Марка 9 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

І сказаў ім: праўду кажу вам: ёсьць сярод тых, што стаяць тут, такія, што не памершы яшчэ, ужо ўбачаць Царства Божае, што прыйшло ў сіле.
 
І сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што некаторыя з тых, хто тут стаіць, не зазнаюць смерці, пакуль не ўбачаць Божага Валадарства, якое прыйдзе ў магуцці».

І, як мінула шэсьць дзён, узяў Ісус Пятра, Якава і Яна, і ўзьвёў на гару высокую асобна іх адных і перамяніўся перад імі:
 
Праз шэсць дзён узяў Езус Пятра, Якуба і Яна і асобна павёў іх адных на высокую гару, і перамяніўся перад імі.

адзеньне Ягонае зрабілася бліскучае, вельмі белае, як сьнег, як на зямлі бялільшчык ня можа выбеліць.
 
Адзенне Ягонае стала бліскучым і вельмі белым, як ніводзін валюшнік на зямлі не можа выбеліць.

І зьявіўся ім Ільля з Майсеем: і гутарылі зь Ісусам.
 
І з’явіўся ім Ілля з Майсеем, і размаўлялі з Езусам.

Пры гэтым Пётр сказаў Ісусу: Равьві! добра нам тут быць; зробім тры палаткі: Табе адну, Майсею адну, і адну Ільлю.
 
Адазваўшыся, Пётр сказаў Езусу: «Раббі, добра нам тут быць, таму зробім тры шатры: Табе адзін, Майсею адзін і адзін Іллі».

Бо ня ведаў, што сказаць; таму што яны былі ў страху.
 
Бо не ведаў, што сказаць, таму што яны спалохаліся.

І зьявілася воблака, якое іх ахінула, і з воблака выйшаў голас, які сказаў: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны; Яго слухайце.
 
І з’явілася воблака, якое закрыла іх, а з воблака пачуўся голас: «Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце».

І раптам, агледзеўшыся навокал, нікога больш з сабою ня бачылі, акрамя аднаго Ісуса.
 
Адразу, калі яны агледзеліся навокал, ужо нікога не ўбачылі, толькі аднаго Езуса.

Калі ж сыходзілі яны з гары, Ён не дазволіў нікому расказваць пра тое, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне зь мёртвых.
 
Калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім нікому не казаць, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне.

І яны стрымалі гэтае слова, пытаючыся адзін у аднаго, што азначае: уваскрэснуць зь мёртвых?
 
Яны захавалі наказ, разважаючы між сабою, што значыць «уваскрэснуць».

І спыталіся ў Яго: як жа кніжнікі кажуць, што Ільля мае прыйсьці раней?
 
І пыталіся ў Яго, кажучы: «Чаму кніжнікі кажуць, што Ілля мае прыйсці першым?»

Ён сказаў ім у адказ: праўда, Ільля павінен прыйсьці раней і падрыхтаваць усё; і Сын Чалавечы, як напісана пра Яго, мае шмат адпакутаваць і быць зьняважаным;
 
Ён сказаў ім: «Ілля сапраўды прыйдзе першым і адновіць усё; як і напісана пра Сына Чалавечага, што будзе Ён шмат цярпець і будзе прыніжаны.

але кажу вам, што і Ільля прыйшоў, і зрабілі зь ім, што хацелі, як напісана пра яго.
 
Але кажу вам, што Ілля прыйшоў і зрабілі з ім, што хацелі, як напісана пра яго».

Прыйшоўшы да вучняў, убачыў шмат людзей каля іх і кніжнікаў, што спрачаліся зь імі.
 
Калі Езус прыйшоў да вучняў, Ён убачыў каля іх вялікі натоўп і кніжнікаў, якія спрачаліся з імі.

Адразу, убачыўшы Яго, усе людзі зьдзівіліся, і, падбягаючы, віталі Яго.
 
Адразу ўсе людзі, калі ўбачылі Яго, спалохаліся і, падбягаючы, віталі Яго.

Ён спытаўся ў кніжнікаў: пра што спрачаецеся зь імі?
 
Ён спытаўся ў іх: «Пра што спрачаецеся з імі?»

Адзін зь людзей сказаў у адказ: Настаўнік! я прывёў да Цябе сына майго, апанаванага духам нямым:
 
Адзін з натоўпу адказаў Яму: «Настаўнік, я прывёў да Цябе свайго сына, які мае духа нематы.

дзе ні хапае яго, кідае яго на зямлю, і ён пускае пену, і скрыгоча зубамі сваімі, і дранцьвее; казаў я вучням Тваім, каб выгналі яго, і яны не маглі.
 
Дзе ні схопіць яго, кідае, і той пускае пену, скрыгоча зубамі і дранцвее. Я сказаў тваім вучням, каб выгналі яго, але яны не змаглі».

Адказваючы яму, Ісус сказаў: о, род няверны! дакуль буду я з вамі? дакуль буду трываць вас? прывядзеце яго да Мяне.
 
Адказваючы, Езус сказаў ім: «О пакаленне нявернае, дакуль буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас? Прывядзіце яго да Мяне».

І прывялі таго да Яго. Як толькі апантаны ўбачыў Яго, дух скалануў яго; ён упаў на зямлю і качаўся, пускаючы пену.
 
Тады прывялі яго да Езуса. А калі дух убачыў Яго, адразу скалануў хлопца, і той, упаўшы на зямлю, качаўся, пускаючы пену.

І спытаўся Ісус у бацькі ягонага: як даўно гэта дзеецца зь ім? Той сказаў: змалку;
 
Езус спытаўся ў ягонага бацькі: «Як даўно гэта здараецца з ім?» Той адказаў: «З дзяцінства.

і шмат разоў дух кідаў яго і ў вагонь і ў ваду, каб загубіць яго; але, калі што можаш, умілажалься з нас і памажы нам.
 
Дух часта кідаў яго ў агонь і ў ваду, каб загубіць яго. Але калі Ты што можаш, змілуйся над намі і дапамажы нам».

Ісус сказаў яму: калі хоць колькі можаш верыць, дык усё магчыма верніку.
 
Езус сказаў яму: «”Калі можаш!” Усё магчыма для таго, хто верыць».

І адразу хлопцаў бацька ўсклікнуў са сьлязьмі: веру, Госпадзе! памажы майму няверству.
 
Бацька хлопца адразу ўсклікнуў, кажучы: «Веру, памажы майму бязвер’ю».

Ісус, убачыўшы, што зьбягаюцца людзі, загразіў духу нячыстаму, сказаўшы яму: дух нямы і глухі! Я загадваю табе, выйдзі зь яго і больш не ўваходзь у яго.
 
Убачыўшы, што збягаюцца людзі, Езус прыгразіў нячыстаму духу, кажучы яму: «Нямы і глухі дух, Я загадваю табе, выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго».

І ўскрыкнуўшы і моцна скалануўшы яго, выйшаў; і ён зрабіўся як мёртвы, так што многія казалі, што ён памёр.
 
І той, закрычаўшы, моцна скалануў хлопца і выйшаў. А хлопец зрабіўся як мёртвы, так што многія казалі: «Ён памёр!»

Але Ісус, узяўшы яго за руку, падняў яго; і ён устаў.
 
Але Езус узяў яго за руку, падняў, і ён устаў.

І як увайшоў Ісус у дом, вучні Ягоныя пыталіся ў Яго сам-насам: чаму мы не маглі выгнаць яго?
 
Калі Езус увайшоў у дом, вучні Ягоныя спыталіся ў Яго сам-насам: «Чаму мы не змаглі выгнаць яго?»

І сказаў ім: гэты род ня можа выйсьці інакш, як ад малітвы і посту.
 
А Ён сказаў ім: «Такога духа нельга выгнаць нічым, як толькі малітвай».

Выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею: і Ён не хацеў, каб хто ведаў.
 
Выйшаўшы адтуль, яны праходзілі праз Галілею, але Езус не хацеў, каб нехта ведаў.

Бо вучыў Сваіх вучняў і казаў ім, што Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі чалавечыя, і заб’юць Яго, і пасьля забойства на трэйці дзень уваскрэсьне.
 
Бо вучыў сваіх вучняў і казаў ім, што Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі людзей, што Яго заб’юць, і што забіты ўваскрэсне праз тры дні.

Але яны не разумелі гэтых слоў, а спытацца ў Яго баяліся.
 
Але яны не разумелі гэтых словаў, а спытацца ў Яго баяліся.

Прыйшоў у Капернаум; і калі быў у доме, спытаўся ў іх: пра што ў дарозе вы разважалі паміж сабою?
 
Калі прыйшлі ў Кафарнаум і былі ў доме, спытаўся ў іх: «Пра што вы разважалі па дарозе?»

яны маўчалі, бо дарогаю разважалі паміж сабою, хто большы.
 
Яны маўчалі, бо ў дарозе разважалі паміж сабою, хто большы.

І сеўшы, паклікаў дванаццаць і сказаў ім: хто хоча быць першым, хай будзе з усіх апошнім і ўсім слугою.
 
Сеўшы, Ён паклікаў Дванаццаць і сказаў ім: «Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і слугою ўсіх».

І ўзяўшы дзіця, паставіў яго сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім:
 
Потым узяў дзіця, паставіў сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім:

хто прыме адно такое дзіця ў імя Маё, той прымае Мяне; а хто Мяне прыме, той не Мяне прымае, а Таго, Хто паслаў Мяне.
 
«Хто прымае адно з такіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прымае. А хто Мяне прымае, той не Мяне прымае, але таго, хто паслаў Мяне».

Ян пры гэтым сказаў: Настаўнік! мы бачылі чалавека, які імем Тваім выганяе дэманаў, а ня ходзіць за намі; і забаранілі яму, бо ня ходзіць за намі.
 
Ян сказаў Яму: «Настаўнік, мы бачылі чалавека, які ў імя Тваё выганяў злых духаў, і забаранялі яму, бо не хадзіў з намі».

Ісус сказаў: не забараняйце яму; бо ніхто, хто ўчыніў цуд імем Маім, ня зможа так хутка пасьля ліхасловіць Мяне.
 
А Езус сказаў: «Не забараняйце яму, бо ніхто, хто ўчыніў цуд у Маё імя, не зможа адразу зласловіць на Мяне.

Бо, хто ня супроць вас, той за вас.
 
Бо хто не супраць нас, той за нас.

І хто напоіць вас кубкам вады ў імя Маё, бо вы Хрыстовыя, праўду кажу вам, ня страціць узнагароды сваёй.
 
А хто напоіць вас кубкам вады дзеля таго, што вы Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, не страціць сваёй узнагароды.

А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, што веруюць у Мяне, таму лепей было б, каб павесілі яму на шыю жарон і кінулі яго ў мора.
 
Хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, таму лепш было б, каб павесілі яму на шыю млынавы камень і кінулі яго ў мора.

І калі спакушае цябе рука твая, адатні яе: лепш табе зьнявечанаму ўвайсьці ў жыцьцё, чым зь дзьвюма рукамі ісьці ў геену, у вагонь непагасны,
 
Калі спакушае цябе рука твая, адсячы яе. Лепш табе калекаю ўвайсці ў жыццё, чым з дзвюма рукамі ісці ў геену, у агонь непагасны.

дзе чарвяк іхні не памірае, і вагонь ня гасьне.
 
[отсутсвует]

І калі нага твая цябе спакушае, адатні яе: лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё кульгаваму, чым зь дзьвюма нагамі быць укінутым у геену, у вагонь непагасны.
 
І калі нага твая цябе спакушае, адсячы яе. Лепш табе ўвайсці ў жыццё кульгавым, чым з дзвюма нагамі быць кінутым у геену.

дзе чарвяк іхні не памірае, і вагонь ня гасьне.
 
[отсутсвует]

І калі вока тваё цябе спакушае, вырві яго: лепш табе з адным вокам увайсьці ў Царства Божае, чым з двума вачмі быць укінутым у геену вогненную,
 
І калі вока тваё цябе спакушае, вырві яго. Лепш табе аднавокім увайсці ў Божае Валадарства, чым, маючы два вокі, быць кінутым у геену,

дзе чарвяк іхні не памірае, і вагонь ня гасьне.
 
дзе чарвяк іх не памірае і агонь не гасне.

Бо кожны вагнём асоліцца, і кожная ахвяра сольлю асоліцца.
 
Бо кожны будзе пасолены агнём.

Соль — добрая; але, калі соль не салёная будзе, чым вы яе паправіце? Майце ў сабе соль і мір майце паміж сабою.
 
Соль — добрая рэч, але калі соль стане несалёнай, чым прыправіце яе? Майце ў сабе соль і жывіце між сабою ў спакоі».