Марка 7 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Сабраліся да Яго фарысэі і некаторыя з кніжнікаў, што прыйшлі зь Ерусаліма;
Сышліся да Яго фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, якія прыйшлі з Ерузалема.
і ўбачыўшы некаторых вучняў Ягоных, што елі хлеб нячыстымі, то ж бо няўмытымі рукамі, дакаралі.
І ўбачылі, як некаторыя вучні Яго елі хлеб нячыстымі, гэта значыць неабмытымі рукамі.
Бо фарысэі і ўсе Юдэі, сьледуючы наказу старцаў, не ядуць, не памыўшы старанна рук;
Фарысеі ж і ўсе юдэі, трымаючыся традыцыі старэйшых, не ядуць, пакуль старанна не памыюць рук.
і, прыйшоўшы з торжышча, не ядуць, не абмыўшыся. Ёсьць і яшчэ шмат чаго іншага, чаго яны пастанавілі трымацца: глядзець, каб мылі чары, кубкі, катлы і ўслоны.
І, вярнуўшыся з рынку, не ядуць, пакуль не абмыюцца. Ёсць і яшчэ шмат таго, чаго прынята трымацца: абмыцця чашаў, збаноў, медных начынняў і лаваў.
Потым пытаюцца ў Яго фарысэі і кніжнікі: навошта вучні Твае не трымаюцца наказаў старцаў, а няўмытымі рукамі ядуць хлеб?
Таму запыталіся ў Яго фарысеі і кніжнікі: «Чаму вучні Твае не трымаюцца традыцыі старэйшых, а ядуць хлеб нячыстымі рукамі?»
Ён сказаў ім у адказ: добра прарочыў пра вас, крывадушных, Ісая, як напісана: «людзі гэтыя шануюць Мяне вуснамі, а сэрца іхняе далёка ад Мяне адлягае;
Ён адказаў ім: «Добра прарочыў Ісая наконт вас, крывадушных, як напісана: “Гэты народ шануе Мяне вуснамі,а сэрца іх далёка ад Мяне.
але марна шануюць Мяне, настаўляючы на вучэньні, запаведзі чалавечыя»;
Але дарэмна ўшаноўваюць Мяне,навучаючы людскім запаведзям”.
бо вы, занядбаўшы запаведзь Божую, трымаецеся звычаю чалавечага, абмываньня кубкаў і чараў, і робіце шмат чаго іншага, да гэтага падобнага.
Бо вы пакінулі запаведзь Божую, а трымаецеся чалавечай традыцыі».
І сказаў ім: ці добра, што вы адмяняеце запаведзь Божую, каб датрымацца свайго звычаю?
І сказаў ім: «Прыгожа вы абыходзіце Божую запаведзь, каб захаваць сваю традыцыю.
Бо Майсей сказаў: «шануй бацьку свайго і маці сваю»; і: «хто ліхасловіць бацьку альбо маці, сьмерцю хай памрэ».
Бо Майсей сказаў: “Шануй бацьку свайго і маці сваю” і: “Хто зласловіць на бацьку ці маці, няхай будзе пакараны смерцю”.
А вы кажаце: хто скажа бацьку альбо маці: «корван (значыць, дар) Богу тое, чым бы ты ад мяне карыстаўся», —
А вы кажаце: “Калі чалавек скажа бацьку ці маці: тое, чым бы я мог табе дапамагчы — корбан, што значыць дар для Бога”,
таму вы ўжо дазваляеце нічога не рабіць бацьку свайму альбо маці сваёй,
то ўжо не дазваляеце яму зрабіць штосьці для бацькі ці маці.
ухіляючы слова Божае наказам вашым, які вы ўстанавілі; і робіце шмат чаго на гэта падобнага.
Вы парушаеце Божае слова вашай традыцыяй, якую перадалі. І робіце шмат чаго падобнага да гэтага».
І паклікаўшы ўвесь люд, сказаў яму: слухайце Мяне ўсе і разумейце:
Паклікаўшы зноў людзей, сказаў ім: «Паслухайце Мяне ўсе і зразумейце!
нішто, што ўваходзіць у чалавека звонку, ня можа апаганіць яго; а што выходзіць зь яго, тое апаганьвае чалавека.
Няма нічога, што магло б, уваходзячы звонку ў чалавека, зрабіць яго нячыстым, але тое робіць чалавека нячыстым, што выходзіць з яго».
Калі хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
[отсутсвует]
І калі Ён ад людзей увайшоў у дом, вучні Ягоныя спыталіся ў Яго пра прычту.
А калі Езус увайшоў у дом, пакінуўшы натоўп, вучні Ягоныя спыталіся ў Яго наконт прыпавесці.
Ён сказаў ім: няўжо і вы такія няцямныя? няўжо не разумееце, што нішто, што звонку ўваходзіць у чалавека, ня можа апаганіць яго?
І Ён сказаў ім: «Няўжо і вы такія някемлівыя? Ці не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць звонку ў чалавека, не можа зрабіць яго нячыстым,
бо ня ў сэрца ягонае ўваходзіць, а ў чэрава, і выходзіць вонкі, чым ачышчаецца ўсякая ежа.
бо не ў сэрца ягонае ўваходзіць, а ў страўнік, і выходзіць вонкі». Так Ён прызнаў усялякую ежу чыстай.
Далей сказаў: тое, што выходзіць з чалавека, апаганьвае чалавека;
Далей сказаў: «Тое, што выходзіць з чалавека, робіць яго нячыстым.
бо зь сярэдзіны, з сэрца чалавечага, выходзяць ліхія помыслы, пералюбы, распуста, забойствы,
Бо знутры, з чалавечага сэрца, выходзяць дрэнныя думкі, распуста, крадзеж, забойствы,
крадзяжы, ліхвярства, злосьць, хітрына, непатрэбства, зайздросьлівае вока, блюзьнерства, пыха, безгалоўе.
чужалоства, сквапнасць, зласлівасць, падступнасць, бессаромнасць, зайздрасць, блюзнерства, пыха, глупства.
Усё гэтае ліха зь сярэдзіны выходзіць, і апаганьвае чалавека,
Усё гэтае зло выходзіць знутры і робіць чалавека нячыстым».
І выправіўшыся адтуль, прыйшоў у межы Тырскія і Сідонскія; і ўвайшоўшы ў дом, не хацеў, каб хто даведаўся; але ня здолеў утоіцца.
Устаўшы, Езус адышоў у межы Тыра. Увайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто не ведаў пра гэта, але не змог утаіцца.
Бо дачулася пра Яго жанчына, у якое дачка апанаваная была нячыстым духам, і прыйшоўшы прыпала да ног Ягоных;
Бо жанчына, у якой была апанаваная нячыстым духам дачка, адразу пачула пра Яго, прыйшла і ўпала да Ягоных ног.
а жанчына тая была язычніца, родам Сірафінікіянка; і прасіла Яго, каб выгнаў дэмана зь ейнай дачкі.
А была гэтая жанчына язычніцай, родам сірафініцыянка. Яна прасіла Яго выгнаць злога духа з яе дачкі.
Але Ісус сказаў ёй: дай перш насыціцца дзецям; бо нядобра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць сабакам.
Ён адказаў ёй: «Дай спачатку насыціцца дзецям, бо нядобра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам».
А яна сказала Яму ў адказ: так, Госпадзе; але і сабакі пад сталом ядуць крошкі ў дзяцей.
Яна ж адказала Яму, кажучы: «Пане, але і шчаняты ядуць пад сталом крошкі ў дзяцей».
І сказаў ёй: за гэтае слова, ідзі; дэман выйшаў з тваёй дачкі.
Тады Ён сказаў ёй: «Дзеля гэтых слоў ідзі, злы дух выйшаў з тваёй дачкі».
І прыйшоўшы ў свой дом, яна ўбачыла, што дэман выйшаў і дачка ляжыць на пасьцелі.
Калі яна прыйшла ў свой дом, убачыла, што злы дух выйшаў, а дачка ляжыць на ложку.
Выйшаўшы зь межаў Тырскіх і Сідонскіх, Ісус зноў пайшоў да мора Галілейскага празь землі Дзесяцігародзьдзя.
Зноў выйшаў Езус з межаў Тыра і прайшоў праз Сідон да Галілейскага мора, пасярод зямель Дэкаполіса.
Прывялі да яго глухога гугняўца і прасілі Яго ўскласьці на яго руку.
Калі прывялі да Яго глуханямога, прасілі, каб усклаў на яго руку.
Ісус, адвёўшы яго ўбок ад людзей, уклаў пальцы Свае ў вушы яму і, плюнуўшы, дакрануўся да языка ягонага;
Адвёўшы яго далей ад натоўпу, Ён уклаў у яго вушы свае пальцы і, паслініўшы, дакрануўся да ягонага языка.
і ўзьвёўшы вочы да неба, уздыхнуў і сказаў яму: «Еффафа», што значыцца — «адчыніся».
Паглядзеўшы на неба, уздыхнуў і сказаў яму: «Эффата», што значыць: «Адкрыйся».
І адразу адчыніўся ў яго слых, і разамкнуліся повязі ягонага языка, і пачаў гаварыць чыста.
Адразу адкрыліся вушы ягоныя, і развязаліся путы языка ягонага, і пачаў гаварыць выразна.
І загадаў ім не казаць нікому. Але, колькі Ён ні забараняў ім, яны яшчэ больш разгалошвалі.
Тады Езус загадаў ім, каб нікому не казалі. Але колькі ні забараняў ім, яны апавядалі яшчэ больш.
І вельмі-вельмі зьдзіўляліся і казалі: усё добра робіць: і глухіх робіць чуткімі і нямых — гаваркімі.
Будучы надзвычай здзіўленымі, яны казалі: «Ён зрабіў усё добра: учыніў, што глухія чуюць, а нямыя гавораць!»