Лукаша 21 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Анатоля Клышкi
І, зірнуўшы, Ён убачыў багатых, што кідалі ахвяры свае ў скарбонку,
І, глянуўшы, Ён убачыў багатых, што клалі ў скарбніцу свае дары.
убачыў таксама адну бедную ўдаву, як кідала два дробныя грошыкі,
І ўбачыў Ён адну бедную ўдаву, якая паклала туды дзве лепты,
і сказаў: «Сапраўды кажу вам: гэтая ўдава ўкінула болей, чым усе іншыя.
і сказаў: Праўдзіва кажу вам: гэтая бедная ўдава паклала больш за ўсіх;
Бо ўсе з лішкаў сваіх клалі ў дары Богу, а яна з недастатку свайго ўкінула ўсё ўтрыманне сваё, якое мела».
бо ўсе яны ад свайго збытку клалі ў дары [Богу], гэтая ж са сваёй нястачы паклала ўвесь пражытак, што мела.
І, калі некаторыя гаварылі пра святыню, што прыгожымі каменнямі і дарамі аздоблена, Ён сказаў:
І калі некаторыя казалі пра святыню, што яна аздоблена прыгожым каменнем і дарамі, Ён сказаў:
«Надыдуць дні, у якія з усяго, што бачыце, не застанецца каменя на камені, які б не быў зруйнаваны».
Прыйдуць дні, калі з таго, што бачыце, не астанецца каменя на камені, які не будзе зруйнаваны.
Дык спыталіся ў Яго, кажучы: «Вучыцель, калі ж гэта будзе і што будзе за знак, калі гэта станецца?»
І спыталіся ў Яго, кажучы: Настаўніку, калі ж гэта будзе і што будзе за знак, калі гэта павінна адбыцца?
Ён сказаў: «Глядзіце, каб вас не звялі; бо многія прыйдуць у імя Маё, кажучы: “Гэта Я” або “Час наблізіўся”. Дык не ідзіце за імі.
Ён жа сказаў: Глядзіце, каб не ўвялі вас у зман, бо шмат прыйдуць пад Маім імем, кажучы: «Гэта Я» і «Час наблізіўся». Не ідзіце за імі.
А калі пачуеце пра войны і замяшанні, не злякайцеся, бо трэба, каб гэта здарылася перш, але яшчэ не зараз канец».
А калі пачуеце пра войны і хваляванні, не жахайцеся: бо гэта павінна спярша адбыцца, але канец надыдзе не адразу.
Далей казаў ім: «Паўстане народ на народ і царства на царства,
Тады сказаў ім: Паўстане народ на народ і царства на царства,
і будуць вялікія землятрусы, і месцамі голад і пошасці, і будуць страхі, ды знакі вялікія з неба.
і будуць вялікія землятрусы і ў розных месцах голад і пошасці, і будуць жахі, і вялікія знакі з неба.
Але перад тым усім ускладуць на вас рукі свае, будуць пераследаваць і выдаваць у сінагогі і ў вязніцы, і будуць вас цягаць да цароў і намеснікаў за імя Маё;
Але перад усім гэтым будуць накладаць на вас свае рукі і гнаць, перадаючы ў сінагогі і турмы, адводзячы да цароў і валадароў за Маё імя;
а станецца гэта вам дзеля сведчання.
гэта будзе вам на сведчанне.
Пакладзіце тады ў сэрцах вашых загадзя не думаць, як вам адказваць;
Дык пакладзіце ў сваіх сэрцах — не абдумываць, як абараняцца,
бо Я дам вам вусны і мудрасць, якой не змогуць ні пярэчыць, ні супрацьстаць усе праціўнікі вашы.
бо Я дам вам вусны і мудрасць, якой не змогуць ні супроцьстаяць, ні аспрэчыць усе вашы праціўнікі.
А выдаваць вас будуць і бацькі, і браты, і сваякі, і сябры, і аддадуць на смерць некаторых з вас,
А будзе выдадзены і бацькамі, і братамі, і сваякамі, і сябрамі, а некаторых з вас заб’юць,
і будуць вас усе ненавідзець за імя Маё.
і будуць вас усе ненавідзець за Маё імя.
Але нават волас з галавы вашай не прападзе.
Ды воласа з вашай галавы не прападзе.
Праз цярплівасць вашу завалодаеце душамі вашымі.
Вашай стойкасцю вы здабудзеце вашы душы.
А калі ўбачыце, што Ерузалім войскам акружаны, тады ведайце, што наблізілася спусташэнне яго.
Калі ж убачыце Іерусалім, акружаны войскамі, тады ведайце, што наблізілася яго спусташэнне.
Тады тыя, што ў Юдэі, хай уцякаюць у горы, і якія ў самім горадзе, няхай выходзяць, а тыя, што ў ваколіцах, хай не ўваходзяць у яго.
Тады тыя, што ў Іудзеі, няхай уцякаюць у горы, а хто ў самім горадзе, няхай выходзяць, а хто ў ваколіцах — няхай не ўваходзіць у яго,
Бо гэта дні помсты, каб збылося ўсё, што напісана.
бо гэта дні адплаты, каб спраўдзілася ўсё напісанае.
Гора ж цяжарным і тым, хто корміць грудзьмі у тыя дні! Бо будзе прыгнёт вялікі на зямлі і гнеў на гэты народ,
Бяда тым цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі, у тыя дні; бо будзе вялікая галеча на зямлі і гнеў на гэты народ;
і будуць падаць ад вострага меча, і пагоняць іх, схапіўшы, у няволю да ўсіх народаў, і Ерузалім будзе таптаны паганамі, аж пакуль не споўняцца часы паганаў.
і ўпадуць ад вастрыя мяча і будуць адведзены ў палон ва ўсе народы, і Іерусалім будуць таптаць язычнікі, дакуль не скончацца часы язычнікаў.
І будуць знакі на сонцы, і на месяцы, і на зорках, ды на зямлі нядоля народаў з-за тлуму, ды пошум мора і навальніц.
І будуць знакі на сонцы, і месяцы, і зорках, і роспач народаў на зямлі ў безвыходнасці ад шуму мора і хваляў,
Людзі будуць пруцянець ад страху і чакання таго, што настане ва ўсім свеце, бо сілы нябесныя пахіснуцца.
калі людзі будуць непрытомнець ад страху і чакання таго, што надыходзіць на населеную зямлю, бо захістаюцца нябесныя сілы.
І тады ўбачаць Сына Чалавечага, Які прыйдзе на аблоках з магутнасцю і славаю вялікай.
І тады ўбачаць Сына Чалавечага, што будзе ісці ў воблаку з сілаю і вялікай славаю.
А калі гэта дзеяцца пачне, разгінайцеся і падымайце галовы вашы, бо набліжаецца адкупленне ваша».
Калі ж гэта пачне збывацца, разагніцеся і ўзніміце вашы галовы, таму што набліжаецца ваша збавенне.
І сказаў ім для параўнання: «Паглядзіце на дрэва фігавае ды на ўсе дрэвы.
І Ён сказаў ім прыпавесць: Паглядзіце на фігавае дрэва і ўсе дрэвы:
Калі яны ўжо пускаюць лісты, то, бачачы гэта, вы і самі ведаеце, што ўжо блізка лета.
калі яны ўжо распусціліся, то, бачачы гэта, вы самі пазнаяце, што ўжо блізка лета.
Так і вы, як убачыце, што ўсё гэта дзеецца, ведайце, што ўжо блізка Валадарства Божае.
Гэтак і вы, калі ўбачыце, што гэта збываецца, ведайце, што блізка Царства Божае.
Сапраўды кажу вам: не праміне пакаленне гэтае, як усё гэта споўніцца.
Праўду кажу вам: не міне гэтае пакаленне, як ўсё гэта збудзецца.
Неба і зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць.
Неба і зямлі мінуць, а Мае словы не мінуць.
Сцеражыцеся, каб не абцяжарылі сэрцы вашы абжорствам і п’янствам ды клопатамі гэтага жыцця, і каб дзень той не прыйшоў да вас знянацку;
Асцерагайцеся ж, каб вашы сэрцы не абцяжваліся пахмеллем, п’янствам і жыццёвымі турботамі і каб не заспеў вас неспадзявана той дзень,
бо ён як сетка спадзе на ўсіх, што сядзяць на абліччы ўсёй зямлі.
як пастка, бо ён прыйдзе на ўсіх, што жывуць на абліччы ўсёй зямлі.
Дык чувайце, молячыся ўвесь час, каб змаглі пазбегнуць ўсяго гэтага, што мае прыйсці, ды стаць перад Сынам Чалавечым».
Будзьце ж чуйныя ўвесь час, молячыся, каб вы змаглі ўнікнуць усяго гэтага, што мае адбыцца, і стаць перад Сынам Чалавечым.
І навучаў днямі ў святыні, а нанач, выходзячы, спыняўся на гары, якую называюць Аліўнай.
І Ён удзень навучаў у святыні, а ночы, выходзячы, праводзіў на гары, што завецца Аліўная;
І ўвесь народ ад раніцы збіраўся да Яго ў святыню слухаць Яго.
і ўвесь народ прыходзіў вельмі рана да Яго ў святыню, каб слухаць Яго.