Марка 13 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
І, калі Ён выходзіў са святыні, гаворыць Яму адзін з вучняў Яго: «Настаўнік, глянь, што за камяні ды якія пабудовы!»
Калі Езус выходзіў са святыні, адзін з вучняў Ягоных сказаў Яму: «Настаўнік, паглядзі, якія камні і якія будынкі».
А Ісус гаворыць яму: «Бачыш усе гэтыя велізарныя будоўлі? Не застанецца з іх каменя на камені, які б не быў развалены».
А Езус сказаў яму: «Бачыш гэтыя вялікія будынкі? Не застанецца тут каменя на камені, які б не быў зруйнаваны».
І, калі Ён сядзеў на гары Аліўнай насупраць святыні, пыталіся Яго асобна Пётра, і Якуб, і Ян, і Андрэй:
І калі Ён сядзеў на Аліўнай гары насупраць святыні, пыталіся ў Яго сам-насам Пётр, Якуб, Ян і Андрэй:
«Скажы нам, калі гэта станецца, і што за знак будзе, калі ўсё гэта пачне збывацца?»
«Скажы нам, калі гэта будзе і які будзе знак, калі павінна ўсё гэта споўніцца?»
І Ісус пачаў ім казаць: «Глядзіце, каб вас хто не звёў.
І Езус пачаў казаць ім: «Глядзіце, каб ніхто не звёў вас.
Бо многія прыйдуць у імя Маё, кажучы: “Гэта Я”, і яны многіх звядуць.
Многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я, і многіх звядуць.
А калі пачуеце вы пра войны і чуткі пра войны, не трывожцеся, бо так павінна быць, але гэта яшчэ не канец.
Калі ж пачуеце пра войны і весткі з войнаў, не дазваляйце сябе запалохаць. Так павінна адбыцца, але гэта яшчэ не канец.
Бо падымецца народ на народ ды царства на царства, ды будуць месцамі землятрусы і голад, і смуты. Гэта пачатак пакут.
Бо паўстане народ на народ, і каралеўства на каралеўства; і будуць землятрусы месцамі, будзе голад. Гэта пачатак пакут.
Глядзіце самі сябе. Будуць вас аддаваць у суды і біць у сінагогах, і будзеце стаяць перад намеснікамі і царамі на сведчанне ім дзеля Мяне.
Сцеражыцеся. Вас будуць аддаваць у суды і ў сінагогах будуць біць, і паставяць вас перад намеснікамі і каралямі за Мяне на сведчанне ім.
І трэба, каб перш было абвешчана Евангелле ўсім народам.
Але найперш Евангелле павінна быць абвешчана ўсім народам.
І, калі павядуць вас выдаваць, не турбуйцеся загадзя, што вам казаць, але што дадзена вам будзе ў гэты час, тое скажаце, бо не вы будзеце гаварыць, але Дух Святы.
І калі павядуць, каб выдаць вас, не турбуйцеся загадзя, што сказаць, а кажыце тое, што будзе дадзена вам у тую гадзіну, бо не вы будзеце гаварыць, а Дух Святы.
І будзе выдаваць на смерць брат брата і бацька дзіця; і паўстануць дзеці супраць бацькоў ды будуць забіваць іх.
Тады брат выдасць брата на смерць, і бацька дзіця; паўстануць дзеці супраць бацькоў і заб’юць іх;
І будзеце вы ў нянавісці ад усіх за імя Маё; але хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.
і зненавідзяць вас усе за імя Маё. Але той, хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.
Дык калі ўбачыце агіду спусташэння, пра што казаў прарок Даніэль, якая паўстала там, дзе не мела быць, — хто чытае, хай разумее, — тады тыя, якія ў Юдэі, хай уцякаюць у горы,
А калі ўбачыце, што агіда спусташэння паўстала там, дзе не павінна быць (хто чытае, няхай зразумее), тады тыя, хто ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы;
а хто на даху, хай не сыходзіць у дом ды хай не ідзе, каб што ўзяць з дома свайго,
хто будзе на даху, няхай не спускаецца ў дом узяць нешта з дому свайго;
і хто на полі, хай не вяртаецца назад, каб узяць вопратку сваю.
хто будзе на полі, няхай не вяртаецца забраць вопратку сваю.
Гора будзе цяжарным ды тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні.
Гора цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні!
Дзеля таго маліцеся, каб не сталіся ваші ўцёкі зімою.
Маліцеся, каб не здарылася гэта зімой.
Бо ў тыя дні будзе такі прыгнёт, якога не было ад заснавання свету, які Бог стварыў, аж дасюль, і не будзе.
Бо гэта будуць дні такой тугі, якой не было аж дагэтуль ад пачатку стварэння, якое стварыў Бог, і не будзе.
І, калі б Госпад не скараціў тых дзён, не ўратавалася б аніякае цела; але скараціў гэтыя дні дзеля абраных, якіх Ён абраў.
Калі б Пан не скараціў гэтых дзён, не ўратавалася б ніякае цела. Але дзеля выбраных, якіх абраў, скараціў дні.
І, калі б хто вам тады сказаў: “Вось, тут Хрыстос або, вось, там”, — не верце.
І тады, калі хтосьці скажа вам: “Вось, тут Хрыстус, вось, там”, — не верце.
Бо з’явяцца фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі і будуць даваць знакі ды цуды, каб звесці, калі гэта магчыма, нават абраных.
Бо паўстануць фальшывыя месіі і фальшывыя прарокі і будуць чыніць знакі і цуды, каб увесці ў зман, калі ўдасца, выбраных.
Дык вы сцеражыцеся: на тое Я вам усё прадказаў.
А вы сцеражыцеся. Я прадказаў вам усё.
А ў тыя дні, па тузе той зацемрыцца сонца, ды месяц не дасць святла свайго,
Але ў тыя дні пасля тугі такой зацьміцца сонца, і месяц не дасць святла свайго.
і зоркі нябесныя падаць будуць, ды сілы, што на небе, пахіснуцца.
І зоркі будуць падаць з неба, і сілы нябесныя пахіснуцца.
І тады ўбачаць Сына Чалавечага, што прыходзіць на аблоках з вялікай магутнасцю і славаю.
Тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці на аблоках з вялікай сілай і ў славе.
І тады пашле анёлаў Сваіх, і збярэ з чатырох вятроў; ад краю зямлі да краю неба абраных Сваіх.
Ён пашле тады анёлаў і збярэ выбраных сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба.
З фігавага дрэва бярыце прыклад. Калі яго галінка лагаднее і пускае лісты, вы ведаеце, што ўжо блізка лета.
Вучыцеся на прыкладзе смакоўніцы: калі галінка яе становіцца ўжо мяккай і пускае лісце, ведаеце, што блізка лета.
Так і вы, калі ўбачыце, што гэта збываецца, ведайце, што і гэта блізка, пры дзвярах.
Так і вы, калі ўбачыце, што адбываецца гэта, ведайце, што блізка, пры дзвярах.
Сапраўды кажу вам: не праміне пакаленне гэтае, аж гэта ўсё станецца.
Сапраўды кажу вам: не міне пакаленне гэтае, як усё гэта адбудзецца.
Неба і зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць.
Неба і зямля мінуць, а словы Мае не мінуць.
А дня таго і хвіліны ніхто не ведае; ані анёлы ў небе, ані Сын, толькі Айцец.
А пра дзень той або гадзіну ні анёлы ў небе, ні Сын, ніхто не ведае, а толькі Айцец.
Глядзіце, чувайце і маліцеся, бо не ведаеце, калі гэты час надыдзе.
Глядзіце, чувайце, бо не ведаеце, калі настане той час.
Будзе, як з чалавекам, які выехаў у дарогу і пакінуў свой дом, і даў уладу сваім паслугачам, кожнаму свой абавязак, а прыдзвернаму, каб той чуваў.
Падобна гэта да чалавека, які, сабраўшыся ў далёкую дарогу, пакінуў дом свой, даў слугам сваім уладу і кожнаму сваю працу і загадаў брамніку чуваць.
Дык чувайце, бо не ведаеце, калі гаспадар дома вернецца: вечарам, ці апоўначы, ці калі певень запяе, ці раніцай,
Таму чувайце і вы, бо не ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому: увечары, ці апоўначы, ці пры спеве пеўняў, ці раніцай,
каб, калі вернецца неспадзявана, не застаў вас спячымі.
каб не застаў вас спячымі, калі вернецца неспадзявана.
А што вам кажу, усім кажу: чувайце!»
А што вам кажу, кажу ўсім: чувайце!»