Марка 13 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
І калі выходзіў Ён са сьвятыні, гаворыць Яму адзін з вучняў Ягоных: «Настаўнік, паглядзі, якія камяні ды якія пабудовы!»
Калі Езус выходзіў са святыні, адзін з вучняў Ягоных сказаў Яму: «Настаўнік, паглядзі, якія камні і якія будынкі».
А Ісус, адказваючы, сказаў яму: «Бачыш усе гэтыя вялізарныя пабудовы? Не застанецца камяня на камяні, які б ня быў зруйнаваны».
А Езус сказаў яму: «Бачыш гэтыя вялікія будынкі? Не застанецца тут каменя на камені, які б не быў зруйнаваны».
І калі Ён сядзеў на гары Аліўнай насупраць сьвятыні, спыталіся ў Яго насамоце Пётар, і Якуб, і Ян, і Андрэй:
І калі Ён сядзеў на Аліўнай гары насупраць святыні, пыталіся ў Яго сам-насам Пётр, Якуб, Ян і Андрэй:
«Скажы нам, калі гэта станецца, і які знак, калі ўсё гэта мае скончыцца?»
«Скажы нам, калі гэта будзе і які будзе знак, калі павінна ўсё гэта споўніцца?»
Ісус, адказваючы ім, пачаў гаварыць: «Глядзіце, каб вас хто не падмануў.
І Езус пачаў казаць ім: «Глядзіце, каб ніхто не звёў вас.
Бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я, і многіх падмануць.
Многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я, і многіх звядуць.
А калі пачуеце пра войны і чуткі ваенныя, не трывожцеся, бо ўсё гэта павінна стацца, але гэта яшчэ не канец.
Калі ж пачуеце пра войны і весткі з войнаў, не дазваляйце сябе запалохаць. Так павінна адбыцца, але гэта яшчэ не канец.
Бо паўстане народ на народ, і валадарства на валадарства, і будуць месцамі землятрусы, і будуць голад і замяшаньні. Гэта пачатак мукаў радзін.
Бо паўстане народ на народ, і каралеўства на каралеўства; і будуць землятрусы месцамі, будзе голад. Гэта пачатак пакут.
Глядзіце ж і вы самі, бо будуць вас выдаваць у сынэдрыёны і біць у сынагогах, і будзеце пастаўленыя перад ваяводамі і валадарамі дзеля Мяне на сьведчаньне ім.
Сцеражыцеся. Вас будуць аддаваць у суды і ў сінагогах будуць біць, і паставяць вас перад намеснікамі і каралямі за Мяне на сведчанне ім.
І ўсім народам павінна спачатку быць абвешчана Эвангельле.
Але найперш Евангелле павінна быць абвешчана ўсім народам.
І калі павядуць вас, каб выдаць, не клапаціцеся наперад, што маеце гаварыць, і не абдумвайце, але што дадзена вам будзе ў гэты час, тое кажыце, бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Сьвяты.
І калі павядуць, каб выдаць вас, не турбуйцеся загадзя, што сказаць, а кажыце тое, што будзе дадзена вам у тую гадзіну, бо не вы будзеце гаварыць, а Дух Святы.
І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька сына; і дзеці паўстануць супраць бацькоў і будуць забіваць іх,
Тады брат выдасць брата на смерць, і бацька дзіця; паўстануць дзеці супраць бацькоў і заб’юць іх;
і будзеце вы ў нянавісьці ў-ва ўсіх дзеля імя Майго. Але хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.
і зненавідзяць вас усе за імя Маё. Але той, хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.
А калі ўбачыце агіду спусташэньня, як сказана праз Данііла прарока, што стане там, дзе не павінна, — хто чытае, няхай разумее, — тады тыя, хто ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы,
А калі ўбачыце, што агіда спусташэння паўстала там, дзе не павінна быць (хто чытае, няхай зразумее), тады тыя, хто ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы;
а хто на даху, няхай не зыходзіць у дом і не ўваходзіць узяць нешта з дому свайго,
хто будзе на даху, няхай не спускаецца ў дом узяць нешта з дому свайго;
і хто ў полі, няхай не вяртаецца назад узяць адзеньне сваё.
хто будзе на полі, няхай не вяртаецца забраць вопратку сваю.
Але гора цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі, у тыя дні.
Гора цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні!
Дык маліцеся, каб не былі ўцёкі вашыя ў зіму.
Маліцеся, каб не здарылася гэта зімой.
Бо ў тыя дні будзе такі прыгнёт, якога не было ад пачатку стварэньня, якое стварыў Бог, аж дагэтуль, і ня будзе.
Бо гэта будуць дні такой тугі, якой не было аж дагэтуль ад пачатку стварэння, якое стварыў Бог, і не будзе.
І калі б Госпад не скараціў гэтых дзён, не выратавалася б ніводнае цела, але дзеля выбраных, якіх Ён выбраў, скараціў гэтыя дні.
Калі б Пан не скараціў гэтых дзён, не ўратавалася б ніякае цела. Але дзеля выбраных, якіх абраў, скараціў дні.
І тады, калі хто вам скажа: “Вось тут Хрыстос”, ці: “Вось, там”, — ня верце.
І тады, калі хтосьці скажа вам: “Вось, тут Хрыстус, вось, там”, — не верце.
Бо паўстануць фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі, і будуць рабіць знакі і цуды, каб зьвесьці, калі магчыма, і выбраных.
Бо паўстануць фальшывыя месіі і фальшывыя прарокі і будуць чыніць знакі і цуды, каб увесці ў зман, калі ўдасца, выбраных.
Вы ж глядзіце: вось, Я вам усё наперад сказаў.
А вы сцеражыцеся. Я прадказаў вам усё.
Але ў тыя дні, пасьля прыгнёту таго, зацьмее сонца, і месяц ня дасьць сьвятла свайго,
Але ў тыя дні пасля тугі такой зацьміцца сонца, і месяц не дасць святла свайго.
і зоркі нябесныя падаць будуць, і сілы, што ў небе, захістаюцца.
І зоркі будуць падаць з неба, і сілы нябесныя пахіснуцца.
І тады ўгледзяць Сына Чалавечага, Які прыходзіць на аблоках з вялікай моцаю і славаю.
Тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці на аблоках з вялікай сілай і ў славе.
І тады Ён пашле анёлаў Сваіх, і зьбярэ выбраных Сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба.
Ён пашле тады анёлаў і збярэ выбраных сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба.
У дрэва фігавага навучыцеся прыповесьці: калі ўжо галінка ягоная робіцца мяккай і пускае лісты, разумееце, што блізка лета.
Вучыцеся на прыкладзе смакоўніцы: калі галінка яе становіцца ўжо мяккай і пускае лісце, ведаеце, што блізка лета.
Гэтак і вы, калі ўбачыце, што гэта адбываецца, разумейце, што блізка, у дзьвярах.
Так і вы, калі ўбачыце, што адбываецца гэта, ведайце, што блізка, пры дзвярах.
Сапраўды кажу вам: не праміне пакаленьне гэтае, аж усё гэта станецца.
Сапраўды кажу вам: не міне пакаленне гэтае, як усё гэта адбудзецца.
Неба і зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць.
Неба і зямля мінуць, а словы Мае не мінуць.
А пра дзень той і гадзіну ніхто ня ведае, ані анёлы, якія ў небе, ані Сын, а толькі Айцец.
А пра дзень той або гадзіну ні анёлы ў небе, ні Сын, ніхто не ведае, а толькі Айцец.
Глядзіце, ня сьпіце і маліцеся, бо ня ведаеце, калі прыйдзе пара.
Глядзіце, чувайце, бо не ведаеце, калі настане той час.
Як чалавек, які, выяжджаючы, пакінуў дом свой, і даў уладу слугам сваім, і кожнаму свой абавязак, і загадаў прыдзьверніку, каб чуваў.
Падобна гэта да чалавека, які, сабраўшыся ў далёкую дарогу, пакінуў дом свой, даў слугам сваім уладу і кожнаму сваю працу і загадаў брамніку чуваць.
Дык чувайце, бо ня ведаеце, калі гаспадар дому прыйдзе: вечарам, ці апоўначы, ці як певень засьпявае, ці раніцай,
Таму чувайце і вы, бо не ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому: увечары, ці апоўначы, ці пры спеве пеўняў, ці раніцай,
каб, калі вернецца неспадзявана, не знайшоў вас, што сьпіцё.
каб не застаў вас спячымі, калі вернецца неспадзявана.
А што вам кажу, усім кажу: "Чувайце!"»
А што вам кажу, кажу ўсім: чувайце!»