Марка 15 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
І адразу раным-рана першасвятары са старэйшынамі і кніжнікамі і ўвесь сінедрыён, зрабіўшы нараду, звязалі Ісуса, адвялі і перадалі Пілату.
З самай раніцы першасвятары са старэйшынамі і кніжнікамі і ўвесь Сінэдрыён зрабілі нараду і, звязаўшы Езуса, павялі і аддалі Пілату.
І спытаўся ў Яго Пілат: «Ці Ты Цар Іудзейскі?» — Ён жа кажа яму ў адказ: Так, як ты кажаш.
Пілат спытаўся ў Яго: «Ты кароль юдэйскі?» Ён жа сказаў яму ў адказ: «Ты кажаш».
І першасвятары абвінавачвалі Яго ў многім.
І абвінавачвалі Яго першасвятары ў многім.
І Пілат зноў спытаўся ў Яго, кажучы: Ты нічога не адказваеш? Глядзі, як у шмат чым Цябе абвінавачваюць.
Пілат жа зноў спытаўся ў Яго: «Ты нічога не адказваеш? Паглядзі, колькі сведчыць супраць Цябе».
Ісус жа больш нічога не адказаў, так што Пілат здзіўляўся.
Езус нічога больш не адказваў, таму дзівіўся Пілат.
А на свята ён вызваляў ім аднаго вязня, якога яны прасілі.
На свята ён адпускаў ім аднаго вязня, якога прасілі.
І быў адзін, якога звалі Варава, зняволены разам з паўстанцамі, што ў часе паўстання ўчынілі забойства.
Быў жа нейкі Бараба, зняволены са сваімі саўдзельнікамі, якія падчас бунту ўчынілі забойства.
І, падняўшыся36, натоўп пачаў прасіць аб тым, што ён [заўсёды] рабіў для іх.
І, падышоўшы, натоўп пачаў прасіць таго, што ён заўсёды рабіў ім.
Пілат жа адказаў ім, кажучы: Хочаце, я адпушчу вам Цара Іудзейскага?
Пілат жа сказаў ім у адказ: «Хочаце, адпушчу вам караля юдэйскага?»
Бо ён ведаў, што першасвятары выдалі Яго з зайздрасці.
Бо ведаў, што першасвятары выдалі Яго ад зайздрасці.
А першасвятары падбухторылі натоўп, каб ён лепш вызваліў ім Вараву.
Але першасвятары падбухторылі народ, каб лепш адпусціў ім Барабу.
Пілат жа ў адказ зноў казаў ім: Дык што [вы хочаце], каб я зрабіў з Тым, Каго вы называеце Царом Іудзейскім?
Пілат, адказваючы, зноў сказаў ім: «Што хочаце, каб я зрабіў з тым, каго вы называеце каралём юдэйскім?»
Яны ж зноў закрычалі: Укрыжуй Яго!
Яны закрычалі зноў: «Укрыжуй Яго!»
А Пілат казаў ім: Што ж зрабіў Ён благога? — Але яны яшчэ мацней закрычалі: Укрыжуй Яго!
Пілат сказаў ім: «Што дрэннага зрабіў Ён?» Але яны яшчэ мацней закрычалі: «Укрыжуй Яго!»
І Пілат, хочучы дагадзіць натоўпу, вызваліў ім Вараву, а Ісуса, пасля бічавання, перадаў, каб укрыжавалі.
Тады Пілат, хочучы дагадзіць людзям, адпусціў ім Барабу, а Езуса пасля бічавання аддаў на ўкрыжаванне.
І воіны адвялі Яго ў сярэдзіну двара, гэта значыць у прэторыю, і склікаюць усю кагорту.
Жаўнеры адвялі Яго ў сярэдзіну дзядзінца, гэта значыць, у прэторыю, і сабралі цэлую кагорту.
І надзяваюць на Яго парфіру і, звіўшы з церняў вянок, ускладаюць Яму на галаву;
Апранулі Яго ў пурпур і, сплёўшы цярновы вянок, усклалі на Яго.
і пачалі вітаць Яго: Радуйся, Цар Іудзейскі!
І пачалі вітаць Яго: «Вітай, кароль юдэйскі!»
І білі Яго па галаве палкаю і плявалі ў Яго і, апускаючыся на калені, кланяліся Яму.
Білі Яго па галаве трысцінай і плявалі на Яго, і, згінаючы калені, кланяліся Яму.
І калі наглуміліся з Яго, знялі з Яго парфіру і апранулі Яго ў Яго адзенне. І выводзяць Яго, каб укрыжаваць Яго.
А калі насмяяліся з Яго, знялі пурпур і апранулі ў Ягоную вопратку, і павялі Яго, каб укрыжаваць.
І прымушаюць нейкага Сімана, кірэнца, які міма ішоў з поля, бацьку Аляксандра і Руфа, каб узяў Яго крыж.
І прымусілі нейкага Сымона Кірэнэйца, бацьку Аляксандра і Руфа, які ішоў з поля, несці Ягоны крыж.
І вядуць Яго на месца Галгофу, што ў перакладзе значыць: «Месца чэрапа».
Прывялі Езуса на месца званае Галгота, што азначае: «Месца Чэрапа».
І давалі Яму віна, змешанага са смірнай, але Ён не ўзяў.
І давалі Яму піць віно са смірнаю, але Ён не ўзяў.
І ўкрыжоўваюць Яго і дзеляць Яго вопратку, кінуўшы жэрабя на яе, каму што ўзяць.
Калі ўкрыжавалі Яго, падзялілі вопратку Ягоную, кідаючы лёсы, каму што ўзяць.
Было ж тры гадзіны37, і Яго ўкрыжавалі.
Была ж трэцяя гадзіна, калі ўкрыжавалі Яго.
І быў надпіс з абазначэннем Яго віны: Цар Іудзейскі.
І быў надпіс з віной Ягонай: «Кароль юдэйскі».
І з ім укрыжоўваюць двух разбойнікаў, аднаго праваруч, другога леваруч Яго.
Разам з Ім укрыжавалі двух злачынцаў, аднаго з правага, другога з левага боку ад Яго.
[І спраўдзілася Пісанне, якое кажа: «І да злачынцаў Яго залічылі».]38
[отсутсвует]
І тыя, што міма праходзілі, зневажалі Яго, ківаючы сваімі галовамі і кажучы: Гэй, Ты, што храм руйнуеш і за тры дні будуеш,
Тыя, хто праходзіў, зневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: «Гэй! Ты, што руйнуеш святыню і за тры дні будуеш,
уратуй Самога Сябе [і] зыдзі з крыжа!
уратуй сябе самога, сышоўшы з крыжа!»
Гэтаксама і першасвятары глуміліся разам з кніжнікамі, казалі адзін аднаму: Іншых ратаваў, Сябе Самога не можа ўратаваць!
Падобна і першасвятары з кніжнікамі, насміхаючыся, казалі адзін аднаму: «Іншых ратаваў, а сябе не можа ўратаваць.
Хрыстос, Цар Ізраілеў, няхай цяпер зыдзе з крыжа, каб мы ўбачылі і ўверавалі! — І ўкрыжаваныя разам з Ім бэсцілі Яго.
Хрыстус, кароль Ізраэля, няхай сыдзе цяпер з крыжа, каб мы ўбачылі і паверылі». Таксама тыя, хто быў укрыжаваны разам з Ім, зневажалі Яго.
І калі надышло шэсць гадзін, настала цемра па ўсёй зямлі аж да дзевяці гадзін.
Калі надышла шостая гадзіна, цемра настала па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзевятай.
І ў дзевяць гадзін ускрыкнуў Ісус моцным голасам: Элаі, Элаі! Лема39 савахвані?, што ў перакладзе значыць: «Божа Мой, Божа Мой! Навошта пакінуў Мяне Ты?»40
А каля дзевятай гадзіны ўсклікнуў Езус моцным голасам: «Элі, Элі, лема сабахтані?», што азначае: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?»
І некаторыя з тых, што стаялі побач, пачуўшы, казалі: Глянь, Ілію кліча.
Некаторыя з тых, хто стаяў там, чуючы гэта, казалі: «Вось, Ён кліча Іллю».
А нехта, пабегшы і намачыўшы губку воцатам, надзеў яе на палку і паіў Яго, кажучы: Пачакай, паглядзім, ці прыйдзе Ілія зняць Яго.
А адзін пабег, намачыў губку воцатам і, насадзіўшы на трысціну, паіў Яго, кажучы: «Чакайце, пабачым, ці прыйдзе Ілля зняць Яго».
Ісус жа, ускрыкнуўшы моцным голасам, выпусціў дух.
Езус жа, ускрыкнуўшы моцным голасам, сканаў.
І заслона ў храме разарвалася надвое ад верху да нізу.
І заслона ў святыні разарвалася надвое ад верху да нізу.
А цэнтурыён, што стаяў блізка насупроць Яго, убачыўшы, што Ён так выпусціў дух, сказаў: Сапраўды Гэты Чалавек быў Сын Божы!
Сотнік, які стаяў насупраць Яго, сказаў, убачыўшы, як Ён канаў: «Праўдзіва, Чалавек гэты быў Сынам Божым».
Былі ж і жанчыны, што назіралі здалёк, між іх і Марыя Магдаліна, і Марыя, маці Іякава меншага і Іасіта, і Саламія,
Былі таксама жанчыны, якія глядзелі здалёк. Сярод іх была Марыя Магдалена, Марыя, маці Якуба малодшага і Юзафа, і Саламея, якія тады,
тыя, што, калі Ён быў у Галілеі, ішлі ўслед за Ім і прыслугоўвалі Яму, і шмат іншых, што разам з Ім прыйшлі ў Іерусалім.
калі Ён быў у Галілеі, спадарожнічалі і служылі Яму, а таксама многія іншыя, якія разам з Ім прыйшлі ў Ерузалем.
І калі ўжо настаў вечар, бо быў дзень Падрыхтавання, гэта значыць пярэдадзень суботы,
Калі звечарэла, і паколькі была пятніца, гэта значыць пярэдадзень шабату,
прыйшоў Іосіф з Арымафеі, паважаны радца, што і сам быў у чаканні Царства Божага, і, адважыўшыся, увайшоў да Пілата і папрасіў цела Ісуса.
прыйшоў Юзаф з Арыматэі, дастойны дарадчык, які і сам чакаў Валадарства Божага, і адважыўся ўвайсці да Пілата, каб прасіць цела Езуса.
Пілат жа здзівіўся, што Ён памёр ужо; і, паклікаўшы цэнтурыёна, спытаўся ў яго, ці даўно Ён памёр;
Пілат здзівіўся, што Ён ужо памёр, і, паклікаўшы сотніка, спытаўся ў яго, ці даўно сканаў.
і, даведаўшыся ад цэнтурыёна, ён падараваў цела Іосіфу.
Даведаўшыся ад сотніка, аддаў цела Юзафу.
І, купіўшы кужэльнага палатна, той зняў Яго, абвіў тым кужалем і паклаў Яго ў магільню, што была высечана ў скале, і прываліў камень да дзвярэй магільні.
Ён, купіўшы палатно і зняўшы цела, захінуў у палатно і паклаў у магіле, якая была высечана ў скале, і прываліў камень да яе ўваходу.
А Марыя Магдаліна і Марыя, Іасітава [маці], глядзелі, дзе паклалі Яго.
А Марыя Магдалена і Марыя Юзафа глядзелі, дзе Яго паклалі.