Марка 10 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
І, вы́йшаўшы адтуль, прыхо́дзіць у ме́жы Іудзеі стараной заіарда́нскай. І збіраюцца зноў да Яго натоўпы, і, як звыча́йна, зноў вучыў іх.
Выйшаўшы адтуль, Езус прыйшоў у межы Юдэі за Ярданам. Зноў сабраліся каля Яго натоўпы, а Ён, як звычайна, зноў навучаў іх.
І, падышоўшы, фарысеі спыталіся ў Яго, спакуша́ючы Яго: ці дазволена му́жу разво́дзіцца з жонкай?
Тады падышлі да Езуса фарысеі і, выпрабоўваючы Яго, спыталіся, ці дазволена мужу разводзіцца з жонкаю?
Ён жа сказаў ім у адказ: што запаве́даў вам Маісей?
Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Што наказаў вам Майсей?»
Яны сказалі: Маісей дазволіў напісаць разво́дны ліст і разво́дзіцца.
Яны сказалі: «Майсей дазволіў напісаць разводны ліст і разводзіцца».
І, адка́зваючы, Іісус сказаў ім: з-за жорсткасці сэ́рца вашага ён напісаў вам гэтую за́паведзь;
А Езус адказаў ім: «Дзеля жорсткасці сэрца вашага ён напісаў вам гэты наказ,
але ад пачатку стварэння мужчынам і жанчынай ствары́ў іх Бог.
бо на пачатку стварэння Бог стварыў іх мужчынам і жанчынай.
Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці
Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці і злучыцца з жонкай сваёй,
і прыле́піцца да жонкі сваёй, і будуць двое пло́ццю адною, так што яны ўжо не двое, а адна плоць.
і будуць двое адным целам. Так што яны ўжо не двое, але адно цела.
Дык вось, што́ Бог злучы́ў, таго чалавек няхай не разлуча́е.
Таму, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае».
І ў доме вучні Яго зноў пра гэта спыталіся ў Яго.
У доме вучні зноў спыталіся ў Яго пра гэта.
І сказаў ім: хто развядзе́цца з жонкаю сваёю і ажэ́ніцца з іншаю, той пралюбадзе́йнічае су́праць яе;
Ён сказаў ім: «Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншай, той чужаложыць супраць яе.
і калі жонка развядзе́цца з мужам сваім і выйдзе замуж за іншага, пралюбадзе́йнічае.
І калі жонка развядзецца з мужам сваім і выйдзе замуж за іншага, чужаложыць».
І прыно́сілі да Яго дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх, а вучні забаранялі тым, што прыносілі.
Прыносілі да Езуса дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх. Але вучні забаранялі ім.
Убачыўшы, Іісус разгневаўся і сказаў ім: пусцíце дзяцей прыхо́дзіць да Мяне і не перашкаджа́йце ім; бо такім нале́жыць Царства Божае.
Убачыўшы гэта, Езус абурыўся і сказаў ім: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне, не забараняйце ім, бо такім належыць Валадарства Божае.
Праўду кажу вам: хто не пры́ме Царства Божага, як дзіця́, той не ўвойдзе ў яго.
Сапраўды кажу вам: хто не прыме Валадарства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго».
І, абняўшы іх, усклаў ру́кі на іх і благаславіў іх.
І, абняўшы іх, благаславіў, ускладаючы на іх рукі.
І калі выходзіў Ён у дарогу, падбе́г нехта і, упаўшы на калені перад Ім, спытаўся ў Яго: Настаўнік Добры! што мне рабіць, каб унасле́даваць жыццё вечнае?
Калі Езус выходзіў у дарогу, падбег да Яго адзін чалавек, упаў перад Ім на калені і спытаўся ў Яго: «Настаўнік добры, што мне рабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?»
Іісус жа сказаў яму: чаму ты называеш Мяне добрым? Ніхто не добры, толькі адзін Бог.
Езус сказаў яму: «Чаму называеш Мяне добрым? Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог.
Ведаеш за́паведзі: «не пралюбадзе́йнічай; не забівай; не крадзь; не сведчы лжыва; не крыўдзі; шануй бацьку твайго і маці».
Ведаеш запаведзі: не забівай, не чужалож, не крадзі, не сведчы фальшыва, не ашуквай, шануй бацьку свайго і маці».
Ён жа сказаў Яму ў адказ: Настаўнік! усё гэта захава́ў я з юнацтва майго.
А той адказаў Яму: «Настаўнік, усё гэта я захоўваў з юнацтва майго».
Іісус жа, глянуўшы на яго, палюбíў яго і сказаў яму: аднаго табе не хапа́е: ідзі, усё, што маеш, прадай і раздай убогім; і будзеш мець скарб на небе; і прыходзь, і ідзі за Мною, узя́ўшы крыж.
Езус паглядзеў на яго з любоўю і сказаў: «Табе не хапае аднаго: ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе. Потым прыходзь і ідзі за Мною».
А той, азмро́чаны гэтым словам, адышоў у сму́тку, бо меў вялікую маёмасць.
Але ён засмуціўся ад гэтых словаў і адышоў маркотны, бо меў вялікую маёмасць.
І, паглядзе́ўшы навокал, кажа Іісус вучням Сваім: як цяжка будзе тым, хто ма́е багацце, увайсці ў Царства Божае.
Езус паглядзеў навокал і сказаў сваім вучням: «Як цяжка тым, хто мае багацце, увайсці ў Валадарства Божае».
Вучні жаха́ліся ад слоў Яго. А Іісус зноў у адказ кажа ім: дзеці! як цяжка тым, хто спадзяе́цца на багацце, увайсці ў Царства Божае.
Вучні дзівіліся з Ягоных словаў. Але Езус зноў сказаў ім у адказ: «Дзеці, як цяжка ўвайсці ў Валадарства Божае.
Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Царства Божае.
Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае».
Яны ж надзвы́чай здзіўляліся, гаворачы між сабою: хто ж тады можа спасцíся?
А яны яшчэ больш здзіўляліся і казалі адзін аднаму: «Хто ж можа збавіцца?»
Паглядзеўшы на іх, Іісус сказаў: лю́дзям гэта немагчыма, але не Богу, бо ўсё магчыма Богу.
Езус, зірнуўшы на іх, сказаў: «У людзей гэта немагчыма, але не ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма».
Пачаў Пётр гаварыць Яму: вось мы пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Табою.
І пачаў Пётр казаць Яму: «Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою».
Іісус сказаў у адказ: праўду кажу вам: няма нікога, хто пакінуў дом, ці братоў, ці сясцёр, ці бацьку, ці маці, ці жонку, ці дзяцей, ці палí, дзе́ля Мяне і дзе́ля Ева́нгелля,
Езус адказаў: «Сапраўды кажу вам, няма нікога, хто б пакінуў дом свой, ці братоў, ці сясцёр, ці маці, ці бацьку, ці дзяцей, ці поле дзеля Мяне і дзеля Евангелля,
і не атрымае цяпер, у час гэты, пры гане́ннях, у сто разоў больш дамоў і братоў, і сясцёр, і бацькоў, і маці, і дзяцей, і палёў, а ў веку наступным жыцця́ вечнага;
і не атрымаў бы ў сто разоў больш цяпер, у гэты час, дамоў, братоў, сясцёр, маці, дзяцей і палёў сярод пераследу, а ў будучым веку — жыццё вечнае.
многія ж першыя будуць апошнімі, і апошнія першымі.
Але шмат першых будзе апошнімі, і апошніх — першымі».
Былí ж яны ў дарозе, узыходзячы ў Іерусалім, і папе́радзе іх ішоў Іісус, а яны жаха́ліся і, услед ідучы́, былí ў стра́ху. І узяўшы зноў дванаццаць, пачаў ім гаварыць, што́ з Ім ма́е адбыцца:
Калі вучні былі ў дарозе і ўзыходзілі ў Ерузалем, Езус ішоў наперадзе іх. Яны дзівіліся, а тыя, хто ішоў за Ім, былі спалоханыя. Ён зноў узяў Дванаццаць і пачаў казаць ім пра тое, што з Ім павінна здарыцца:
вось мы ўзыходзім у Іерусалім, і Сын Чалавечы будзе вы́дадзены першасвятара́м і кніжнікам, і асу́дзяць Яго на смерць, і вы́дадуць Яго язычнікам;
«Вось, мы ўзыходзім у Ерузалем, і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам. Яны асудзяць Яго на смерць і аддадуць язычнікам.
і наглумя́цца над Ім, і будуць бічава́ць Яго і плява́ць на Яго, і заб’юць Яго; і на трэці дзень уваскрэ́сне.
Будуць здзекавацца з Яго, аплёўваць Яго і бічаваць Яго, і заб’юць, а праз тры дні Ён уваскрэсне».
І падышлі да Яго Іакаў і Іаан, сыны́ Зевядзе́евы, ка́жучы: Настаўнік! хочам, каб Ты зрабіў нам тое, што папросім.
Падышлі да Езуса Якуб і Ян, сыны Зэбэдэя, і сказалі Яму: «Настаўнік, мы хочам, каб Ты зрабіў нам тое, пра што Цябе папросім».
А Ён сказаў ім: што хочаце, каб Я зрабіў вам?
Ён жа адказаў ім: «Што хочаце, каб Я зрабіў вам?»
Яны ж сказалі Яму: дай нам сесці аднаму спра́ва ад Цябе, а другому зле́ва ад Цябе, у славе Тваёй.
Яны сказалі Яму: «Дай нам сесці аднаму праваруч, а другому леваруч Цябе ў славе Тваёй».
Іісус жа сказаў ім: не ведаеце, чаго про́сіце. Ці можаце піць чашу, якую Я п’ю і хрышчэ́ннем, якім Я хрышчу́ся, хрысцíцца?
Але Езус сказаў ім: «Не ведаеце, аб чым просіце. Ці можаце піць келіх, які Я п’ю, і прыняць хрост, якім Я ахрышчаны?»
Яны ж сказалі Яму: можам. А Іісус сказаў ім: чашу, якую Я п’ю, будзеце піць і хрышчэ́ннем, якім Я хрышчу́ся, будзеце хрысцíцца;
Яны адказалі Яму: «Можам». А Езус сказаў ім: «Келіх, які Я п’ю, піць будзеце, і хростам, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны,
але сесці справа ад Мяне ці злева — не Я даю́, а гэта для тых, каму ўгатава́на.
але даць сесці праваруч ці леваруч Мяне не ад Мяне залежыць, а каму падрыхтавана».
І, пачуўшы, дзеся́цера пачалі гневацца на Іакава і Іаана.
Пачуўшы, дзесяць вучняў пачалі абурацца на Якуба і Яна.
А Іісус, паклíкаўшы іх, кажа ім: вы ведаеце, што тыя, хто лíчыцца на чале́ народаў, пану́юць над імі, і вяльможы іх улада́раць імі.
А Езус, паклікаўшы іх, сказаў ім: «Вы ведаеце, што тыя, хто лічыцца кіраўнікамі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іх валадараць над імі.
Але не так няхай будзе сярод вас: а хто хоча сярод вас бо́льшым быць, няхай будзе вам слуго́ю;
Але не так няхай будзе сярод вас: хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою;
і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе ўсім рабом.
і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх.
Бо і Сын Чалавечы не дзе́ля таго прыйшоў, каб Яму служылі, а каб паслужы́ць і аддаць душу́ Сваю як вы́куп за многіх.
Бо і Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх».
І прыходзяць у Іерыхо́н. І калі выходзіў Ён з Іерыхо́на з вучнямі Сваімі і мноствам народу, сын Ціме́еў, Варціме́й сляпы, сядзеў пры дарозе, жабру́ючы.
І прыйшлі яны ў Ерыхон. А калі Езус выходзіў з Ерыхона са сваімі вучнямі і з вялікім натоўпам, Бартымэй, сын Тымэя, сляпы жабрак, сядзеў каля дарогі.
І, пачуўшы, што гэта Іісус Назарэ́й, пачаў крычаць і казаць: Сы́не Давідаў, Іісусе, памілуй мяне!
Пачуўшы, што гэта Езус Назаранін, ён пачаў крычаць: «Сыне Давіда, Езусе, змілуйся нада мною!»
І многія патрабава́лі ад яго, каб замаўча́ў, але ён яшчэ мацней крычаў: Сы́не Давідаў, памілуй мяне!
Многія загадвалі яму змоўкнуць, але ён яшчэ мацней крычаў: «Сыне Давіда, змілуйся нада мною!»
І, спынíўшыся, Іісус сказаў паклíкаць яго. І паклíкалі сляпога, ка́жучы яму: мацу́йся, устань, кліча цябе.
Езус спыніўся і сказаў: «Паклічце яго». Тады паклікалі сляпога, кажучы яму: «Смялей, уставай, Ён кліча цябе».
Ён жа, скінуўшы вопратку сваю, устаў і прыйшоў да Іісуса.
Ён жа, скінуўшы вопратку сваю, устаў і падышоў да Езуса.
І ў адказ гаворыць яму Іісус: што хочаш, каб Я зрабіў табе? Сляпы сказаў Яму: Раввунí ! каб мне бачыць.
Адказваючы яму, Езус сказаў: «Што хочаш, каб Я зрабіў табе?» Сляпы сказаў Яму: «Настаўнік, каб я зноў бачыў».
Іісус жа сказаў яму: ідзі, вера твая ўратава́ла цябе. І адразу стаў бачыць і пайшоў услед за Іісусам па дарозе.
І Езус сказаў яму: «Ідзі, вера твая ўратавала цябе». І той адразу стаў бачыць, і пайшоў за Езусам па дарозе.