Марка 11 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
І калі яны наблізіліся да Іерусаліма, да Віфагіі і Віфаніі, да Аліўнай гары, Ён пасылае двух Сваіх вучняў
Калі наблізіліся да Ерузалема, да Бэтфагіі і Бэтаніі, да гары Аліўнай, Езус паслаў двух сваіх вучняў
і кажа ім: Ідзіце ў сяло, што перад вамі, і адразу, як увойдзеце ў яго, знойдзеце прывязанае асляня, на якое яшчэ ніхто з людзей не садзіўся; адвяжыце яго і [пры] вядзіце.
і сказаў ім: «Ідзіце ў паселішча, што перад вамі, і адразу, як увойдзеце ў яго, знойдзеце прывязанае асляня, на якое ніхто з людзей яшчэ не сядаў. Адвяжыце яго і прывядзіце.
І калі хто вам скажа: «Што гэта вы робіце?», скажыце: «Яно патрэбна Госпаду, і Ён адразу яго адашле зноў сюды».
А калі хтосьці вам скажа: “Навошта вы гэта робіце?”, скажыце: “Ён патрэбны Пану, і зараз жа адашле зноў яго сюды”».
І яны пайшлі і знайшлі асляня, прывязанае да варот знадворку на вуліцы, і адвязваюць яго.
Яны пайшлі і знайшлі асляня, прывязанае каля варот знадворку, на вуліцы, і адвязалі яго.
І некаторыя з тых, што там стаялі, казалі ім: Што вы робіце, навошта адвязваеце асляня?
Некаторыя з тых, хто стаяў там, казалі ім: «Што вы адвязваеце асляня?»
Яны ж сказалі ім так, як сказаў Ісус, і тыя адпусцілі іх.
А яны адказалі ім, як наказаў Езус. І тыя адпусцілі іх.
І прыводзяць асляня да Ісуса і кладуць на яго сваю вопратку, і Ён сеў на яго.
Прывялі да Езуса асляня і паклалі на яго свае плашчы, а Ён сеў на яго.
І многія разаслалі сваю вопратку на дарозе, а іншыя — галінкі, зрэзаныя ў палях25.
І многія слалі плашчы свае на дарозе, а іншыя — зялёныя галінкі, зрэзаныя на палях.
І тыя, што ішлі паперадзе і следам, крычалі: Гасанна! Дабраславёны, Хто ідзе ў імя Госпада!
І тыя, хто ішоў спераду і ззаду, усклікалі: «Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана!
Добраславёнае царства26, што надыходзіць, нашага бацькі Давіда! Гасанна ў вышынях!
Благаслаўлёнае валадарства айца нашага Давіда, якое надыходзіць! Гасанна на вышынях!»
І Ён увайшоў у Іерусалім у святыню і, агледзеўшы ўсё, — час ужо быў позні — выйшаў у Віфанію з дванаццацю.
Езус увайшоў у Ерузалем, у святыню і, агледзеўшы ўсё, адышоў з Дванаццаццю ў Бэтанію, таму што было ўжо позна.
І назаўтра, калі яны выйшлі з Віфаніі, Ён адчуў голад.
Назаўтра, калі яны выйшлі з Бэтаніі, Ён адчуў голад.
І, убачыўшы здалёку фігавае дрэва, укрытае лісцем, пайшоў: ці не знойдзе чаго на ім, і, прыйшоўшы да яго, нічога не знайшоў, апроч лісця, бо не была пара на фігі.
Убачыўшы здалёк смакоўніцу, пакрытую лісцем, падышоў, спадзеючыся знайсці што-небудзь на ёй. Але, падышоўшы да яе, не знайшоў нічога, апроч лісця, бо яшчэ не настала пара на смоквы.
І, азваўшыся, Ён сказаў яму: Няхай ніхто больш навекі не з’есць ад цябе плоду! — І Яго вучні чулі гэта.
Тады Езус сказаў ёй: «Няхай ніхто ніколі не есць з цябе плоду». І Ягоныя вучні чулі гэта.
І прыходзяць яны ў Іерусалім. І, увайшоўшы ў святыню, Ён пачаў выганяць прадаўцоў і пакупнік у святыні і абярнуў сталы грашаменаў і ўслоны прадаўцоў галубоў,
Потым прыйшлі ў Ерузалем. Увайшоўшы ў святыню, Ён пачаў выганяць тых, хто гандляваў і купляў у святыні. Папераварочваў сталы мянялаў і лаўкі гандляроў галубамі
і не дазваляў, каб хто праносіў праз святыню якую рэч.
і не дазваляў нікому праносіць праз святыню якую-небудзь рэч.
І Ён вучыў і казаў ім: Хіба не напісана: «Мой дом будзе названы домам малітвы для ўсіх народаў?» А вы ж зрабілі яго пячораю разбойнікаў.
Потым вучыў іх, кажучы: «Хіба не напісана: “Дом мой назавецца домам малітвы для ўсіх народаў”? А вы зрабілі з яго пячору разбойнікаў».
І пачулі гэта першасвятары і кніжнікі і шукалі, як бы Яго загубіць: бо яны баяліся Яго, бо ўвесь натоўп захапляўся Яго навукаю.
Пачулі гэта першасвятары і кніжнікі і шукалі магчымасці, як бы загубіць Яго, бо яны баяліся Яго, таму што ўвесь народ дзівіўся вучэнню Ягонаму.
І калі настаў вечар, яны выйшлі з горада.
Калі настаў вечар, яны выйшлі з горада.
І ўранні, праходзячы міма, яны ўбачылі фігавае дрэва, засохлае ад каранёў.
А калі раніцай вярталіся, убачылі, што смакоўніца высахла аж да кораня.
І Пётр, успомніўшы, кажа Яму: Равві, зірні, фігавае дрэва, якое Ты пракляў, засохла.
Тады Пётр, успомніўшы, сказаў Езусу: «Раббі, паглядзі, смакоўніца, якую Ты пракляў, высахла».
І ў адказ Ісус кажа ім: Майце веру Божую.
Езус сказаў ім у адказ: «Майце веру ў Бога!
Сапраўды кажу вам: калі хто скажа гэтай гары: «Падыміся і кінься ў мора» і не ўсумніцца ў сваім сэрцы, а будзе верыць, што спраўдзіцца тое, што кажа, — будзе яму, [што ні скажа].
Сапраўды кажу вам: калі хто скажа гары гэтай: “Падыміся і кінься ў мора”, і не засумняваецца ў сэрцы сваім, але паверыць, што збудзецца сказанае, так яму і будзе.
Таму кажу вам: усё, аб чым вы моліцеся і просіце, верце, што вы атрымалі27, — і будзе вам.
Таму кажу вам: усё, чаго просіце ў малітве, верце, што атрымаеце і будзе вам.
І, калі стаіце на малітве, даруйце, як што маеце супроць каго, каб і ваш Бацька, Які ў нябёсах, вам дараваў правіны.
І калі стаіце на малітве, даруйце, калі што маеце супраць каго-небудзь, каб і Айцец ваш, які ў нябёсах, дараваў вам правіны вашыя».
[Калі ж вы не даруеце, то і ваш Бацька, Які ў нябёсах, не даруе вашых правінаў]28.
[отсутсвует]
І прыходзяць яны зноў у Іерусалім. І калі Ён хадзіў па святыні, падышлі да Яго першасвятары, і кніжнікі, і старэйшыны
І зноў прыйшлі ў Ерузалем. А калі Ён хадзіў па святыні, падышлі да Яго першасвятары, кніжнікі і старэйшыны
і сказалі Яму: Якою ўладаю Ты гэта робіш? Або хто Табе даў гэтую ўладу, каб Ты рабіў гэта?
і пыталіся ў Яго: «Якою ўладаю Ты гэта робіш? І хто Табе даў гэтую ўладу, каб Ты рабіў гэта?»
Ісус жа сказаў ім: Спытаюся ў вас адно слова і адкажыце Мне, і Я скажу вам, якою ўладаю раблю гэта;
Езус адказаў ім: «Спытаю ў вас і Я пра адно. Адкажаце Мне, тады і Я вам скажу, якою ўладаю гэта раблю.
Іаанава хрышчэнне было з неба ці ад людзей? Адкажыце Мне.
Янаў хрост быў з неба ці ад людзей? Адкажыце Мне».
І разважалі яны між сабою, кажучы: Калі скажам: «З неба», Ён скажа: «[Дык] чаму вы не паверылі яму?»
Яны разважалі паміж сабою, кажучы: «Калі скажам: “З неба”, то Ён скажа: “Чаму ж вы не паверылі яму?”»
Але ці сказаць нам: «Ад людзей»? — Яны баяліся натоўпу29: бо ўсе лічылі, што Іаан быў сапраўды прарок.
А сказаць: «Ад людзей», баяліся народу, бо ўсе лічылі Яна сапраўдным прарокам,
І ў адказ яны кажуць Ісусу: Не ведаем. — А Ісус кажа ім: І Я не скажу вам, якою ўладаю Я гэта раблю.
таму сказалі ў адказ Езусу: «Не ведаем». Тады Езус сказаў ім: «І Я не скажу вам, якой уладай раблю гэта».