Марка 10 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

І, выходзячы адтуль, Ісус прыходзіць у межы Юдэі за Ярданам, і зноў сабралася да Яго многа людзей, і Ён, як звычайна, навучаў іх зноў.
 
Выйшаўшы адтуль, Езус прыйшоў у межы Юдэі за Ярданам. Зноў сабраліся каля Яго натоўпы, а Ён, як звычайна, зноў навучаў іх.

І, падышоўшы, фарысеі пыталіся ў Яго, выпрабоўваючы: «Ці дазваляецца мужу пакідаць жонку?»
 
Тады падышлі да Езуса фарысеі і, выпрабоўваючы Яго, спыталіся, ці дазволена мужу разводзіцца з жонкаю?

Ісус, адказваючы, сказаў ім: «А што вам загадаў Майсей?»
 
Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Што наказаў вам Майсей?»

Яны сказалі: «Майсей дазволіў напісаць разводны ліст і пакінуць яе».
 
Яны сказалі: «Майсей дазволіў напісаць разводны ліст і разводзіцца».

Ісус жа гаворыць ім: «Дзеля закамянеласці сэрца вашага даў ён вам такі загад.
 
А Езус адказаў ім: «Дзеля жорсткасці сэрца вашага ён напісаў вам гэты наказ,

Але на пачатку стварэння мужчынай і жанчынай стварыў іх Бог.
 
бо на пачатку стварэння Бог стварыў іх мужчынам і жанчынай.

Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці, ды злучыцца з жонкаю сваёю,
 
Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці і злучыцца з жонкай сваёй,

ды будуць двое адным целам; значыць іх ужо не двое, але адно цела.
 
і будуць двое адным целам. Так што яны ўжо не двое, але адно цела.

Што вось Бог злучыў, хай чалавек не разлучае».
 
Таму, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае».

І дома зноў пра тое самае пыталіся ў Яго вучні.
 
У доме вучні зноў спыталіся ў Яго пра гэта.

І кажа ім: «Хто пакіне жонку сваю і возьме іншую, той чужаложыць супроць яе.
 
Ён сказаў ім: «Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншай, той чужаложыць супраць яе.

І, калі жонка пакіне мужа свайго ды пойдзе за іншага, — чужаложыць».
 
І калі жонка развядзецца з мужам сваім і выйдзе замуж за іншага, чужаложыць».

І прыносілі дзяцей да Яго, каб да іх дакрануўся. А вучні забаранялі ім.
 
Прыносілі да Езуса дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх. Але вучні забаранялі ім.

Бачачы гэта, Ісус абурыўся і кажа ім: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне ды не забараняйце ім, бо такіх ёсць Валадарства Божае.
 
Убачыўшы гэта, Езус абурыўся і сказаў ім: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне, не забараняйце ім, бо такім належыць Валадарства Божае.

Сапраўды кажу вам: калі хто не прыме Валадарства Божага, як дзіця, не ўвойдзе ў яго».
 
Сапраўды кажу вам: хто не прыме Валадарства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго».

І, прытуліўшы іх да Сябе, усклаў на іх рукі і дабраславіў іх.
 
І, абняўшы іх, благаславіў, ускладаючы на іх рукі.

Калі Ён выходзіў у дарогу, прыбегшы, нехта ўпаў перад Ім на калені і пытаўся ў Яго: «Настаўнік добры, што маю рабіць, каб наследаваць жыццё вечнае?»
 
Калі Езус выходзіў у дарогу, падбег да Яго адзін чалавек, упаў перад Ім на калені і спытаўся ў Яго: «Настаўнік добры, што мне рабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?»

Ісус жа сказаў яму: «Чаму Мяне называеш добрым? Ніхто не добры, толькі адзін Бог.
 
Езус сказаў яму: «Чаму называеш Мяне добрым? Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог.

Прыказанні ведаеш: не забівай, не чужалож, не крадзі, не гавары фальшывага сведчання, не рабі крыўды, паважай бацьку свайго і маці».
 
Ведаеш запаведзі: не забівай, не чужалож, не крадзі, не сведчы фальшыва, не ашуквай, шануй бацьку свайго і маці».

А ён сказаў Яму: «Настаўнік, я гэта ўсё захоўваў ад маленства свайго».
 
А той адказаў Яму: «Настаўнік, усё гэта я захоўваў з юнацтва майго».

Ісус жа, глянуўшы на яго, узлюбіў яго ды сказаў яму: «Аднаго табе не хапае: ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб на небе, а тады прыходзь, узяўшы крыж, і ідзі за Мною».
 
Езус паглядзеў на яго з любоўю і сказаў: «Табе не хапае аднаго: ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе. Потым прыходзь і ідзі за Мною».

Той, засмучаны гэтым словам, адышоўся сумны, бо меў вялікую маёмасць.
 
Але ён засмуціўся ад гэтых словаў і адышоў маркотны, бо меў вялікую маёмасць.

І Ісус, паглядзеўшы вакол, гаворыць Сваім вучням: «Як цяжка тым, што маюць багацце, увайсці ў Валадарства Божае».
 
Езус паглядзеў навокал і сказаў сваім вучням: «Як цяжка тым, хто мае багацце, увайсці ў Валадарства Божае».

Вучні ж дзівіліся са слоў Яго. Але Ісус зноў, адказваючы, гаворыць ім: «Сынове, як цяжка тым, хто ўскладае надзею на багацце, увайсці ў Валадарства Божае.
 
Вучні дзівіліся з Ягоных словаў. Але Езус зноў сказаў ім у адказ: «Дзеці, як цяжка ўвайсці ў Валадарства Божае.

Лягчэй вярблюду праціснуцца праз вушка іголкі, чым багацею ўвайсці ў Валадарства Божае».
 
Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае».

А яны тым болей дзівіліся, гаворачы між сабою: «Дык хто можа быць збаўлены?»
 
А яны яшчэ больш здзіўляліся і казалі адзін аднаму: «Хто ж можа збавіцца?»

Ісус, паглядзеўшы на іх, гаворыць: «У людзей гэта немагчыма, але не ў Бога: у Бога ўсё магчыма».
 
Езус, зірнуўшы на іх, сказаў: «У людзей гэта немагчыма, але не ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма».

Дык Пётра пачаў казаць Яму: «Вось жа, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табой».
 
І пачаў Пётр казаць Яму: «Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою».

Гаворыць Ісус у адказ: «Сапраўды кажу вам: няма нікога, хто б пакінуў дом, або братоў, або сясцёр, або бацьку, або маці, або жонку, або дзяцей, або поле дзеля Мяне і дзеля Евангелля,
 
Езус адказаў: «Сапраўды кажу вам, няма нікога, хто б пакінуў дом свой, ці братоў, ці сясцёр, ці маці, ці бацьку, ці дзяцей, ці поле дзеля Мяне і дзеля Евангелля,

каб ён не атрымаў цяпер, у гэты час, сярод пераследаванняў, у сто разоў больш дамоў, і братоў, і сясцёр, і мацярок, і сыноў, і палёў, а ў будучым веку — жыццё вечнае.
 
і не атрымаў бы ў сто разоў больш цяпер, у гэты час, дамоў, братоў, сясцёр, маці, дзяцей і палёў сярод пераследу, а ў будучым веку — жыццё вечнае.

І многія першыя будуць апошнімі, і апошнія — першымі».
 
Але шмат першых будзе апошнімі, і апошніх — першымі».

І былі ў дарозе, узыходзячы ў Ерузалім, і Ісус ішоў перад імі, а яны, за Ім ідучы, дзівіліся і баяліся. І паклікаў зноў дванаццаць ды пачаў казаць, што адбудзецца з Ім:
 
Калі вучні былі ў дарозе і ўзыходзілі ў Ерузалем, Езус ішоў наперадзе іх. Яны дзівіліся, а тыя, хто ішоў за Ім, былі спалоханыя. Ён зноў узяў Дванаццаць і пачаў казаць ім пра тое, што з Ім павінна здарыцца:

«Вось жа, уваходзім у Ерузалім; і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам, і асудзяць Яго на смерць, і выдадуць паганам,
 
«Вось, мы ўзыходзім у Ерузалем, і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам. Яны асудзяць Яго на смерць і аддадуць язычнікам.

і будуць з Яго здзекавацца і пляваць на Яго, будуць бічаваць Яго ды заб’юць Яго, але на трэці дзень Ён уваскрэсне».
 
Будуць здзекавацца з Яго, аплёўваць Яго і бічаваць Яго, і заб’юць, а праз тры дні Ён уваскрэсне».

І падышлі да Ісуса Якуб і Ян, сыны Зебядзеевы, кажучы: «Настаўнік, хочам, каб зрабіў нам, пра што будзем прасіць Цябе».
 
Падышлі да Езуса Якуб і Ян, сыны Зэбэдэя, і сказалі Яму: «Настаўнік, мы хочам, каб Ты зрабіў нам тое, пра што Цябе папросім».

Ён жа спытаўся ў іх: «Што хочаце, каб Я вам зрабіў?»
 
Ён жа адказаў ім: «Што хочаце, каб Я зрабіў вам?»

Яны ж сказалі Яму: «Дай нам, каб сядзець ад Цябе аднаму праваруч, а другому — леваруч у славе Тваёй».
 
Яны сказалі Яму: «Дай нам сесці аднаму праваруч, а другому леваруч Цябе ў славе Тваёй».

Ісус жа гаворыць ім: «Не ведаеце, пра што просіце. Ці ж можаце піць келіх, які Я п’ю, або хрысціцца хростам, якім Я хрышчуся?»
 
Але Езус сказаў ім: «Не ведаеце, аб чым просіце. Ці можаце піць келіх, які Я п’ю, і прыняць хрост, якім Я ахрышчаны?»

Яны сказалі Яму: «Можам». Ісус гаворыць ім: «З келіха, з якога Я п’ю, будзеце піць, ды хростам, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны.
 
Яны адказалі Яму: «Можам». А Езус сказаў ім: «Келіх, які Я п’ю, піць будзеце, і хростам, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны,

Але сядзець праваруч ад Мяне або леваруч не Мне даваць вам, але Кім прыгатавана».
 
але даць сесці праваруч ці леваруч Мяне не ад Мяне залежыць, а каму падрыхтавана».

Чуючы ж гэта, дзесяць пачалі абурацца на Якуба і Яна.
 
Пачуўшы, дзесяць вучняў пачалі абурацца на Якуба і Яна.

І, паклікаўшы іх, Ісус кажа: «Ведаеце, што тыя, якія ўважаюцца за валадароў народаў, пануюць над імі, ды князі іх маюць уладу над імі.
 
А Езус, паклікаўшы іх, сказаў ім: «Вы ведаеце, што тыя, хто лічыцца кіраўнікамі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іх валадараць над імі.

Не так будзе паміж вамі, але хто хацеў бы быць сярод вас большым, хай будзе вашым паслугачом.
 
Але не так няхай будзе сярод вас: хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою;

І хто хацеў бы ў вас быць першым, хай будзе паслугачом усіх.
 
і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх.

Бо і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму паслугавалі, але каб паслугаваць і даць душу Сваю на адкупленне многіх».
 
Бо і Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх».

І прыходзяць у Ерыхон. І калі Ён выходзіў з Ерыхона разам з вучнямі Сваімі і вялікім натоўпам, сляпы Бартымей, сын Тымея, сядзеў пры дарозе і жабраваў.
 
І прыйшлі яны ў Ерыхон. А калі Езус выходзіў з Ерыхона са сваімі вучнямі і з вялікім натоўпам, Бартымэй, сын Тымэя, сляпы жабрак, сядзеў каля дарогі.

Пачуўшы, што гэта Ісус Назарэй, пачаў крычаць і прасіць: «Ісус, Сын Давіда, злітуйся нада мной!»
 
Пачуўшы, што гэта Езус Назаранін, ён пачаў крычаць: «Сыне Давіда, Езусе, змілуйся нада мною!»

І сварыліся многія на яго, каб маўчаў. Але ён тым мацней крычаў: «Сын Давіда, злітуйся нада мной!»
 
Многія загадвалі яму змоўкнуць, але ён яшчэ мацней крычаў: «Сыне Давіда, змілуйся нада мною!»

І Ісус, спыніўшыся, сказаў яго паклікаць. Дык паклікалі сляпога і сказалі яму: «Адважней, уставай, кліча цябе!»
 
Езус спыніўся і сказаў: «Паклічце яго». Тады паклікалі сляпога, кажучы яму: «Смялей, уставай, Ён кліча цябе».

Ён, скінуўшы плашч свой, падняўся і прыйшоў да Ісуса.
 
Ён жа, скінуўшы вопратку сваю, устаў і падышоў да Езуса.

І, звяртаючыся да яго, Ісус сказаў: «Што хочаш, каб Я табе ўчыніў?» Сляпы адказаў Яму: «Рабоні, каб мне бачыць».
 
Адказваючы яму, Езус сказаў: «Што хочаш, каб Я зрабіў табе?» Сляпы сказаў Яму: «Настаўнік, каб я зноў бачыў».

І Ісус гаворыць яму: «Ідзі, вера твая ўратавала цябе». І зараз жа стаў бачыць і пайшоў за Ісусам па дарозе.
 
І Езус сказаў яму: «Ідзі, вера твая ўратавала цябе». І той адразу стаў бачыць, і пайшоў за Езусам па дарозе.