Марка 2 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
І прыйшоў Ён зноў у Капернау́м праз некалькі дзён, і чу́тна стала, што Ён у доме.
Праз некалькі дзён Езус зноў прыйшоў у Кафарнаум, і разышлася вестка, што Ён у доме.
І адразу сабра́ліся многія, так што не ўмяшчаліся ўжо і пры дзвярах, і Ён казаў ім слова.
Адразу сабралася столькі народу, што ўжо не было месца каля дзвярэй. І Ён прамаўляў да іх.
І прыйшлі, несучы́ да Яго спаралізава́нага, якога трымалі на руках чацвёра;
Прыйшлі да Яго чацвёра, якія неслі паралізаванага.
і, не ма́ючы як наблíзіцца да Яго з-за натоўпу, яны раскры́лі дах над тым месцам, дзе Ён быў, і, пракапа́ўшы, апусцíлі пасцель, на якой ляжаў спаралізава́ны.
Не змогшы прынесці яго да Езуса праз натоўп, разабралі страху, дзе Ён быў, і праз адтуліну спусцілі насілкі, на якіх ляжаў паралізаваны.
І, убачыўшы веру іх, Іісус кажа спаралізава́наму: сы́не, адпускаюцца твае грахі.
Убачыўшы іх веру, Езус сказаў паралізаванаму: «Сыне, адпускаюцца твае грахі».
Сядзелі ж тут некаторыя з кніжнікаў і разважа́лі ў сэ́рцах сваіх:
Там жа сядзелі некаторыя з кніжнікаў і разважалі ў сэрцах сваіх:
што́ Ён гэтак блюзне́рыць? хто можа адпускаць грахі, акрамя аднаго Бога?
«Чаму Ён так кажа? Ён блюзнерыць! Хто можа адпускаць грахі, калі не сам Бог?»
І адразу Іісус, спазна́ўшы духам Сваім, што яны так разважа́юць у сабе, кажа ім: што́ гэта вы разважа́еце ў сэ́рцах вашых?
Езус, адразу пазнаўшы духам сваім, што яны так разважаюць, сказаў ім: «Чаму так разважаеце ў сэрцах вашых?
што лягчэй? сказаць спаралізава́наму: «адпускаюцца твае грахі» ці сказаць: «устань, і вазьмі пасцель тваю, і хадзі»?
Што лягчэй? Сказаць паралізаванаму: “Адпускаюцца твае грахі”, ці сказаць: “Устань, вазьмі насілкі свае і хадзі?”
Але каб вы ведалі, што ма́е ўла́ду Сын Чалавечы на зямлі адпуска́ць грахі, — кажа спаралізава́наму:
Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае на зямлі ўладу адпускаць грахі». І сказаў паралізаванаму:
табе кажу: устань, і вазьмі пасцель тваю, і ідзі ў дом твой.
«Табе кажу: устань, вазьмі насілкі свае ды ідзі да дому свайго».
І адразу ўстаў той, і, узяўшы пасцель, выйшаў перад усімі, так што здзіўля́ліся ўсе і сла́вілі Бога, ка́жучы: ніколі такога мы не бачылі.
Той адразу ж устаў і, узяўшы насілкі, выйшаў перад усімі, так што ўсе дзівіліся і славілі Бога, кажучы: «Ніколі мы такога не бачылі!»
І выйшаў Іісус зноў да мора; і ўвесь народ ішоў да Яго, і Ён вучыў іх.
Езус зноў выйшаў да мора. Усе людзі прыходзілі да Яго, а Ён навучаў іх.
І, праходзячы, ўбачыў Ён Левíя Алфе́евага, які сядзеў на мы́тні, і кажа яму: ідзі ўслед за Мною. І той, устаўшы, пайшоў услед за Ім.
Праходзячы, Ён убачыў Левія, сына Алфея, які сядзеў на мытні, і сказаў яму: «Ідзі за Мною». Той устаў і пайшоў за Ім.
І калі Іісус узляжа́ў у доме яго, многія мы́тнікі і грэшнікі ўзляжа́лі з Іісусам і з вучнямі Яго; бо многа было іх, якія ішлі ўслед за Ім.
Калі Езус быў за сталом у доме ягоным, шмат мытнікаў і грэшнікаў было разам з Ім і вучнямі Ягонымі, бо шмат было тых, хто ішоў за Ім.
І кніжнікі і фарысеі, убачыўшы, што Ён есць з мы́тнікамі і грэшнікамі, казалі вучням Яго: як гэта з мы́тнікамі і грэшнікамі Ён есць і п’е?
Кніжнікі з ліку фарысеяў, убачыўшы, што Ён есць з грэшнікамі і мытнікамі, казалі вучням Ягоным: «Чаму Ён есць з мытнікамі і грэшнікамі?»
І, пачуўшы, Іісус кажа ім: не здаровыя ма́юць патрэ́бу ў ле́кары, а хворыя; Я прыйшоў заклíкаць не праведнікаў, а грэшнікаў да пакая́ння.
Пачуўшы гэта, Езус сказаў ім: «Не здаровым патрэбны лекар, а хворым; Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў».
Вучні Іаанавы і фарысейскія пасцíлі. І прыходзяць і кажуць Яму: чаму вучні Іаанавы і фарысейскія по́сцяць, а Твае вучні не по́сцяць?
Вучні Янавы і фарысеі пасцілі. Яны прыйшлі і сказалі Яму: «Чаму вучні Янавы і фарысеяў посцяць, а Твае вучні не посцяць?»
І сказаў ім Іісус: хіба́ могуць пасцíць сыны́ харо́маў вясе́льных, калі з імі жаніх? дакуль жаніх з імі, не могуць пасцíць;
Езус адказаў ім: «Ці могуць пасціць госці на вяселлі, калі з імі жаніх? Пакуль жаніх з імі, не могуць пасціць.
але пры́йдуць дні, калі будзе ўзя́ты ад іх жаніх, і тады будуць пасцíць у тыя дні;
Але прыйдуць дні, калі будзе забраны ад іх жаніх, і тады будуць пасціць у той дзень.
ніхто латкі з тканіны суровай не прышывае да адзе́жыны старо́й, інакш прышы́тым парве́цца старо́е, і дзірка будзе яшчэ горшая;
Ніхто не прышывае латы з нябеленага палатна да старой вопраткі, бо новая лата адарвецца ад старога, і дзіра робіцца яшчэ горшай.
і ніхто не ўліва́е віно маладое ў мяхí старыя: інакш прарве віно маладое мяхí, і віно вы́цеча, і мяхí прападу́ць; а віно малодае ў мяхí новыя ўліваць трэба.
І ніхто не налівае маладое віно ў старыя мяхі. Інакш віно парве мяхі, і прападуць віно і мяхі. Але маладое віно ўліваюць у новыя мяхі».
І давяло́ся Яму ў суботу прахо́дзіць пасевамі, і пачалí вучні Яго дарогаю зрываць калоссе.
Аднойчы ў шабат, калі Езус праходзіў праз пасевы, вучні Ягоныя пачалі па дарозе зрываць каласы.
І фарысеі казалі Яму: паглядзі, чаму яны робяць у суботу, што не дазволена?
Тады сказалі Яму фарысеі: «Глядзі, чаму яны робяць у шабат тое, што не дазволена?»
І Ён кажа ім: ці ж вы ніколі не чыталі, што́ зрабіў Давід, калі патрэбу меў і згалада́ўся сам і тыя, што былí з ім?
Ён адказаў ім: «Вы ніколі не чыталі, што зрабіў Давід, калі меў патрэбу і згаладаўся ён і тыя, хто быў з ім?
як ён увайшоў у дом Божы пры Авіяфа́ры-першасвятары́ і з’еў ахвя́рныя хлябы́, якіх не дазволена было́ есці нікому, акрамя святароў, і даў таксама тым, што былí з ім.
Як увайшоў у дом Божы ў часы першасвятара Абіятара і еў ахвярныя хлябы, якіх нельга было есці нікому, акрамя святароў, і даў тым, хто быў з ім?»
І казаў ім: субота ўзнікла дзе́ля чалавека, а не чалавек дзе́ля суботы.
І сказаў ім: «Шабат устаноўлены для чалавека, а не чалавек для шабату.
Таму Сын Чалавечы ёсць гаспадар і суботы.
Таму Сын Чалавечы — гаспадар шабату».