Марка 10 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Л. Гарошка

 
 

І, вы́йшаўшы адтуль, прыхо́дзіць у ме́жы Іудзеі стараной заіарда́нскай. І збіраюцца зноў да Яго натоўпы, і, як звыча́йна, зноў вучыў іх.
 
І выйшаўшы адтуль, прыйшоў у Юдэйскія межы за Іарданам. І зноў зыйшліся да Яго грамады і Ён свайм звычаем зноў навучаў іх.

І, падышоўшы, фарысеі спыталіся ў Яго, спакуша́ючы Яго: ці дазволена му́жу разво́дзіцца з жонкай?
 
І падыйшоўшы фарысэі ды спакушаючы Яго, спыталіся: ці дазволена мужу адпусьціць жонку?

Ён жа сказаў ім у адказ: што запаве́даў вам Маісей?
 
Ён-жа адказваючы, сказаў ім: што загадаў вам Майсей?

Яны сказалі: Маісей дазволіў напісаць разво́дны ліст і разво́дзіцца.
 
Яны-ж сказалі: Майсей дазволіў напісаць разводны ліст і адпусьціць.

І, адка́зваючы, Іісус сказаў ім: з-за жорсткасці сэ́рца вашага ён напісаў вам гэтую за́паведзь;
 
Тады Ісус сказаў ім: дзеля закамянеласьці вашага сэрца напісаў ён вам той прыпіс.

але ад пачатку стварэння мужчынам і жанчынай ствары́ў іх Бог.
 
Бо на пачатку тварэньня Бог стварыў іх мужчынаю і жанчынаю.

Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці
 
Дзеля гэтага пакіне чалавек бацьку свайго і матку сваю

і прыле́піцца да жонкі сваёй, і будуць двое пло́ццю адною, так што яны ўжо не двое, а адна плоць.
 
і прыгорнецца да свае жонкі і будуць удвох адным целам; дык ужо іх ня двое, але адно цела.

Дык вось, што́ Бог злучы́ў, таго чалавек няхай не разлуча́е.
 
Вось-жа, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае.

І ў доме вучні Яго зноў пра гэта спыталіся ў Яго.
 
А ўжома вучні Яго зноў спыталіся аб тым-жа.

І сказаў ім: хто развядзе́цца з жонкаю сваёю і ажэ́ніцца з іншаю, той пралюбадзе́йнічае су́праць яе;
 
І сказаў ім: хто пакідае сваю жонку ды ажэніцца з другою — чужаложыць з ёю;

і калі жонка развядзе́цца з мужам сваім і выйдзе замуж за іншага, пралюбадзе́йнічае.
 
і калі жонка разьвядзецца з сваім мужам ды выйдзе замуж за другого — чужаложыць!

І прыно́сілі да Яго дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх, а вучні забаранялі тым, што прыносілі.
 
Прыносілі-ж да Яго дзяцей, каб ён дакрануўся да іх; вучні-ж забаранялі ім.

Убачыўшы, Іісус разгневаўся і сказаў ім: пусцíце дзяцей прыхо́дзіць да Мяне і не перашкаджа́йце ім; бо такім нале́жыць Царства Божае.
 
Убачыўшы гэтае, Ісус абурыўся і сказаў ім: пусьцеце дзяцей прыходзіць да Мяне і не забараняйце ім, бо гэткіх ёсьць Божае Валадарства.

Праўду кажу вам: хто не пры́ме Царства Божага, як дзіця́, той не ўвойдзе ў яго.
 
Сапраўды кажу вам, калі хто ня прыйме Божага Валадарства, як дзіця, той ня ўвойдзе ў яго.

І, абняўшы іх, усклаў ру́кі на іх і благаславіў іх.
 
І абыймаючы іх, ускладаў на іх рукі і багаславіў іх.

І калі выходзіў Ён у дарогу, падбе́г нехта і, упаўшы на калені перад Ім, спытаўся ў Яго: Настаўнік Добры! што мне рабіць, каб унасле́даваць жыццё вечнае?
 
І калі выходзіў у дарогу, падбег нехта, упаў перад Ім на калені і спытаўся ў Яго: "Настаўнік добры! што мне рабіць, каб здабыць вечнае жыцьцё?"

Іісус жа сказаў яму: чаму ты называеш Мяне добрым? Ніхто не добры, толькі адзін Бог.
 
Ісус-жа сказаў яму: "Чаму называеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, толькі адзін Бог.

Ведаеш за́паведзі: «не пралюбадзе́йнічай; не забівай; не крадзь; не сведчы лжыва; не крыўдзі; шануй бацьку твайго і маці».
 
Ведаеш прыказаньні: не забівай, ня чужалож, не радзі, ня сьведчы фальшыва, не ашуквай, паважай твайго бацьку і матку".

Ён жа сказаў Яму ў адказ: Настаўнік! усё гэта захава́ў я з юнацтва майго.
 
Той-жа ў адказ сказаў Яму: "Настаўнік, усяго гэтага я пільнаваўся ад мае маладосьці".

Іісус жа, глянуўшы на яго, палюбíў яго і сказаў яму: аднаго табе не хапа́е: ідзі, усё, што маеш, прадай і раздай убогім; і будзеш мець скарб на небе; і прыходзь, і ідзі за Мною, узя́ўшы крыж.
 
Ісус-жа глянуўшы на яго, падабаў яго і сказаў яму: "Аднаго табе не хапае: пайдзі прадай усё, што маеш, ды раздай убогім і будзеш мець скарб на небе; і прыходзь ды йдзі за Мною, узяўшы крыж".

А той, азмро́чаны гэтым словам, адышоў у сму́тку, бо меў вялікую маёмасць.
 
Той-жа, засмучаны гэтым словам, адыйшоў прыгноблены, бо меў вялікую маемасьць.

І, паглядзе́ўшы навокал, кажа Іісус вучням Сваім: як цяжка будзе тым, хто ма́е багацце, увайсці ў Царства Божае.
 
І глянуўшы наўкола, Ісус сказаў Сваім вучням: "Як цяжка будзе тым, што маюць багацьце, увайсьці ў Божае Валадарства".

Вучні жаха́ліся ад слоў Яго. А Іісус зноў у адказ кажа ім: дзеці! як цяжка тым, хто спадзяе́цца на багацце, увайсці ў Царства Божае.
 
Вучні аслупянелі ад Ягоных слоў. Але Ісус зноў сказаў ім у адказ: "Дзеці, як цяжка ўвайсьці ў Божае Вададарства тым, што ўскладаюць надзею на багацьце.

Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Царства Божае.
 
Лягчэй вярблюду прайсьці праз голчына вушка, чым багатаму ўвайсьці ў Божае Валадарства".

Яны ж надзвы́чай здзіўляліся, гаворачы між сабою: хто ж тады можа спасцíся?
 
Яны яшчэ болей зьдзівіліся ды гаварылі між сабою: "Хто-ж можа збавіцца?"

Паглядзеўшы на іх, Іісус сказаў: лю́дзям гэта немагчыма, але не Богу, бо ўсё магчыма Богу.
 
Ісус, паўзіраўшыся на іх, сказаў: "У людзей гэта немагчыма, але ня ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма".

Пачаў Пётр гаварыць Яму: вось мы пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Табою.
 
І загаварыў да Яго Пятро: "Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою".

Іісус сказаў у адказ: праўду кажу вам: няма нікога, хто пакінуў дом, ці братоў, ці сясцёр, ці бацьку, ці маці, ці жонку, ці дзяцей, ці палí, дзе́ля Мяне і дзе́ля Ева́нгелля,
 
Ісус, адказваюча сказаў: "Сапраўды кажу вам: няма нікога, хто пакінуў-бы дом, ці братоў, ці сёстраў, ці матку, ці бацьку, ці дзяцей, ці землі дзеля Мяне і Эвангельля

і не атрымае цяпер, у час гэты, пры гане́ннях, у сто разоў больш дамоў і братоў, і сясцёр, і бацькоў, і маці, і дзяцей, і палёў, а ў веку наступным жыцця́ вечнага;
 
і не атрымаў-бы цяпер у сто разоў болей дамоў, братоў, і сёстраў, і матак, і дзяцей, і земляў разам з прасьледаваньнямі, а ў бучым веку — вечнае жыцьцё".

многія ж першыя будуць апошнімі, і апошнія першымі.
 
адсутнічае

Былí ж яны ў дарозе, узыходзячы ў Іерусалім, і папе́радзе іх ішоў Іісус, а яны жаха́ліся і, услед ідучы́, былí ў стра́ху. І узяўшы зноў дванаццаць, пачаў ім гаварыць, што́ з Ім ма́е адбыцца:
 
_______ _______ _______. Ісус узяў дванаццацёх і пачаў ім гаварыць, што мае з Ім стацца.

вось мы ўзыходзім у Іерусалім, і Сын Чалавечы будзе вы́дадзены першасвятара́м і кніжнікам, і асу́дзяць Яго на смерць, і вы́дадуць Яго язычнікам;
 
Вось увайходзім ў Ерузалім і Сын Чалавечы мае быць выданы архірэям і кніжнікам, і засудзяць Яго на смерць і выдадуць Яго паганам.

і наглумя́цца над Ім, і будуць бічава́ць Яго і плява́ць на Яго, і заб’юць Яго; і на трэці дзень уваскрэ́сне.
 
І назьдзекуюцца над Ім, і зняволяць Яго, і аплююць Яго ды заб’юць Яго і на трэці дзень уваскросьне.

І падышлі да Яго Іакаў і Іаан, сыны́ Зевядзе́евы, ка́жучы: Настаўнік! хочам, каб Ты зрабіў нам тое, што папросім.
 
Тады падыйшлі да Яго Якаў і Іван сыны Завэдзявы, кажучы: Настаўнік, мы хочам, каб Ты зрабіў нам, чаго мы просім.

А Ён сказаў ім: што хочаце, каб Я зрабіў вам?
 
Ён сказаў ім: што хочаце, каб Я зрабіў вам?

Яны ж сказалі Яму: дай нам сесці аднаму спра́ва ад Цябе, а другому зле́ва ад Цябе, у славе Тваёй.
 
Яны-ж сказалі Яму: Дай нам сесьці ля Цябе аднаму праваруч, а другому леваруч у Тваёй славе.

Іісус жа сказаў ім: не ведаеце, чаго про́сіце. Ці можаце піць чашу, якую Я п’ю і хрышчэ́ннем, якім Я хрышчу́ся, хрысцíцца?
 
Але Ісус сказаў ім: ня ведаеце, чаго просіце. Ці-ж можаце піць чашу, якую Я п’ю і хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся? Яны адказалі Яму: можам.

Яны ж сказалі Яму: можам. А Іісус сказаў ім: чашу, якую Я п’ю, будзеце піць і хрышчэ́ннем, якім Я хрышчу́ся, будзеце хрысцíцца;
 
Ісус-жа сказаў ім: чашу, якую Я п’ю, будзеце піць, і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысьціцца,

але сесці справа ад Мяне ці злева — не Я даю́, а гэта для тых, каму ўгатава́на.
 
але сесьці праваруч і леваруч Мяне, ня Мне даваць, але каму прыгатавана.

І, пачуўшы, дзеся́цера пачалі гневацца на Іакава і Іаана.
 
І пачуўшы дзесяць, пачалі злавацца на Якава і Івана.

А Іісус, паклíкаўшы іх, кажа ім: вы ведаеце, што тыя, хто лíчыцца на чале́ народаў, пану́юць над імі, і вяльможы іх улада́раць імі.
 
Ісус-жа, прыклікаўшы іх, сказаў ім: Ведаеце, што тыя, якія лічацца князямі народаў, пануюць над народамі і іхныя вялікія валадараць над імі.

Але не так няхай будзе сярод вас: а хто хоча сярод вас бо́льшым быць, няхай будзе вам слуго́ю;
 
У вас-жа няхай будзе ня гэтак, але хто хоча стацца большым між вамі, няхай будзе вам слугою.

і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе ўсім рабом.
 
І хто хоча стацца першым між вамі, няхай будзе слугою ўсіх.

Бо і Сын Чалавечы не дзе́ля таго прыйшоў, каб Яму служылі, а каб паслужы́ць і аддаць душу́ Сваю як вы́куп за многіх.
 
Бо Сын Чалавечы прыйшоў, не каб Яму служілі, але каб паслужыць і аддаць сваю душу за збаўленьне многіх.

І прыходзяць у Іерыхо́н. І калі выходзіў Ён з Іерыхо́на з вучнямі Сваімі і мноствам народу, сын Ціме́еў, Варціме́й сляпы, сядзеў пры дарозе, жабру́ючы.
 
І прыйшоў у Ерыхон, і калі Ён выходзіў з Ерыхону з сваімі вучнямі і мноствам народу, сьляпы Вартымэй сын Тымэяў сядзеў пры дарозе жабруючы.

І, пачуўшы, што гэта Іісус Назарэ́й, пачаў крычаць і казаць: Сы́не Давідаў, Іісусе, памілуй мяне!
 
І пачуўны, што гэта Ісус Назарэй, ён пачаў крычаць і казаць: "Ісусе, сыне Давідаў, зьлітуйся нада мною!"

І многія патрабава́лі ад яго, каб замаўча́ў, але ён яшчэ мацней крычаў: Сы́не Давідаў, памілуй мяне!
 
І многія сварыліся на яго, каб змоўк, але ён яшчэ больш крычаў: "Сыне Давідаў, зьлітуйся нада мною!"

І, спынíўшыся, Іісус сказаў паклíкаць яго. І паклíкалі сляпога, ка́жучы яму: мацу́йся, устань, кліча цябе.
 
І Ісус, затрымаўшыся казаў: "Паклічце яго". І клічуць сьляпога і кажуць яму: "Бадрыся, уставай, кліча цябе".

Ён жа, скінуўшы вопратку сваю, устаў і прыйшоў да Іісуса.
 
Ён-жа скінуўшы з сябе верхнюю вопратку, схапіўся і прыйшоў да Ісуса.

І ў адказ гаворыць яму Іісус: што хочаш, каб Я зрабіў табе? Сляпы сказаў Яму: Раввунí ! каб мне бачыць.
 
І ў адказ яму Ісус сказаў: “Што хочаш, каб Я зрабіў табе?" Сьляпы сказаў Яму: "Мой Настаўнік, каб я стаў відушчым".

Іісус жа сказаў яму: ідзі, вера твая ўратава́ла цябе. І адразу стаў бачыць і пайшоў услед за Іісусам па дарозе.
 
Ісус-жа сказаў яму: "Ідзі, вера твая збавіла цябе". І ён зараз-жа пачаў бачыць і пайшоў за Ім па дарозе.