў з поля, несці Ягоны крыж.
І прывялі Яго на Гальготу, што значыць «месца чэрапа».
Прывялі Езуса на месца званае Галгота, што азначае: «Месца Чэрапа».
І давалі Яму выпіць віно, змяшанае з сокам міры, але не прыняў.
І давалі Яму піць віно са смірнаю, але Ён не ўзяў.
І ўкрыжаваўшы Яго, дзелілі адзенне Яго, кідаючы жэрабя між сабою, каму што ўзяць.
Калі ўкрыжавалі Яго, падзялілі вопратку Ягоную, кідаючы лёсы, каму што ўзяць.
А была гадзіна трэцяя, і ўкрыжавалі Яго.
Была ж трэцяя гадзіна, калі ўкрыжавалі Яго.
І быў надпіс віны Яго: «Цар Юдэйскі».
І быў надпіс з віной Ягонай: «Кароль юдэйскі».
І ўкрыжавалі разам з Ім двух разбойнікаў, аднаго праваруч, а другога леваруч ад Яго.
Разам з Ім укрыжавалі двух злачынцаў, аднаго з правага, другога з левага боку ад Яго.
І збылося Пісанне: і да злодзеяў быў залічаны.
[отсутсвует]
І тыя, што міма праходзілі, плявузгалі на Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: «Гэй, Ты, што руйнуеш святыню ды зноў узнаўляеш у тры дні,
Тыя, хто праходзіў, зневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: «Гэй! Ты, што руйнуеш святыню і за тры дні будуеш,
уратуй Сябе Самога, зыдзі з крыжа».
уратуй сябе самога, сышоўшы з крыжа!»
Таксама і першасвятары з кніжнікамі, смеючыся з Яго, казалі адзін аднаму: «Іншых ратаваў, а Сам Сябе ўратаваць не можа.
Падобна і першасвятары з кніжнікамі, насміхаючыся, казалі адзін аднаму: «Іншых ратаваў, а сябе не можа ўратаваць.
Няхай жа Хрыстос, Цар Ізраэля, сыдзе цяпер з крыжа, каб мы ўбачылі і паверылі». Таксама і тыя, што былі з Ім укрыжаваныя, зневажалі Яго.
Хрыстус, кароль Ізраэля, няхай сыдзе цяпер з крыжа, каб мы ўбачылі і паверылі». Таксама тыя, хто быў укрыжаваны разам з Ім, зневажалі Яго.
А калі настала гадзіна шостая, усю зямлю ахутала цемра аж да гадзіны дзявятай.
Калі надышла шостая гадзіна, цемра настала па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзевятай.
І а дзевятай гадзіне Ісус закрычаў моцным голасам: «Гэлёі, Гэлёі! Лама сабахтані», што значыць: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?»
А каля дзевятай гадзіны ўсклікнуў Езус моцным голасам: «Элі, Элі, лема сабахтані?», што азначае: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?»
І некаторыя з тых, што бліжэй стаялі, чуючы гэта, казалі: «Вось, Ён Іллю кліча».
Некаторыя з тых, хто стаяў там, чуючы гэта, казалі: «Вось, Ён кліча Іллю».
А адзін, падбегшы, напоўніўшы губку воцатам і ўсклаўшы яе на трысціну, даваў Яму піць, кажучы: «Пачакайце, паглядзім, ці прыйдзе Ілля зняць Яго».
А адзін пабег, намачыў губку воцатам і, насадзіўшы на трысціну, паіў Яго, кажучы: «Чакайце, пабачым, ці прыйдзе Ілля зняць Яго».
Ісус жа, закрычаўшы моцным голасам, сканаў.
Езус жа, ускрыкнуўшы моцным голасам, сканаў.
І заслона ў святыні разадралася напалам з верху аж да нізу.
І заслона ў святыні разарвалася надвое ад верху да нізу.
Сотнік жа, што стаяў насупраць, бачачы, што Ісус, так закрычаўшы, сканаў, гаворыць: «Сапраўды, Гэты Чалавек быў Сын Божы».
Сотнік, які стаяў насупраць Яго, сказаў, убачыўшы, як Ён канаў: «Праўдзіва, Чалавек гэты быў Сынам Божым».
А былі там і жанчыны, здалёк паглядаючыя, між імі Марыя Магдалена, і Марыя, маці Якуба меншага і Язэта, і Саламея,
Былі таксама жанчыны, якія глядзелі здалёк. Сярод іх была Марыя Магдалена, Марыя, маці Якуба малодшага і Юзафа, і Саламея, якія тады,
якія, калі Ісус быў у Галілеі, хадзілі з Ім і паслугавалі Яму, ды многа іншых, што разам з Ім прыйшлі ў Ерузалім.
калі Ён быў у Галілеі, спадарожнічалі і служылі Яму, а таксама многія іншыя, якія разам з Ім прыйшлі ў Ерузалем.
І, калі звечарэла, а быў гэта дзень прыгатавання, які бывае перад суботаю,
Калі звечарэла, і паколькі была пятніца, гэта значыць пярэдадзень шабату,
прыйшоў Язэп з Арыматэі, знатны член рады, які сам чакаў прыходу Валадарства Божага, і адважна ўвайшоў да Пілата, і прасіў цела Ісуса.
прыйшоў Юзаф з Арыматэі, дастойны дарадчык, які і сам чакаў Валадарства Божага, і адважыўся ўвайсці да Пілата, каб прасіць цела Езуса.
Але Пілат сумняваўся, ці ўжо памёр, і, паклікаўшы сотніка, спытаўся ў яго, ці ўжо памёр,
Пілат здзівіўся, што Ён ужо памёр, і, паклікаўшы сотніка, спытаўся ў яго, ці даўно сканаў.
і, даведаўшыся ад сотніка, аддаў цела Язэпу.
Даведаўшыся ад сотніка, аддаў цела Юзафу.
Язэп жа купіў плашчаніцу і, зняўшы Яго, абгарнуў Яго плашчаніцай ды паклаў у магіле, што была высечана ў скале, і падкаціў камень да ўваходу ў магілу.
Ён, купіўшы палатно і зняўшы цела, захінуў у палатно і паклаў у магіле, якая была высечана ў скале, і прываліў камень да яе ўваходу.
Марыя ж Магдалена і Марыя, маці Язэпа, глядзелі, дзе пахавалі Яго.
А Марыя Магдалена і Марыя Юзафа глядзелі, дзе Яго паклалі.