Лукаша 21 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

І, зірнуўшы, Ён убачыў багатых, што кідалі ахвяры свае ў скарбонку,
 
І ўзглянуўшы, убачыў тых багатых, якія клалі свае дары ў скарбону,

убачыў таксама адну бедную ўдаву, як кідала два дробныя грошыкі,
 
і ўбачыў так-жа нейкую бедненькую ўдаву, якая клала дзьве малыя манэткі.

і сказаў: «Сапраўды кажу вам: гэтая ўдава ўкінула болей, чым усе іншыя.
 
І сказаў: Сапраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава палажыла болей за ўсіх.

Бо ўсе з лішкаў сваіх клалі ў дары Богу, а яна з недастатку свайго ўкінула ўсё ўтрыманне сваё, якое мела».
 
Бо ўсе тыя клалі на дары Божыя з таго, што для іх было лішняе, а гэтыя з недастатку свайго, палажыла ўвесь свой пражытак, які мела.

І, калі некаторыя гаварылі пра святыню, што прыгожымі каменнямі і дарамі аздоблена, Ён сказаў:
 
А калі некаторыя гаварылі аб сьвятыні, што яна ўпрыгожана стройнымі каменьнямі, сказаў:

«Надыдуць дні, у якія з усяго, што бачыце, не застанецца каменя на камені, які б не быў зруйнаваны».
 
Прыйдуць дні, у каторых з гэтага, што вы бачыце, не астанецца камень на камені, каторы-б ня быў звалены.

Дык спыталіся ў Яго, кажучы: «Вучыцель, калі ж гэта будзе і што будзе за знак, калі гэта станецца?»
 
І спыталіся ў яго, кажучы: Вучыцель, калі гэтае будзе, і які знак, калі яно пачне дзеяцца?

Ён сказаў: «Глядзіце, каб вас не звялі; бо многія прыйдуць у імя Маё, кажучы: “Гэта Я” або “Час наблізіўся”. Дык не ідзіце за імі.
 
Ён сказаў: Глядзеце, каб вас не зьвялі. Бо многія прыйдуць у імя маё, кажучы, што «гэта я» і «час прыбліжыўся», дык вы ня ідзеце за імі.

А калі пачуеце пра войны і замяшанні, не злякайцеся, бо трэба, каб гэта здарылася перш, але яшчэ не зараз канец».
 
Калі-ж пачуеце аб войнах і бунтах, ня бойцеся; трэба, каб перш гэтае сталася, але яшчэ ня зараз канец.

Далей казаў ім: «Паўстане народ на народ і царства на царства,
 
Тады казаў ім: Паўстане народ проціў народу, і каралеўства проціў каралеўства,

і будуць вялікія землятрусы, і месцамі голад і пошасці, і будуць страхі, ды знакі вялікія з неба.
 
і будуць вялікія землятрасеньні па мясцох, і паморы, і галады, і страхі з неба, і знакі вялікія будуць.

Але перад тым усім ускладуць на вас рукі свае, будуць пераследаваць і выдаваць у сінагогі і ў вязніцы, і будуць вас цягаць да цароў і намеснікаў за імя Маё;
 
Але перад усім гэтым наложаць на вас рукі свае, і будуць прасьледаваць, выдаючы ў бажніцы і вастрогі, цягаючы да каралёў і начальнікаў дзеля імені майго,

а станецца гэта вам дзеля сведчання.
 
яно-ж прыдасца вам на пасьведчаньне.

Пакладзіце тады ў сэрцах вашых загадзя не думаць, як вам адказваць;
 
Дык вазьмеце ў сэрцы вашыя не абдумываць наперад, як вы маеце адказваць.

бо Я дам вам вусны і мудрасць, якой не змогуць ні пярэчыць, ні супрацьстаць усе праціўнікі вашы.
 
Бо я вам дам вусны і мудрасьць, каторай ня змогаць супрацівіцца і запярэчыць усе праціўнікі вашы.

А выдаваць вас будуць і бацькі, і браты, і сваякі, і сябры, і аддадуць на смерць некаторых з вас,
 
І будзеце выдаваны бацькамі, і братамі, і сваякамі, і прыяцелямі, і некаторым з вас сьмерць зробяць.

і будуць вас усе ненавідзець за імя Маё.
 
І будзеце зьненавіджаны ўсімі дзеля імені майго;

Але нават волас з галавы вашай не прападзе.
 
а волас з галавы вашай ня згіне.

Праз цярплівасць вашу завалодаеце душамі вашымі.
 
Праз цярплівасьць вашу здабудзеце душы вашыя.

А калі ўбачыце, што Ерузалім войскам акружаны, тады ведайце, што наблізілася спусташэнне яго.
 
Калі-ж убачыце Ерузалім, акружаны войскам, тады ведайце, што прыблізілася спусташэньне яго.

Тады тыя, што ў Юдэі, хай уцякаюць у горы, і якія ў самім горадзе, няхай выходзяць, а тыя, што ў ваколіцах, хай не ўваходзяць у яго.
 
Тады тыя, што ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы; а тыя, што ўнутры яго, няхай выходзяць; а тыя, што ў ваколіцах, няхай ня ўходзяць у яго.

Бо гэта дні помсты, каб збылося ўсё, што напісана.
 
Бо гэта дні помсты, каб споўнілася ўсё, што напісана.

Гора ж цяжарным і тым, хто корміць грудзьмі у тыя дні! Бо будзе прыгнёт вялікі на зямлі і гнеў на гэты народ,
 
А гора цяжарным і кормячым у тыя дні! Бо будзе вялікае ўцісьненьне на зямлі і гнеў на гэты народ.

і будуць падаць ад вострага меча, і пагоняць іх, схапіўшы, у няволю да ўсіх народаў, і Ерузалім будзе таптаны паганамі, аж пакуль не споўняцца часы паганаў.
 
І лягуць ад вастрыя мяча, і будуць заведзены ў няволю да ўсіх народаў, а Ерузалім будуць таптаць пагане, пакуль ня споўняцца часы народаў.

І будуць знакі на сонцы, і на месяцы, і на зорках, ды на зямлі нядоля народаў з-за тлуму, ды пошум мора і навальніц.
 
І будуць знакі на сонцы і месяцы і зорах, а на зямлі ўцісьненьне народаў дзеля зьмяшаньня марскога шуму і навальніцы;

Людзі будуць пруцянець ад страху і чакання таго, што настане ва ўсім свеце, бо сілы нябесныя пахіснуцца.
 
калі людзі будуць сохнуць ад страху і чаканьня таго, што прыйдзе на цэлы сьвет, бо сілы нябесныя будуць зрушаны.

І тады ўбачаць Сына Чалавечага, Які прыйдзе на аблоках з магутнасцю і славаю вялікай.
 
І тады ўбачаць Сына чалавечага, прыходзячага ў воблаку з уладай вялікай і славаю.

А калі гэта дзеяцца пачне, разгінайцеся і падымайце галовы вашы, бо набліжаецца адкупленне ваша».
 
А калі гэтае пачне тварыцца, узгляньце і падымеце галовы вашыя, бо прыбліжаецца вашае адкупленьне.

І сказаў ім для параўнання: «Паглядзіце на дрэва фігавае ды на ўсе дрэвы.
 
І сказаў ім падабенства: Гляньце на фігу і ўсе дрэвы:

Калі яны ўжо пускаюць лісты, то, бачачы гэта, вы і самі ведаеце, што ўжо блізка лета.
 
Калі яны з сябе ўжо выдаюць плод, вы ведаеце, што блізка лета.

Так і вы, як убачыце, што ўсё гэта дзеецца, ведайце, што ўжо блізка Валадарства Божае.
 
Так і вы, калі ўгледзіце, што гэтае творыцца, ведайце, што блізка каралеўства Божае.

Сапраўды кажу вам: не праміне пакаленне гэтае, як усё гэта споўніцца.
 
Сапраўды кажу вам, што не праміне гэты род, як усё станецца.

Неба і зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць.
 
Неба і зямля прамінуць, але словы мае не прамінуць.

Сцеражыцеся, каб не абцяжарылі сэрцы вашы абжорствам і п’янствам ды клопатамі гэтага жыцця, і каб дзень той не прыйшоў да вас знянацку;
 
Зьвярнеце-ж увагу на сябе, каб часам ня былі абцяжаны сэрцы вашыя абжорствам і п’янствам і клапотамі гэтага жыцьця; і каб дзень той не надыйшоў на вас раптоўна;

бо ён як сетка спадзе на ўсіх, што сядзяць на абліччы ўсёй зямлі.
 
бо так як сіло ўпадзе на ўсіх, што сядзяць на вобліку ўсяе зямлі.

Дык чувайце, молячыся ўвесь час, каб змаглі пазбегнуць ўсяго гэтага, што мае прыйсці, ды стаць перад Сынам Чалавечым».
 
Дык чуйце, молячыся ў кожны час, каб быць годнымі ўсьцерагчыся ад гэтага ўсяго, што мае прыйсьці, і стаць перад Сынам чалавечым.

І навучаў днямі ў святыні, а нанач, выходзячы, спыняўся на гары, якую называюць Аліўнай.
 
І навучаў днямі ў сьвятыні, а начамі выходзячы, прабаваў на гары, якая завецца Аліўнаю.

І ўвесь народ ад раніцы збіраўся да Яго ў святыню слухаць Яго.
 
А ўвесь народ ад рана зыходзіўся да яго, ў сьвятыні каб слухаць яго.