Міхея 1 разьдзел
Кніга прарока Міхея
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Анатоля Клышкi
Слова Госпада, якое было да Міхея з Марэсэта ў дні Ёатама, Ахаза і Эзэкіі, цароў Юды, якое ўбачыў ён пра Самарыю і Ерузалім.
Слухайце, усе народы, і зважай, зямля і ўсё, што напаўняе яе; хай будзе Госпад Бог сведкам для вас, Госпад з палаца Свайго святога!
Бо вось, Госпад выходзіць з месца Свайго, і Ён сыходзіць, і будзе хадзіць па ўзвышшах зямлі;
растаюць пад Ім горы і распадуцца лагчыны, як воск ад агню, як воды, што сцякаюць імкліва.
Усё гэта дзеля злачынства Якуба ды грахоў дому Ізраэля. Якое злачынства Якуба? Ці не Самарыя? І хто паставіў узгоркі ў Юдзе? Ці не Ерузалім?
«І Я зраблю з Самарыі кучу камянёў, поле, дзе будуць разводзіць вінаград; і сцягну камяні яе ў лагчыну, і адкрыю падмуркі яе.
І ўсе яе ідалы будуць пабіты, і ўсе яе здабыткі будуць спалены агнём, і ўсіх ідалаў яе знішчу Я, бо з платы распусніцы яны сабраныя і ў плату распусніцы будуць пераменены».
Дзеля гэтага буду я плакаць і галасіць; буду хадзіць распрануты і голы, і выць буду, як шакалы, і бедаваць, як страусы,
бо невылечная рана яе, бо дайшло гэта аж да Юды, кранула браму народа майго, аж да Ерузаліма!
Не абвяшчайце гэтага ў Геце, не ліце слёз, у Бэтлеафры качайцеся ў попеле!
І перасяляйцеся, жыхаркі Сафіра, зганьбаваныя; не выйдуць і жыхаркі Саанана. Плач у Бэтэзэлі не дасць вам застацца на тым месцы.
Дрыжаць, напэўна, аб сваёй маёмасці жыхары Марота, бо спаслана бяда Госпадам на браму Ерузаліма.
Запрагай у калясніцу коней, жыхарка Лахіса; ты ёсць пачатак граху для дачкі Сіёна, бо ў цябе знайшлі правіны Ізраэля!
Дзеля таго будзеш ты пасылаць дары ў Марэсэтгэт. Паселішча Ахзіб будзе падманам для цароў ізраэльскіх.
Яшчэ здабыўцу прывяду да цябе, жыхарка Марэсы: ён прыйдзе аж да Адалама, славы Ізраэля!
Вырывай валасы свае і абстрыжыся, сумуючы па дзецях, суцяшэнні сваім; павяліч лысіну сваю, як у арла, бо павялі іх у няволю далёка ад цябе!